Яна 11 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага
Быў нейкі хворы, Лазар з Бэтаніі, з вёскі Марыі і яе сястры Марты.
Быў-жа адзін хворы Лазар з Бэтаніі, з мястэчка Марыі і ейнай сястры Марты.
Гэта была тая Марыя, якая намасціла Пана мірам і абцерла Яму ногі сваімі валасамі. Яе брат Лазар быў хворы.
(А Марыя была тая, што намасьціла Пана алейкам і выцерла ногі яго сваімі валасамі, каторы брат Лазар хварэў).
Таму сёстры паслалі сказаць Езусу: «Пане, той, каго Ты любіш, хворы».
Дык паслалі сёстры ягоны да яго, кажучы: Пане, вось той, каго ты любіш, хварэе.
Пачуўшы гэта, Езус сказаў: «Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Божы праславіўся праз яе».
А Езус пачуўшы, сказаў ім: Хвароба гэта ня ёсьць на сьмерць, але на славу Божую, каб быў праслаўлены праз яе Сын Божы.
Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара.
Езус-жа любіў Марту і ейную сястру Марыю і Лазара.
Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся.
Дык калі пачуў, што хварэе, тады-то прабыў у тым-жа месцы два дні,
Пасля гэтага сказаў вучням: «Пойдзем зноў у Юдэю».
і пасьля гэтага сказаў вучням сваім: ідзём ізноў у Юдэю.
Вучні ж сказалі Яму: «Раббі, яшчэ нядаўна юдэі хацелі каменаваць Цябе, а Ты зноў ідзеш туды?»
Сказалі яму вучні: Раббі, цяпер шукалі цябе жыды, каб закаменаваць, а ты ізноў туды ідзеш?
Езус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзін у дні? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, таму што бачыць святло гэтага свету.
Адказаў Езус: Ці-ж не дванаццаць гадзін дня? Калі хто ходзіць удзень, ня ўдарыцца, бо відзіць сьвятло гэтага сьвету;
А калі хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо няма ў ім святла».
калі-ж ходзіць уначы, ударыцца, бо няма ў ім сьвятла.
Сказаў так, і пасля гэтага кажа ім: «Наш прыяцель Лазар заснуў, але Я іду абудзіць яго».
Сказаў гэтае і потым прамовіў да іх: Лазар, наш прыяцель, сьпіць, але я іду, каб збудзіць яго зо сну.
Вучні Яго сказалі: «Пане, калі заснуў, то выздаравее».
Дык сказалі ягоны вучні: Пане, калі сьпіць, будзе здароў.
Хоць Езус казаў пра яго смерць, вучні думалі, што Ён гаворыць пра звычайны сон.
Казаў-жа Езус аб сьмерці ягонай, а яны думалі, што казаў аб спаньні сном.
Тады Езус проста сказаў ім: «Лазар памёр.
Дык тады езус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр;
І Я рады за вас, што Мяне не было там, каб вы паверылі. Але пойдзем да яго».
і я рад дзеля вас, затым што там ня быў, каб вы верылі. Але ідзём да яго.
Тады Тамаш, якога называлі Блізня, сказаў астатнім вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці разам з Ім!»
І сказаў Тамаш, каторы завецца Дыдымус, да вучняў: Ідзём і мы, каб памерці з ім.
Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.
Дык прыйшоў Езус і знайшоў яго ўжо чатыры дні ляжачым у гробе.
Бэтанія была блізка ад Ерузалема, каля пятнаццаці стадыяў.
(Была-ж Бэтанія блізка Ерузаліму, адлегла каля пятнаццаці стадыяў).
Многія з юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі, каб суцешыць іх у смутку па браце.
А многія з жыдоў былі прыйшоўшы да Марты і Марыі, каб іх пацяшаць па іхным браце.
Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома.
Дык Марта, як пачула, што ідзе Езус, пераняла яго, а Марыя сядзела дома.
Тады Марта сказала Езусу: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!
