Яна 12 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча
За шэсць дзён да Пасхі прыйшоў Езус у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Ён уваскрасіў.
Тады Ісус за шэсьць дзён да Пасхі прышоў да Віфані, ідзе быў памершы Лазар, каторага Ісус ускрысіў зь мертвых.
Таму прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта прыслугоўвала, а Лазар сядзеў разам з Ім пры стале.
І прыгатавалі Яму там вячэру, і Мархва слугавала. Лазар жа быў адным із узьлежачых ізь Ім.
Марыя ж узяла фунт міра з чыстага і вельмі каштоўнага нарду і намасціла ногі Езусу, і абцёрла сваімі валасамі ногі Ягоныя. А дом напоўніўся пахам міра.
Марыя ж, узяўшы хунт дарагое масьці з чыстага нарду, памазала ногі Ісусу й выцерла ногі Ягоныя валасамі сваімі; і дом напоўніўся пахам масьці.
Сказаў тады Юда Іскарыёт, адзін з вучняў Ягоных, які збіраўся выдаць Яго:
Тады кажа адзін із вучанікаў Ягоных, Юда Сыманёнак Іскарыёт, каторы маніўся Яго выдаць:
«Чаму не прадалі гэтага міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?»
«Чаму не прадалі гэтае масьці за трыста дынароў і не далі бедным?»
А сказаў гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, а таму, што быў злодзеем і, маючы скарбонку, забіраў тое, што туды кідалі.
Сказаў жа ён гэта не затым, каб рупіўся празь бедных, але затым, што быў злодзей, і, маючы хатуль, насіў, што туды клалі.
Сказаў яму Езус: «Пакінь яе, каб яна захавала гэта на дзень Майго пахавання.
Тады сказаў Ісус: «Пакінь яе; надабе было, каб захавала яна гэта на дзень пахову Майго;
Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце».
Бо бедных заўсёды маеце із сабою, але Мяне не заўсёды маеце».
Мноства народу з юдэяў, даведаўшыся, што там Езус, прыйшлі не толькі дзеля Езуса, але каб таксама ўбачыць Лазара, якога Ён уваскрасіў з мёртвых.
І даведаўся вялікі груд ізь Юдэяў, што Ён быў там; і прышлі ня дзеля Ісуса толькі, але каб і Лазара абачыць, каторага Ён ускрысіў зь мертвых.
Першасвятары ж пастанавілі забіць і Лазара,
Найвышшыя ж сьвятары зрадзіліся, каб забіць Лазара таксама,
бо многія з юдэяў адыходзілі ад іх і верылі ў Езуса.
Бо шмат хто зь Юдэяў прыходзілі дзеля яго і ўверылі ў Ісуса.
На другі дзень многія, хто прыйшоў на свята, пачуўшы, што Езус ідзе ў Ерузалем,
Назаўтрае вялізарны груд, што быў прышоўшы на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзець да Ерузаліму,
узялі пальмавыя галінкі і выйшлі Яму насустрач, і ўсклікалі: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана, Кароль Ізраэля!»
Узялі пальмавыя галузкі, і вышлі наўпярэймы Яму, і гукалі: «Госанна! Дабраславёны Йдучы ў імя Спадарова, Кароль Ізраеляў!»
А Езус знайшоў асляня і сеў на яго; як напісана:
Ісус жа, знайшоўшы асьлянё, сеў на яго, як напісана:
«Не бойся, дачка Сіёна. Вось Кароль твой ідзе, седзячы на асляняці».
«Ня бойся, дачка Сыёну, гля, Кароль твой ідзець, седзячы на асьляняці».
Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага, але калі Езус быў услаўлены, тады ўзгадалі, што так было пра Яго напісана і так Яму зрабілі.
Гэтага ня ўцямілі вучанікі Ягоныя сьпярша, але як Ісус быў услаўлены, тады яны ўспомнелі, што гэта было празь Яго напісана, і зрабілі Яму гэта.
