Яна 4 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Калі-ж даве́даўся Госпад, што дачуліся фарысэі, што Ісус больш вучняў здабывае і хрысьціць, чым Іоан, —
 
Як жа даведаўся Спадар, што фарысэі чулі, што Ісус балей прыдбаець вучанікаў і хрысьце, чымся Яан, —

хоць Сам Ісус ня хрысьціў, але вучні Яго, —
 
Хоць Ісус Сам ня хрысьціў, але вучанікі Ягоныя, —

пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галіле́ю.
 
Ён пакінуў Юдэю і пайшоў ізноў да Ґалілеі.

Выпадала-ж Яму прахадзіць праз Самарыю.
 
І належыла Яму праходзіць пераз Самару.

І вось, прыходзіць Ён у Самарыйскае ме́ста, званае Сіхар, ля хутара, што даў Якаў сыну свайму Язэпу.
 
Дык прыходзе Ён да места самарскага, званага Сыхар, ля лапіны зямлі, што Якаў даў сыну свайму Язэпу.

Была тамака студня Якава. І Ісус, сто́млены падарожай, се́ў ля студні. Было каля шостае гадзіны.
 
Жарало Якавава было там. Дык Ісус, здарожыўшыся, сеў ля жарала. Было каля шостае гадзіны.

Прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Ісус кажа да яе́: дай Мне́ піць.
 
Прыходзе жонка із Самары засіліць вады. Ісус кажа ёй. «Дай Імне піць».

Бо вучні Яго адыйшліся да ме́ста купіць е́жы.
 
(Бо вучанікі Ягоныя адхінуліся да места купіць ежы).

Жанчына Самаранская кажа Яму: як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне́, Самаранкі? Бо Юдэі ня маюць зносін з Самара́намі.
 
Самаранка ж кажа Яму: «Як Ты, будучы Юдэям, просіш піць у мяне Самаранкі?» бо Юдэі ня маюць узаем’я із Самаранмі.

Ісус адказаў ёй і сказаў: калі-б ты ве́дала дар Божы, і Хто кажа табе́: дай мне́ піць, то ты сама прасіла-б у Яго, і Ён даў бы табе́ жывое вады.
 
Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы, і Хто кажа табе: "Дай Імне піць", прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе жывое вады».

Жанчына кажа Яму: Госпадзе! У Цябе́ й зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая: адкуль-жа ў Цябе́ вада жывая?
 
Яна кажа Яму: «Спадару, Ты й засіліць ня маеш чым, і студня глыбокая; дык скуль жа маеш жывую ваду?

няўжо Ты большы за айца нашага Якава, які Даў нам гэту студню і сам з яе́ піў, і дзе́ці яго, і статак яго?
 
Нягож ты вялікшы за айца нашага Якава, каторы даў нам гэтую студню, і сам піў зь яе, і сынове ягоныя, і статак ягоны?»

Ісус адказаў ёй і сказаў: кожын, хто п’е гэтую ваду, зноў піць захоча;
 
Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Кажны, хто п’ець гэтую ваду, ізноў усьмягне;

хто ж вып’е вады, якое Я яму дам, не запра́гне ніколі, але вада́, што дам яму, ста́нецца ў ім крыніцаю вады, што ў жыцьцё ве́чнае цячэ.
 
А хто п’ець ваду, каторую Я дам яму, ня ўсьмягне на векі; але вада, што я дам яму, станецца ў ім жаралом вады, што цячэць у жыцьцё вечнае».

Жанчына кажа Яму: Госпадзе! дай мне́ гэтай вады, каб мне́ ня пра́гнуць і ня прыходзіць сюды чарпаць.
 
Жонка кажа: «Спадару, дай імне тае вады, каб я ня сьмягла і ня прыходзіла сюды сіляць».

Кажа ёй Ісус: пайдзі, пакліч мужа твайго і прыйдзі сюды.
 
Ісус кажа ёй: «Пайдзі, пагукай мужа свайго і прыйдзі сюды».

Жанчына адказала і сказала: у мяне́ няма мужа. Ісус кажа ёй: праўду ты сказала, што ў цябе́ няма мужа;
 
Адказала жонка й сказала: «Я ня маю мужа». Ісус кажа ёй: «Добра ты сказала, што ня маеш мужа;

бо ў цябе́ было пяць, і той, якога цяпе́р ма́еш, ня муж табе́; гэта ты праўдзіва сказала.
 
Бо ты мела пяцёх мужоў, і тый, каторага цяпер маеш, ня муж табе; гэта праўдзіва ты сказала».

