Яна 4 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Калі ж даве́даўся Іісус, што пачулі фарысеі пра тое, што Іісус больш вучняў набыва́е і хры́сціць, чым Іаан, —
 
Калі ж даведаўся Госпад, што пачулі фарысэі, што Ісус больш вучняў здабывае і хрысьціць, чым Ян, —

хоць Сам Іісус не хрысцíў, а вучні Яго, —
 
хоць Сам Ісус не хрысьціў, але вучні Ягоныя, —

пакінуў Ён Іудзею і пайшоў зноў у Галіле́ю.
 
Ён пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галілею.

А трэба было́ Яму прахо́дзіць праз Самары́ю.
 
Мусіў жа Ён праходзіць праз Самарыю.

Вось, прыхо́дзіць Ён у горад Самары́йскі пад назвай Сіха́р, паблíзу зямлí, якую даў Іакаў Іосіфу, сыну свайму;
 
І вось, прыходзіць Ён у горад Самаранскі, называны Сыхар, недалёка поля, якое даў Якуб Язэпу, сыну свайму.

і быў там кало́дзеж Іакава. Іісус, стамíўшыся ад дарогі, сеў ля кало́дзежа; было́ каля шостай гадзíны.
 
Была ж там крыніца Якуба. Дык Ісус, стомлены падарожжам, сеў ля крыніцы. Было каля шостае гадзіны.

Прыхо́дзіць жанчына з Самары́і набраць вады. Кажа ёй Іісус: дай Мне піць.
 
Прыходзіць жанчына з Самарыі начэрпаць вады. Гаворыць ёй Ісус: «Дай Мне піць».

Бо вучні Яго адышлí ў горад, каб купíць ежы.
 
Бо вучні Ягоныя адыйшлі ў горад набыць ежы.

Кажа Яму жанчына Самара́нка: я́к Ты, Іудзей, просіш піць у мяне, жанчыны Самара́нскай? бо Іудзеі ж не маюць зно́сін з Самара́намі.
 
Жанчына Самаранка кажа Яму: «Як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны Самаранкі?» Бо Юдэі ня маюць зносін з Самаранамі.

У адказ Іісус сказаў ёй: калі б ты ведала дар Божы, і Хто Той, што кажа табе: «дай мне піць», то ты сама прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе ваду́ жыву́ю.
 
Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы і Хто кажа табе: “Дай Мне піць”, то ты прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе вады жывое».

Кажа Яму жанчына: Гаспадар! у Цябе і зачарпну́ць няма чым, а кало́дзеж глыбо́кі; адкуль жа ў Цябе вада жыва́я?
 
Гаворыць Яму жанчына: «Пане! У Цябе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі. Дык адкуль у Цябе вада жывая?

хіба́ Ты большы за айца нашага Іакава, які даў нам гэты кало́дзеж і сам з яго піў, і сыны́ яго, і ста́так яго?
 
Няўжо Ты большы за бацьку нашага Якуба, які даў нам гэты калодзеж і сам з яго піў, і сыны ягоныя, і статак ягоны?»

У адказ Іісус сказаў ёй: кожны, хто п’е гэтую ваду, будзе адчува́ць пра́гу зноў;
 
Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Усякі, хто п’е гэтую ваду, зноў будзе смагнуць.

а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, не сасма́гне ніколі; але вада, якую Я дам яму, стане ў ім крынíцаю вады, што цячэ́ ў жыццё вечнае.
 
Хто ж вып’е ваду, якую Я яму дам, ня будзе смагнуць ніколі, але вада, якую Я дам яму, станецца ў ім крыніцаю вады, якая цячэ ў жыцьцё вечнае».

Кажа Яму жанчына: Гаспадар! дай мне гэтай вады, каб мне не мець сма́гі і не прыхо́дзіць сюды́ чэ́рпаць.
 
Гаворыць Яму жанчына: «Пане! Дай мне гэтай вады, каб я ня смагнула і не прыходзіла сюды чэрпаць».

Кажа ёй Іісус: ідзі, пакліч мужа свайго і прыхо́дзь сюды.
 
Гаворыць ёй Ісус: «Ідзі, пакліч мужа твайго і прыходзь сюды».

У адказ жанчына сказала Яму: у мяне няма мужа. Кажа ёй Іісус: добра ты сказала, што ў цябе мужа няма;
 
Адказала жанчына і сказала: «Я ня маю мужа». Гаворыць ёй Ісус: «Добра ты сказала, што ня маеш мужа,

бо пяць мужоў у цябе было́, і той, якога цяпер маеш, не муж табе; гэта праўдзіва сказала ты.
 
