Яна 21 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча
Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так.
Просьле гэтага зьявіўся Ісус ізноў вучанікам ля мора Тыверадзкага. Зьявіўся ж гэтак:
Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных.
Былі там разам Сымон Пётра а Хама, званы Блізьнюк, а Нафанайла з Каны Ґалілейскае а Зэведэенкі а двух іншых із вучанікаў Ягоных.
Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.
Сымон Пётра кажа ім: «Іду лавіць рыбу». Кажуць яму: «Ідзем і мы з табою». І вышлі, і селі да стругу, і тае ночы нічога не злавілі.
Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус.
А рана нараніцы, яшчэ золкам, стаў Ісус на беразе; вучанікі, адылі, ня ведалі, што гэта быў Ісус.
Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не».
Дык Ісус кажа ім: «Дзеці, ці маеце якую ежу?» Яны адказалі Яму: «Не».
А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы.
Ён жа сказаў ім: «Закіньце сець із правага боку струга, і знойдзеце». Яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць яе з прычыны множасьці рыбы.
Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
Кажа тады Пётру вучанік тый, каторага мілаваў Ісус: «Гэта Спадар». А Сымон Пётра, пачуўшы, што гэта Спадар, паперазаўся адзецьцям, — бо быў голы, — і кінуўся ў мора.
А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.
А іншыя вучанікі прыплылі ў лодцы, бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля дзьвесьце, цягнучы сець із рыбаю.
Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб.
Як жа выселі на зямлю, бачаць цяпло з вугальля, і рыбу, на ім лежачую, і хлеб.
Езус сказаў ім: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі».
Кажа ім Ісус: «Прынясіце з тае рыбы, што вы злавілі цяпер».
Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася.
Пайшоў Сымон Пётра й выцягнуў сець на зямлю, поўную вялікае рыбы, каторае было сто пяцьдзясят тры; і ач было толькі, сець не парвалася.
Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан.
Кажа ім Ісус: «Ідзіце, сьнедайце». Ніхто, адылі, зь іх ня сьмеў папытацца ў Яго: «Хто Ты?» ведаючы, што гэта Спадар.
Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу.
Прыходзе Ісус, і бярэць хлеб, і даець ім, і рыбу таксама.
Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.
Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучанікам, ускрэсшы зь мертвых.
Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх».
А як яны пасьнедалі, кажа Сымону Пётру Ісус: «Сымоне Ёнёнку, ці мілуеш ты Мяне балей, чымся гэтыя?» Кажа Яму: «Але, Спадару, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Пасі ягняты Мае».
Зноў кажа яму другі раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Ён адказаў: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх».
Кажа яму другім наваратам: «Сымоне Ёнёнку, ці мілуеш ты Мяне?» Кажа Яму: «Але, Спадару, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Будзь пастухом авец Маіх».
І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх.
Кажа яму трэйцім наваратам: «Сымоне Ёнёнку, ці любіш ты Мяне?» Засмуціўся Пётра, што Ён сказаў яму трэйці раз: «Ці любіш ты Мяне?» і сказаў Яму: «Спадару, Ты ўсе ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Ісус кажа яму: «Пасі авечкі Мае».
Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш».
«Запраўды, запраўды кажу табе: як ты быў малодшы, ты папяразаваўся сам і йшоў, куды зычыў; але як застарэеш, выцягнеш рукі свае, і іншы папяража цябе й павядзець, куды ня зычыш».
А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: «Ідзі за Мной».
А гэта Ён сказаў, зазначаючы, якой сьмерцю ўславе ён Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: «Ідзі за Імною».
Пётр азірнуўся і ўбачыў, што за ім ідзе ўмілаваны вучань Езуса, які на вячэры спачываў на Яго грудзях і пытаўся: «Пане, хто выдасць Цябе?»
Пётра, абярнуўшыся, бача йдучага за імі вучаніка, каторага мілаваў Ісус, і каторы на вячэры, нахінуўшыся да грудзёў Ягоных, сказаў: «Спадару, хто ізрадзе Цябе?»
Калі Пётр убачыў яго, сказаў Езусу: «Пане, а што з ім?»
Абачыўшы яго, Пётра кажа Ісусу: «Спадару, а ён што?»
Езус адказаў яму: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мною».
Ісус кажа яму: «Калі Я зычу, каб ён застаўся, пакуль Я прыйду, што табе? ты за Імною йдзі».
І разышлося гэтае слова паміж братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус, што не памрэ, але: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, то што табе да таго?»
Дык разышлося гэнае слова памеж братоў, што вучанік гэны не памрэць. Але не сказаў яму Ісус, што ён не памрэць, але: «Калі Я зычу, каб ён застаўся, пакуль Я прыйду, што табе?»
Той вучань сведчыць пра гэта і напісаў гэта. І ведаем, што сведчанне ягонае праўдзівае.
Гэта тый вучанік, што сьветча праз усе гэта, і каторы напісаў гэта, і мы ведаем, што праўдзівае сьветчаньне ягонае.
Ёсць і шмат іншага, што ўчыніў Езус. Але, калі апісаць гэта падрабязна, то, думаю, сам свет не змясціў бы напісаных кніг.
І шмат іншага таксама ё, што ўчыніў Ісус, каторае, калі б было напісана, думаю, што нават сам сьвет не зьмясьціў бы тых напісаных кнігаў.