Яна 4 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Калі затым Госпад даведаўся, што фарысеі чулі, што Ісус здабывае больш вучняў і больш хрысціць, чым Ян, —
 
Калі даведаўся Ісус пра чутку, якая дайшла да фарысэяў, што Ён больш набывае вучняў і хрысьціць, чым Ян —

хоць Сам Ісус не хрысціў, але вучні Яго, —
 
хоць Сам Ісус ня хрысьціў, а вучні Ягоныя, —

дык пакінуў Юдэю і вярнуўся зноў у Галілею.
 
дык пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галілею.

А выпала Яму ісці праз Самарыю.
 
А меўся Ён праходзіць праз Самарыю.

Прыйшоў тады ў самарыцянскі горад Сіхар, непадалёк ад паселішча, якое даў Якуб Язэпу, свайму сыну;
 
І вось прыходзіць Ён да горада Самарыйскага, называнага Сіхар, паблізу дзялянкі зямлі, дадзенай Якавам сыну свайму Язэпу,

і была там крыніца Якуба. І Ісус, змучаны дарогай, сядзеў пры крыніцы; было каля шостай гадзіны.
 
там быў калодзеж Якаваў. Ісус, стаміўшыся з дарогі, сеў каля калодзежа; было каля шостай гадзіны.

У той час прыйшла жанчына з Самарыі браць ваду. Кажа ёй Ісус: «Дай мне напіцца»;
 
Прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Ісус кажа ёй: дай Мне напіцца.

бо вучні Яго пайшлі ў горад, каб купіць ежы.
 
Бо вучні Ягоныя адлучыліся ў горад купіць ежы.

Кажа тады Яму жанчына самарыцянка: «Як жа Ты, юдэй, просіш вады ў мяне, самарыцянкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самарыцянамі.
 
Жанчына Самаранская кажа Яму: як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне, Самаранкі? бо Юдэі з Самаранамі ня зносяцца.

Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы ды Хто ёсць Той, Хто цябе просіць: “Дай мне піць”,ты, напэўна, прасіла б Яго, і Ён даў бы табе жывой вады».
 
Ісус сказаў ёй у адказ: калі б ты ведала дар Божы, і Хто кажа табе: дай Мне напіцца, — дык ты сама прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе вады жывое.

Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, не маеш нават чым зачэрпаць, а студня глыбокая; адкуль тады маеш жывую ваду?
 
Жанчына кажа Яму: Спадару! Табе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі: адкуль жа ў Цябе вада жывая?

Ці ж Ты большы за бацьку нашага Якуба, які нам даў гэтую студню, з якой сам піў, і сыны яго, і скаціна яго?»
 
Няўжо Ты большы за бацьку нашага, Якава, які даў нам гэты калодзеж, і сам зь яго піў, і дзеці ягоныя, і быдла ягонае?

Адказаў ёй Ісус і сказаў: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў смагнуць будзе;
 
Ісус сказаў ёй у адказ: кожны, хто п’е ваду гэтую, спрагнецца зноў;

а хто нап’ецца вады, якую Я яму дам, ужо не будзе смагнуць навекі, але вада, якую Я яму дам, станецца ў ім крыніцай вады, што бруіцца ў жыццё вечнае».
 
а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, той не спрагнецца вавек; а вада, якую Я дам яму, зробіцца ў ім крыніцай вады, якая пацячэ ў жыцьцё вечнае.

Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, дай мне гэтае вады, каб я не адчувала смагі, ды не прыходзіла сюды за вадой».
 
Жанчына кажа Яму: Спадару! дай мне гэтай вады, каб ня мець мне смагі і ня прыходзіць сюды чэрпаць.

Кажа ёй Ісус: «Ідзі, пакліч мужа свайго і прыйдзі сюды».
 
Ісус кажа ёй: ідзі, клікні мужа твайго і прыйдзі сюды.

Адказала жанчына і сказала Яму: «Я не маю мужа». Кажа ёй Ісус: «Добра ты сказала: “Я не маю мужа”,
 
Жанчына сказала ў адказ: няма ў мяне мужа. Ісус кажа ёй: праўду ты сказала, што ў цябе няма мужа;

бо мела ты пяць мужоў, а гэты, якога цяпер маеш, не ёсць твой муж. Гэта ты праўду сказала».
 
