Яна 18 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Сказаўшы гэта, Іісус вы́йшаў з вучнямі Сваімі на той бок пато́ку Кедро́н, дзе быў сад, у які ўвайшоў Ён Сам і вучні Яго;
Сказаўшы гэтае, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за ручэй Кедрон, дзе́ быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Яго.
ве́даў жа гэтае месца і Іуда, які вы́даў Яго, бо там часта збіра́ўся Іісус з вучнямі Сваімі;
Ве́даў жа гэтае ме́сца і Юда, што прадаў Яго, бо Ісус і вучні Яго там часта зьбіраліся.
і вось Іуда, узя́ўшы атрад воінаў і служы́целяў ад першасвятаро́ў і фарысеяў, прыхо́дзіць туды з фа́келамі, і ліхтара́мі, і збро́яй.
Вось Юда, узяўшы роту ды слуг ад архірэяў і фарысэяў, прыходзіць туды з ліхтарамі, сьве́тачамі і аружжам.
Іісус жа, ве́даючы ўсё, што з Ім будзе, вы́йшаў і сказаў ім: каго шука́еце?
Ісус жа, ве́даючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: каго шукаеце?
Адказалі Яму: Іісуса Назарэ́я. Кажа ім Іісус: гэта Я. Стаяў жа з імі і Іуда, які вы́даў Яго;
Яму адказалі: Ісуса Назарэя! Ісус кажа ім: гэта Я. Стаяў жа з імі і Юда, што прадаў Яго.
і калі Іісус сказаў ім: «гэта Я», яны адступíлі назад і ўпа́лі на зямлю́.
І, калі сказаў ім: гэта Я, яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.
Ён зноў спыта́ўся ў іх: каго шука́еце? Яны сказалі: Іісуса Назарэ́я.
І ізноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны сказалі: Ісуса Назарэя.
Адказаў Іісус: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне шука́еце, пакіньце іх, няхай ідуць, —
Ісус адказаў: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне́ шукаеце, дайце ім адыйсьці,
каб спо́ўнілася слова, якое Ён сказаў: з тых, каго Ты даў Мне, Я не загубíў нікога.
каб споўнілася слова, сказанае Ім: з тых, якіх Ты даў Мне́, Я не загубіў нікога.
Тады Сíман Пётр, ма́ючы меч, вы́няў яго і ўдарыў першасвятаро́вага раба́ і адсе́к яму правае ву́ха; імя́ раба́ было́ Малх;
Сымон жа Пётр, маючы ме́ч, выняў яго і ўдэрыў слугу́ архірэявага і адсе́к яму правае вуха; слуга́-ж той зваўся Малх.
але Іісус сказаў Пятру: укладзí меч у но́жны; чашу, якую даў Мне Айцец, няўжо́ Я не буду піць яе?
Але Ісус сказаў Пятру: палажы́ ме́ч у ножны. Няўжо-ж Я ня вып’ю чары, што даў Мне́ Аце́ц?
Тады атрад воінаў і тысячанача́льнік, і служы́целі Іудзейскія ўзялí Іісуса і звяза́лі Яго,
Тады жаўне́ры і тысячнік і слугі жыдоўскія ўзялі Ісуса, зьвязалі Яго
і павялí Яго спачатку да Анны, бо ён быў це́сцем Каіа́фы, які быў першасвятаро́м у той год;
і павялі Яго сьпярша да Анны, бо ён быў це́сьцем Кайяфы, які быў на той год архірэем.
гэта быў той Каіа́фа, які даў пара́ду Іудзеям, што лепш, каб адзін чалавек памёр за народ.
Гэта быў той Кайяфа, які пара́дзіў Жыдом, што ле́пш, каб адзін чалаве́к пагіб за народ.
