Яна 7 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча
Пасля гэтага хадзіў Езус па Галілеі. Ён не хацеў хадзіць па Юдэі, бо юдэі намагаліся забіць Яго.
Потым жа Ісус хадзіў па Ґалілеі, бо не хацеў хадзіць у Юдэі, бо Юдэі шукалі забіць Яго.
Набліжалася юдэйскае свята Шатроў.
І бліжэла юдэйскае сьвята Будкаў.
Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адсюль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае ўбачылі Твае справы, якія робіш.
Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адгэтуль і йдзі да Юдэі, каб і вучанікі Твае бачылі ўчынкі Твае, каторыя Ты чыніш;
Бо ніхто ўпотай не робіць нічога і стараецца сам быць навідавоку. Калі Ты робіш такое, пакажы сябе свету».
Бо ніхто ня робе нічога ў тайбе, і хоча сам быць ведамным; калі Ты чыніш гэтыя ўчынкі, зьявіся сьвету».
Бо нават браты Ягоныя не верылі ў Яго.
Бо й браты Ягоныя ня верылі ў Яго.
Тады кажа ім Езус: «Мой час яшчэ не настаў, а для вас час заўжды адпаведны.
І кажа ім Ісус: «Мая пара яшчэ ня прышла, а вам заўсёды пара.
Свет не можа ненавідзець вас, а Мяне ненавідзіць, бо Я сведчу пра яго, што справы яго ліхія.
Сьвет ня можа ненавідзіць вас, але Мяне ён ненавідзе, бо Я сьветчу празь яго, што ўчынкі ягоныя ліхія.
Вы ідзіце на свята; Я не пайду на гэта свята, таму што яшчэ не споўніўся Мой час».
Вы ўзыйдзіце на гэта сьвята; Я яшчэ ня ўзыйду на гэта сьвята, бо час Мой яшчэ ня выпаўніўся».
Сказаўшы гэта, Ён застаўся ў Галілеі.
Сказаўшы гэта ім, застаўся ў Ґалілеі.
Калі браты Ягоныя прыйшлі на свята, тады і Ён прыйшоў, аднак не адкрыта, а як бы патаемна.
Але як браты Ягоныя ўзышлі на сьвята, тады Ён таксама ўзышоў на сьвята, ня яўна, а як бы тойма.
Юдэі ж шукалі Яго на свяце і казалі: «Дзе Ён?»
Юдэі ж шукалі Яго ў сьвята і казалі: «Ідзе Ён?»
І вялікае абурэнне было на Яго ў натоўпе: адны казалі, што Ён добры, другія ж казалі: «Не, Ён уводзіць народ у зман!»
І шмат было нараканьня на Яго памеж грудамі. Адныя казалі: «Ён добры», другія казалі: «Не, але зводзе груды».
Ніхто, аднак, адкрыта не казаў пра Яго праз страх перад юдэямі.
Ніхто, адылі, ня гукаў празь Яго яўна, баючыся Юдэяў.
Ужо ў сярэдзіне свята Езус увайшоў у святыню і навучаў.
Але ўжо ў палавіцы сьвята Ісус увыйшоў у сьвятыню і навучаў.
А юдэі дзівіліся, кажучы: «Як жа Ён ведае Пісанні, не вучыўшыся?»
І дзіваваліся Юдэі, кажучы: «Як знае Ён пісьмы, ніколі ня вучыўшыся?»
Езус ім адказаў: «Маё вучэнне — не Маё, а таго, хто паслаў Мяне.
Дык адказаў Ісус і сказаў: «Мая навука не Мая, але таго, хто Мяне паслаў.
Калі хто хоча выконваць волю Яго, той даведаецца, ці ад Бога вучэнне, ці Я сам ад сябе гавару.
Хто зыча чыніць волю Ягоную, тый даведаецца праз гэту навуку, ці ад Бога яна, ці Я сам ад Сябе кажу.
Хто гаворыць ад свайго імя, шукае ўласнай славы, а хто шукае славы таго, хто паслаў яго, той праўдзівы і няма ў ім несправядлівасці.