бо ў цябе было пяць мужоў, і той, якога сёньня маеш, ня муж табе; гэта слушна ты сказала.

Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, бачу, што Ты — прарок.
 
Жанчына кажа Яму: Госпадзе! бачу, што Ты прарок;

Бацькі нашы на гэтай гары пакланяліся, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, дзе належыць пакланяцца».
 
бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары; а вы кажаце, што месца, дзе трэба пакланяцца, у Ерусаліме.

Кажа ёй Ісус: «Павер Мне, жанчына, што надыходзіць час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерузаліме будзеце пакланяцца Айцу.
 
Ісус кажа ёй: павер Мне, што настане час, калі і не на гары гэтай, і не ў Ерусаліме будзеце пакланяцца Айцу.

Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце; а мы пакланяемся таму, што ведаем, бо ад юдэяў збаўленне.
 
Вы ня ведаеце, чаму кланяецеся; а мы ведаем, чаму кланяемся, бо збаўленьне ад Юдэяў;

Але надыходзіць час, ды ўжо надышоў, што праўдзівыя паклоннікі будуць пакланяцца Айцу ў Духу і ў праўдзе, бо і Айцец шукае такіх, што паклоняцца Яму.
 
але настане час, і настаў ужо, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо такіх паклоньнікаў Айцец шукае Сабе:

Бог ёсць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і ў праўдзе».
 
Бог ёсьць дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе.

Кажа Яму жанчына: «Ведаю, што прыйдзе Месія, значыць Хрыстос; калі Ён прыйдзе, усё нам аб’явіць».
 
Жанчына кажа Яму: ведаю, што прыйдзе Месія, гэта значыць, Хрыстос; калі Ён прыйдзе, дык абвесьціць нам усё.

Кажа ёй Ісус: «Гэта Я, Той, Які з табою размаўляе».
 
Ісус кажа ёй: гэта Я, Які гавару з табою.

Неўзабаве прыйшлі вучні Яго і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю; але ніхто не сказаў: «Пра што пытаеш?» або «Пра што з ёй гаворыш?»
 
У гэты час прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што Ён гутарыў з жанчынаю; аднак жа ніводзін не сказаў: чаго Ты патрабуеш? альбо: пра што Ты гутарыш зь ёю?

Жанчына ж пакінула збанок свой і паспяшыла ў горад, і кажа тым людзям:
 
Тады жанчына пакінула посуд свой і пайшла ў горад, і кажа людзям:

«Ідзіце і пабачце Чалавека, Які мне сказаў усё, што я толькі зрабіла; ці гэта не Сам Хрыстос?»
 
ідзеце, паглядзеце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я зрабіла: ці ня Ён Хрыстос?

Дык выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
 
Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.

Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Рабі, еж».
 
Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: Равьві! еж.

Але Ён сказаў ім: «Я маю ежу, пра якую вы не ведаеце».
 
Але Ён сказаў ім: у Мяне ёсьць ежа, якое вы ня ведаеце.

Казалі тады вучні між сабой: «Няўжо нехта прынёс Яму есці?»
 
Потым вучні гаварылі паміж сабою: хіба хто прынёс Яму есьці?

Кажа ім Ісус: «Мая ежа — каб выконваць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і каб скончыць справу Яго.
 
Ісус кажа ім: Мая ежа ёсьць тварыць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і зьдзейсьніць справу Ягоную.

Ці ж вы не кажаце: “Яшчэ чатыры месяцы, і пачнецца жніво”? Вось, кажу вам: падыміце вочы вашы і паглядзіце на прасторы, якія яны ўжо белыя да жніва.
 
Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво? А Я кажу вам: узьвядзеце вочы вашыя і паглядзеце на нівы, як яны папалавелі і высьпелі да жніва;

Ужо жнец атрымоўвае плату і збірае плод на жыццё вечнае, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся.
 