За Іісусам ішоў Сíман Пётр і другі вучань; вучань жа той быў знаёмы першасвятару́ і ён увайшоў з Іісусам у двор першасвятара́,
За Ісусам ішоў Сымон Пётр і другі ву́чань; ву́чань гэны быў знаёмы з архірэем, дык ён увайшоў з Ісусам на архірэйскі падворак,
а Пётр стаяў каля дзвярэ́й зво́нку. Вы́йшаў тады вучань той, які быў знаёмы першасвятару́, і сказаў прыдзве́рніцы, і ўвёў Пятра.
а Пётр стаяў за варотамі. І вось той другі ву́чань, знаёмы з архірэем, выйшаў і сказаў прыдзьве́рніцы, і ўвёў Пятра.
Кажа тут служанка-прыдзве́рніца Пятру: і ты ці не з вучняў Гэтага Чалавека? Ён сказаў: не.
Тут служанка прыдзьве́рніца кажа Пятру: ці і ты ня з вучняў гэтага чалаве́ка? Ён сказаў: Не́!
І стаялі рабы́ і служы́целі, раскла́ўшы во́гнішча, таму што было́ хо́ладна, і грэ́ліся; з імі Пётр таксама стаяў і грэ́ўся.
Рабы́-ж і слугі, распаліўшы аго́нь, бо было сьцюдзёна, стаялі й грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.
Першасвята́р жа спыта́ўся ў Іісуса пра вучняў Яго і пра вучэ́нне Яго.
Архірэй жа спытаўся ў Ісуса аб вучняў Яго і аб вучэньне Яго.
Адказаў яму Іісус: Я адкрыта гаварыў свету; Я заўсёды навуча́ў у сінагогах і ў храме, дзе заўсёды збіра́юцца Іудзеі, і тайна не гаварыў нічога;
Ісус адказаў яму: Я ясна гаварыў сьве́ту; Я заўсёды навучаў у царкве́ і школе, дзе́ звычайна зьбіраюцца Жыды́, і ўкрадкам не гаварыў нічога.
чаму ты ў Мяне пыта́ешся? спыта́йся ў тых, якія чулі, што́ Я гаварыў ім; вось яны ведаюць, што́ Я казаў.
Чаму пытаешся ў Мяне́? Папытайся ў тых, хто слухаў, што Я гаварыў ім. Вось яны ве́даюць, што Я казаў.
Калі Ён сказаў гэта, адзін са служы́целяў, што блізка стаяў, ударыў Іісуса па шчацэ і сказаў: так Ты адказваеш першасвятару́?
Як жа Ён сказаў гэтае, адзін із слуг, што блізка стаяў, удэрыў Ісуса па абліччу і сказаў: так Ты адказваеш архірэю?
Адказаў яму Іісус: калі Я дрэ́нна сказаў, засве́дчы, што дрэ́нна; а калі добра, чаму ты б’еш Мяне?
Ісус адказаў яму: калі Я сказаў бла́га, дакажы́, што бла́га, а калі добра, за што б’е́ш Мяне́?
Тады Анна паслаў Яго, звя́занага, да першасвятара́ Каіа́фы.
Анна паслаў Яго зьвязанага да архірэя Кайяфы.
А Сíман Пётр стаяў і грэ́ўся. Сказалі тады яму: і ты ці не з вучняў Яго? Ён адро́кся і сказаў: не.
А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Тут кажуць яму: ці і ты не з Яго вучняў? А той адрокся і сказаў: не́!
Кажа адзін з рабоў першасвятара́, свая́к таго, якому Пётр адсе́к ву́ха: хіба́ я не бачыў цябе з Ім у садзе?
Кажа адзін із слуг архірэйскіх, сваяк таго, якому Пётр адсе́к вуха: ці-ж ня бачыў я цябе́ з Ім у садзе?
Пётр ізноў адро́кся; і адразу пе́вень заспява́ў.
Пётр ізноў адрокся; і зараз жа прапяя́ў пе́вень.
Тады вядуць Іісуса ад Каіа́фы ў прэто́рыю. Была́ раніца, і яны не ўвайшлі ў прэто́рыю, каб не апага́ніцца, але каб можна было́ есці пасху.
