Яна 13 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

А перад днём свята Пасхі Ісус, ведаючы, што надышла гадзіна Яго, каб адысці з гэтага свету да Айца, бо, узлюбіўшы Сваіх, што былі ў свеце, да канца іх узлюбіў.
 
Перад сьвятам-жа Пасхі Ісус, ведаючы, што надыйшла Ягоная гадзіна перайсьці з гэтага сьвету да Айца, палюбіўшы Сваіх, што на сьвеце, да канца ўзьлюбіў іх.

І ў час вячэры, калі д’ябал ужо ўклаў у сэрца Юды Сімонава Іскарыёта, каб выдаў Яго,
 
І ў часе вячэры, калі дыябал улажыў ужо ў сэрца Юды Іскарыёта, Сымонавага сына, прадаць Яго,

Ён, ведаючы, што Айцец аддаў усё ў рукі Яго, што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе,
 
Ісус, ведаючы, што Ацец усё аддаў у Ягоныя рукі і, што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе,

падняўся ад вячэры, і скінуў Сваё адзенне, і, узяўшы ручнік, падперазаўся.
 
Устаў ад вячэры, скінуў з Сябе верхнюю вопратку і, узяўшы ручнік, падперазаўся.

Затым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпаясаны.
 
Пасьля наліў вады ў умывальніцу, і пачаў абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпярэзаны,

Гэтак падыходзіць да Сімона Пётры. Той кажа Яму: «Госпадзе, Ты мне будзеш мыць ногі?»
 
І падыходзіць да Сымона пётры, і гэты кажа Яму: Госпадзе, ці Ты маеш абмываць мае ногі?

І адказаў Ісус і сказаў яму: «Што Я раблю, ты яшчэ не разумееш, а потым зразумееш».
 
І адказаў яму Ісус і сказаў: тое, што Я раблю табе, ты ня ведаеш цяперака, але даведаешся пазьней.

Кажа Яму Пётра: «Увек не будзеш мне мыць ног». Адказаў яму Ісус: «Калі Я цябе не абмыю, не будзеш мець удзелу са Мной».
 
Пётра кажа Яму: Ты ніколі ня будзеш мыць ног маіх. Ісус адказаў яму: калі не абмыю цябе, ня мецімеш часткі са Мною.

Кажа Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, не толькі ногі мае, але і рукі, і галаву».
 
Сымон Пётра кажа Яму: Госпадзе, ня толькі ногі мае, але гэтаксама і рукі мае, і галаву маю.

Кажа яму Ісус: «Хто памыты, не патрабуе нічога, як толькі ногі памыць, бо ўвесь чысты; вы таксама чыстыя, але не ўсе».
 
Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты, і вы чыстыя, але ня ўсе.

Бо ведаў, кім быў той, хто выдасць Яго; таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя».
 
Бо выдаў Ён, хто прадасьць Яго, затым бо і сказаў: ня ўсе вы чыстыя.

Пасля таго, як памыў ногі іх і апрануў адзенне Сваё, ізноў, узлёгшы пры стале, сказаў ім: «Ці разумееце, што Я вам зрабіў?
 
І як-жа Ён абмыў ім ногі і апрануў Сваю вопратку і ўзьлёг ізноў, Ён сказаў ім: ці ведаеце, што Я зрабіў вам?

Вы клічаце Мяне: “Настаўнік” і “Госпад”, і добра кажаце, бо Я ім ёсць.
 
Вы называеце Мяне Вучыцелем і Госпадам і добра кажаце, бо Я і ёсьць гэтакі.

Дык калі Я, Госпад і Настаўнік, памыў вашы ногі, дык і вы павінны адзін аднаму мыць ногі.
 
Дык вось, калі Я Госпад і Вучыцель, абмыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму:

Вось жа, даў вам прыклад, каб, як Я вам зрабіў, так і вы рабілі.
 
Бо Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі тое самае, што Я зрабіў вам.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: паслугач не большы за гаспадара свайго, і пасланец не большы за таго, хто яго паслаў.
 
Запраўды, запраўды кажу вам: нявольнік ня большы за гаспадара свайго і пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго.

Калі пра гэта ведаеце, шчасныя будзеце, калі гэтак будзеце рабіць.
 
Калі гэта ведаеце, добраслаўленыя вы, калі гэта чыніце.

Не аб усіх вас гавару; Я ведаю, каго выбраў, але каб споўнілася Пісанне: “Нават чалавек, з якім я жыў у супакоі, якому я давяраў, які есць хлеб мой, пяту падняў супраць Мяне”.
 
Не пра ўсіх вас кажу. Я ведаю, каго выбраў. Але няхай збудзецца Пісаньне: той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю.

Наперад кажу вам, перш, чым станецца, каб вы, калі станецца, уверылі, што гэта Я ёсць.
 
Цяперака кажу вам, раней, чымся гэта сталася, каб вы, як станецца, паверылі, што гэта Я ёсьць.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне».
 
