Яна 21 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міхася Міцкевіча
Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так.
Па ўваскрасеньне Сваім, пасьля гэтага, зноў зьявіўся Ісус вучням Сваім пры моры Тыверыядскім; зьявіўся-ж гэтак.
Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных.
Былі разам Сыман Пётра, і Хама, званы Блізьнюк, Натанаіл, які быў з Каны Галілейскай, і сыны Заведэевы, ды іншыя два з вучняў Ягоных.
Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.
І кажа ім Сыман Пётра: — пайду рыбу лавіць; яму-ж кажуць: — пойдзем і мы з табою; і, пайшоўшы, ўвайшлі ў лодку, але тэй ночы нічога не злавілі.
Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус.
Калі-ж настала раніца, стаяў Ісус на беразе, але не пазналі вучні, што гэта Ісус.
Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не».
І гаварыць да іх Ісус: — дзеці! ці ня маеце чаго з ежы? Яму адказалі — няма.
А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы.
Ён-жа сказаў ім: — закіньце сець з правага боку лодкі, і знойдзеце; яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць сеці ад мноства рыбы.
Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: — гэта Госпад; Сыман-жа Пётра, пачуўшы, што гэта Госпад, аперазаўся накідкай, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.
А іншыя вучні прыплылі лодкай, цягнучы за сабою сець з рыбай, бо былі недалёка ад зямлі, толькі каля двухсот локцяў.
Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб.
А калі выйшлі на зямлю, бачаць разложаны агонь і рыбу на ім паложаную і хлеб.
Езус сказаў ім: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі».
Ісус кажа ім: — прынясеце рыбы, якое вы налавілі цяпер.
Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася.
Сыман Пётра пайшоў і выцягнуў на зямлю сець, поўную вялікіх рыбінаў, іх было сто пяцьдзясят тры; і ад такога мноства сець не парвалася.
Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан.
Ісус кажа ім: — ідзеце сьнедаць; і ніхто з вучняў не адважыўся папытацца ў Яго: Хто Ты? — бо ўсе ведалі, што гэта Госпад.
Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу.
Ісус прыйходзіць, бярэ хлеб і дае ім, таксама і рыбу.
Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.
Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім па Уваскрасеньні Сваім.
Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх».
Калі-ж яны сьнедалі, кажа Ісус Сыману Пятру: — Сыман Іонін, ці любіш ты Мяне больш, як яны? Пётра гаворыць Яму: — так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: — пасі ягняты Мае.
Зноў кажа яму другі раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Ён адказаў: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх».
І яшчэ гаворыць яму другі раз: — Сыман Іонін, ці любіш ты Мяне? і той адказвае Яму: — так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю; кажа яму: — пасі ягняты Мае.
І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх.
І трэйці раз кажа яму: — Сыман Іонін, ці любіш ты Мяне? і засумаваў Пятра, што пытае ў яго трэйці раз — ці любіш ты Мяне? — і сказаў Яму: — Госпадзе, Ты ведаеш ўсё; Ты ведаеш, што я люблю Цябе; Ісус кажа яму: — пасі ягняты Мае.
Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш».
Папраўдзе, папраўдзе кажу табе: калі ты быў малады, то апяразваўся сам, і хадзіў, куды хацеў; калі-ж састарэеш, то выцягнеш рукі, і іншы апяража цябе і павядзе, куды ня хочаш.
А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: «Ідзі за Мной».
Гэтае гаварыў, прадракаючы, якою сьмерцяй ён праславіць Бога; і прамовіўшы гэта, кажа яму: — ідзі за Мною.
Пётр азірнуўся і ўбачыў, што за ім ідзе ўмілаваны вучань Езуса, які на вячэры спачываў на Яго грудзях і пытаўся: «Пане, хто выдасць Цябе?»
Пётра-ж, абярнуўшыся, бачыць, ідзе за ім вучань, якога любіў Ісус, і які на Вячэры, прыкланіўшыся да грудзей Ягоных, гаварыў: — Госпадзе! хто прадасьць Цябе?
Калі Пётр убачыў яго, сказаў Езусу: «Пане, а што з ім?»
Убачыўшы яго, Пётра кажа Ісусу: — Госпадзе! а ён што?
Езус адказаў яму: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мною».
Кажа яму Ісус: — калі Я хачу, каб ён аставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? ты йдзі за Мною.
І разышлося гэтае слова паміж братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус, што не памрэ, але: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, то што табе да таго?»
І разьняслося гэтае слова між братамі, што вучань той не памрэ; але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а сказаў: — калі Я хачу, каб ён аставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?
Той вучань сведчыць пра гэта і напісаў гэта. І ведаем, што сведчанне ягонае праўдзівае.
І гэты ёсьць той вучань, які сьветчыць пра гэтае, і ён напісаў гэтае, і мы ведаем, што сьветчаньне ягонае праўдзівае.
Ёсць і шмат іншага, што ўчыніў Езус. Але, калі апісаць гэта падрабязна, то, думаю, сам свет не змясціў бы напісаных кніг.
Многа чаго іншага стварыў Ісус, такога, што калі-б дакладна пісаць пра ўсё тое, то думаю цэламу сьвету не зьмясьціць-бы ўсіх напісаных кніг. Амін.