Яна 4 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча
Калі Езус даведаўся, што фарысеі пачулі, як Ён збірае ўсё больш вучняў і хрысціць больш, чым Ян
Як жа даведаўся Спадар, што фарысэі чулі, што Ісус балей прыдбаець вучанікаў і хрысьце, чымся Яан, —
(хоць сам Езус не хрысціў, а вучні Ягоныя),
Хоць Ісус Сам ня хрысьціў, але вучанікі Ягоныя, —
Ён пакінуў Юдэю і зноў адышоў у Галілею.
Ён пакінуў Юдэю і пайшоў ізноў да Ґалілеі.
А трэба было Яму праходзіць праз Самарыю.
І належыла Яму праходзіць пераз Самару.
Ён прыйшоў у самарыйскі горад званы Сіхар, паблізу зямлі, якую даў Якуб Юзафу, свайму сыну.
Дык прыходзе Ён да места самарскага, званага Сыхар, ля лапіны зямлі, што Якаў даў сыну свайму Язэпу.
Была там студня Якуба. Езус, стомлены дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны.
Жарало Якавава было там. Дык Ісус, здарожыўшыся, сеў ля жарала. Было каля шостае гадзіны.
Прыйшла жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Кажа ёй Езус: «Дай Мне піць».
Прыходзе жонка із Самары засіліць вады. Ісус кажа ёй. «Дай Імне піць».
Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы.
(Бо вучанікі Ягоныя адхінуліся да места купіць ежы).
Жанчына самаранка сказала Яму: «Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны самаранкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі.
Самаранка ж кажа Яму: «Як Ты, будучы Юдэям, просіш піць у мяне Самаранкі?» бо Юдэі ня маюць узаем’я із Самаранмі.
Езус сказаў ёй у адказ: «Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе: “Дай мне піць”, то прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады».
Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы, і Хто кажа табе: "Дай Імне піць", прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе жывое вады».
Жанчына кажа Яму: «Пане, у Цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая. Адкуль жа ў Цябе вада жывая?
Яна кажа Яму: «Спадару, Ты й засіліць ня маеш чым, і студня глыбокая; дык скуль жа маеш жывую ваду?
Няўжо ты большы ад айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і сыны яго, і статкі яго?»
Нягож ты вялікшы за айца нашага Якава, каторы даў нам гэтую студню, і сам піў зь яе, і сынове ягоныя, і статак ягоны?»
Езус сказаў ёй у адказ: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу.
Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Кажны, хто п’ець гэтую ваду, ізноў усьмягне;
А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае».
А хто п’ець ваду, каторую Я дам яму, ня ўсьмягне на векі; але вада, што я дам яму, станецца ў ім жаралом вады, што цячэць у жыцьцё вечнае».
Жанчына сказала Яму: «Пане, дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць».
Жонка кажа: «Спадару, дай імне тае вады, каб я ня сьмягла і ня прыходзіла сюды сіляць».
Ён адказаў ёй: «Ідзі, пакліч свайго мужа і вяртайся сюды».
Ісус кажа ёй: «Пайдзі, пагукай мужа свайго і прыйдзі сюды».
Жанчына сказала ў адказ: «У мяне няма мужа». Адказаў ёй Езус: «Добра ты сказала, што ў цябе няма мужа.
Адказала жонка й сказала: «Я ня маю мужа». Ісус кажа ёй: «Добра ты сказала, што ня маеш мужа;
Бо мела ты пяць мужоў, а той, каго цяпер маеш, не муж табе. Праўдзіва ты гэта сказала».
Бо ты мела пяцёх мужоў, і тый, каторага цяпер маеш, ня муж табе; гэта праўдзіва ты сказала».
Жанчына кажа Яму: «Пане, я бачу, што Ты прарок.
Жонка кажа Яму: «Спадару, бачу, што Ты прарока.
Айцы нашыя пакланяліся Богу на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузалеме ёсць месца, дзе трэба пакланяцца».
Айцове нашы кланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, ідзе належа кланяцца».
Кажа ёй Езус: «Вер Мне, жанчына, што надыходзіць гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу.
Ісус кажа ёй: «Жонка, павер Імне, што настаець гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузаліме будзеце кланяцца Айцу.
Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, каго ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў.
Вы кланяецеся таму, чаго ня ведаеце; мы кланяемся таму, што ведаем, бо спасеньне ад Юдэяў.
Але надыходзіць гадзіна, і цяпер ужо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец.
Але настаець гадзіна, і цяпер ё, калі праўдзівыя багамолцы будуць кланяцца Айцу ў духу а ў праўдзе; бо таковых багамолцаў Айцец шукае Сабе.
Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе».
Бог — дух, і тыя, што кланяюцца Яму, маюць кланяцца ў духу а ў праўдзе».
Жанчына кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзіць Месія, якога называюць Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё».
Жонка кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзе Месія, званы Хрыстом; як Ён прыйдзе, паведаме нам усе».
Кажа ёй Езус: «Гэта Я, што гавару з табою».
Ісус кажа ёй: «Гэта Я, Каторы гутару з табою».
У гэты момант прыйшлі вучні Ягоныя і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынай, аднак ніводзін не спытаўся: «Чаго Ты хочаш?» або: «Чаму Ты гаворыш з ёю?»
На гэта прышлі вучанікі Ягоныя і дзіваваліся, што Ён гутарыў із жонкаю; ні водзін ізь іх, адылі, не сказаў: "Чаго шукаеш?" альбо: "Чаму гутарыш ізь ёю?"
Тады жанчына пакінула свой збан і адышла ў горад, і казала людзям:
Тады жонка пакінула вядро свае, і пайшла да места, і кажа людзём:
«Ідзіце, паглядзіце на чалавека, які расказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстус Ён?»
