Яна 18 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Сказаўшы гэта, Езус выйшаў з вучнямі сваімі за зімні ручай Кедрон. Там быў сад, у які ўвайшоў Ён і вучні Ягоныя.
 
Сказаўшы гэтае, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за ручэй Кедрон, дзе́ быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Яго.

Гэтае месца ведаў і Юда, здраднік Ягоны, бо Езус там часта збіраўся з вучнямі сваімі.
 
Ве́даў жа гэтае ме́сца і Юда, што прадаў Яго, бо Ісус і вучні Яго там часта зьбіраліся.

Таму Юда ўзяў кагорту і слуг ад першасвятароў і фарысеяў і прыйшоў туды з паходнямі, ліхтарамі і зброяй.
 
Вось Юда, узяўшы роту ды слуг ад архірэяў і фарысэяў, прыходзіць туды з ліхтарамі, сьве́тачамі і аружжам.

Езус жа, ведаючы ўсё, што павінна з Ім стацца, выйшаў і сказаў ім: «Каго шукаеце?»
 
Ісус жа, ве́даючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: каго шукаеце?

Яму сказалі: «Езуса з Назарэта». Кажа ім: «Гэта Я!» Стаяў жа з імі таксама Юда, які выдаў Яго.
 
Яму адказалі: Ісуса Назарэя! Ісус кажа ім: гэта Я. Стаяў жа з імі і Юда, што прадаў Яго.

І калі Ён сказаў ім: «Гэта Я!», яны адступілі назад і ўпалі на зямлю.
 
І, калі сказаў ім: гэта Я, яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.

Тады Ён зноў спытаўся ў іх: «Каго шукаеце?» Яны сказалі: «Езуса з Назарэта».
 
І ізноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны сказалі: Ісуса Назарэя.

Езус адказаў: «Я сказаў вам, што гэта Я! Калі ж Мяне шукаеце, то дазвольце ім адысці»,
 
Ісус адказаў: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне́ шукаеце, дайце ім адыйсьці,

каб збылося слова, якое сказаў: «З тых, каго Ты даў Мне, Я не згубіў нікога».
 
каб споўнілася слова, сказанае Ім: з тых, якіх Ты даў Мне́, Я не загубіў нікога.

Тады Сымон Пётр, які меў пры сабе меч, дастаў яго і ўдарыў слугу першасвятара і адсек яму правае вуха. Імя ж слугі было Мальхас.
 
Сымон жа Пётр, маючы ме́ч, выняў яго і ўдэрыў слугу́ архірэявага і адсе́к яму правае вуха; слуга́-ж той зваўся Малх.

Але Езус сказаў Пятру: «Схавай меч у ножны. Няўжо Мне не піць з келіха, які даў Мне Айцец?»
 
Але Ісус сказаў Пятру: палажы́ ме́ч у ножны. Няўжо-ж Я ня вып’ю чары, што даў Мне́ Аце́ц?

Тады кагорта, тысячнік і юдэйскія прыслужнікі схапілі Езуса, звязалі Яго
 
Тады жаўне́ры і тысячнік і слугі жыдоўскія ўзялі Ісуса, зьвязалі Яго

і завялі спачатку да Анны, бо ён быў цесцем Каяфы, які быў у гэтым годзе першасвятаром.
 
і павялі Яго сьпярша да Анны, бо ён быў це́сьцем Кайяфы, які быў на той год архірэем.

Каяфа быў тым, хто параіў юдэям, што лепш аднаму чалавеку загінуць за народ.
 
Гэта быў той Кайяфа, які пара́дзіў Жыдом, што ле́пш, каб адзін чалаве́к пагіб за народ.

За Езусам ішоў Сымон Пётр і іншы вучань. Вучань гэты быў знаёмым першасвятара, таму ўвайшоў разам з Езусам на дзядзінец першасвятара.
 
За Ісусам ішоў Сымон Пётр і другі ву́чань; ву́чань гэны быў знаёмы з архірэем, дык ён увайшоў з Ісусам на архірэйскі падворак,

Пётр жа стаяў звонку каля брамы. Тады той другі вучань, знаёмы першасвятара, выйшаў, сказаў брамніцы і ўвёў Пятра.
 
а Пётр стаяў за варотамі. І вось той другі ву́чань, знаёмы з архірэем, выйшаў і сказаў прыдзьве́рніцы, і ўвёў Пятра.

Служанка-брамніца кажа Пятру: «Ці і ты з вучняў гэтага чалавека?» Ён сказаў: «Не!»
 
Тут служанка прыдзьве́рніца кажа Пятру: ці і ты ня з вучняў гэтага чалаве́ка? Ён сказаў: Не́!

Нявольнікі і прыслужнікі распалілі агонь, бо было зімна, і грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.
 
Рабы́-ж і слугі, распаліўшы аго́нь, бо было сьцюдзёна, стаялі й грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.

Першасвятар спытаў у Езуса пра вучняў Ягоных і пра вучэнне Ягонае.
 
Архірэй жа спытаўся ў Ісуса аб вучняў Яго і аб вучэньне Яго.

Езус адказаў яму: «Я адкрыта казаў свету. Заўсёды вучыў у сінагозе і ў святыні, дзе збіраюцца ўсе юдэі, і патаемна не казаў нічога.
 
Ісус адказаў яму: Я ясна гаварыў сьве́ту; Я заўсёды навучаў у царкве́ і школе, дзе́ звычайна зьбіраюцца Жыды́, і ўкрадкам не гаварыў нічога.

