Яна 4 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Яна Станкевіча
Калі ж даве́даўся Іісус, што пачулі фарысеі пра тое, што Іісус больш вучняў набыва́е і хры́сціць, чым Іаан, —
Як жа даведаўся Спадар, што фарысэі чулі, што Ісус балей прыдбаець вучанікаў і хрысьце, чымся Яан, —
хоць Сам Іісус не хрысцíў, а вучні Яго, —
Хоць Ісус Сам ня хрысьціў, але вучанікі Ягоныя, —
пакінуў Ён Іудзею і пайшоў зноў у Галіле́ю.
Ён пакінуў Юдэю і пайшоў ізноў да Ґалілеі.
А трэба было́ Яму прахо́дзіць праз Самары́ю.
І належыла Яму праходзіць пераз Самару.
Вось, прыхо́дзіць Ён у горад Самары́йскі пад назвай Сіха́р, паблíзу зямлí, якую даў Іакаў Іосіфу, сыну свайму;
Дык прыходзе Ён да места самарскага, званага Сыхар, ля лапіны зямлі, што Якаў даў сыну свайму Язэпу.
і быў там кало́дзеж Іакава. Іісус, стамíўшыся ад дарогі, сеў ля кало́дзежа; было́ каля шостай гадзíны.
Жарало Якавава было там. Дык Ісус, здарожыўшыся, сеў ля жарала. Было каля шостае гадзіны.
Прыхо́дзіць жанчына з Самары́і набраць вады. Кажа ёй Іісус: дай Мне піць.
Прыходзе жонка із Самары засіліць вады. Ісус кажа ёй. «Дай Імне піць».
Бо вучні Яго адышлí ў горад, каб купíць ежы.
(Бо вучанікі Ягоныя адхінуліся да места купіць ежы).
Кажа Яму жанчына Самара́нка: я́к Ты, Іудзей, просіш піць у мяне, жанчыны Самара́нскай? бо Іудзеі ж не маюць зно́сін з Самара́намі.
Самаранка ж кажа Яму: «Як Ты, будучы Юдэям, просіш піць у мяне Самаранкі?» бо Юдэі ня маюць узаем’я із Самаранмі.
У адказ Іісус сказаў ёй: калі б ты ведала дар Божы, і Хто Той, што кажа табе: «дай мне піць», то ты сама прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе ваду́ жыву́ю.
Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы, і Хто кажа табе: "Дай Імне піць", прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе жывое вады».
Кажа Яму жанчына: Гаспадар! у Цябе і зачарпну́ць няма чым, а кало́дзеж глыбо́кі; адкуль жа ў Цябе вада жыва́я?
Яна кажа Яму: «Спадару, Ты й засіліць ня маеш чым, і студня глыбокая; дык скуль жа маеш жывую ваду?
хіба́ Ты большы за айца нашага Іакава, які даў нам гэты кало́дзеж і сам з яго піў, і сыны́ яго, і ста́так яго?
Нягож ты вялікшы за айца нашага Якава, каторы даў нам гэтую студню, і сам піў зь яе, і сынове ягоныя, і статак ягоны?»
У адказ Іісус сказаў ёй: кожны, хто п’е гэтую ваду, будзе адчува́ць пра́гу зноў;
Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Кажны, хто п’ець гэтую ваду, ізноў усьмягне;
а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, не сасма́гне ніколі; але вада, якую Я дам яму, стане ў ім крынíцаю вады, што цячэ́ ў жыццё вечнае.
А хто п’ець ваду, каторую Я дам яму, ня ўсьмягне на векі; але вада, што я дам яму, станецца ў ім жаралом вады, што цячэць у жыцьцё вечнае».
Кажа Яму жанчына: Гаспадар! дай мне гэтай вады, каб мне не мець сма́гі і не прыхо́дзіць сюды́ чэ́рпаць.
Жонка кажа: «Спадару, дай імне тае вады, каб я ня сьмягла і ня прыходзіла сюды сіляць».
Кажа ёй Іісус: ідзі, пакліч мужа свайго і прыхо́дзь сюды.
Ісус кажа ёй: «Пайдзі, пагукай мужа свайго і прыйдзі сюды».
У адказ жанчына сказала Яму: у мяне няма мужа. Кажа ёй Іісус: добра ты сказала, што ў цябе мужа няма;
Адказала жонка й сказала: «Я ня маю мужа». Ісус кажа ёй: «Добра ты сказала, што ня маеш мужа;
бо пяць мужоў у цябе было́, і той, якога цяпер маеш, не муж табе; гэта праўдзіва сказала ты.
Бо ты мела пяцёх мужоў, і тый, каторага цяпер маеш, ня муж табе; гэта праўдзіва ты сказала».
