Яна 2 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Гарошка

 
 

А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там.
 
На трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай і была там Ісусава Маці.

Быў запрошаны на вяселле таксама Езус і вучні Ягоныя.
 
Быў запрошаны на вясельле так-жа Ісус і Ягоныя вучні.

Калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна».
 
І як не хапала віна, Маці Ісусава кажа Яму: віна ня маюць.

Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая».
 
Кажа ёй Ісус: што Мне і Табе, жанчына? Яшчэ ня прыйшла Мая гадзіна.

Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».
 
Ягоная Маці сказала слугам: што вам скажа, зрабеце.

Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры.
 
Было-ж там шэсьць каменных судзінаў для вады, пастаўленых дзеля жыдоўскага ачышчэньня, умяшчаючых кожная па два, або тры вядры.

Сказаў ім Езус: «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж даверху.
 
Ісус сказаў ім: напоўніце судзіны вадою. І напоўнілі іх аж да верху.

І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля». І яны занеслі.
 
І кажа ім: цяпер чэрпайце і занясеце свату. І занясьлі.

Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў вады, што стала віном (а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду), паклікаў жаніха
 
Калі-ж сват пакаштаваў вады, што сталася віном, а ён ня ведаў аднуль яно; слугі-ж што чэрпалі ваду, ведалі — паклікаў маладога

і сказаў яму: «Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль».
 
і сказаў яму: кожны чалавек перш ставіць добрае віно, а як падап’юць, тады горшае; ты-ж дагэтуль захаваў добрае віно.

Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.
 
Так Ісус зрабіў пачатак цудоў у Кане Галілейскай і выявіў сваю славу, і ўверылі ў Яго Ягоныя вучні.

Пасля гэтага прыйшоў у Кафарнаум, Ён і Маці Ягоная, і браты, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён.
 
Пасьля гэтага Ён прыйшоў у Капэрнаум Сам і Ягоная Маці і Ягоныя вучні і там аставаліся некалькі дзён.

Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус увайшоў у Ерузалем.
 
І была блізка жыдоўская Пасха, і пайшоў Ісус у Ерузалім;

У святыні знайшоў тых, хто гандляваў валамі, авечкамі і галубамі, а таксама мянялаў, якія сядзелі там.
 
і знайшоў у сьвятыні прадаўцаў валоў, авец, галубоў і там-жа сядзелі мяняйлы.

Ён зрабіў біч з вяровак, павыганяў усіх са святыні, і авечак, і валоў, і грошы мянялаў парассыпаў, а сталы перавярнуў.
 
І зрабіў з вяровак біч, выгнаў з сьвятыні ўсіх, так-жа і авец і валоў, ды рассыпаў грошы мяняйлам і абярнуў іхныя сталы

А гандлярам галубамі сказаў: «Забярыце гэта адсюль! Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю».
 
і сказаў прадаўцом галубоў: вынесьце гэнае адгэтуль; не рабеце дому Майго Айца домам гандлю.

І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасць аб доме Тваім паглынае Мяне».
 
І ўспомнілі Ягоныя вучні, што напісана: Руплівасьць аб Тваім доме зьядае мяне (Пс. 68:10).

На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: «Якім знакам пакажаш нам, што так можаш рабіць?»
 
Азваліся жыды і сказалі Яму: які знак дасі нам, што так робіш?

Езус сказаў ім у адказ: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе».
 
Ісус-жа адказаў ім, мовячы: зруйнуйце гэтую сьвятыню і Я ў тры дні адбудую яе.

Юдэі сказалі: «Сорак шэсць гадоў будавалася гэтая святыня, а Ты за тры дні ўзвядзеш яе?»
 
І сказалі жыды: гэтая сьвятыня будавалася сорак шэсьць гадоў, а ты ў тры дні адбудуеш яе?

Ён жа казаў пра святыню свайго цела.
 
А Ён гаварыў гэтае аб сьвятыні свайго цела.

І калі Ён уваскрос, успомнілі вучні Ягоныя, што Ён гэта казаў, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.
 
І як уваскрос з мёртвых, прыпомнілі Ягоныя вучні, што Ён сказаў гэтае і паверылі Пісаньню і слову, якое сказаў Ісус.

А калі Ён быў у Ерузалеме на свята Пасхі, многія паверылі ў імя Ягонае, бачачы знакі, якія Ён чыніў.
 
Калі-ж Ён быў у Ерузаліме на Пасху ў сьвяточным дні, дык многія, бачучы цуды, якія рабіў, уверылі ў імя Яго.

Але сам Езус не адкрываўся ім; Ён ведаў усіх
 
Але Сам Ісус не зьвяраўся ім, бо ведаў усіх

і не меў патрэбы, каб хто-небудзь сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.
 
і ня меў патрэбы, каб хто Яму сьведчыў аб чалавеку, бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.