Ад Кайяфы павялі Ісуса да прэторыі. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, ды каб можна было е́сьці пасху.
Вы́йшаў Пілат да іх і сказаў: якое абвінава́чанне выстаўля́еце вы су́праць Гэтага Чалавека?
Пілат выйшаў да іх і сказаў: у чым вінаваціце чалаве́ка гэтага?
У адказ яны сказалі яму: калі б Ён не быў злачы́нцам, мы не вы́далі б Яго табе.
Яны адказалі і сказалі яму: калі-б Ён ня быў такі злачы́нца, мы ня вы́далі-б Яго табе́!
Тады сказаў ім Пілат: вазьмíце Яго вы і па закону вашаму судзíце Яго. Сказалі яму Іудзеі: нам не дазваля́ецца кара́ць смерцю нікога, —
Пілат сказаў ім: вазьме́це Яго вы і па вашаму закону судзіце Яго. Жыды сказалі яму: нам нікога ня гожа забіваць.
каб спо́ўнілася слова Іісуса, якое Ён сказаў, ука́зваючы, якою смерцю Ён ма́е памерці.
Каб споўнілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, абвяшчаючы, якою сьме́рцяй ма́е паме́рці.
Увайшоў тады зноў Пілат у прэто́рыю, і паклíкаў Іісуса, і сказаў Яму: Ты Цар Іудзейскі?
Дык Пілат ізноў увайшоў у прэторыю і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: Ты Цар Жыдоўскі?
Адказаў яму Іісус: ты ад сябе гэта гаво́рыш, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?
Ісус адказаў яму: ці ад сябе́ ты гаворыш гэтае́, ці другія сказалі табе́ аба Мне́?
Адказаў Пілат: хіба́ я Іудзей? народ Твой і першасвятары́ вы́далі Цябе мне; што́ Ты зрабіў?
Пілат адказаў: ці-ж я Жыд? Цябе́ твой народ і архірэі вы́далі мне́; што-ж Ты зрабіў?
Адказаў Іісус: Царства Маё не ад гэтага свету; калі б ад гэтага свету было́ Царства Маё, то слу́гі Мае́ змага́ліся б за тое, каб Мяне не вы́далі Іудзеям. Але цяпер Царства Маё не адгэ́туль.
Ісус адказаў: Царства Маё ня з гэтага сьве́ту; калі-б з гэтага сьве́ту было царства Маё, то слугі Маі бароліся бы, каб Жыды́ ня вы́далі Мяне́. Але царства Маё ня згэтуль.
Тады сказаў Яму Пілат: дык Ты Цар? Адказаў Іісус: ты кажаш, што Я Цар; Я на тое нарадзíўся і на тое прыйшоў у свет, каб све́дчыць пра ісціну; і кожны, хто ад ісціны, слу́хаецца голасу Майго.
Пілат сказаў Яму: дык Ты Цар? Ісус адказаў: ты кажаш, што Я цар. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на сьве́т, каб сьве́дчыць аб праўдзе. Кожын, хто ад праўды, слухае голасу Майго.
Кажа Яму Пілат: што ёсць ісціна? І, прамовіўшы гэта, ён зноў вы́йшаў да Іудзеяў і кажа ім: я нія́кай віны не знахо́джу ў Ім;
Кажа Яму Пілат: Што такое праўда? І, сказаўшы гэтае, ізноў выйшаў да Жыдоў і сказаў ім: я ніякае віны ў Ім не знаходжу.
ёсць жа звы́чай у вас, каб каго́сьці аднаго́ я адпуска́ў вам на Пасху; хочаце, адпушчу́ вам Цара Іудзейскага?
Ёсьць жа ў вас звычай, каб я не́кага звальняў вам на Пасху. Хочаце, пушчу вам Цара Жыдоўскага?
Тады зноў закрычалі ўсе, ка́жучы: не Яго, а Вара́вву. А Вара́вва быў разбойнік.
Тады ізноў закрычэлі ўсе́, кажучы: не Яго, але Варавву! А Варавва быў душагуб.