Кажа Яму жанчына: Гаспадар! бачу, што Ты прарок;
Жонка кажа Яму: «Спадару, бачу, што Ты прарока.
айцы нашы на гары́ гэтай пакланя́ліся, а вы ка́жаце, што ў Іерусаліме тое месца, дзе нале́жыць пакланя́цца.
Айцове нашы кланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, ідзе належа кланяцца».
Кажа ёй Іісус: жанчына, павер Мне, што настае́ час, калі не на гары́ гэтай і не ў Іерусаліме будзеце пакланя́цца Айцу;
Ісус кажа ёй: «Жонка, павер Імне, што настаець гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузаліме будзеце кланяцца Айцу.
вы пакланя́ецеся таму, чаго не ведаеце; мы пакланя́емся таму, што ведаем, бо спасе́нне ад Іудзеяў;
Вы кланяецеся таму, чаго ня ведаеце; мы кланяемся таму, што ведаем, бо спасеньне ад Юдэяў.
але настае́ час, ды і цяпер ёсць, калі íсцінныя пакло́ннікі будуць пакланя́цца Айцу ў ду́ху і ісціне, бо такіх пакло́ннікаў Айцец і шукае Сабе;
Але настаець гадзіна, і цяпер ё, калі праўдзівыя багамолцы будуць кланяцца Айцу ў духу а ў праўдзе; бо таковых багамолцаў Айцец шукае Сабе.
Бог ёсць дух, і тыя, што пакланя́юцца Яму, павінны пакланя́цца ў ду́ху і ісціне.
Бог — дух, і тыя, што кланяюцца Яму, маюць кланяцца ў духу а ў праўдзе».
Кажа Яму жанчына: ведаю, што пры́йдзе Месíя, Якога называ́юць Хрыстос; калі Ён пры́йдзе, то абве́сціць нам усё.
Жонка кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзе Месія, званы Хрыстом; як Ён прыйдзе, паведаме нам усе».
Кажа ёй Іісус: гэта Я, што размаўляю з табою.
Ісус кажа ёй: «Гэта Я, Каторы гутару з табою».
У гэты час прыйшлí вучні Яго і здзівíліся, што Ён размаўля́е з жанчынаю, але ні адзін не сказаў: што Табе трэба? ці: пра што Ты размаўля́еш з ёю?
На гэта прышлі вучанікі Ягоныя і дзіваваліся, што Ён гутарыў із жонкаю; ні водзін ізь іх, адылі, не сказаў: "Чаго шукаеш?" альбо: "Чаму гутарыш ізь ёю?"
Пакíнула тады жанчына сваю пасу́дзіну для вады і пайшла ў горад, і кажа лю́дзям:
Тады жонка пакінула вядро свае, і пайшла да места, і кажа людзём:
ідзіце і паба́чце Чалавека, Які сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла: ці не Хрыстос Ён?
«Пайдзіце, абачча чалавека, каторы сказаў імне ўсе, што я раблю, ці ня Хрыстос Ён?»
Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
Яны вышлі зь места й прышлі да Яго.
Між тым прасілі Яго вучні, ка́жучы: Раввí! еж.
Прымеж таго вучанікі прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еж».
Ён жа сказаў ім: у Мяне ёсць ежа, каб есці, якой вы не ведаеце.
Але Ён сказаў ім: «Я маю ежу есьці, каторае вы ня знаеце».
Тады вучні гаварылі паміж сабою: хіба́ нехта прынёс Яму есці?
Затым вучанікі казалі адзін аднаму: «Ці ня прынёс хто Яму есьці?»
Кажа ім Іісус: Мая ежа — тое, каб здзяйсня́ць волю Таго, Хто паслаў Мяне і завяршы́ць справу Яго.
Ісус кажа ім: «Мая ежа ё чыніць волю Таго, хто паслаў Мяне, і скончыць работу Ягоную.
Ці не ка́жаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і наста́не жніво́? Дык вось, кажу вам: узвядзíце вочы вашы і паглядзíце на нíвы, як яны ўжо пабяле́лі для жніва́;
Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво? Вось, Я кажу вам: узьніміце вочы свае й глядзіце на нівы, бо яны ўжо пабялелі, каб жаць.
і хто жне, той атры́млівае ўзнагароду і збірае плён у жыццё вечнае, каб і той, хто сее, і той, хто жне, разам радаваліся;
Хто жнець, тый адзержуе заплату й зьбірае плады да жыцьця вечнага, каб хто сее і хто жнець разам цешыліся.
бо тут апра́ўдваецца высло́ўе: адзін сее, а другі жне;
Бо ў гэтым слова праўдзівае: адзін сее, а другі жнець.