бо мела ты пяць мужоў, і той, якога цяпер маеш, ня муж табе. Гэта ты праўдзіва сказала».

Кажа Яму жанчына: Гаспадар! бачу, што Ты прарок;
 
Гаворыць Яму жанчына: «Пане! Бачу, што Ты — прарок.

айцы нашы на гары́ гэтай пакланя́ліся, а вы ка́жаце, што ў Іерусаліме тое месца, дзе нале́жыць пакланя́цца.
 
Бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерусаліме месца, дзе павінны пакланяцца».

Кажа ёй Іісус: жанчына, павер Мне, што настае́ час, калі не на гары́ гэтай і не ў Іерусаліме будзеце пакланя́цца Айцу;
 
Гаворыць ёй Ісус: «Жанчына, павер Мне, што прыходзіць час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерусаліме ня будзеце пакланяцца Айцу.

вы пакланя́ецеся таму, чаго не ведаеце; мы пакланя́емся таму, што ведаем, бо спасе́нне ад Іудзеяў;
 
Вы ня ведаеце, каму пакланяецеся; а мы ведаем, Каму пакланяемся, бо збаўленьне ад Юдэяў.

але настае́ час, ды і цяпер ёсць, калі íсцінныя пакло́ннікі будуць пакланя́цца Айцу ў ду́ху і ісціне, бо такіх пакло́ннікаў Айцец і шукае Сабе;
 
Але прыходзіць час, і ён ужо прыйшоў, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо гэткіх паклоньнікаў Айцец шукае Сабе.

Бог ёсць дух, і тыя, што пакланя́юцца Яму, павінны пакланя́цца ў ду́ху і ісціне.
 
Бог ёсьць Дух, і тыя, якія пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе».

Кажа Яму жанчына: ведаю, што пры́йдзе Месíя, Якога называ́юць Хрыстос; калі Ён пры́йдзе, то абве́сціць нам усё.
 
Гаворыць Яму жанчына: «Ведаю, што прыходзіць Мэсія, называны Хрыстос, і калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё».

Кажа ёй Іісус: гэта Я, што размаўляю з табою.
 
Гаворыць ёй Ісус: «Гэта Я, Які гавару з табою».

У гэты час прыйшлí вучні Яго і здзівíліся, што Ён размаўля́е з жанчынаю, але ні адзін не сказаў: што Табе трэба? ці: пра што Ты размаўля́еш з ёю?
 
У гэты час прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што Ён гаварыў з жанчынаю, але ніводзін не сказаў: «Што шукаеш?» ці: «Што гаворыш з ёю?»

Пакíнула тады жанчына сваю пасу́дзіну для вады і пайшла ў горад, і кажа лю́дзям:
 
Тады жанчына пакінула гляк свой, і адыйшла ў горад, і гаворыць людзям:

ідзіце і паба́чце Чалавека, Які сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла: ці не Хрыстос Ён?
 
«Пайдзіце, пабачце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстос гэта?»

Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
 
Яны выйшлі з гораду і пайшлі да Яго.

Між тым прасілі Яго вучні, ка́жучы: Раввí! еж.
 
Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Раббі! Еш».

Ён жа сказаў ім: у Мяне ёсць ежа, каб есці, якой вы не ведаеце.
 
Ён жа сказаў ім: «Я маю ежу, якой вы ня ведаеце».

Тады вучні гаварылі паміж сабою: хіба́ нехта прынёс Яму есці?
 
Тады вучні гаварылі паміж сабою: «Няўжо нехта прынёс Яму есьці?»

Кажа ім Іісус: Мая ежа — тое, каб здзяйсня́ць волю Таго, Хто паслаў Мяне і завяршы́ць справу Яго.
 
Гаворыць ім Ісус: «Мая ежа ў тым, каб выканаць волю Таго, Хто Мяне паслаў, і скончыць справу Яго.

Ці не ка́жаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і наста́не жніво́? Дык вось, кажу вам: узвядзíце вочы вашы і паглядзíце на нíвы, як яны ўжо пабяле́лі для жніва́;
 
Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і прыйдзе жніво? Вось, Я кажу вам: Падыміце вочы вашыя і паглядзіце на нівы, як яны пабялелі да жніва.

і хто жне, той атры́млівае ўзнагароду і збірае плён у жыццё вечнае, каб і той, хто сее, і той, хто жне, разам радаваліся;
 
Хто жне, атрымлівае плату і зьбірае плён дзеля жыцьця вечнага, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся.

