Яна 18 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за паток Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Ягоныя.
 
Сказаўшы гэтае, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за ручэй Кедрон, дзе́ быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Яго.

А ведаў гэтае месца і Юда, прадажнік Ягоны, бо Ісус часта зьбіраўся там з вучнямі Сваімі.
 
Ве́даў жа гэтае ме́сца і Юда, што прадаў Яго, бо Ісус і вучні Яго там часта зьбіраліся.

І вось Юда, узяўшы атрад воінаў і служак ад першасьвятароў і фарысэяў, прыходзіць туды зь ліхтарамі і сьвяцільнямі і зброяй.
 
Вось Юда, узяўшы роту ды слуг ад архірэяў і фарысэяў, прыходзіць туды з ліхтарамі, сьве́тачамі і аружжам.

А Ісус, ведаючы ўсё, што зь Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: каго шукаеце?
 
Ісус жа, ве́даючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: каго шукаеце?

Яму адказалі: Ісуса Назарэя. Ісус кажа ім: гэта Я. А стаяў зь імі й Юда, прадажнік Ягоны.
 
Яму адказалі: Ісуса Назарэя! Ісус кажа ім: гэта Я. Стаяў жа з імі і Юда, што прадаў Яго.

І калі сказаў ім: гэта Я, — яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.
 
І, калі сказаў ім: гэта Я, яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.

Зноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны сказалі: Ісуса Назарэя.
 
І ізноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны сказалі: Ісуса Назарэя.

Ісус адказваў: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне шукаеце, пакіньце іх, хай ідуць,
 
Ісус адказаў: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне́ шукаеце, дайце ім адыйсьці,

хай збудзецца слова, сказанае Ім: з тых, каго Ты Мне даў, Я не загубіў нікога.
 
каб споўнілася слова, сказанае Ім: з тых, якіх Ты даў Мне́, Я не загубіў нікога.

А Сымон Пётр, маючы меч, дастаў яго, і ударыў першасьвятаровага раба, і адсек яму правае вуха: імя раба было Малх.
 
Сымон жа Пётр, маючы ме́ч, выняў яго і ўдэрыў слугу́ архірэявага і адсе́к яму правае вуха; слуга́-ж той зваўся Малх.

Але Ісус сказаў Пятру: укладзі меч у похвы; няўжо Мне ня піць чары, якую даў Мне Айцец?
 
Але Ісус сказаў Пятру: палажы́ ме́ч у ножны. Няўжо-ж Я ня вып’ю чары, што даў Мне́ Аце́ц?

Тады воіны і тысячнік і служкі Юдэйскія ўзялі Ісуса, і зьвязалі Яго,
 
Тады жаўне́ры і тысячнік і слугі жыдоўскія ўзялі Ісуса, зьвязалі Яго

і завялі Яго спачатку да Анны; бо ён быў цесьцем Каяфы, які быў на той год першасьвятаром:
 
і павялі Яго сьпярша да Анны, бо ён быў це́сьцем Кайяфы, які быў на той год архірэем.

гэта быў Каяфа, які даў параду Юдэям, што лепш аднаму чалавеку памерці за народ.
 
Гэта быў той Кайяфа, які пара́дзіў Жыдом, што ле́пш, каб адзін чалаве́к пагіб за народ.

За Ісусам сьледам ішлі Сымон Пётр і другі вучань: вучань жа гэты быў знаёмы першасьвятару і ўвайшоў зь Ісусам у двор першасьвятароў:
 
За Ісусам ішоў Сымон Пётр і другі ву́чань; ву́чань гэны быў знаёмы з архірэем, дык ён увайшоў з Ісусам на архірэйскі падворак,

А Пётр стаяў звонку за дзьвярыма. Потым другі вучань, які быў знаёмы першасьвятару, выйшаў і сказаў брамніцы, і ўвёў Пятра.
 
а Пётр стаяў за варотамі. І вось той другі ву́чань, знаёмы з архірэем, выйшаў і сказаў прыдзьве́рніцы, і ўвёў Пятра.

Тут рабыня-брамніца кажа Пятру: і ты ці ня з вучняў Гэтага Чалавека? Ён сказаў: не.
 
Тут служанка прыдзьве́рніца кажа Пятру: ці і ты ня з вучняў гэтага чалаве́ка? Ён сказаў: Не́!

Тым часам рабы і служкі, расклаўшы агонь, таму што было золка, стаялі і грэліся; Пётр таксама стаяў зь імі і грэўся.
 
Рабы́-ж і слугі, распаліўшы аго́нь, бо было сьцюдзёна, стаялі й грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.

А першасьвятар спытаўся ў Ісуса пра вучняў Ягоных і пра вучэньне Ягонае.
 
Архірэй жа спытаўся ў Ісуса аб вучняў Яго і аб вучэньне Яго.

Ісус адказваў яму: Я гаварыў адкрыта сьвету; Я заўсёды вучыў у сынагозе і ў храме, дзе заўсёды Юдэі сыходзяцца, і тайна не казаў нічога;
 
Ісус адказаў яму: Я ясна гаварыў сьве́ту; Я заўсёды навучаў у царкве́ і школе, дзе́ звычайна зьбіраюцца Жыды́, і ўкрадкам не гаварыў нічога.

што пытаешся ў Мяне? спытайся ў тых, хто чуў, што Я казаў ім; вось, яны ведаюць, што Я казаў.
 
