Яна 9 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І, праходзячы, убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння.
Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння.
Дык спыталіся ў Яго вучні Яго, кажучы: «Рабі, хто зграшыў: ён ці бацькі яго, што ён сляпым нарадзіўся?»
Вучні спыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?»
Адказаў Ісус: «Ані ён не зграшыў, ані бацькі яго, але каб справы Божыя выявіліся на ім.
Езус адказаў: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя.
Мне належыць выконваць справы Таго, Хто Мяне паслаў, дакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць.
Пакуль дзень, нам трэба рабіць справы таго, хто паслаў Мяне. Надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць.
Пакуль Я ў свеце, Я — святло свету».
Пакуль Я на свеце, Я — святло свету».
Як сказаў гэта, плюнуў на зямлю, і зрабіў мешаніну са сліны, і намазаў мешаніну на вочы яго,
Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому,
і сказаў яму: «Ідзі, абмый у купальні Сіло», што значыць «Пасланы». Дык ён пайшоў, і абмыўся, і вярнуўся відушчым.
і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў купальні Сілоэ!» (што перакладаецца «Пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчым.
Суседзі ж і тыя, што яго раней бачылі, як быў сляпым, казалі: «Ці ж гэта не той, што сядзеў і жабраваў?»
А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: «Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?»
Адны казалі: «Гэта ён!», другія казалі: «Падобны да яго». А ён казаў: «Гэта я».
Адны казалі: «Гэта ён!» Іншыя: «Падобны да яго!» А ён сам казаў: «Гэта я!»
Дык казалі тады яму: «Як вочы адкрыліся ў цябе?»
Тады пыталіся ў яго: «Як жа адкрыліся твае вочы?»
І ён адказаў: «Чалавек, якога завуць Ісус, зрабіў мешаніну, памазаў вочы мае ды сказаў мне: “Ідзі да купальні Сіло і абмыйся”. Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць».
Той адказаў: «Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі да купальні Сілоэ і абмыйся!” Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць».
І сказалі яму: «А дзе Ён?» Ён гаворыць: «Не ведаю».
Тады сказалі яму: «Дзе Ён?» Той адказаў: «Не ведаю».
Дык завялі таго, што быў сляпым, да фарысеяў.
І павялі яго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў.
А была субота ў той дзень, калі Ісус зрабіў мешаніну і адкрыў вочы яго.
А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат.
Дык ізноў пыталіся ў яго фарысеі, якім чынам ён стаў бачыць. А ён сказаў ім: «Мешаніну паклаў Ён на вочы мае, я абмыўся і бачу».
Фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся, і бачу».
Дык казалі некаторыя з фарысеяў: «Чалавек той, што не пільнуе суботы, не ёсць ад Бога»; іншыя ж казалі: «Як жа чалавек грэшнік можа чыніць такія знакі?» Гэтак дайшло да нязгоды між імі.
Тады некаторыя з фарысеяў казалі: «Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабат!» Іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды?» І падзяліліся яны.
Дык кажуць ізноў сляпому: «Што ты скажаш пра Таго, Які адкрыў вочы твае?» Ён жа сказаў: «Гэта прарок!»
Зноў жа сказалі сляпому: «А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы?» Той адказаў: «Гэта прарок!»
Юдэі аднак не паверылі ў тое, што ён быў сляпы і стаў бачыць, пакуль не пазвалі бацькоў таго, хто стаў бачыць.
Аднак юдэі не паверылі, што ён быў сляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў таго, які стаў відушчым.
Ды пыталіся ў іх, кажучы: «Ці сапраўды ён — ваш сын, аб якім кажаце, што нарадзіўся сляпым? Дык як жа ён цяпер бачыць?»
Яны спыталіся ў іх, кажучы: «Гэта ваш сын, пра якога кажаце, што нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?»
Дык адказалі бацькі яго і сказалі: «Ведаем, што ён — наш сын ды што сляпым нарадзіўся,
Бацькі ягоныя адказалі: «Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым.
але якім чынам цяпер бачыць — не ведаем, не ведаем таксама, хто яму адкрыў вочы; у яго самога пытайцеся. Ён мае гады, хай сам аб сабе расказвае».
Але, якім чынам ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, не ведаем. Спытайцеся ў яго самога, ён дарослы, сам пра сябе скажа!»
