Яна 12 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага
За шэсць дзён да Пасхі прыйшоў Езус у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Ён уваскрасіў.
Дык Езус на шэсьць дзён перад Пасхай прыйшоў у Бэтанію, дзе быў памёршы Лазар, каторага ўскрасіў Езус.
Таму прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта прыслугоўвала, а Лазар сядзеў разам з Ім пры стале.
І там нагатовілі яму вячэру і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з сядзячых з ім за сталом.
Марыя ж узяла фунт міра з чыстага і вельмі каштоўнага нарду і намасціла ногі Езусу, і абцёрла сваімі валасамі ногі Ягоныя. А дом напоўніўся пахам міра.
Марыя-ж узяла фунт дарагога шпіканардовага алейку і намасьціла ногі Езуса, і выцерла ногі яго сваімі валасамі; і напоўнўся дом пахам алейку.
Сказаў тады Юда Іскарыёт, адзін з вучняў Ягоных, які збіраўся выдаць Яго:
Дык сказаў адзін з вучняў ягоных, Юдаш Іскарыёт, каторы меў яго выдаць:
«Чаму не прадалі гэтага міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?»
чаму гэтага алейку не прадалі за трыста дынараў і не далі ўбогім?
А сказаў гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, а таму, што быў злодзеем і, маючы скарбонку, забіраў тое, што туды кідалі.
Ён-жа сказаў гэта не затым, што яму рупіла аб убогіх, але што быў злодзей і, маючы скарбонку, насіў тое, што кідалі.
Сказаў яму Езус: «Пакінь яе, каб яна захавала гэта на дзень Майго пахавання.
Езус-жа сказаў: Астаў яе, каб яна захавала гэтае на дзень маіх паховін.
Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце».
Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою, а мяне не заўсёды маеце.
Мноства народу з юдэяў, даведаўшыся, што там Езус, прыйшлі не толькі дзеля Езуса, але каб таксама ўбачыць Лазара, якога Ён уваскрасіў з мёртвых.
Дык даведалася вялікая грамада з жыдоў, што ён там ёсьць, і прыйшлі, ня толькі дзеля Езуса, але каб пабачыць Лазара, каторага ён ускрасіў з умерлых.
Першасвятары ж пастанавілі забіць і Лазара,
І надумаліся старшыя духоўныя, каб і Лазара забіць,
бо многія з юдэяў адыходзілі ад іх і верылі ў Езуса.
бо многія з жыдоў дзеля яго адыходзілі і верылі ў Езуса.
На другі дзень многія, хто прыйшоў на свята, пачуўшы, што Езус ідзе ў Ерузалем,
На заўтры-ж вялікая грамада, якая была прыйшоўшы на сьвяточны дзень, пачуўшы, што Езус прыйшоў у Ерузалім,
узялі пальмавыя галінкі і выйшлі Яму насустрач, і ўсклікалі: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана, Кароль Ізраэля!»
набралі пальмовых галінак і выйшлі насустрач яму і крычалі: Госанна, багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана, кароль Ізраіля!
А Езус знайшоў асляня і сеў на яго; як напісана:
І знайшоў Езус осьліка, і сеў на яго, як ёсьць напісана:
«Не бойся, дачка Сіёна. Вось Кароль твой ідзе, седзячы на асляняці».
«Ня бойся, дачка Сыёнская! Вось кароль твой едзе, седзячы на жэрабяці асьліцы».
Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага, але калі Езус быў услаўлены, тады ўзгадалі, што так было пра Яго напісана і так Яму зрабілі.
Вучні ягоны сьпярша не разумелі гэтага, але калі Езус быў праслаўлены, тады успомнілі яны, што гэта было напісана аб ім і што яны гэта зрабілі яму.
Натоўп, які быў з Ім, сведчыў, што Ён паклікаў Лазара з магілы і ўваскрасіў яго.
А грамада, якая была з ім, калі ён выклікаў Лазара з гробу і ўскрасіў яго з умерлых, давала пасьведчаньне;
Таму народ і сустрэў Яго, бо пачуў, што Ён учыніў такі знак.
затым і выйшла яму насустрэч грамада, што ён учыніў гэты знак.
А фарысеі казалі адзін аднаму: «Бачыце, што нічога не дапамагае? Увесь свет пайшоў за Ім!»
Дык фарызэі гаварылі паміж сабою: Бачыце, што мы нічога не парадзім. Вось увесь сьвет пайшоў за ім.
Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята.
Былі-ж некаторыя пагане з тых, што былі прыйшоўшы, каб аддаць паклон у дзень сьвяточны.
Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам убачыць Езуса».
Дык яны падыйшлі да Філіпа, каторы быў з Бэтсайды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: Пане, хочам бачыць Езуса.
Прыйшоў Філіп і сказаў пра гэта Андрэю. Потым Андрэй і Філіп пайшлі і расказалі Езусу.
Пайшоў Філіп і сказаў Андрэю; Андрэй ізноў і Філіп сказалі Езусу.
А Езус сказаў ім у адказ: «Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы.
Езус-жа адказаў ім, кажучы: Прыйшла часіна, каб праслаўлены Сын чалавечы.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён.
Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не замрэ, яно само астанецца; а калі замрэ, прыносіць вялікі плод.
Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця.
Хто любіць сваё жыцьцё, загубіць яго, а хто ненавідзіць жыцьцё сывё на гэтым сьвеце, той беражэ яго на жыцьцё вечнае.
Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой.
Калі хто мне служыць, няхай ідзе за мною і дзе я ёсьць, там і слуга мой будзе; калі хто мне будзе служыць, таго ўшануе Айцец мой.
Цяпер усхвалявана душа Мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў.