Натоўп, які быў з Ім, сведчыў, што Ён паклікаў Лазара з магілы і ўваскрасіў яго.
Сьветчыў жа груд, каторы быў ізь Ім, бо Ён гукнуў Лазара з гробу і ўскрысіў яго зь мертвых.
Таму народ і сустрэў Яго, бо пачуў, што Ён учыніў такі знак.
Затым таксама груд вышаў наўпярэймы Яму, бо чулі, што Ён зрабіў гэты знак.
А фарысеі казалі адзін аднаму: «Бачыце, што нічога не дапамагае? Увесь свет пайшоў за Ім!»
Фарысэі ж казалі адны адным: «Вы бачыце, што ані вы ня маеце дасьпеху, сьвет пайшоў за Ім».
Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята.
Былі ж некатрыя Грэкі памеж тых, што ўзыходзілі, каб пакланіцца ў сьвята.
Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам убачыць Езуса».
Яны прыступілі да Піліпа, што быў ізь Віфсаіды Ґалілейскае, і прасілі яго, кажучы: «Спадару, нам хочацца бачыць Ісуса».
Прыйшоў Філіп і сказаў пра гэта Андрэю. Потым Андрэй і Філіп пайшлі і расказалі Езусу.
Прыходзе Піліп і Андрэю; прыходзяць Андрэй а Піліп і кажуць Ісусу.
А Езус сказаў ім у адказ: «Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы.
Ісус жа адказаў ім, кажучы: «Прышла гадзіна, каб услаўлены быў Сын Людзкі.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён.
Запраўды, запраўды кажу вам: калі зярнё пшоннае, упаўшы на зямлю, не памрэць, яно застаецца адно; калі ж памрэць, родзе шмат плоду.
Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця.
Хто любе жыцьцё свае, загубе яго; а хто ненавідзе жыцьцё свае на сьвеце гэтым, захавае яго да жыцьця вечнага.
Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой.
Калі хто служа Імне, хай ідзець за Імною; і йдзе Я, там таксама будзе слуга Мой. Калі хто служа Імне, усьціць яго Айцец.
Цяпер усхвалявана душа Мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў.
Цяпер душа Мая зьнемарашчана; і што скажу Я? Войча! выбаў Мяне ад гадзіны гэтае? але дзеля гэтага Я прышоў на гадзіну гэтую.
Ойча, услаў імя сваё!» І пачуўся з неба голас: «Уславіў і ўслаўлю зноў!»
Войча! услаў імя Сваё. Тады прышоў голас ізь неба: «Уславіў і яшчэ ўслаўлю».
Натоўп жа, які стаяў і чуў гэта, казаў: «Гэта гром». Іншыя казалі: «Анёл гаварыў з Ім».
Груд жа, што стаяў і пачуў, гукаў: «Загрымела». Іншыя гукалі: «Ангіл гукаў да Яго».
Адказваючы, Езус сказаў: «Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас.
Адказаў Ісус і сказаў: «Ня дзеля Мяне голас гэты, але дзеля вас.
Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон.
Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь сьвету гэтага выкінены будзе вон.
І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе».
І Я, як буду ўзьняты ізь зямлі, усіх прыцягну да Сябе».
Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меў памерці.
Гэта ж ён сказаў, даючы зразумець, якой сьмерцяй меў ён памерці.
Натоўп спытаўся ў Яго: «Мы чулі з Закону, што Месія трывае навекі. Дык чаму Ты кажаш, што павінен быць узвышаны Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?»
Груд адказаў Яму: «Мы чулі з Права, што Хрыстос перабывае на векі; як жа Ты кажаш, што Сын Людзкі мае быць узьняты? хто гэта Сын Людзкі?»
Тады Езус сказаў ім: «Яшчэ нядоўга будзе святло сярод вас. Хадзіце, пакуль маеце святло, каб цемра не агарнула вас. А хто ходзіць у цемры, не ведае, куды ідзе.