Гэтак сказалі бацькі яго, бо баяліся юдэяў, бо юдэі ўжо змовіліся, што, калі хто прызнае Яго за Хрыста, адлучаць таго ад сінагогі.
Так адказалі бацькі ягоныя, таму што баяліся юдэяў, бо юдэі ўжо змовіліся адлучыць ад сінагогі таго, хто вызнае Езуса як Месію.
Дзеля таго бацькі яго сказалі: «Мае гады, яго самога пытайцеся».
Вось таму бацькі ягоныя і сказалі: «Ён дарослы, спытайцеся ў яго!»
Затым паўторна паклікалі чалавека, што быў сляпы, і сказалі яму: «Услаў Бога! Мы ведаем, што Той Чалавек — грэшнік».
Тады другі раз паклікалі чалавека, які быў сляпы, і сказалі яму: «Аддай хвалу Богу! Мы ведаем, што той чалавек — грэшнік».
Але ён адказаў: «Ці Ён грэшнік, не ведаю, але толькі ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу».
Ён адказаў ім: «Ці грэшнік Ён, не ведаю. Адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу».
Зноў сказалі яму: «Што Ён зрабіў табе? Якім спосабам адкрыў твае вочы?»
Зноў сказалі яму: «Што зрабіў Ён з табою? Як адкрыў табе вочы?»
Ён адказаў ім: «Я ўжо сказаў вам, і вы не чулі; што яшчэ вы хочаце пачуць? Ці і вы хочаце быць Яго вучнямі?»
Ён адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, а вы не слухалі. Навошта зноў хочаце пачуць? Хіба і вы хочаце стаць Ягонымі вучнямі?»
Яны дакаралі яго і сказалі: «Гэта ты — Яго вучань, а мы — вучні Майсея.
Яны зняважылі яго і сказалі: «Ты Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея.
Мы ведаем, што да Майсея прамаўляў Бог, але скуль Гэты — не ведаем».
Мы ведаем, што з Майсеем размаўляў Бог. А вось той адкуль, мы не ведаем».
Чалавек адказаў і сказаў ім: «Гэта, вось, і дзіўна, што вы не ведаеце, скуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы.
І адказаў ім гэты чалавек: «Менавіта гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы!
Ведаем жа, што грэшнікаў Бог не слухае, а калі хто спахвальнік Бога і волю Яго выконвае, таго слухае.
Мы ведаем, што Бог не слухае грэшнікаў; а таго, хто пабожны і выконвае волю Ягоную, таго слухае.
Ад веку не чута, каб хто народжанаму сляпым вочы адкрыў;
Адвеку не было чутна, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння.
каб Ён не быў ад Бога, не мог бы нічога зрабіць».
Калі б Ён не быў ад Бога, нічога не мог бы рабіць».
Адказваючы, сказалі яны яму: «У грахах увесь ты нарадзіўся і ты павучаеш нас?» І прагналі яго прэч.
Сказалі яму ў адказ: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш?» І выгналі яго прэч.
Пачуў Ісус, што яго прагналі, і, знайшоўшы яго, сказаў яму: «Ці верыш ты ў Сына Божага?»
Езус пачуў, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў: «Ці верыш у Сына Чалавечага?»
Ён, адказваючы, спытаўся: «А хто Ён, Госпадзе, каб я паверыў у Яго?»
Той адказаў: «А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?»
Сказаў яму Ісус: «І ты ўжо бачыў Яго, і Той, Хто з табою гаворыць, гэта Ён».
Езус сказаў Яму: «Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою».
Дык ён гаворыць: «Веру, Госпадзе!»; і пакланіўся Яму.
Ён жа сказаў: «Веру, Пане!» І аддаў Яму пашану.
І сказаў Ісус: «На суд прыйшоў Я на гэты свет, каб тыя, што не бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, сталіся сляпымі».
Тады сказаў Езус: «На суд прыйшоў Я ў гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя сталі сляпымі».
Пачулі гэта некаторыя з фарысеяў, што пры Ім былі, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сляпыя?»
Пачулі гэта некаторыя з фарысеяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сляпыя?»
Сказаў ім Ісус: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху. Вы, аднак, кажаце: “Мы бачым!”; і грэх ваш застаецца.
Езус адказаў ім: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху. Але цяпер кажаце: “Бачым!”, і трывае грэх ваш.