Цяпер душа мая ўстрывожана, і што мне сказаць? Ойчы, збаў мяне ад гэтай часіны! Але дзеля гэтага я прыйшоў на гэтую часіну.
Ойча, услаў імя сваё!» І пачуўся з неба голас: «Уславіў і ўслаўлю зноў!»
Ойча, праслаў імя тваё! І прыйшоў з неба голас: І праславіў, і яшчэ праславіў.
Натоўп жа, які стаяў і чуў гэта, казаў: «Гэта гром». Іншыя казалі: «Анёл гаварыў з Ім».
Дык грамада, якая стаяла і чула, казала, што загрымела; другія казалі: Анёл гаварыў да яго.
Адказваючы, Езус сказаў: «Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас.
Адказаў Езус і сказаў: Ня дзеля мяне прыйшоў гэты голас, але дзеля вас.
Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон.
Цяпер ёсьць суд сьвету; цяпер князь гэтага сьвету будзе выкінуты проч.
І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе».
А я, калі буду падняты ад зямлі, усё пацягну да сябе.
Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меў памерці.
Гэтае-ж ён казаў, паказваючы, якою сьмерцяй меў памерці.
Натоўп спытаўся ў Яго: «Мы чулі з Закону, што Месія трывае навекі. Дык чаму Ты кажаш, што павінен быць узвышаны Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?»
Адказала яму грамада: Мы чулі з закону, што Хрыстус трывае навекі, якжа-ж ты кажаш: «Трэба, каб быў падняты Сын чалавечы?» Хто гэты Сын чалавечы?
Тады Езус сказаў ім: «Яшчэ нядоўга будзе святло сярод вас. Хадзіце, пакуль маеце святло, каб цемра не агарнула вас. А хто ходзіць у цемры, не ведае, куды ідзе.
І сказаў езус: яшчэ на кароткі час ёсьць сьвятло паміж вамі. Хадзеце, пакуль маеце сьвятло, каб вас цемра не агарнула; а хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе.
Пакуль маеце святло, верце ў святло, каб стаць дзецьмі святла». Сказаўшы гэта, Езус адышоў і ўкрыўся ад іх.
Пакуль маеце сьвятло, верце ў сьвятло, каб вы былі сынамі сьвятла. Гэтае сказаў Езус і адыйшоў і скрыўся ад іх.
Хоць Ён учыніў перад імі столькі знакаў, яны не паверылі ў Яго,
Хоць-жа гэтулькі ўчыніў перад імі знакаў, яны ня верылі ў яго;
каб збылося слова, сказанае прарокам Ісаем: «Пане, хто паверыў пачутаму ад нас? Каму адкрылася плячо Пана?»
каб споўнілася воля Ізаія, прарока (Із. 53:1), якую ён сказаў: «Пане, хто паверыў чутаму ад нас і рука Пана, каму яна аб’яўлена?
Таму не маглі верыць, бо, як сказаў яшчэ Ісая:
Дзеля таго не маглі верыць, што яшчэ сказаў Ізаій (Із. 6:9-10):
«Ён асляпіў вочы іх і зрабіў жорсткімі сэрцы іхнія, каб не бачылі вачыма і не разумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я вылечыў іх».
«Асьляпіў вочы іх і зрабіў цьвёрдым сэрца іх, каб ня відзелі вачыма і не разумелі сэрцам, і навярнуліся, і я аздаравіў-бы іх».
Гэта сказаў Ісая, бо бачыў славу Яго і казаў пра Яго.
Гэтае сказаў Ізаій, калі відзеў славу яго і гаварыў аб ім.
Аднак жа і са старэйшын шмат хто паверыў у Яго, але праз страх перад фарысеямі не прызнаваліся, каб не выключылі іх з сінагогі,
Аднак-жа і з старшых многія ўверылі ў яго, але дзеля фарызэяў не прызнаваліся, каб ня быць выкінутымі з бажніцы.
бо яны больш любілі чалавечую славу, чым славу Божую.
Бо ўзьлюбілі славу людзкую болей, чым славу Божую.
Езус усклікнуў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, а ў таго, хто паслаў Мяне.
Езус-жа заклікаў і казаў: Хто верыць у мяне, ён ня ў мяне верыць, але ў таго, каторы паслаў мяне,
І хто бачыць Мяне, бачыць таго, хто паслаў Мяне.
і хто мяне бачыць, бачыць таго, каторы паслаў мяне.
Я, святло, прыйшоў на свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.
Я, сьвятло, прыйшоў на сьвет, каб кожны, хто верыць у мяне, не прабываў у цемры.
І калі хто пачуе словы Мае і не захавае іх, Я не суджу яго. Бо Я прыйшоў не судзіць свет, а збавіць свет.
І калі-б хто прабываў у цемры. І калі-б хто пачуў словы мае і не бярог, я ня суджу яго; бо я ня прыйшоў, каб судзіць сьвет, але каб збавіць сьвет.
Хто пагарджае Мною і не прымае Маіх словаў, той мае сабе суддзю — слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень.
Хто пагарджае мною і ня прыймае слоў маіх, хто-б яго судзіў: мова, якую я гаварыў, яна будзе судзіць яго ў апошні дзень.
Бо Я казаў не ад сябе, але Айцец, які паслаў Мяне, Ён даў Мне запаведзь, што казаць і што гаварыць.
Бо я не з самога сябе гаварыў, але Айцец, каторы паслаў мяне, ён мне даў загад, што я маю казаць і што гаварыць.
І Я ведаю, што запаведзь Ягоная — гэта жыццё вечнае. Таму тое, што Я кажу, кажу так, як сказаў Мне Айцец».
І я ведаю, што загад ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Дык тое, што я гавару, гавару так, як сказаў мне Айцец.