І сказала Марта да Езуса: Пане, калі-б ты быў тут, не памёр-бы брат мой;
Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе».
але і цяпер я ведаю, што чаго-толькі папросіш у Бога, дасьць табе Бог.
Езус сказаў ёй: «Уваскрэсне брат твой».
Сказаў ёй Езус: Ускрэсне брат твой.
Марта сказала Яму: «Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрашэння ў апошні дзень».
Сказала яму Марта: Я ведаю, што ўскрэсне ва ўскрэшэнні ў апошні дзень.
Езус сказаў ёй: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць.
Сказаў ей Езус: Я ёсьць ўскрашэньне і жыцьцё: хто верыць у мяне, калі-б і памёр, жыць будзе;
А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?»
а кожны, хто жыве і верыць у мяне, не памрэ навекі. Верыш у гэтае?
Яна адказала Яму: «Так, Пане. Я веру, што Ты — Хрыстус, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет».
Сказала яму: Так, Пане, я ўверыла, што ты ёсьць Хрыстус, Сын Бога жывога, каторы прыйшоў на гэты сьвет.
Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала сваю сястру Марыю, сказаўшы патаемна: «Настаўнік тут, Ён кліча цябе».
І сказаўшы гэтае пайшла і цішком паклікала сваю сястру Марыю, кажучы: Вучыцель ёсьць тут і кліча цябе.
Калі яна пачула гэта, устала хутка і пайшла да Яго.
Яна, як пачула, скоранька ўстала і прыйшла да яго.
Езус яшчэ не ўвайшоў у вёску, але заставаўся на тым месцы, дзе Яго сустрэла Марта.
Бо Езус яшчэ быў ня прыйшоўшы ў мястэчка, але быў яшчэ на тым месцы, дзе яго пераняла Марта.
Юдэі, якія былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, убачылі, што Марыя хутка ўстала і выйшла, і пайшлі за ёю, думаючы, што яна ідзе да магілы, каб там плакаць.
Дык жыды, якія былі з ёю ў доме і пацешалі яе, калі ўбачылі Марыю, што яна скоранька ўстала і выйшла, пайшлі за ею, кажучы: што ідзе да гробу, каб там плакаць.
Калі Марыя прыйшла туды, дзе быў Езус, і ўбачыла Яго, яна ўпала да ног Ягоных і сказала Яму: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!»
А Марыя, калі прыйшла, дзе быў Езус, убачыўшы яго, упала да ног ягоных і сказала яму: Пане, калі-б ты быў тут, не памёр-бы брат мой.
Тады Езус, убачыўшы, што яна плача і што плачуць юдэі, якія прыйшлі разам з ёю, сам глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: «Дзе вы паклалі яго?»
Езус-жа, як убачыў яе плачучую і жыдоў, якія прыйшлі з ёю, плачучых, раззлаваўся ў душы і парушыўся сам у сабе,
Яны адказалі: «Пане, ідзі і паглядзі».
і сказаў: Дзе вы яго палажылі? Сказалі яму: Пане, пайдзі і паглядзі.
Езус заплакаў.
І заплакаў Езус.
Юдэі ж казалі: «Глядзі, як Ён любіў яго!»
А жыды сказалі: Вось як любіў яго!
А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»
Некаторыя-ж з іх сказалі: Ці ня мог-бы ён, што адчыніў вочы сьлепанароджанага, зрабіць, каб не памёр гэты?
Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй.
А Езус, раззлаваўшыся ізноў сам у сабе, прыйшоў да магілы; была-ж пячэра і быў на ей паложаны камень.
Сказаў Езус: «Адсуньце камень!» Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: «Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!»
Сказаў Езус: Адыймеце камень. Сказала яму Марта, сястра таго, што быў памёршы: Пане, ужо чуць ад яго, бо яму чацьверты дзень.
Езус сказаў ёй: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?» Тады адсунулі камень.
Сказаў ей Езус: Ці-ж я табе не казаў, што калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?
А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.