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іх.
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвыйшлі ў працу іхную».
З горада таго многія Самара́не ўве́равалі ў Яго па слову жанчыны, якая све́дчыла: Ён сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла.
Шмат жа хто із Самаран места таго ўверылі ў Яго на слова жонкі, што сьветчыла: «Ён сказаў імне ўсе, што я зрабіла».
Таму, калі прыйшлі да Яго Самара́не, то прасілі Яго пабы́ць у іх, і Ён прабы́ў там два дні,
Затым, як прышлі да Яго Самаране, прасілі Яго застацца зь імі; і Ён пабыў там два дні.
і намнога больш людзей уве́равалі па слову Яго;
І яшчэ шмат балей уверыла дзеля слова Ягонага.
а жанчыне казалі: ужо не па твайму апавяда́нню веруем, бо самі чулі і ведаем, што гэта сапраўды́ Спасіцель свету, Хрыстос.
І сказалі тэй жонцы: «Ужо ня дзеля паведаньня твайго верым, бо мы самы чулі Яго й ведаем, што гэта запраўды Спас сьвету».
А праз два дні Ён адышоў адтуль і пайшоў у Галіле́ю;
Просьле ж двух дзён Ён вышаў стуль і пайшоў да Ґалілеі;
бо Сам Іісус сведчыў, што прарок на сваёй бацькаўшчыне паша́ны не ма́е.
Бо Сам Ісус сьветчыў, што прарока ня мае сьці ў краіне сваёй.
Калі ж Ён прыйшоў у Галіле́ю, то Галіле́яне прынялí Яго, бачыўшы ўсё, што зрабіў Ён у Іерусаліме на свята; бо і яны хадзілі на свята.
А як прышоў Ён да Ґалілеі, Ґалілеяне прынялі Яго, бачачы, што ўчыніў Ён у Ерузаліме ў сьвята, бо й яны былі прышоўшы на сьвята.
Дык вось, прыйшоў зноў Іісус у Ка́ну Галіле́йскую, дзе ператвары́ў ваду ў віно. І быў адзін царадво́рац, сын якога быў хворы ў Капернау́ме.
Дык Ён ізноў прышоў да Каны Ґалілейскае, ідзе быў абярнуўшы ваду ў віно. І там быў адзін дваранін у Капернауме, каторага сын быў хворы.
Ён, пачуўшы, што Іісус прыйшоў з Іудзеі ў Галіле́ю, пайшоў да Яго і прасіў Яго прыйсці і ацалíць сына яго, бо той быў пры смерці.
Ён, пачуўшы, што Ісус прышоў зь Юдэі да Ґалілеі, прышоў да Яго і прасіў ісступіць і ўздаравіць сына ягонага, каторы канаў.
І сказаў яму Іісус: калі знаме́нняў і цудаў не ўбачыце, вы не ўверуеце.
Затым сказаў яму Ісус: «Калі не абачыце знакоў а чудосаў, ня ўверыце».
Кажа Яму царадво́рац: Госпадзі! прыйдзí, пакуль не паме́рла дзіця́ маё.
Дваранін кажа яму: «Спадару, іступі, пакуль мае дзяцё не памерла».
Іісус кажа яму: ідзі, сын твой жывы́. І паверыў чалавек слову, якое сказаў яму Іісус, і пайшоў.
Ісус кажа яму: «Пайдзі, сын твой жывець».
І ўжо калі ён ішоў, рабы яго сустрэлі яго і абве́сцілі: сын твой жывы́.
І чалавек паверыў слову, што Ісус сказаў яму, і пайшоў. Але ўжо, як ён зыходзіў, нявольнікі ягоныя перанялі яго, кажучы, што дзяцюк твой жывець.
Тады ён спытаўся ў іх, у каторай гадзíне стала яму лягчэ́й; і сказалі яму: учора ў сем гадзíн гара́чка пакíнула яго.
Дык ён папытаўся ў іх праз гадзіну, калі яму палепшала. Яму сказалі: «Учора а сёмай гадзіне пал пакінуў яго».
Зразуме́ў тады бацька, што гэта было́ ў тую гадзíну, калі Іісус сказаў яму: ідзі, сын твой жывы́. І ўвераваў сам і ўвесь дом яго.
Дык бацька даведаўся, што тае ж гадзіны, каторае Ісус сказаў яму: «Сын твой жывець». І ён уверыў сам і ўвесь дом ягоны.
Гэта ўжо другі цуд сатвары́ў Іісус, прыйшо́ўшы з Іудзеі ў Галіле́ю.
Гэты другі знак учыніў Ісус, прышоўшы зь Юдэі да Ґалілеі.