Яна 7 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага
Пасля гэтага хадзіў Езус па Галілеі. Ён не хацеў хадзіць па Юдэі, бо юдэі намагаліся забіць Яго.
Пасьля-ж гэтага хадзіў Езус па Галілеі, бо не хацеў хадзіць у Юдэю, таму што жыды шукалі яго забіць.
Набліжалася юдэйскае свята Шатроў.
Быў-жа блізка сьвяточны дзень жыдоўскі Шатроў.
Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адсюль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае ўбачылі Твае справы, якія робіш.
Дык браты ягоны сказалі да яго: Адыйдзі адгэтуль і ідзі ў Юдэю, каб і вучні твае бачылі чыны твае, якія ты чыніш.
Бо ніхто ўпотай не робіць нічога і стараецца сам быць навідавоку. Калі Ты робіш такое, пакажы сябе свету».
Бо ніхто нічога ня чыніць у скрытнасьці, але сам хоча быць наяве. Калі ты гэтае чыніш, пакажы сябе самога сьвету.
Бо нават браты Ягоныя не верылі ў Яго.
Бо і браты ягоны ня верылі ў яго.
Тады кажа ім Езус: «Мой час яшчэ не настаў, а для вас час заўжды адпаведны.
Дык сказаў ім Езус: час мой яшчэ ня прыйшоў, а ваш час заўсёды гатовы.
Свет не можа ненавідзець вас, а Мяне ненавідзіць, бо Я сведчу пра яго, што справы яго ліхія.
Ня можа сьвет ненавідзець вас, мяне-ж ён ненавідзіць, бо я пасьведчаньне даю аб ім, што чыны ягоны ёсьць благія.
Вы ідзіце на свята; Я не пайду на гэта свята, таму што яшчэ не споўніўся Мой час».
Вы ідзеце на гэты дзень сьвяточны, бо час мой яшчэ ня выпаўніўся.
Сказаўшы гэта, Ён застаўся ў Галілеі.
Сказаўшы гэтае, сам астаўся ў Галілеі.
Калі браты Ягоныя прыйшлі на свята, тады і Ён прыйшоў, аднак не адкрыта, а як бы патаемна.
Калі-ж пайшлі браты ягоны, тады і ён пайшоў на сьвяточны дзень, ня яўна, але якбыццам у скрытнасьці.
Юдэі ж шукалі Яго на свяце і казалі: «Дзе Ён?»
Дык жыды шукалі яго ў дзень сьвяточны і казалі: Дзе ён?
І вялікае абурэнне было на Яго ў натоўпе: адны казалі, што Ён добры, другія ж казалі: «Не, Ён уводзіць народ у зман!»
І было вялікае нараканьне на яго ў грамадзе, бо некаторыя казалі: Што ён добры, а другія казалі: Не, але ён зводзіць грамады.
Ніхто, аднак, адкрыта не казаў пра Яго праз страх перад юдэямі.
Ніхто аднак яўна не гаварыў аб ім, дзеля страху перад жыдамі.
Ужо ў сярэдзіне свята Езус увайшоў у святыню і навучаў.
Калі-ж была ўжо палавіна сьвята, Езус увайшоў у сьвятыню і навучаў.
А юдэі дзівіліся, кажучы: «Як жа Ён ведае Пісанні, не вучыўшыся?»
І дзівіліся жыды, кажучы: Як-жа ён знае Пісаньні, калі ён ня вучыўся?
Езус ім адказаў: «Маё вучэнне — не Маё, а таго, хто паслаў Мяне.
Адказаў ім Езус і сказаў: Мая навука ня ёсьць маею, але таго, каторы паслаў мяне.
Калі хто хоча выконваць волю Яго, той даведаецца, ці ад Бога вучэнне, ці Я сам ад сябе гавару.
Калі хто захоча чыніць волю ягону, даведаецца аб навуцы, ці яна з Бога, ці я сам ад сябе гавару.
Хто гаворыць ад свайго імя, шукае ўласнай славы, а хто шукае славы таго, хто паслаў яго, той праўдзівы і няма ў ім несправядлівасці.
