Яна 13 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міхася Міцкевіча
Перад святам Пасхі Езус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх.
Перад сьвятам Пасхі, Ісус, ведаючы, што прыйшла ўжо гадзіна Ягоная перайсьці з сьвету гэтага да Айца, ўзьлюбіў Сваіх на сьвеце гэтым любоўю безконцаю.
І падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта, каб выдаць Яго,
І ў час вячэры, калі д'ябал улажыў ужо ў сэрца Юды Сыманавага Іскарыёта прадаць Яго.
Езус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя і што Ён выйшаў ад Бога і да Бога ідзе,
Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што ад Бога зыйшоў і да Бога йдзе, —
устаў з-за стала, скінуў верхнюю вопратку і, узяўшы палатно, падперазаўся.
Устаў ад вячэры, зьняў з Сябе верхняе адзеньне і, узяўшы ручнік, аперазаўся.
Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням, і выціраць палатном, якім быў падперазаны.
Потым наліў вады ў умывальніцу і пачаў амываць ногі вучням і аціраць ручніком, якім быў апяразаны.
Падышоў да Сымона Пятра. Той сказаў Яму: «Пане, Ты хочаш абмыць мне ногі?»
Калі-ж падыйшоў да Сымана Пятра, той кажа Яму: — Госпадзе! ці-ж Табе ўмываць ногі мае?
Езус адказаў яму: «Тое, што Я раблю, Ты цяпер не разумееш, але зразумееш пасля».
Ісус сказаў яму ў адказ: — што Я раблю цяпер, ты ня ведаеш, алі зразумееш потым.
Сказаў Яму Пётр: «Не, не абмыеш ніколі маіх ног!» Езус адказаў яму: «Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною».
Пётра кажа Яму: — ня ўмыеш ног маіх павек; і адказаў яму Ісус: — калі не амыю цябе, ня будзеш мець часьці са Мною.
Сымон Пётр кажа Яму: «Пане, не толькі ногі, але і рукі, і галаву!»
Тады сказаў Яму Сыман Пётра: — Госпадзе! ня толькі ногі мае, але і рукі і галаву.
Сказаў яму Езус: «Абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты. І вы чыстыя, але не ўсе».
Ісус кажа яму: — абмытаму трэба толькі ногі амыць, бо ўвесь чысты; і вы чыстыя, але ня ўсе.
Бо ведаў, хто выдасць Яго. Таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя».
Бо ведаў, хто прадасьць Яго, дзеля таго і сказаў: — ня ўсе вы чыстыя.
А калі абмыў ім ногі, апрануў вопратку сваю і зноў заняў месца за сталом, і сказаў ім: «Ці разумееце, што Я зрабіў вам?
Калі-ж умыў ногі іх, надзеў адзеньне Сваё і, сеўшы зноў, сказаў ім: — ці ведаеце, што ўчыніў Я вам?
Вы Мяне называеце Настаўнікам і Панам, і добра кажаце, бо Я ім ёсць.
Вы завяце Мяне Вучыцелем і Госпадам, і добра кажаце, бо такім Я ёсьць.
Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму.
І калі Я, Госпад і Вучыцель умыў ногі вашыя, то і вы павінны ўмываць ногі адзін аднаму.
Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам.
Я паказаў вам, каб і вы рабілі так, як Я вам зрабіў.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга не большы за свайго гаспадара, і пасланнік не большы за таго, хто паслаў яго.
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — слуга ня большы за гаспадара свайго, ані пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго.
Калі гэта ведаеце і чыніце так, вы шчаслівыя.
Калі гэта ведаеце, шчасьлівыя вы, калі гэта выконваеце.
Не пра ўсіх вас кажу. Я ведаю, каго выбраў. Але няхай збудзецца Пісанне: “Хто есць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю”.
Не пра ўсіх вас гавару: Я ведаю, каго выбраў; але мае спраўдзіцца Пісаньне: — той, хто есьць хлеб са Мною, падняў на Мяне пяту сваю.
Цяпер, перш чым гэта станецца, кажу вам, каб, калі станецца, вы паверылі, што Я ёсць.
Цяпер кажу вам, раней, чым тое мае стацца, каб як станецца, вы паверылі, што гэта — Я.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне».
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: хто прыймае таго, каго Я пашлю, той Мяне прыймае; а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне.
Сказаўшы гэта, Езус узрушыўся духам і засведчыў, кажучы: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне».