Запраўды, запраўды ках вам: хто прыймае таго, каго Я пашлю, Мяне прыймае: а хто Мяне прыймае, прыймае Таго Хто паслаў Мяне.

Калі сказаў гэта Ісус, стурбаваўся Ён Духам, і засведчыў, і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне».
 
Сказаўшы гэта Ісус затрывожыўся ў духу і засьведчыў, і сказаў: запраўды, кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне.

Дык вучні глядзелі адзін на аднаго, няпэўныя, аб кім казаў.
 
Тады вучні аглядалісы адзін на аднаго, ня ведаючы пра каго Ён гаворыць.

А адзін з вучняў Яго, той, якога Ісус любіў, узлягаў ля грудзей Ісусавых.
 
Адзін-жа з вучняў Ягоных за сталом, каторага любіў Ісус, супачываў на грудзёх Ісусавых.

Дык кіўнуў яму Сімон Пётра, каб спытаўся: «Хто гэта, аб кім Ён кажа».
 
Затым Сымон Пётракіўнуў яму, каб запытаў, хто гэта мае быць, пра каго Ён гаворыць.

І ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, кажа Яму: «Госпадзе, а хто гэта?»
 
І той, прыпаўшы да грудзей Ісусавых, сказаў Яму: Госпадзі, хто гэта?

Адказвае Ісус: «Гэта той, каму Я падам умочаны хлеб». І, памачыўшы хлеб, падаў Юдзе Сімонаву Іскарыёту.
 
І адказаў Ісус: той, каму Я, абмачыўшы кусок хлеба, падам. І абмачыўшы кусок, падаў Юдзе Іскарыёту, Сымонаваму сыну.

І па кавалку хлеба ўвайшоў у яго шатан. Дык кажа яму Ісус: «Што маеш рабіць, рабі хутчэй».
 
І пасьля гэтага куска ўвайшоў у яго шатан. І кажа яму Ісус: што робіш, рабі хутчэй.

І з узлягаючых ніхто не зразумеў, да чаго Ён гэта яму сказаў.
 
Але ніхто з прысутных не зразумеў, што і да чаго гэта Ён сказаў яму.

Некаторыя думалі, што як Юда мае [грашовы] капшук, то Ісус кажа яму: «Купі, чаго нам трэба на свята», або каб што раздаў убогім.
 
Бо некаторыя зь іх думалі, затым, што ў Юды быў мяшок, быццам Ісус кажа яму: купі, што трэба нам на съвята, або каб даў што-небудзь убогім.

Той, узяўшы кавалак хлеба, адразу выйшаў; а была ноч.
 
І ён, узяўшы кусок, зараз-жа выйшаў. І была ноч.

І, калі выйшаў, Ісус сказаў: «Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім;
 
Калі-ж ён выйшаў, Ісус сказаў: цяперака ўславіўся Сын Чалавечы, і Бог ўславіўся ў Ім.

калі Бог праслаўлены ў Ім, дык Бог праславіць Яго ў Сабе ды ўславіць Яго неўзабаве.
 
Калі Бог уславіўся ў Ім, дык Бог уславіць і Яго ў Сабе, і ў хуткім часе уславіць Яго.

Сыночкі, нядоўга ўжо буду з вамі; будзеце Мяне шукаць, але, як сказаў юдэям: куды Я іду, вы прыйсці не можаце, так і вам цяпер кажу.
 
Дзеці, ужо нядоўга Мне быць з вамі. Будзеце шукаць Мяне; але Я кажу вам цяперака тое, што казаў Я Юдэям: куды Я іду, вы ня можаце ісьці.

Прыказанне новае даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я узлюбіў вас, каб і вы адзін аднаго любілі.
 
Новы загад даю вам, каб любілі вы адзін аднаго; гэтак, як Я любіў вас, так і вы любеце адзін аднаго.

Па тым пазнаюць усе, што вы — Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».
 
Па гэтым пазнаюць усе, што вы вучні Мае, калі мецімеце любоў адзін да аднаго.

Кажа Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, куды ідзеш?» Адказаў Ісус: «Куды Я іду, ты цяпер не можаш прыйсці, але потым прыйдзеш за Мною».
 
Кажа Яму Сымон Пётра: Госпадзе, куды Ты ідзеш? Ісус адказаў яму: куды Я іду, ты ня можаш ісьці за Мною цяперака; але пойдзеш за Мною пазьней.

Кажа Яму Пётра: «Госпадзе, чаму я цяпер не магу пайсці за Табой? Жыццё сваё аддам за Цябе».
 
Пётра сказаў Яму: Госпадзе, чаму я не магу ісьці за Табою цяперака? Я душу маю палажу за Цябе.

Адказвае яму Ісус: «Жыццё тваё за Мяне аддасі? Сапраўды, сапраўды кажу табе: перш чым певень запяе, тры разы зрачэшся Мяне.
 
Ісус адказаў яму: душу сваю паложыш за Мяне? Запраўды, запраўды кажу табе: не прапяе певень, як тройчы адрачэшся ад Мяне.