Хто гаворыць сам ад сябе, той уласнае славы шукае; а хто шукае славы таго, каторы паслаў яго, той праўдамоўны і няма ў ім несправядлівасьці.
Ці Майсей не даў вам Закон? Але ніхто з вас не выконвае Закону. Чаму вы хочаце забіць Мяне?»
Ці-ж вам Майсей ня даў закону? І ніхто з вас ня чыніць закону.
Натоўп адказаў: «Ты апанаваны злым духам! Хто імкнецца забіць Цябе?»
Нашто вы мяне шукаеце забіць? Адказала грамада і сказала: Ты д’ябэльства маеш! Хто цябе шукае забіць?
Езус сказаў ім у адказ: «Адну справу зрабіў Я, а вы ўсе здзіўляецеся.
Адказаў Езус і сказаў ім: Я адзін чын учыніў, і вы ўсе дзівіцёся.
Вось, Майсей даў вам абразанне (хоць яно не ад Майсея, але ад айцоў), і вы ў шабат абразаеце чалавека.
Дзеля таго Майсей даў вам абразаньне (не затым, што яно з Майсея, але з айцоў) і вы ў суботу абразаеце чалавека.
Калі чалавек прымае абразанне ў шабат, каб не парушыць Закон Майсееў, чаму гневаецеся на Мяне, што Я ў шабат аздаравіў усяго чалавека?
Калі чалавек атрымлівае абразаньне ў суботу, без таго каб быў нарушаны закон Майсея, вы на мяне гневаецеся, што я ўсяго чалавека аздаравіў у суботу?
Не асуджайце з выгляду, але судзіце судом справядлівым».
Ня судзеце паводле выгляду, але судзеце судом справядлівым.
Некаторыя з жыхароў Ерузалема казалі: «Ці не той гэта, якога хочуць забіць?
Дык казалі некаторыя з Ерузалімцаў: Ці-ж гэта ня той, каторага шукаюць забіць?
І вось Ён адкрыта гаворыць, і нічога не кажуць Яму. Хіба старэйшыны на самой справе пераканаліся, што Ён Месія?
А ён вось яўна гаворыць і нічога яму ня кажуць. Ці-ж сапраўды старшыя пазналі, што ён ёсьць Хрыстус?
Але мы ведаем, адкуль Ён. Калі ж прыйдзе Месія, то ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён».
Але яго мы знаем, адкуль ён: калі-ж Хрыстус прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, адкуль ён.
Тады Езус, навучаючы ў святыні, прамовіў голасна: «І Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я. І не сам ад сябе Я прыйшоў, але праўдзівы той, хто паслаў Мяне, якога вы не ведаеце.
Дык Езус заклікаў у сьвятыні вучачы і кажучы: І мяне знаеце, і адкуль я ёсьць, знаеце; і ня прыйшоў я сам ад сябе, але ёсьць праўдзівы, каторы паслаў мяне, каторага вы ня знаеце.
Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне».
Я знаю яго, бо я ад яго ёсьць, і ён паслаў мяне.
Тады шукалі, як схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не настала Ягоная гадзіна.
Дык хацелі яго ўзяць, і ніхто не палажыў на яго рукі, бо яшчэ ня прыйшла ягона гадзіна.
Многія з натоўпу паверылі ў Яго і казалі: «Калі прыйдзе Месія, ці Ён учыніць больш знакаў, чым гэты ўчыніў?»
З грамады-ж многія ўверылі ў яго і казалі: Калі прыйдзе Хрыстус, то ці-ж учыніць болей знакаў за тыя, каторыя ён чыніць?
Фарысеі ж пачулі, як народ абураецца, і паслалі першасвятары і фарысеі слуг схапіць Яго.
Пачулі фарызэі, што грамада аб ім гэтае гаворыць: і паслалі старшыя і фарызэі слугаў, каб яго ўзяць.
Тады Езус сказаў: «Яшчэ нядоўга пабуду з вамі і адыду да таго, хто паслаў Мяне.
Дык сказаў ім Езус: Яшчэ мала часу я з вамі, і іду да таго, каторы паслаў мяне.
Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце, а туды, дзе Я, вы не можаце прыйсці».