Жанчына кажа Яму: Госпадзе! бачу, што Ты прарок;
 
Жонка кажа Яму: «Спадару, бачу, што Ты прарока.

бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гарэ, а вы кажаце, што ме́сца, дзе́ павінны пакланяцца — у Ерузаліме.
 
Айцове нашы кланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, ідзе належа кланяцца».

Ісус кажа ёй: паве́р мне́, што нады́йдзе час, калі не на гарэ гэтай і не ў Ерузаліме будзеце пакланяцца Айцу;
 
Ісус кажа ёй: «Жонка, павер Імне, што настаець гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузаліме будзеце кланяцца Айцу.

вы ня ве́даеце, чаму пакланя́ецеся; бо збаўле́ньне ад Юдэяў.
 
Вы кланяецеся таму, чаго ня ведаеце; мы кланяемся таму, што ведаем, бо спасеньне ад Юдэяў.

Але прыйдзе час, дый ён ужо прыйшоў, калі праўдзівыя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо гэткіх паклоньнікаў шукае сабе́ Аце́ц.
 
Але настаець гадзіна, і цяпер ё, калі праўдзівыя багамолцы будуць кланяцца Айцу ў духу а ў праўдзе; бо таковых багамолцаў Айцец шукае Сабе.

Бог ёсьць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе.
 
Бог — дух, і тыя, што кланяюцца Яму, маюць кланяцца ў духу а ў праўдзе».

Жанчына кажа Яму: ве́даю, што прыйдзе Мэсія (гэта ёсьць Хрыстос), і калі Ён прыйдзе, абве́сьціць нам усё.
 
Жонка кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзе Месія, званы Хрыстом; як Ён прыйдзе, паведаме нам усе».

Ісус кажа ёй: гэта Я, што гавару з табою.
 
Ісус кажа ёй: «Гэта Я, Каторы гутару з табою».

У гэты час прыйшлі вучні Яго і зьдзівіліся, што Ён гаворыць з жанчынаю, але ніводзін ня спытаўся: чаго Табе́ трэба? ці — аб чым гаворыш з ёю?
 
На гэта прышлі вучанікі Ягоныя і дзіваваліся, што Ён гутарыў із жонкаю; ні водзін ізь іх, адылі, не сказаў: "Чаго шукаеш?" альбо: "Чаму гутарыш ізь ёю?"

Тады жанчына пакінула вядро сваё і пайшла да ме́ста ды кажа людзям:
 
Тады жонка пакінула вядро свае, і пайшла да места, і кажа людзём:

пайдзе́це й паглядзе́це чалаве́ка, які сказаў мне́ ўсё, што я рабіла; ці ня Хрыстос гэта?
 
«Пайдзіце, абачча чалавека, каторы сказаў імне ўсе, што я раблю, ці ня Хрыстос Ён?»

Яны выйшлі з ме́ста і пайшлі да Яго.
 
Яны вышлі зь места й прышлі да Яго.

Тымчасам вучні прасілі Яго, кажучы: Равві! е́ш.
 
Прымеж таго вучанікі прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еж».

Ён жа сказаў ім: Я ма́ю страву, якой вы ня ве́даеце.
 
Але Ён сказаў ім: «Я маю ежу есьці, каторае вы ня знаеце».

Дзеля гэтага вучні гаварылі між сабою: няўжо-ж не́хта прынёс Яму е́сьці?
 
Затым вучанікі казалі адзін аднаму: «Ці ня прынёс хто Яму есьці?»

Ісус кажа ім: Мая страва — тое, каб спаўняць волю Паслаўшага Мяне́ і скончыць дзе́ла Яго.
 
Ісус кажа ім: «Мая ежа ё чыніць волю Таго, хто паслаў Мяне, і скончыць работу Ягоную.

Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры ме́сяцы, і прыйдзе жніво́? а Я кажу вам: падыме́це вочы вашыя і паглядзе́це на нівы, як яны пабяле́лі і пасьпе́лі да жніва́.
 
Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво? Вось, Я кажу вам: узьніміце вочы свае й глядзіце на нівы, бо яны ўжо пабялелі, каб жаць.

Хто жне́, дастае́ плату і зьбірае плён дзе́ля жыцьця ве́чнага, каб і жне́ц і сяве́ц разам ра́даваліся.
 
Хто жнець, тый адзержуе заплату й зьбірае плады да жыцьця вечнага, каб хто сее і хто жнець разам цешыліся.

Бо ў гэтым ска́зана праўдзіва: адзін се́е, а другі жне́.
 
Бо ў гэтым слова праўдзівае: адзін сее, а другі жнець.