Тады сказаў ім Ісус: «Яшчэ малы час ё сьвятліня з вамі; хадзіце, пакуль сьвятліню маеце, каб цямнота не абняла вас; бо хто ходзе ў цямноце, ня ведае, куды йдзець.
Пакуль маеце святло, верце ў святло, каб стаць дзецьмі святла». Сказаўшы гэта, Езус адышоў і ўкрыўся ад іх.
Пакуль маеце сьвятліню, верце ў сьвятліню, каб вам стаць сынамі сьвятліні». Сказаўшы гэта, Ісус адышоў і стаіўся ад іх.
Хоць Ён учыніў перад імі столькі знакаў, яны не паверылі ў Яго,
Яны ня верылі ў Яго, дарма што ён учыніў шмат знакоў перад імі.
каб збылося слова, сказанае прарокам Ісаем: «Пане, хто паверыў пачутаму ад нас? Каму адкрылася плячо Пана?»
Каб споўнілася слова Ісаі прарокі, каторы сказаў: «Спадару, хто паверыў чутаму ад нас, і плячо Спадарова каму аб’явілася?»
Таму не маглі верыць, бо, як сказаў яшчэ Ісая:
Яны затым не маглі верыць, што яшчэ Ісая сказаў:
«Ён асляпіў вочы іх і зрабіў жорсткімі сэрцы іхнія, каб не бачылі вачыма і не разумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я вылечыў іх».
«Ён засьляпіў вочы іхныя і закаляніў сэрца іхнае, каб не абачылі ачыма сваімі, і не зразумелі сэрцам сваім, і не навярнуліся, каб Я ўздаравіў іх».
Гэта сказаў Ісая, бо бачыў славу Яго і казаў пра Яго.
Гэта сказаў Ісая, бо бачыў славу Ягоную і гукаў празь Яго.
Аднак жа і са старэйшын шмат хто паверыў у Яго, але праз страх перад фарысеямі не прызнаваліся, каб не выключылі іх з сінагогі,
Шмат хто, адылі, навет із старцоў, таксама ўверыў у Яго, але дзеля фарысэяў не вызнавалі, каб ня былі вылучаны з бажніцы;
бо яны больш любілі чалавечую славу, чым славу Божую.
Бо валей мілавалі славу людзкую, чымся славу Бовую.
Езус усклікнуў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, а ў таго, хто паслаў Мяне.
Ісус жа загукаў і сказаў: «Хто вера ў Мяне, вера не ў Мяне, але ў Тога, хто паслаў Мяне;
І хто бачыць Мяне, бачыць таго, хто паслаў Мяне.
І хто бача Мяне, бача Таго, хто паслаў Мяне.
Я, святло, прыйшоў на свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.
Я прышоў на сьвет як сьвятліня, каб кажны, хто вера ў Мяне, не заставаўся ў цямноце.
І калі хто пачуе словы Мае і не захавае іх, Я не суджу яго. Бо Я прыйшоў не судзіць свет, а збавіць свет.
І калі хто пачуе словы Мае, і не захавае, Я ня суджу яго, бо Я прышоў ня судзіць сьвет, але спасьці сьвет.
Хто пагарджае Мною і не прымае Маіх словаў, той мае сабе суддзю — слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень.
Хто адхінае Мяне і ня прыймае слоў Маіх, мае таго, хто судзе яго: слова, што Я кажу, будзе судзіць яго апошняга дня;
Бо Я казаў не ад сябе, але Айцец, які паслаў Мяне, Ён даў Мне запаведзь, што казаць і што гаварыць.
Бо Я не ад Сябе казаў, але Айцец, што паслаў Мяне, Сам даў Імне расказаньне, што маю казаць а што гукаць.
І Я ведаю, што запаведзь Ягоная — гэта жыццё вечнае. Таму тое, што Я кажу, кажу так, як сказаў Мне Айцец».
І Я ведаю, што расказаньне Ягонае ё жыцьцё вечнае. Дык, што Я кажу, як сказаў Айцец Імне, так Я кажу».