Будзеце шукаць мяне і ня знойдзеце, і дзе я ёсьць, вы ня можаце прыйсьці.
Юдэі казалі адзін аднаму: «Куды Ён хоча ісці, што мы не знойдзем Яго? Ці не хоча Ён ісці ў грэцкую дыяспару і вучыць грэкаў?
Дык гаварылі жыды паміж сабою: Куды-ж ён мае ісьці, што мы яго ня знойдзем? Ці мае ісьці да разсяленьня паганскага і навучаць паганаў?
Што Ён меў на ўвазе, кажучы: “Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце, а туды, дзе Я, вы не можаце прыйсці”?»
Што гэта за мова, якую ён сказаў: «Будзеце шукаць мяне і ня знойдзеце, і дзе я ёсьць, вы ня можаце прыйсьці»?
У апошні, вялікі дзень свята, Езус стаў і, заклікаючы, сказаў: «Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е.
У апошні-ж вялікі дзень сьвята Езус стаяў і заклікаў, кажучы: Калі хто хоча піць, няхай прыходзіць да мяне і п’е!
Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой».
Хто верыць у мяне, як кажа Пісаньне, з нутра яго пацякуць рэкі жывое вады.
Гэта сказаў Ён пра Духа, якога меліся прыняць тыя, хто паверыў у Яго, бо яшчэ не было Духа, таму што Езус яшчэ не быў услаўлены.
А гэта ён сказаў аб Духу, каторага мелі атрымаць веруючыя ў яго. Бо яшчэ ня быў даны Дух, бо Езус яшчэ ня быў услаўлены.
З натоўпу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: «Ён сапраўды прарок!»
Дык калі з грамады пачулі гэтыя мовы ягоны, казалі: Ён ёсьць сапраўды прарок.
Другія казалі: «Гэта Месія!» А іншыя казалі: «Хіба з Галілеі прыйдзе Месія?
Другія казалі: Ён ёсьць Хрыстус. Некаторыя-ж казалі: Ці-ж Хрыстус прыйдзе з Галілеі?
Ці ж не сказана ў Пісанні, што Месія прыйдзе з роду Давіда і з мястэчка Бэтлеема, адкуль быў Давід?»
Ці-ж Пісаньне ня кажа: Што з патомства Давіда і з мястэчка Бэтлеем, дзе быў Давід, прыйдзе Хрыстус?
І вось адбылася з-за Яго спрэчка ў натоўпе.
І так зрабілася спрэчка ў грамадзе дзеля яго.
Некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі.
Некаторыя-ж з іх хацелі яго ўзяць, але ніхто не палажыў на яго рукі.
Прыйшлі ж слугі да першасвятароў і фарысеяў, а тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?»
Дык прыйшлі слугі да архісьвятараў і фарызэяў, а яны ім сказалі: чаму вы яго не прывялі?
Слугі адказалі: «Ніколі ніхто з людзей так не гаварыў».
адказалі ім слугі: Ніколі так чалавек не гаварыў, як гэты чалавек.
Фарысеі адказалі ім: «Няўжо і вас увялі ў зман?
Дык адказалі ім фарызэі: Няўжо і вы зьведзеныя?
Хіба паверыў у Яго хто са старэйшын або з фарысеяў?
Ці хто з старшых або фарызэяў уверыў у яго?
Але гэты натоўп, які не ведае Закону, пракляты!»
Але гэтая грамада, што ня знае закону, праклятая яна.
Тады Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Езуса раней, сказаў ім:
Сказаў да іх Мікодым, той, каторы прыходзіў да яго ўначы, каторы быў адным з іх:
«Ці наш Закон асуджае чалавека, пакуль не выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?»
Ці-ж наш закон судзіць чалавека, калі перад тым не пачуе ад яго і не дазнае, што ён робіць?
На гэта адказалі яму: «Ці і ты з Галілеі? Даследуй і ўбачыш, што з Галілеі прарок не выйдзе!»
Адказалі і сказалі яму: Ці і ты галілеянін? Перагледзь Пісаньні і пабач, што з Галілеі прарок не паўстае?
І разышліся кожны да свайго дому.