«Пайдзіце, абачча чалавека, каторы сказаў імне ўсе, што я раблю, ці ня Хрыстос Ён?»
Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
Яны вышлі зь места й прышлі да Яго.
Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еш».
Прымеж таго вучанікі прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еж».
Але Ён сказаў ім: «Я маю для спажытку ежу, якой вы не ведаеце».
Але Ён сказаў ім: «Я маю ежу есьці, каторае вы ня знаеце».
Тады вучні сказалі адзін аднаму: «Ці нехта прынёс Яму есці?»
Затым вучанікі казалі адзін аднаму: «Ці ня прынёс хто Яму есьці?»
Кажа ім Езус: «Ежа Мая ў тым, каб выконваць волю таго, хто паслаў Мяне, і завяршыць Яго справу.
Ісус кажа ім: «Мая ежа ё чыніць волю Таго, хто паслаў Мяне, і скончыць работу Ягоную.
Ці ж не кажаце вы: “Яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво?” А Я кажу вам: падыміце вашыя вочы і паглядзіце на нівы, як пабялелі яны ўжо для жніва!
Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво? Вось, Я кажу вам: узьніміце вочы свае й глядзіце на нівы, бо яны ўжо пабялелі, каб жаць.
Жнец ужо атрымлівае плату і збірае плён для жыцця вечнага, каб разам цешыліся сейбіт і жнец.
Хто жнець, тый адзержуе заплату й зьбірае плады да жыцьця вечнага, каб хто сее і хто жнець разам цешыліся.
Бо ў гэтым праўдзівае выслоўе: адзін сее, а другі жне.
Бо ў гэтым слова праўдзівае: адзін сее, а другі жнець.
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі. Іншыя папрацавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю».
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвыйшлі ў працу іхную».
Многія самаране з горада гэтага паверылі ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла: «Ён расказаў мне ўсё, што я зрабіла».
Шмат жа хто із Самаран места таго ўверылі ў Яго на слова жонкі, што сьветчыла: «Ён сказаў імне ўсе, што я зрабіла».
Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён прабыў там два дні.
Затым, як прышлі да Яго Самаране, прасілі Яго застацца зь імі; і Ён пабыў там два дні.
І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы Ягонаму слову.
І яшчэ шмат балей уверыла дзеля слова Ягонага.
А жанчыне казалі: «Мы верым ужо не дзеля твайго апавядання, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету!»
І сказалі тэй жонцы: «Ужо ня дзеля паведаньня твайго верым, бо мы самы чулі Яго й ведаем, што гэта запраўды Спас сьвету».
Праз два дні Езус выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею.
Просьле ж двух дзён Ён вышаў стуль і пайшоў да Ґалілеі;
Бо сам Езус сведчыў, што прарок не мае пашаны на сваёй бацькаўшчыне.
Бо Сам Ісус сьветчыў, што прарока ня мае сьці ў краіне сваёй.
Калі ж прыйшлі ў Галілею, то галілейцы прынялі Яго, убачыўшы ўсё, што Ён зрабіў у Ерузалеме на свята, бо і яны хадзілі на свята.
А як прышоў Ён да Ґалілеі, Ґалілеяне прынялі Яго, бачачы, што ўчыніў Ён у Ерузаліме ў сьвята, бо й яны былі прышоўшы на сьвята.
Так Езус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе перамяніў ваду ў віно. І быў адзін прыдворны, у якога хварэў сын у Кафарнауме.
Дык Ён ізноў прышоў да Каны Ґалілейскае, ідзе быў абярнуўшы ваду ў віно. І там быў адзін дваранін у Капернауме, каторага сын быў хворы.
Пачуўшы, што Езус прыбывае з Юдэі ў Галілею, ён пайшоў да Яго і прасіў прыйсці і вылечыць ягонага сына, які паміраў.
Ён, пачуўшы, што Ісус прышоў зь Юдэі да Ґалілеі, прышоў да Яго і прасіў ісступіць і ўздаравіць сына ягонага, каторы канаў.
Езус жа сказаў яму: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце».
Затым сказаў яму Ісус: «Калі не абачыце знакоў а чудосаў, ня ўверыце».
Прыдворны кажа Яму: «Пане, прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё».
Дваранін кажа яму: «Спадару, іступі, пакуль мае дзяцё не памерла».
Езус адказаў яму: «Ідзі, сын твой жывы». Чалавек паверыў слову, якое сказаў яму Езус, і пайшоў.
Ісус кажа яму: «Пайдзі, сын твой жывець».
Калі быў яшчэ ў дарозе, слугі ягоныя сустрэлі яго і сказалі, што сын ягоны жыве.
І чалавек паверыў слову, што Ісус сказаў яму, і пайшоў. Але ўжо, як ён зыходзіў, нявольнікі ягоныя перанялі яго, кажучы, што дзяцюк твой жывець.
Тады распытваў іх, у якую гадзіну яму палепшала? Яму сказалі: «Учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго».
Дык ён папытаўся ў іх праз гадзіну, калі яму палепшала. Яму сказалі: «Учора а сёмай гадзіне пал пакінуў яго».
Тады бацька зразумеў, што гэта была тая самая гадзіна, калі Езус сказаў яму: «Жыве сын твой». І паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны.
Дык бацька даведаўся, што тае ж гадзіны, каторае Ісус сказаў яму: «Сын твой жывець». І ён уверыў сам і ўвесь дом ягоны.
Гэта быў другі знак, які ўчыніў Езус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.
Гэты другі знак учыніў Ісус, прышоўшы зь Юдэі да Ґалілеі.