Хто гукае сам ад сябе, шукае славы свае; а хто шукае славы таго, хто паслаў Яго, Тый праўдзівы, і няма несправядлівасьці ў Ім.
Ці Майсей не даў вам Закон? Але ніхто з вас не выконвае Закону. Чаму вы хочаце забіць Мяне?»
Ці ня даў вам Масей права? і ніхто не дзяржыць права. Чаму шукаеце забіць Мяне?»
Натоўп адказаў: «Ты апанаваны злым духам! Хто імкнецца забіць Цябе?»
Адказаў груд: «Нячысьціка маеш; хто шукае забіць Цябе?»
Езус сказаў ім у адказ: «Адну справу зрабіў Я, а вы ўсе здзіўляецеся.
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Я зрабіў адзін учынак, і ўсі вы дзівуецеся.
Вось, Майсей даў вам абразанне (хоць яно не ад Майсея, але ад айцоў), і вы ў шабат абразаеце чалавека.
Масей даў вам абразаньне, — не каб яно было ад Масея, але ад айцоў, — і вы ў сыботу абразаеце чалавека.
Калі чалавек прымае абразанне ў шабат, каб не парушыць Закон Майсееў, чаму гневаецеся на Мяне, што Я ў шабат аздаравіў усяго чалавека?
Калі чалавек прыймае абразаньне ў сыботу, каб ня быў узрушаны закон Масеяў, чаму на Мяне злуецеся, што Я цэлага чалавека ўздаравіў у сыботу?
Не асуджайце з выгляду, але судзіце судом справядлівым».
Ня судзіце подле выгляду, але судзіце суд справядлівы».
Некаторыя з жыхароў Ерузалема казалі: «Ці не той гэта, якога хочуць забіць?
Тады некатрыя зь Ерузалімцаў сказалі: «Ці ня гэта Тый, Каторага шукаюць забіць?
І вось Ён адкрыта гаворыць, і нічога не кажуць Яму. Хіба старэйшыны на самой справе пераканаліся, што Ён Месія?
І вось, Ён гукае яўна, і нічога ня кажуць Яму. Ці старцы запраўды прызналі, што гэты ё Хрыстос?
Але мы ведаем, адкуль Ён. Калі ж прыйдзе Месія, то ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён».
Але праз гэтага мы ведаем, скуль Ён: Хрыстос жа, як прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, скуль Ён».
Тады Езус, навучаючы ў святыні, прамовіў голасна: «І Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я. І не сам ад сябе Я прыйшоў, але праўдзівы той, хто паслаў Мяне, якога вы не ведаеце.
І загукаў Ісус у сьвятыні, вучачы а кажучы: «І знаеце Мяне, і ведаеце скуль Я; але Я прышоў ня Сам ад Сябе, а Тый, што паслаў Мяне, ё праўдзівы, каторага ня знаеце.
Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне».
Я знаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне».
Тады шукалі, як схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не настала Ягоная гадзіна.
І шукалі няць Яго, і ніхто не наклаў рукі свае на Яго, бо яшчэ ня прышла гадзіна Ягоная.
Многія з натоўпу паверылі ў Яго і казалі: «Калі прыйдзе Месія, ці Ён учыніць больш знакаў, чым гэты ўчыніў?»
Але шмат із груду ўверылі ў Яго й казалі: «Ці Хрыстос, як прыйдзе, учыне знакоў балей за тыя, што Гэты ўчыніў?»
Фарысеі ж пачулі, як народ абураецца, і паслалі першасвятары і фарысеі слуг схапіць Яго.
Пачулі фарысэі гэтыя дзейкі цішком празь Яго ў гурбе, і паслалі фарысэі а найвышшыя сьвятары паслугачоў, няць Яго.
Тады Езус сказаў: «Яшчэ нядоўга пабуду з вамі і адыду да таго, хто паслаў Мяне.
Тады Ісус сказаў: «Яшчэ малы час Я з вамі, і пайду да Тога, Хто паслаў Мяне.
Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце, а туды, дзе Я, вы не можаце прыйсці».
Будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і йдзе буду Я, вы ня можаце прыйсьці».
Юдэі казалі адзін аднаму: «Куды Ён хоча ісці, што мы не знойдзем Яго? Ці не хоча Ён ісці ў грэцкую дыяспару і вучыць грэкаў?
Дык Юдэі гукалі адны адным: «Куды Ён пойдзе, што мы ня знойдзем Яго? Ці не маніцца Ён ісьці да расьцярушэньня памеж Грэкаў і навучаць Грэкаў?
Што Ён меў на ўвазе, кажучы: “Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце, а туды, дзе Я, вы не можаце прыйсці”?»
Што за слова, каторае Ён сказаў: "Будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і йдзе буду Я, вы ня можаце прыйсьці"?»
У апошні, вялікі дзень свята, Езус стаў і, заклікаючы, сказаў: «Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е.
Апошняга дня вялікага сьвята Ісус стаяў і гукаў, кажучы: «Хто сьмягне, ідзі да Мяне й напіся.
Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой».
Хто вера ў Мяне, як сказана ў Пісьме, "Рэкі жывое вады пацякуць із улоньня ягонага"».
Гэта сказаў Ён пра Духа, якога меліся прыняць тыя, хто паверыў у Яго, бо яшчэ не было Духа, таму што Езус яшчэ не быў услаўлены.
А гэта сказаў Ён праз Духа, Каторы мелі адзяржаць тыя, што верылі ў Яго, бо Духа на іх ня было яшчэ, бо Ісус ня быў яшчэ ўслаўлены.
З натоўпу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: «Ён сапраўды прарок!»
Тады з груду, пачуўшы гэтае слова, казалі: «Гэта запраўды тый прарока».
Другія казалі: «Гэта Месія!» А іншыя казалі: «Хіба з Галілеі прыйдзе Месія?
Другія казалі: «Гэта Хрыстос». Іншыя гукалі: «Ціж із Ґалілеі прыйдзе Хрыстос?
Ці ж не сказана ў Пісанні, што Месія прыйдзе з роду Давіда і з мястэчка Бэтлеема, адкуль быў Давід?»
Ці не сказала Пісьмо, што Хрыстос прыйдзе з насеньня Давідавага і ізь сяла Бэтлеему, скуль Давід быў?»
І вось адбылася з-за Яго спрэчка ў натоўпе.
Дык быў падзел у грудзе што да Яго.
Некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі.
Некатрыя ж зь іх зычылі няць Яго, але ніхто не наклаў рукі на Яго.
Прыйшлі ж слугі да першасвятароў і фарысеяў, а тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?»
Дык паслугачыя прышлі да найвышшых сьвятароў а фарысэяў, і гэтыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?»
Слугі адказалі: «Ніколі ніхто з людзей так не гаварыў».
Паслугачыя адказалі: «Ніколі чалавек ня гукаў так, як Гэты Чалавек».
Фарысеі адказалі ім: «Няўжо і вас увялі ў зман?
І фарысэі адказалі ім: «Нягож і вы зьведзены?
Хіба паверыў у Яго хто са старэйшын або з фарысеяў?
Ці хто із старцоў уверыў у Яго альбо з фарысэяў?
Але гэты натоўп, які не ведае Закону, пракляты!»
Але гэты груд, каторы ня знае Права, пракляты ён».
Тады Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Езуса раней, сказаў ім:
Кажа ім Мікадым, тый, што прыходзіў да Яго ўперад, будучы адзін ізь іх:
«Ці наш Закон асуджае чалавека, пакуль не выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?»
«Ці судзе Права наша чалавека, ня выслухаўшы яго ўперад і не даведаўшыся, што ён робе?»
На гэта адказалі яму: «Ці і ты з Галілеі? Даследуй і ўбачыш, што з Галілеі прарок не выйдзе!»
Адказалі й сказалі Яму: «Ці й ты не з Ґалілеі? Скумай і глядзі, што ніякі прарока не паўстаець із Ґалілеі».
І разышліся кожны да свайго дому.
І пайшлі да дамоў сваіх.