Чаму пытаешся ў Мяне́? Папытайся ў тых, хто слухаў, што Я гаварыў ім. Вось яны ве́даюць, што Я казаў.

Калі Ён сказаў гэта, адзін служка, які стаяў паблізу, ударыў Ісуса па шчацэ, сказаўшы: так Ты адказваеш першасьвятару?
 
Як жа Ён сказаў гэтае, адзін із слуг, што блізка стаяў, удэрыў Ісуса па абліччу і сказаў: так Ты адказваеш архірэю?

Ісус адказваў яму: калі Я сказаў блага, пакажы, што благое, а калі добра, чаго ты б’еш Мяне?
 
Ісус адказаў яму: калі Я сказаў бла́га, дакажы́, што бла́га, а калі добра, за што б’е́ш Мяне́?

Анна паслаў Яго зьвязанага да першасьвятара Каяфы.
 
Анна паслаў Яго зьвязанага да архірэя Кайяфы.

А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Тут сказалі яму: ці ня з вучняў Ягоных і ты? Ён зрокся і сказаў: не.
 
А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Тут кажуць яму: ці і ты не з Яго вучняў? А той адрокся і сказаў: не́!

Адзін з рабоў першасьвятаровых, родзіч таго, якому Пётр адсек вуха, кажа: ці не цябе бачыў я зь Ім у садзе?
 
Кажа адзін із слуг архірэйскіх, сваяк таго, якому Пётр адсе́к вуха: ці-ж ня бачыў я цябе́ з Ім у садзе?

Пётр зноў зрокся; і адразу засьпяваў певень.
 
Пётр ізноў адрокся; і зараз жа прапяя́ў пе́вень.

Ад Каяфы павялі Ісуса ў прэторыю. Была раніца; і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца, а каб можна было есьці пасху.
 
Ад Кайяфы павялі Ісуса да прэторыі. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, ды каб можна было е́сьці пасху.

Пілат выйшаў да іх і сказаў: у чым вы вінаваціце Чалавека Гэтага?
 
Пілат выйшаў да іх і сказаў: у чым вінаваціце чалаве́ка гэтага?

Яны сказалі яму ў адказ: калі б Ён ня быў злачынец, мы не перадалі б Яго табе.
 
Яны адказалі і сказалі яму: калі-б Ён ня быў такі злачы́нца, мы ня вы́далі-б Яго табе́!

Пілат сказаў ім: вазьмеце Яго вы, і паводле закону вашага судзеце Яго. Юдэі сказалі яму: нам не дазволена караць сьмерцю нікога, —
 
Пілат сказаў ім: вазьме́це Яго вы і па вашаму закону судзіце Яго. Жыды сказалі яму: нам нікога ня гожа забіваць.

хай збудзецца слова Ісусавае, якое сказаў Ён, даючы зразумець, якою сьмерцю Ён памрэ.
 
Каб споўнілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, абвяшчаючы, якою сьме́рцяй ма́е паме́рці.

Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю, і паклікаў Ісуса, і сказаў Яму: Ты Цар Юдэйскі?
 
Дык Пілат ізноў увайшоў у прэторыю і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: Ты Цар Жыдоўскі?

Ісус адказваў яму: ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?
 
Ісус адказаў яму: ці ад сябе́ ты гаворыш гэтае́, ці другія сказалі табе́ аба Мне́?

Пілат адказваў: хіба я Юдэй? Твой народ і першасьвятары перадалі Цябе мне; што Ты зрабіў?
 
Пілат адказаў: ці-ж я Жыд? Цябе́ твой народ і архірэі вы́далі мне́; што-ж Ты зрабіў?

Ісус адказваў: Царства Маё не ад сьвету гэтага; калі б ад сьвету гэтага было Царства Маё, дык слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я ня быў аддадзены Юдэям; але цяпер Маё Царства не адгэтуль.
 
Ісус адказаў: Царства Маё ня з гэтага сьве́ту; калі-б з гэтага сьве́ту было царства Маё, то слугі Маі бароліся бы, каб Жыды́ ня вы́далі Мяне́. Але царства Маё ня згэтуль.

Пілат сказаў Яму: значыцца, Ты Цар? Ісус адказваў: ты кажаш, што Я Цар; Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб засьведчыць ісьціну; кожны, хто ад ісьціны, слухае голасу Майго.
 
Пілат сказаў Яму: дык Ты Цар? Ісус адказаў: ты кажаш, што Я цар. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на сьве́т, каб сьве́дчыць аб праўдзе. Кожын, хто ад праўды, слухае голасу Майго.

Пілат сказаў Яму: што ёсьць ісьціна? І, сказаўшы гэта, зноў выйшаў да Юдэяў і сказаў ім: я ніякай віны не знаходжу ў Ім;
 
Кажа Яму Пілат: Што такое праўда? І, сказаўшы гэтае, ізноў выйшаў да Жыдоў і сказаў ім: я ніякае віны ў Ім не знаходжу.

ёсьць жа ў вас звычай, каб я аднаго адпускаў вам на Пасху: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага?
 
Ёсьць жа ў вас звычай, каб я не́кага звальняў вам на Пасху. Хочаце, пушчу вам Цара Жыдоўскага?

Тады зноў закрычалі ўсе, кажучы: не Яго, а Вараву. А Варава быў разбойнік.
 
Тады ізноў закрычэлі ўсе́, кажучы: не Яго, але Варавву! А Варавва быў душагуб.