Яна 13 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага
Перад святам Пасхі Езус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх.
Перад сьвяточным днём Пасхі, Езус, ведаючы, што прыйшла яго часіна, каб перайсьці з гэтага сьвету да Айца, узьлюбіўшы сваіх, якія былі на сьвеце, да канца іх узьлюбіў.
І падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта, каб выдаць Яго,
І павячэраўшы, калі ўжо д’ябал улажыў у сэрца Юдаша Сымонавага Іскарыёта, каб выдаць яго,
Езус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя і што Ён выйшаў ад Бога і да Бога ідзе,
ён, ведаючы, што ўсё аддаў яму Айцец у рукі, і што ад Бога выйшаў і да Бога ідзе,
устаў з-за стала, скінуў верхнюю вопратку і, узяўшы палатно, падперазаўся.
устаў ад вячэры, зьняў сваю вопратку, і ўзяўшы ручнік, падперазаўся.
Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням, і выціраць палатном, якім быў падперазаны.
Потым наліў вады ў місу і пачаў мыць ногі вучняў і выціраць ручніком, якім быў падперазаўшыся.
Падышоў да Сымона Пятра. Той сказаў Яму: «Пане, Ты хочаш абмыць мне ногі?»
Дык прыйшоў да Сымона Пятра. І сказаў яму Пётр: Пане, ты мне ногі мыеш?
Езус адказаў яму: «Тое, што Я раблю, Ты цяпер не разумееш, але зразумееш пасля».
Адказаў Езус і сказаў яму: Што я раблю, ты цяпер ня ведаеш, але даведаесься потым.
Сказаў Яму Пётр: «Не, не абмыеш ніколі маіх ног!» Езус адказаў яму: «Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною».
Сказаў яму Пётр: Ня будзеш мыць мне ног навекі. Адказаў яму Езус: Калі не абмыю цябе, ня будзеш мець часьці са мною.
Сымон Пётр кажа Яму: «Пане, не толькі ногі, але і рукі, і галаву!»
Сказаў яму Сымон Пётр: ня толькі ногі мае, але і рукі, і галаву.
Сказаў яму Езус: «Абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты. І вы чыстыя, але не ўсе».
Сказаў яму Езус: Хто абмыты, той не патрабуе, адно толькі каб ногі абмыць, але ён увесь чысты. І вы чыстыя, але ня ўсе.
Бо ведаў, хто выдасць Яго. Таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя».
Бо ён ведаў, хто гэта быў, хто яго меў выдаць; дзеля таго сказаў: Вы ня ўсе чыстыя.
А калі абмыў ім ногі, апрануў вопратку сваю і зноў заняў месца за сталом, і сказаў ім: «Ці разумееце, што Я зрабіў вам?
Дык пасьля таго, як абмыў ногі іх і ўзлажыў сваю вопратку, ён, сеўшы ізноў за стол, сказаў: Ведаеце, што я вам зрабіў?
Вы Мяне называеце Настаўнікам і Панам, і добра кажаце, бо Я ім ёсць.
Вы мяне завецё: «Вучыцель» і «Пане», і добра кажаце, бо я ёсьць.
Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму.
Дык калі я, Пан і Вучыцель, абмыю ногі вашыя, і вы павінны адзін другоа абмываць ногі.
Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам.
Бо я даў вам прыклад, каб, як я вам зрабіў, так і вы рабілі.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга не большы за свайго гаспадара, і пасланнік не большы за таго, хто паслаў яго.
Сапраўды, сапраўды кажу вам, слуга ня ёсьць большы за пана свайго, ані пасланец ня ёсьць большы за таго, хто паслаў яго.
Калі гэта ведаеце і чыніце так, вы шчаслівыя.
Калі гэта ведаеце, багаслаўлены будзеце, калі гэтае будзеце рабіць.
Не пра ўсіх вас кажу. Я ведаю, каго выбраў. Але няхай збудзецца Пісанне: “Хто есць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю”.
Не аб усіх вас кажу. Я ведаю, каго я выбраў, але каб споўнілася Пісаньне: «Хто есьць са мною хлеб, падыме проціў мяне пяту сваю» (Пс. 40:10).
Цяпер, перш чым гэта станецца, кажу вам, каб, калі станецца, вы паверылі, што Я ёсць.
Кажу вам цяпер, перш чым станецца, каб, калі станецца, вы верылі, што я ёсьць.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне».
Сапраўды, сапраўды кажу вам, хто прыймае, калі-б я паслаў каго, мяне прыймае; а хто мяне прыймае, прыймае таго, хто паслаў мяне.