бо тут апра́ўдваецца высло́ўе: адзін сее, а другі жне;
 
Бо ў гэтым спраўджваецца слова: “Адзін сее, а другі жне”.

Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іх.
 
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы прыйшлі на працу іхнюю».

З горада таго многія Самара́не ўве́равалі ў Яго па слову жанчыны, якая све́дчыла: Ён сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла.
 
І шмат Самаранаў з гораду таго паверылі ў Яго праз слова жанчыны, якая сьведчыла: «Ён сказаў мне ўсё, што я зрабіла».

Таму, калі прыйшлі да Яго Самара́не, то прасілі Яго пабы́ць у іх, і Ён прабы́ў там два дні,
 
І вось, калі прыйшлі да Яго Самаране, то прасілі Яго застацца ў іх, і Ён застаўся там два дні.

і намнога больш людзей уве́равалі па слову Яго;
 
І яшчэ больш паверыла праз слова Яго.

а жанчыне казалі: ужо не па твайму апавяда́нню веруем, бо самі чулі і ведаем, што гэта сапраўды́ Спасіцель свету, Хрыстос.
 
А жанчыне гэтай казалі: «Ужо ня дзеля твайго аповеду верым, бо мы самі чулі і даведаліся, што гэта праўдзіва Збаўца сьвету, Хрыстос».

А праз два дні Ён адышоў адтуль і пайшоў у Галіле́ю;
 
Праз два дні выйшаў Ён адтуль і пайшоў у Галілею.

бо Сам Іісус сведчыў, што прарок на сваёй бацькаўшчыне паша́ны не ма́е.
 
Бо Сам Ісус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.

Калі ж Ён прыйшоў у Галіле́ю, то Галіле́яне прынялí Яго, бачыўшы ўсё, што зрабіў Ён у Іерусаліме на свята; бо і яны хадзілі на свята.
 
Калі ж прыйшоў Ён у Галілею, Галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што зрабіў у Ерусаліме ў часе сьвята; бо і самі яны хадзілі на сьвята.

Дык вось, прыйшоў зноў Іісус у Ка́ну Галіле́йскую, дзе ператвары́ў ваду ў віно. І быў адзін царадво́рац, сын якога быў хворы ў Капернау́ме.
 
І вось Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў з вады віно. І быў у Капэрнауме нейкі ўрадовец, у якога занядужаў сын.

Ён, пачуўшы, што Іісус прыйшоў з Іудзеі ў Галіле́ю, пайшоў да Яго і прасіў Яго прыйсці і ацалíць сына яго, бо той быў пры смерці.
 
Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці і аздаравіць сына ягонага, бо той канаў.

І сказаў яму Іісус: калі знаме́нняў і цудаў не ўбачыце, вы не ўверуеце.
 
І сказаў яму Ісус: «Вы не паверыце, калі ня ўбачыце знакаў і цудаў».

Кажа Яму царадво́рац: Госпадзі! прыйдзí, пакуль не паме́рла дзіця́ маё.
 
Урадовец кажа Яму: «Госпадзе! Прыйдзі, пакуль не памёр хлопчык мой».

Іісус кажа яму: ідзі, сын твой жывы́. І паверыў чалавек слову, якое сказаў яму Іісус, і пайшоў.
 
Кажа яму Ісус: «Ідзі, сын твой жывы!» І паверыў чалавек той словам, якія сказаў яму Ісус, і пайшоў.

І ўжо калі ён ішоў, рабы яго сустрэлі яго і абве́сцілі: сын твой жывы́.
 
І калі ён ужо вяртаўся дадому, перанялі яго слугі ягоныя і паведамілі, кажучы: «Сын твой жывы».

Тады ён спытаўся ў іх, у каторай гадзíне стала яму лягчэ́й; і сказалі яму: учора ў сем гадзíн гара́чка пакíнула яго.
 
Ён спытаўся ў іх: «А якой гадзіне палягчэла яму?» І сказалі яму: «Учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго».

Зразуме́ў тады бацька, што гэта было́ ў тую гадзíну, калі Іісус сказаў яму: ідзі, сын твой жывы́. І ўвераваў сам і ўвесь дом яго.
 
Дык даведаўся бацька, што гэта была тая гадзіна, калі Ісус сказаў яму: «Сын твой жывы». І паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны.

Гэта ўжо другі цуд сатвары́ў Іісус, прыйшо́ўшы з Іудзеі ў Галіле́ю.
 
Гэта ўжо другі знак учыніў Ісус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галілею.