2 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Павел, і Сілуан, і Цімафей — Царкве Фесаланікійкай ў Богу Айцу нашым і Госпадзе Іісусе Хрысце:
Паўла і Сілуан і Цімахве́й — царкве́ Фесалонікійцаў у Богу Айцу нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце́:
благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.
Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Мы заўсёды павінны дзя́каваць Богу за вас, браты, як гэта нале́жыць, бо ўзраста́е вера ваша і памнажа́ецца ў кожнага з усіх вас любоў аднаго да другога,
Заўсёды павінны мы дзякаваць Богу за вас, браты, як дастойна, бо вырастае ве́льмі ве́ра ваша і павяліча́ецца любоў кожнага з усіх вас аднаго да аднаго.
так што мы самі хва́лімся вамі ў цэрквах Божых, цярплівасцю вашай і вераю ва ўсіх ганеннях і ўцісках, якія вы перано́сіце;
Так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых, за цярплівасьць вашу і ве́ру ў-ва ўсіх перасьле́даваньнях вашых і смутках, якія вы маеце,
гэта знак таго, што будзе праведны суд Божы, каб вы ўдастоіліся Царства Божага, дзеля якога вы і паку́туеце.
на доказ справядлівага суда Божага, каб вам быць вартымі Царства Божага, дзеля якога і мучыцеся.
Бо справядліва ў Бога — адплацíць прыгнётам тым, хто вас прыгнята́е,
Бо справядліва ў Бога аддаць суму тых, што вам суму задаюць,
а вам, прыгне́чаным, даць супакае́нне разам з намі ў час яўле́ння з неба Госпада Іісуса з ангеламі сілы Яго,
а вам, сумуючым, патолю (даць) разам з намі ў адкрыцьці Госпада Ісуса з не́ба з Ангеламі сілы яго,
у полымі агню, Які дасць адплату тым, хто не знае Бога і не слухаецца дабраве́сця Госпада нашага Іісуса Хрыста;
у палане́ючым агні даючы адплату непазнаўшым Бога і непакарыўшымся Эвангельлю Госпада нашага Ісуса Хрыста.
яны ў пакара́нне пры́муць пагібель вечную ад аблічча Госпада і ад славы магутнасці Яго,
Яны прымуць ка́ру, ве́чную загубу, ад аблічча Госпада і ад славы сілы Яго,
калі Ён прыйдзе прасла́віцца ў святых Сваіх і явíць Сябе дзівосным у дзень той ва ўсіх веруючых, бо вы паверылі нашаму све́дчанню.
як Ён прыдзе ўславіцца ў сьвятых сваіх і задзівіць усіх ве́руючых (бо вы паве́рылі нашаму сьве́дчаньню) у дзе́нь гэны.
Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб удастоіў вас паклíкання Бог наш і усякае памкне́нне да дабра і справу веры напоўніў сілаю,
Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас дастойнымі прызваньня і выпаўніў усякую спагаднасьць ласкавасьці і дзе́ла ве́ры ў сіле,
каб праславілася імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, па благадаці Бога нашага і Госпада Іісуса Хрыста.
каб уславілася імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, праз ласку Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.