хто жне, дастае ўзнагароду і зьбірае плод у жыцьцё вечнае, так што і сейбіт і жнец разам радавацца будуць;

І гэтым спраўджваецца слова: адзін сее, а іншы збірае.
 
бо ў гэтым выпадку слушнае выслоўе: адзін сее, а другі жне.

Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іх».
 
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю.

І многа самарыцянаў з горада таго паверыла ў Яго дзеля слоў жанчыны, якая сведчыла: «Ён мне сказаў усё, што я толькі зрабіла».
 
І многія Самаране з горада таго ўверавалі ў Яго па слове жанчыны, якая сьведчыла, што Ён сказаў ёй усё, што яна зрабіла.

І, калі да Яго прыйшлі самарыцяне, прасілі Яго, каб у іх пабыў; дык прабыў Ён там два дні.
 
І таму, калі прыйшлі да Яго Самаране, дык прасілі Яго пабыць у іх; і Ён прабыў там два дні.

Ды многа болей уверыла дзеля слоў Яго.
 
І яшчэ больш людзей уверавалі па Ягоным слове;

Жанчыне ж казалі: «Ужо не дзеля твайго аповеду верым; але дзеля таго, што пачулі і ведаем, што Ён — сапраўды Збаўца свету, Хрыстос».
 
а жанчыне той казалі: ужо не па тваіх казанях веруем, бо самі чулі і ўведалі, што сапраўды Збаўца сьвету, Хрыстос.

А па двух днях пайшоў Ён адтуль у Галілею;
 
Як мінула два дні, Ён выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею;

хоць Сам Ісус сведчыў, што прарок не мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.
 
бо Сам Ісус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.

Калі затым прыйшоў у Галілею, галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што Ён ўчыніў у Ерузаліме ў дзень свята; бо і яны прыходзілі на свята.
 
Калі прыйшоў Ён у Галілею, дык Галілеяне не прынялі Яго, бачыўшы ўсё, што Ён зрабіў у Ерусаліме ў сьвята, — бо і яны хадзілі на сьвята.

Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў ваду віном. І быў там нейкі ўрадовец, якога сын хварэў у Кафарнаўме;
 
Дык вось, Ісус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно. У Капернауме быў адзін царадворац, у якога сын быў хворы.

ён, калі пачуў, што Ісус з Юдэі прыйшоў у Галілею, пайшоў да Яго і прасіў Яго, каб прыйшоў і аздаравіў сына яго; а ён ужо канаў.
 
Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў зь Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці і ацаліць сына ягонага, які быў пры сьмерці.

Сказаў яму Ісус: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце».
 
Ісус сказаў яму: вы ня ўверуеце, калі ня ўбачыце азнакаў і цудаў.

Кажа Яму ўрадовец: «Госпадзе, прыйдзі перш, чым сын мой памрэ».
 
Царадворац кажа Яму: Госпадзе! прыйдзі, пакуль не памёр сын мой.

Кажа яму Ісус: «Ідзі. Сын твой жыве». Паверыў той чалавек слову, якое яму сказаў Ісус, і пайшоў.
 
Ісус кажа яму: ідзі, сын твой здаровы. Той паверыў слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў.

А калі быў яшчэ ў дарозе, паслугачы яго выйшлі насустрач яму, каб сказаць, што сын яго жыве.
 
На дарозе сустрэлі яго слугі ягоныя і сказалі: сын твой здаровы.

Спытаўся іх тады пра пару, у якую яму палягчэла. Дык сказалі яму: «Учора а сёмай гадзіне спынілася ў яго гарачка».
 
Ён спытаўся ў іх: а каторай гадзіне яму палепшала? Яму сказалі: учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго.

Дык даведаўся бацька, што гэта быў той час, у які сказаў яму Ісус: «Сын твой жыве», і паверыў ён ды ўвесь дом яго.
 
З гэтага бацька даведаўся, што гэта была тая самая гадзіна, калі Ісус сказаў яму: сын твой здаровы. І ўвераваў сам і ўвесь дом ягоны.

І гэты другі знак учыніў Ісус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.
 
Гэты другі цуд учыніў Ісус, вярнуўшыся зь Юдэі ў Галілею.