Сказаўшы гэта, Ісус усхваляваўся духова і абвесьціў, кажучы: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне.
Вучні глядзелі адзін на аднаго, не ведаючы, пра каго Ён кажа.
Вучні-ж азіраліся адзін на аднаго, ня ведаючы, пра каго гаворыць.
Быў адзін з вучняў Ягоных, якога любіў Езус і які спачываў на грудзях Езуса.
Адзін-жа з вучняў Ягоных, якога Ісус любіў, сядзеў, прыхіліўшыся да грудзей Ісуса.
Яму і кіўнуў Сымон Пётр, каб даведаўся, хто той, пра каго Ён кажа.
І яму Сыман Пётра падаў знак, каб спытаўся, хто гэта, пра каго гаворыць.
Той жа прыпаў да грудзей Езуса і спытаў у Яго: «Пане, хто гэта?»
І той, прыпаўшы да грудзей Ісуса, сказаў Яму: — Госпадзе, хто гэта?
Езус адказаў: «Той, каму Я, абмакнуўшы, падам кавалак хлеба». І, абмакнуўшы кавалак, падаў яго Юдзе Сымонаваму Іскарыёту.
Ісус адказаў: — той, каму Я, абмакнуўшы, падам хлеб; і абмакнуўшы кавалак хлеба, падаў Юду Сыманаваму Іскарыёту.
Тады, пасля спажыцця кавалка, увайшоў у яго д’ябал. І сказаў яму Езус: «Што маеш рабіць, рабі хутчэй».
І зараз-жа пасьля падачы хлеба ўвайшоў у яго шатан. Тады сказаў яму Ісус: — што робіш, рабі хутчэй.
Але ніхто з тых, хто быў за сталом, не зразумеў, чаму Ён так сказаў яму.
Але ніхто з тых, якія сядзелі за сталом, не зразумеў, пра што гэта Ён сказаў яму.
Паколькі Юда меў скарбонку, то некаторыя думалі, што Езус сказаў яму: «Купі, што нам трэба на свята», або каб даў што-небудзь убогім.
Дзеля таго што ў Юды была скарбонка, некаторыя думалі, што Ісус сказаў яму: — купі, што нам патрэбна на сьвята, ці каб што-небудзь даў убогім.
Ён жа, спажыўшы кавалак, адразу выйшаў. А была ноч.
Той-жа, узяўшы хлеб, зараз-жа выйшаў; была ноч.
Калі ж выйшаў, Езус сказаў: «Цяпер уславіўся Сын Чалавечы, а Бог уславіўся ў Ім.
І калі ён выйшаў, Ісус прамовіў: — цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім.
Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго.
І калі Бог праслаўлены ў Ім, і Бог праславіць Яго ў Сабе, і зараз праславіць Яго.
Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі. Будзеце шукаць Мяне, але як сказаў юдэям, так і вам кажу цяпер: куды Я іду, вы пайсці не можаце.
Дзеці! яшчэ нядоўга пабыць Мне з вамі: — будзеце шукаць Мяне, і, як сказаў Я юдэям: — куды Я йду, вы ня можаце йсьці, — гэтак гавару цяпер і вам.
Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго.
Запавет новы даю вам: любеце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы любеце адзін аднаго.
Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».
Па гэтым пазнаюць усе, што вы вучні Мае, калі будзеце мець любоў між сабою.
Кажа Яму Сымон Пётр: «Пане, куды Ты ідзеш?» Адказаў яму Езус: «Куды Я іду, ты не можаш цяпер пайсці за Мною, але потым пойдзеш».
Гаворыць Яму Сыман Пётра: — Госпадзе! куды (Ты) йдзеш? Ісус адказаў яму: — куды Я йду, ты ня можаш цяпер ісьці за Мною, але потым пойдзеш за Мною.
Сказаў Яму Пётр: «Пане, чаму я не магу цяпер пайсці за Табою? Жыццё сваё аддам за Цябе».
Пётра сказаў Яму: — Госпадзе! чаму я не магу йсьці за Табою цяпер? я душу сваю палажу за Цябе.
Адказаў яму Езус: «Жыццё сваё аддасі за Мяне? Сапраўды, сапраўды кажу табе: певень не праспявае, як ты тройчы адрачэшся ад Мяне.
Ісус адказаў яму: — душу тваю за Мяне паложыш? папраўдзе, папраўдзе кажу табе: перш чым прапяе певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне.