Яна 21 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Гарошка
Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так.
Пасля таго часу зьявіўся Ісус Сваім вучням ля Тывэрыядзкага мора. Зьявіўся вось як:
Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных.
Былі разам Сымон Пятро і Тамаш, званы Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галілейскае і сыны Завэдэявы і двух другіх Ягоных вучняў.
Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.
Кажа ім Сымон Пятро: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзем і мы з табою. Выйшлі, селі ў човен, але ў тую ноч не злавілі нічога.
Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус.
Калі-ж настала раніца, Ісус стаў на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ён.
Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не».
Кажа ім Ісус: дзеці, ці маеце што есьці? Яны адказалі Яму: няма.
А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы.
Кажа ім: закіньце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце. Яны закінулі ды ўжо не маглі выцягнуць яе ад мноства рыбы.
Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пятру: гэта Госпад. Сымон-жа Пятро, пачуўшы, што гэта Госпад, падперазаўся сарочкаю, бо быў голы, і кінуўся ў мора,
А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.
а другія вучні прыплылі чаўном, бо былі недалёка ад берагу, каля двухсот локцяў, цягнучы сетку з рыбаю.
Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб.
Калі-ж выйшлі на зямлю, бачаць разложаны агонь і на ім рыбу ды хлеб.
Езус сказаў ім: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі».
І кажа ім Ісус: прынясеце рыбы, якую вы цяпер злавілі.
Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася.
Пайшоў Сымон Пятро і выцягнуў сетку, поўную вялікіх рыбаў; сто пяцьдзесят тры, і пры такім мностве не парвалася сетка.
Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан.
Ісус кажа ім: ідзеце, сьнедайце. З вучняў-жа ніхто не адважыўся спытацца ў Яго: хто Ты? бо ведалі, што гэта Госпад.
Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу.
Тады прыходзіць Ісус, бярэ хлеб і дае ім; таксама і рыбу.
Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.
Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Ісус Сваім вучням, уваскросшы з мёртрых.
Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх».
Калі-ж яны абедалі Ісус кажа Сымону Пятру: Сымоне сын Іоны, ці любіш Мяне больш чым гэтыя? Кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Кажа яму: пасі ягняты Мае.
Зноў кажа яму другі раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Ён адказаў: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх».
Кажа яму другі раз: Сымоне, сын Іоны, ці ты любіш Мяне? Кажа Яму: так Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасі авечкі Мае.
І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх.
Кажа яму трэці раз: Сымоне, сым Іоны, ці любіш Мяне? Засумаваў Пятро, што трэці раз спытаўся яго, ці любіш Мяне? і сказаў Яму: Госпадзе, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе! Ісус кажа яму: пасі авечкі Мае.
Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш».
Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў малады, дык падпяразваўся сам і хадзіў куды хацеў; а як састарэешся, дык прасьцягнеш рукі твае і другі цябе падпяража і павядзе, куды ня хочаш.
А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: «Ідзі за Мной».
Гэтае-ж сказаў, паказваючы, якою сьмерцю ўславіць Бога. І сказаўшы гэтае гаворыць яму: ідзі за Мною.
Пётр азірнуўся і ўбачыў, што за ім ідзе ўмілаваны вучань Езуса, які на вячэры спачываў на Яго грудзях і пытаўся: «Пане, хто выдасць Цябе?»
Пятро-ж аглянуўшыся, бачыць, што за імі йдзе вучань, якога любіў Ісус, таго, што на вячэры, прыпаўшы да Ягоных грудзей, казаў: Госпадзе, хто прадасьць Цябе?
Калі Пётр убачыў яго, сказаў Езусу: «Пане, а што з ім?»
Увачыўшы яго, Пятро кажа Ісусу: Госпадзе, а ён што?
Езус адказаў яму: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мною».
Ісус адказаў яму: калі я хачу, каб ён астаўся, пакуль Я прыйду, што табе да гэтага? Ты йдзі за Мною!
І разышлося гэтае слова паміж братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус, што не памрэ, але: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, то што табе да таго?»
І разышлося гэтае слова, што той вучань не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, але: калі Я хачу, каб Ён астаўся, пакуль Я прыйду, што табе да гэтага?
Той вучань сведчыць пра гэта і напісаў гэта. І ведаем, што сведчанне ягонае праўдзівае.
Гэта той вучань і сьведчыць аб гэтым і напісаў гэтае. І мы ведаем, што ягонае сьведчаньне праўдзіваё.
Ёсць і шмат іншага, што ўчыніў Езус. Але, калі апісаць гэта падрабязна, то, думаю, сам свет не змясціў бы напісаных кніг.
Ёсьць многа і другога, што ўчыніў Ісус, але калі-б напісаць гэта паасобна, дык думаю, што не хапіла-б сьвету, каб зьмясьціць тыя кнігі, што трэба было-б напісаць.