Дык аднялі камень. А Езус, узьняўшы ўгару вочы, сказаў: Ойча, дзякую табе, што ты пачуў мяне.
Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне».
Я-ж ведаю, што ты заўсёды выслухоўваеш мяне, але я сказаў дзеля народу, каторы навакол стаіць, каб верылі, што ты мяне паслаў.
І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вонкі!»
Сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: Лазар, выйдзі з гробу!
І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Езус: «Развяжыце яго і дазвольце яму хадзіць».
І зараз выйшаў, каторы быў памёршы, зьвязаны па руках і нагах палотнамі, а твар ягоны быў абвязаны хустаю. Сказаў ім Езус: Разьвяжэце яго і пусьцеце ісьці.
Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.
Дык многія з жыдоў, што былі прыйшоўшы да Марыі і Марты і ўбачыўшы, што ўчыніў Езус, уверылі ў яго.
А некаторыя з іх пайшлі да фарысеяў і расказалі ім, што зрабіў Езус.
Некаторыя-ж з іх пайшлі да фарызэяў і сказалі ім, што ўчыніў Езус.
Тады першасвятары і фарысеі сабралі Сінэдрыён і казалі: «Што нам рабіць, бо гэты чалавек робіць шмат знакаў?
Дык сабралі архісьвятары і фарызэі Раду і казалі: што нам рабіць, бо гэты чалавек многа знакаў чыніць.
Калі пакінем Яго так, то ўсе павераць у Яго, і прыйдуць рымляне, і знішчаць месца нашае і наш народ!»
Калі яго пакінем так, усе ўвераць у яго; і прыйдуць рымляне і забяруць наша месца і народ.
Адзін жа з іх, Каяфа, які быў у той год першасвятаром, сказаў ім: «Вы нічога не разумееце і не думаеце,
А адзін з іх, на імя Каіфаш, будучы архісьвятарам таго году, сказаў ім: Вы нічога ня ведаеце
што карысней вам, каб адзін чалавек памёр за людзей, а не каб увесь народ загінуў!»
і не разумееце, што лепш для вас, каб адзін чалавек памёр за народ і каб увесь народ ня згінуў.
А сказаў ён гэта не ад самога сябе, але, будучы ў той год першасвятаром, прарочыў, што Езус памрэ за народ,
Гэтае-ж ён не сказаў сам ад сабе, але будучы архісьвятарам таго году, прарочыў, што Езус мае памерці за народ;
і не толькі за народ, але і за тое, каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно.
і ня толькі за народ, але каб сыноў Божых, якія былі параскіданыя, сабраць у вадно.
З гэтага дня вырашылі забіць Яго.
Дык ад гэтага дня надумаліся забіць яго.
Таму Езус ужо больш не хадзіў адкрыта між юдэяў, але адышоў адтуль у краіну каля пустыні, у горад, які называўся Эфраім, і там заставаўся з вучнямі.
Дык Езус ужо не хадзіў яўна паміж жыдоў, але пайшоў у край блізка пустыні, у горад, які завецца Эфрэм, і там прабываў з сваімі вучнямі.
Набліжалася юдэйская Пасха, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерузалем перад Пасхаю, каб ачысціцца.
Была-ж блізка жыдоўская Пасха. І прыйшлі многія з краю ў Ерузалім перад Пасхай, каб пасьвяціць сябе самых.
Яны шукалі Езуса і, стоячы ў святыні, казалі адзін аднаму: «Як вам здаецца? Хіба не прыйдзе Ён на свята?»
Дык шукалі Езуса і гаварылі паміж сабою, стоючы ў сьвятыні: што вы думаеце, што ён ня прыйшоў на сьвяточны дзень?
А першасвятары і фарысеі загадалі кожнаму, хто даведаецца, дзе Ён, данесці, каб схапіць Яго.
А архісьвятары і фарызэі выдалі загад, калі-б хто даведаўся, дзе ён ёсьць, каб даў знаць — каб узяць яго.