Сказаўшы гэта, Езус узрушыўся духам і засведчыў, кажучы: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне».
Сказаўшы гэтае, Езус устрывожыўся духам і пасьведчыў і сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць мяне.
Вучні глядзелі адзін на аднаго, не ведаючы, пра каго Ён кажа.
Дык спаглянулі вучні адзін на другога, няпэўныя, аб кім гаворыць.
Быў адзін з вучняў Ягоных, якога любіў Езус і які спачываў на грудзях Езуса.
А быў адзін з ягоных вучняў, каторага любіў езус, абапёршыся на ўлоньні Езуса.
Яму і кіўнуў Сымон Пётр, каб даведаўся, хто той, пра каго Ён кажа.
Дык гэтаму кіўнуў Сымон Пётр і сказаў яму: Хто гэта, аб каторым ён гаворыць?
Той жа прыпаў да грудзей Езуса і спытаў у Яго: «Пане, хто гэта?»
І той, абапёршыся на грудзях Езуса, сказаў яму: Пане, хто гэта?
Езус адказаў: «Той, каму Я, абмакнуўшы, падам кавалак хлеба». І, абмакнуўшы кавалак, падаў яго Юдзе Сымонаваму Іскарыёту.
Адказаў Езус: Гэта той, каму я падам памочаны хлеб. І памачыўшы хлеб, даў Юдзе Сымонаваму Іскарыёту.
Тады, пасля спажыцця кавалка, увайшоў у яго д’ябал. І сказаў яму Езус: «Што маеш рабіць, рабі хутчэй».
І пасьля куска ўвайшоў у яго д’ябал. І сказаў яму Езус: што робіш, рабі хутчэй.
Але ніхто з тых, хто быў за сталом, не зразумеў, чаму Ён так сказаў яму.
А гэтага ніхто з сядзячых не зразумеў, да каго сказаў яму.
Паколькі Юда меў скарбонку, то некаторыя думалі, што Езус сказаў яму: «Купі, што нам трэба на свята», або каб даў што-небудзь убогім.
Бо некаторыя думалі дзеля таго, што Юда меў скарбонку, што Езус сказаў яму: Купі таго, чаго нам патрэба на дзень сьвяточны; або, каб даў нешта ўбогім.
Ён жа, спажыўшы кавалак, адразу выйшаў. А была ноч.
Дык ён, узяўшы кусок, зараз-жа выйшаў. А была ноч.
Калі ж выйшаў, Езус сказаў: «Цяпер уславіўся Сын Чалавечы, а Бог уславіўся ў Ім.
калі-ж ён выйшаў, сказаў Езус: Цяпер праслаўлены ёсьць Сын чалавечы і Бог ёсьць праслаўлены ў ім.
Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго.
Калі Бог ёсьць праслаўлены ў ім, то і Бог праславіць яго ў сабе самым, і зараз-жа праславіць яго.
Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі. Будзеце шукаць Мяне, але як сказаў юдэям, так і вам кажу цяпер: куды Я іду, вы пайсці не можаце.
Сыночкі, яшчэ крыху я ёсьць з вамі; будзеце шукаць мяне, і як я сказаў жыдом: «Куды я іду, вы ня можаце прыйсьці», і вам цяпер кажу.
Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго.
Прыказаньне новае даю вам, каб вы любілі адзін другога; так як я вас узлюбіў, каб і вы любілі адзін другога.
Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».
Па гэтым пазнаюць усе, што вы мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да другога.
Кажа Яму Сымон Пётр: «Пане, куды Ты ідзеш?» Адказаў яму Езус: «Куды Я іду, ты не можаш цяпер пайсці за Мною, але потым пойдзеш».
Сказаў яму Сымон Пётр: Пане, куды ты ідзеш? Адказаў Езус: Куды я іду, ты цяпер ня можаш ісьці за мною, але пойдзеш потым.
Сказаў Яму Пётр: «Пане, чаму я не магу цяпер пайсці за Табою? Жыццё сваё аддам за Цябе».
Сказаў яму Пётр: чаму не магу ісьці за табою цяпер? Я жыцьцё сваё палажу за цябе.
Адказаў яму Езус: «Жыццё сваё аддасі за Мяне? Сапраўды, сапраўды кажу табе: певень не праспявае, як ты тройчы адрачэшся ад Мяне.
Адказаў яму Езус: Ты жыцьцё сваё за мяне паложыш? Сапраўды кажу табе, не запяе певень, як ты трэйчы адрачэсься ад мяне.