Яна 18 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча
Сказаўшы гэта, Езус выйшаў з вучнямі сваімі за зімні ручай Кедрон. Там быў сад, у які ўвайшоў Ён і вучні Ягоныя.
Сказаўшы гэта, Ісус вышаў з вучанікамі Сваімі за цурэй Кедрон, ідзе быў сад, да каторага Ён увыйшоў, Ён а вучанікі Ягоныя.
Гэтае месца ведаў і Юда, здраднік Ягоны, бо Езус там часта збіраўся з вучнямі сваімі.
Знаў жа й Юда, што выдаў Яго, гэтае месца, бо Ісус часта зьбіраўся там із вучанікамі Сваімі.
Таму Юда ўзяў кагорту і слуг ад першасвятароў і фарысеяў і прыйшоў туды з паходнямі, ліхтарамі і зброяй.
Дык Юда, узяўшы адзьдзел войска а паслугачых ад найвышшых сьвятароў а фарысэяў, прышоў туды зь ліхтарнямі а зь лянпамі а із зброяю.
Езус жа, ведаючы ўсё, што павінна з Ім стацца, выйшаў і сказаў ім: «Каго шукаеце?»
Ісус жа, ведаючы ўсе, што прыходзіла на Яго, вышаўшы, сказаў ім: «Каго шукаеце?»
Яму сказалі: «Езуса з Назарэта». Кажа ім: «Гэта Я!» Стаяў жа з імі таксама Юда, які выдаў Яго.
Яны адказалі Яму: «Ісуса Назарэцкага». Ісус кажа ім: «Я ёсьць». І таксама Юда, што выдаў Яго, стаяў зь імі.
І калі Ён сказаў ім: «Гэта Я!», яны адступілі назад і ўпалі на зямлю.
І як Ён сказаў ім: «Я ёсьць», яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.
Тады Ён зноў спытаўся ў іх: «Каго шукаеце?» Яны сказалі: «Езуса з Назарэта».
Тады Ён ізноў папытаўся ў іх: «Каго шукаеце?» Яны сказалі: «Ісуса Назарэцкага».
Езус адказаў: «Я сказаў вам, што гэта Я! Калі ж Мяне шукаеце, то дазвольце ім адысці»,
Адказаў Ісус: «Я сказаў вам, што Я гэта. Дык, калі Мяне шукаеце, дазвольце гэтым адыйсьці»,
каб збылося слова, якое сказаў: «З тых, каго Ты даў Мне, Я не згубіў нікога».
Каб споўнілася слова, што Ён сказаў: «З тых, каторых Ты даў Імне. Я ня згубіў ні воднага зь іх».
Тады Сымон Пётр, які меў пры сабе меч, дастаў яго і ўдарыў слугу першасвятара і адсек яму правае вуха. Імя ж слугі было Мальхас.
Сымон жа Пётра, маючы меч, агаліў яго, і выцяў нявольніка найвышшага сьвятара, і адцяў яму правае вуха; было ж імя нявольніка Малх.
Але Езус сказаў Пятру: «Схавай меч у ножны. Няўжо Мне не піць з келіха, які даў Мне Айцец?»
Ісус жа сказаў Пётру: «Укладзі меч у похву. Чару, што даў Імне Айцец, нягож Я ня буду піці яе?»
Тады кагорта, тысячнік і юдэйскія прыслужнікі схапілі Езуса, звязалі Яго
Дык аддзел а тысячнік а паслугачыя юдэйскія ўзялі Ісуса й зьвязалі Яго.
і завялі спачатку да Анны, бо ён быў цесцем Каяфы, які быў у гэтым годзе першасвятаром.
І завялі Яго сьпярша да Ганны, бо ён быў цесьць Каяпы, што быў найвышшым сьвятаром таго году.
Каяфа быў тым, хто параіў юдэям, што лепш аднаму чалавеку загінуць за народ.
Быў жа Каяпа тый, каторы парадзіў Юдэям, што валей аднаму загінуць за люд.
За Езусам ішоў Сымон Пётр і іншы вучань. Вучань гэты быў знаёмым першасвятара, таму ўвайшоў разам з Езусам на дзядзінец першасвятара.
Ішоў жа за Ісусам Сымон Пётра і другі вучанік. Вучанік жа тый быў знаны найвышшаму сьвятару і ўвыйшоў разам ізь Ісусам на панадворак найвышшага сьвятара;
Пётр жа стаяў звонку каля брамы. Тады той другі вучань, знаёмы першасвятара, выйшаў, сказаў брамніцы і ўвёў Пятра.
А Пётра стаяў ля дзьвярэй знадворку. Вышаў тады тый вучанік, другі, знаны найвышшаму сьвятару, і сказаў брамніцы, і ўвёў Пётру.
Служанка-брамніца кажа Пятру: «Ці і ты з вучняў гэтага чалавека?» Ён сказаў: «Не!»
Кажа тады Пётру паслугачая брамніца: «Ці й ты ня з вучанікаў Гэтага Чалавека?» Ён кажа: «Я не».
Нявольнікі і прыслужнікі распалілі агонь, бо было зімна, і грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.
Прымеж тога нявольнікі а паслугачыя, расклаўшы цяпло з вугальля, — бо было сьцюдзена, — грэліся; і Пётра стаяў зь імі й грэўся.
Першасвятар спытаў у Езуса пра вучняў Ягоных і пра вучэнне Ягонае.
Тады найвышшы сьвятар пытаўся ў Ісуса праз вучанікаў Ягоных а праз навуку Ягоную.
Езус адказаў яму: «Я адкрыта казаў свету. Заўсёды вучыў у сінагозе і ў святыні, дзе збіраюцца ўсе юдэі, і патаемна не казаў нічога.
Адказаў яму Ісус: «Я гукаў яўна сьвету; Я заўсёды вучыў у бажніцы а ў сьвятыні, ідзе ўсі Юдэі зьбіраюцца, і тойма не казаў нічога.
Чаму ты пытаешся ў Мяне? Спытай тых, хто чуў, што Я казаў ім. Яны ведаюць, што Я гаварыў».
Чаму ты пытаешся ў мяне? пытайся ў тых, каторыя чулі, што я казаў ім; яны ведаюць, што казаў Я».
Калі Ён сказаў гэта, адзін са слугаў, які стаяў паблізу, ударыў Езуса па твары, кажучы: «Так адказваеш першасвятару?»
Як жа Ён сказаў гэта, адзін із паслугачых, што стаяў блізка, выцяў Ісуса, кажучы: «Гэтак адказуеш Ты найвышшаму сьвятару?»
Езус адказаў яму: «Калі Я дрэнна сказаў, дакажы, што дрэнна, а калі добра, чаму б’еш Мяне?»
Адказаў яму Ісус: «Калі Я блага сказаў, сьветч праз благое; а калі добра, чаму ты Мяне б’еш?»
Тады Анна паслаў Яго звязанага да першасвятара Каяфы.
Тады Ганна паслаў Яго зьвязанага да Каяпы, найвышшага сьвятара.
А Сымон Пётр стаяў і грэўся. І сказалі яму: «Ці і ты з вучняў Ягоных?» Ён адрокся і сказаў: «Не!»
Сымон жа Пётра стаяў і грэўся. Сказалі тады яму: «Ці й ты ня з вучанікаў Ягоных?» Ён заперачыў і сказаў: «Я не».
Адзін са слугаў першасвятара, сваяк таго, каму Пётр адсек вуха, сказаў: «Ці не цябе я бачыў з Ім у садзе?»
Адзін ізь нявольнікаў найвышшага сьвятара, сваяк таго, катораму Пётра адцяў вуха, кажа: «Ці ня бачыў я цябе ў садзе зь Ім?»
Пётр зноў адрокся. І адразу заспяваў певень.
Тады Пётра ізноў заперачыў, і якга певень запяяў.
Ад Каяфы павялі Езуса ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца і магчы з’есці Пасху.
І вялі Ісуса ад Каяпы да ратушы, а гэта было рана нараніцы. І ня ўвыйшлі да ратушы, каб ня сплюгавіцца, і каб маглі есьці пасху.
Таму Пілат выйшаў да іх і сказаў: «У чым абвінавачваеце гэтага чалавека?»
Тады Пілат вышаў да іх вонкі і сказаў: «Што за жалабу маеце вы на Гэтага Чалавека?»
Яны сказалі яму ў адказ: «Калі б Ён не быў злачынцам, мы не выдалі б Яго табе».
Адказалі яны й сказалі яму: «Калі б Ён не рабіў ліха, мы ня выдалі б табе Яго».
Пілат жа сказаў ім: «Вазьміце Яго вы і судзіце паводле свайго закону!» Юдэі сказалі яму: «Нам нікога не дазваляецца забіваць».
Тады сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго й судзіце Яго подле Права свайго». Юдэі ж адказалі яму: «Нам нікога не дазволена караць сьмерцяй»;
Так павінна было збыцца слова Езуса, у якім прадказаў, якой смерцю памрэ.
Каб споўнілася слова Ісусава, каторае Ён сказаў, зазначаючы, якою сьмерцяй Ён мае памерці.
Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю, паклікаў Езуса і сказаў Яму: «Ці Ты кароль юдэйскі?»
Тады Пілат увыйшоў ізноў у ратушу, і пагукаў Ісуса, і сказаў Яму: «Ці Ты Кароль Юдэйскі?»
Езус адказаў: «Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?»
Ісус адказаў: «Ад сябе ты гэта кажаш, ці іншыя сказалі гэта табе празь Мяне?»
Пілат адказаў: «Хіба я юдэй? Народ Твой і першасвятары Цябе выдалі мне. Што Ты зрабіў?»
Пілат адказаў: «Альбо я Юдэй? Народ Твой і найвышшыя сьвятары выдалі Цябе імне. Што Ты зрабіў?»
Езус адказаў: «Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б Валадарства Маё было з гэтага свету, слугі Мае змагаліся б, каб Мяне не выдалі юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не адгэтуль».
Ісус адказаў: «Гаспадарства Мае ня з гэтага сьвету; калі б гаспадарства Мае было з гэтага сьвету, слугі Мае ваявалі б, каб Я ня быў выданы Юдэям; цяпер жа гаспадарства Мае не адгэтуль».
Пілат сказаў Яму: «Дык Ты кароль?» Езус адказаў: «Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас».
І сказаў Яму Пілат: «Дык Ты Кароль?» Адказаў Ісус: «Ты кажаш, што Я Кароль. Я радзіўся дзеля гэтага і дзеля гэтага прышоў на сьвет, каб сьветчыць праз праўду. Кажны, хто з праўды, слухае голасу Майго».
Пілат сказаў Яму: «Што такое праўда?» І, сказаўшы гэта, зноў выйшаў да юдэяў, і сказаў ім: «Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.
Пілат кажа Яму: «Што ё праўда?» І, сказаўшы гэта, ён ізноў вышаў да Юдэяў, і кажа ім: «Я не знаходжу ў Ім ніякае віны.
Ёсць у вас звычай, каб я на Пасху адпускаў вам аднаго вязня. Калі хочаце, я адпушчу вам караля юдэйскага?»
Ёсьць жа звычай у вас, каб я аднаго выпушчаў вам на Пасху. Дык, хочаце, каб я выпусьціў вам Караля Юдэйскага?»
Тады яны зноў закрычалі: «Не Яго, але Барабу!» А Бараба быў разбойнікам.
Тады закрычэлі яны ўсі, кажучы: «Ня гэтага, але Вараўву!» Быў жа Вараўва разбойнік.