Яна 21 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi
Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так.
Пасля гэтага Ісус зноў з’явіўся [Сваім] вучням каля Тыверыядскага мора; з’явіўся ж так.
Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных.
Былі разам Сіман Пётр, Фама, званы Блізня, Нафанаіл з Каны Галілейскай, [сыны] Зевядзеевы і два іншыя з Яго вучняў.
Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.
Сіман Пётр кажа ім: Іду лавіць рыбу. — Яны кажуць яму: Пойдзем і мы з табою. — Яны выйшлі і [зараз жа] ўвайшлі ў лодку, але ў тую ноч не злавілі нічога.
Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус.
І калі ўжо надышла раніца, Ісус стаў на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не».
Тады Ісус кажа ім: Дзеткі, ці не маеце якой яды? — Яны адказалі Яму: Не.
А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы.
І Ён сказаў ім: Закіньце сетку з правага боку лодкі і знойдзеце. — Тады яны закінулі і ўжо не маглі яе выцягнуць з-за мноства рыбы.
Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
Тады той вучань, якога любіу Ісус, кажа Пятру: Гэта Госпад. — Сіман жа Пётр, пачуўшы, што гэта Госпад, падперазаўся вопраткаю, бо ён быў голы, і кінуўся ў мора,
А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.
а іншыя вучні прыплылі ў лодцы — бо былі яны недалёка ад берага, локцяў з дзвесце, цягнучы сетку з рыбаю.
Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб.
Калі ж яны зышлі на зямлю, бачаць раскладзенае вуголле і рыбу, што ляжыць на ім, і хлеб.
Езус сказаў ім: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі».
Ісус кажа ім: Прынясіце рыбы з той, што вы цяпер злавілі.
Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася.
Тады Сіман Пётр увайшоў у лодку і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзесят тры; і хоць было гэтулькі, сетка не парвалася.
Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан.
Ісус кажа ім: Хадзіце, снедайце. — Але ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?» — ведаючы, што гэта Госпад.
Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу.
Ісус падыходзіць, бярэ хлеб і дае ім, і рыбу таксама.
Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.
Гэта ўжо трэці раз Ісус з’явіўся [Сваім] вучням, уваскрэшаны з мёртвых.
Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх».
Калі ж яны паснедалі, Ісус кажа Сіману Пятру: Сімане, [сыне] Іаанаў52, ці любіш ты Мяне больш, чым яны? — Той кажа Яму: Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. — Ісус кажа Яму: Пасі Маіх ягнятак.
Зноў кажа яму другі раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Ён адказаў: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх».
Кажа яму зноў, другі раз: Сімане, [сыне] Іаанаў52, ці любіш ты Мяне? — Пётр кажа Яму: Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. — Ісус кажа яму: Пасі Маіх авечак.
І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх.
Трэці раз Ён кажа яму: Сімане, [сыне] Іаанаў52, ці любіш ты Мяне? — Засмуціўся Пётр, што Ён спытаўся ў яго трэці раз: «Ці любіш ты Мяне?» кажа53 Яму: Госпадзе, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. — [Ісус] кажа яму: Пасі Маіх авечак.
Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш».
Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі ты быў маладзейшы, то сам падпяразваўся і хадзіў, куды хацеў; а калі састарэеш, выцягнеш свае рукі і іншы падперажэ цябе і павядзе, куды не хочаш.
А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: «Ідзі за Мной».
А гэта Ён сказаў, даючы зразумець, якою смерцю Пётр праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: Ідзі ўслед за Мною.
Пётр азірнуўся і ўбачыў, што за ім ідзе ўмілаваны вучань Езуса, які на вячэры спачываў на Яго грудзях і пытаўся: «Пане, хто выдасць Цябе?»
Пётр, павярнуўшыся, бачыць, што следам ідзе вучань, якога любіў Ісус, той самы, які і прыпаў на вячэры да Яго грудзей і сказаў: «Госпадзе, хто выдасць Цябе?»
Калі Пётр убачыў яго, сказаў Езусу: «Пане, а што з ім?»
І, ўбачыўшы яго, Пётр кажа Ісусу: Госпадзе, а ён што?
Езус адказаў яму: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мною».
Ісус кажа яму: Калі я захачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе? Ты ідзі ўслед за Мною.
І разышлося гэтае слова паміж братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус, што не памрэ, але: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, то што табе да таго?»
Тады разышлося гэтае слова між братамі, што вучань той не памрэ, але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а сказаў: «Калі я захачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе?»
Той вучань сведчыць пра гэта і напісаў гэта. І ведаем, што сведчанне ягонае праўдзівае.
Гэта і ёсць той вучань, што сведчыць пра ўсё гэта і напісаў гэта, і мы ведаем, што праўдзівае яго сведчанне.
Ёсць і шмат іншага, што ўчыніў Езус. Але, калі апісаць гэта падрабязна, то, думаю, сам свет не змясціў бы напісаных кніг.
Ёсць жа і шмат іншага, што зрабіў Ісус; калі б усё гэта запісаць падрабязна, думаю, што і сам свет не ўмясціў бы напісаных кніг. [Амін.]