Я паслаў вас жаць, над чым вы не працавалі: другія працавалі, а вы прыйшлі на працу іх.
 
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвыйшлі ў працу іхную».

І многа Самаранаў з ме́ста гэнага ўве́равалі ў Яго па слову жанчыны, якая сьве́дчыла, што Ён сказаў ёй усё, што рабіла.
 
Шмат жа хто із Самаран места таго ўверылі ў Яго на слова жонкі, што сьветчыла: «Ён сказаў імне ўсе, што я зрабіла».

І вось, як прыйшлі да Яго Самаране, то прасілі Яго пабыць у іх, і Ён прабыў там два дні.
 
Затым, як прышлі да Яго Самаране, прасілі Яго застацца зь імі; і Ён пабыў там два дні.

І яшчэ больш уве́равала дзе́ля слова Яго,
 
І яшчэ шмат балей уверыла дзеля слова Ягонага.

а жанчыне гэтай казалі: ўжо не дзе́ля тваіх гутарак ве́рым, бо самы чулі і даве́даліся, што гэта праўдзівы Збаўца сьве́ту — Хрыстос.
 
І сказалі тэй жонцы: «Ужо ня дзеля паведаньня твайго верым, бо мы самы чулі Яго й ведаем, што гэта запраўды Спас сьвету».

Цераз два дні выйшаў Ён адтуль і пайшоў у Галіле́ю;
 
Просьле ж двух дзён Ён вышаў стуль і пайшоў да Ґалілеі;

бо Сам Ісус сьве́дчыў, што прарок ня мае паша́ны ў сваёй бацькаўшчыне.
 
Бо Сам Ісус сьветчыў, што прарока ня мае сьці ў краіне сваёй.

Калі-ж прыйшоў у Галіле́ю, то Галіле́яне прынялі Яго, бо бачылі ўсе, што зрабіў у Ерузаліме ў часе сьвята; яны-ж бо самі хадзілі на сьвята.
 
А як прышоў Ён да Ґалілеі, Ґалілеяне прынялі Яго, бачачы, што ўчыніў Ён у Ерузаліме ў сьвята, бо й яны былі прышоўшы на сьвята.

І вось Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галіле́йскую, дзе́ зрабіў з вады віно. І быў у Капэрнауме не́йкі прыдворны, у якога занядужаў сын.
 
Дык Ён ізноў прышоў да Каны Ґалілейскае, ідзе быў абярнуўшы ваду ў віно. І там быў адзін дваранін у Капернауме, каторага сын быў хворы.

Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Юдэі ў Галіле́ю, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці і аздаравіць сына яго; бо быў кана́ў.
 
Ён, пачуўшы, што Ісус прышоў зь Юдэі да Ґалілеі, прышоў да Яго і прасіў ісступіць і ўздаравіць сына ягонага, каторы канаў.

І сказаў яму Ісус: ня ўве́руеце, калі ня ўбачыце знакоў і цудаў.
 
Затым сказаў яму Ісус: «Калі не абачыце знакоў а чудосаў, ня ўверыце».

Прыдворны-ж кажа Яму: Госпадзе! прыйдзі, пакуль ня ўмёр сын мой.
 
Дваранін кажа яму: «Спадару, іступі, пакуль мае дзяцё не памерла».

Ісус кажа яму: ідзі, сын твой здаровы! Ён паве́рыў слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў.
 
Ісус кажа яму: «Пайдзі, сын твой жывець».

І на дарозе ўжо спаткалі яго слугі яго і сказалі: сын твой здаровы.
 
І чалавек паверыў слову, што Ісус сказаў яму, і пайшоў. Але ўжо, як ён зыходзіў, нявольнікі ягоныя перанялі яго, кажучы, што дзяцюк твой жывець.

Ён спытаўся ў іх: а каторай гадзіне палягчэла яму? Яму сказалі: учора а сёмай гадзіне гара́чка пакінула яго.
 
Дык ён папытаўся ў іх праз гадзіну, калі яму палепшала. Яму сказалі: «Учора а сёмай гадзіне пал пакінуў яго».

Дык даве́даўся бацька, што ў тую гадзіну, калі Ісус сказаў яму: ідзі, сын твой здаровы. І ўве́раваў сам і ўвесь дом яго.
 
Дык бацька даведаўся, што тае ж гадзіны, каторае Ісус сказаў яму: «Сын твой жывець». І ён уверыў сам і ўвесь дом ягоны.

Гэта йзноў другі цуд зрабіў Ісус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галіле́ю.
 
Гэты другі знак учыніў Ісус, прышоўшы зь Юдэі да Ґалілеі.