Чаму ты пытаешся ў Мяне? Спытай тых, хто чуў, што Я казаў ім. Яны ведаюць, што Я гаварыў».
 
Чаму пытаешся ў Мяне́? Папытайся ў тых, хто слухаў, што Я гаварыў ім. Вось яны ве́даюць, што Я казаў.

Калі Ён сказаў гэта, адзін са слугаў, які стаяў паблізу, ударыў Езуса па твары, кажучы: «Так адказваеш першасвятару?»
 
Як жа Ён сказаў гэтае, адзін із слуг, што блізка стаяў, удэрыў Ісуса па абліччу і сказаў: так Ты адказваеш архірэю?

Езус адказаў яму: «Калі Я дрэнна сказаў, дакажы, што дрэнна, а калі добра, чаму б’еш Мяне?»
 
Ісус адказаў яму: калі Я сказаў бла́га, дакажы́, што бла́га, а калі добра, за што б’е́ш Мяне́?

Тады Анна паслаў Яго звязанага да першасвятара Каяфы.
 
Анна паслаў Яго зьвязанага да архірэя Кайяфы.

А Сымон Пётр стаяў і грэўся. І сказалі яму: «Ці і ты з вучняў Ягоных?» Ён адрокся і сказаў: «Не!»
 
А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Тут кажуць яму: ці і ты не з Яго вучняў? А той адрокся і сказаў: не́!

Адзін са слугаў першасвятара, сваяк таго, каму Пётр адсек вуха, сказаў: «Ці не цябе я бачыў з Ім у садзе?»
 
Кажа адзін із слуг архірэйскіх, сваяк таго, якому Пётр адсе́к вуха: ці-ж ня бачыў я цябе́ з Ім у садзе?

Пётр зноў адрокся. І адразу заспяваў певень.
 
Пётр ізноў адрокся; і зараз жа прапяя́ў пе́вень.

Ад Каяфы павялі Езуса ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца і магчы з’есці Пасху.
 
Ад Кайяфы павялі Ісуса да прэторыі. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, ды каб можна было е́сьці пасху.

Таму Пілат выйшаў да іх і сказаў: «У чым абвінавачваеце гэтага чалавека?»
 
Пілат выйшаў да іх і сказаў: у чым вінаваціце чалаве́ка гэтага?

Яны сказалі яму ў адказ: «Калі б Ён не быў злачынцам, мы не выдалі б Яго табе».
 
Яны адказалі і сказалі яму: калі-б Ён ня быў такі злачы́нца, мы ня вы́далі-б Яго табе́!

Пілат жа сказаў ім: «Вазьміце Яго вы і судзіце паводле свайго закону!» Юдэі сказалі яму: «Нам нікога не дазваляецца забіваць».
 
Пілат сказаў ім: вазьме́це Яго вы і па вашаму закону судзіце Яго. Жыды сказалі яму: нам нікога ня гожа забіваць.

Так павінна было збыцца слова Езуса, у якім прадказаў, якой смерцю памрэ.
 
Каб споўнілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, абвяшчаючы, якою сьме́рцяй ма́е паме́рці.

Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю, паклікаў Езуса і сказаў Яму: «Ці Ты кароль юдэйскі?»
 
Дык Пілат ізноў увайшоў у прэторыю і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: Ты Цар Жыдоўскі?

Езус адказаў: «Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?»
 
Ісус адказаў яму: ці ад сябе́ ты гаворыш гэтае́, ці другія сказалі табе́ аба Мне́?

Пілат адказаў: «Хіба я юдэй? Народ Твой і першасвятары Цябе выдалі мне. Што Ты зрабіў?»
 
Пілат адказаў: ці-ж я Жыд? Цябе́ твой народ і архірэі вы́далі мне́; што-ж Ты зрабіў?

Езус адказаў: «Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б Валадарства Маё было з гэтага свету, слугі Мае змагаліся б, каб Мяне не выдалі юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не адгэтуль».
 
Ісус адказаў: Царства Маё ня з гэтага сьве́ту; калі-б з гэтага сьве́ту было царства Маё, то слугі Маі бароліся бы, каб Жыды́ ня вы́далі Мяне́. Але царства Маё ня згэтуль.

Пілат сказаў Яму: «Дык Ты кароль?» Езус адказаў: «Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас».
 
Пілат сказаў Яму: дык Ты Цар? Ісус адказаў: ты кажаш, што Я цар. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на сьве́т, каб сьве́дчыць аб праўдзе. Кожын, хто ад праўды, слухае голасу Майго.

Пілат сказаў Яму: «Што такое праўда?» І, сказаўшы гэта, зноў выйшаў да юдэяў, і сказаў ім: «Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.
 
Кажа Яму Пілат: Што такое праўда? І, сказаўшы гэтае, ізноў выйшаў да Жыдоў і сказаў ім: я ніякае віны ў Ім не знаходжу.

Ёсць у вас звычай, каб я на Пасху адпускаў вам аднаго вязня. Калі хочаце, я адпушчу вам караля юдэйскага?»
 
Ёсьць жа ў вас звычай, каб я не́кага звальняў вам на Пасху. Хочаце, пушчу вам Цара Жыдоўскага?

Тады яны зноў закрычалі: «Не Яго, але Барабу!» А Бараба быў разбойнікам.
 
Тады ізноў закрычэлі ўсе́, кажучы: не Яго, але Варавву! А Варавва быў душагуб.