Яна 5 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Яна Станкевіча
Пасля гэтага было́ свята Іудзейскае, і прыйшоў Іісус у Іерусалім.
Просьле гэтага было сьвята юдэйскае, і Ісус прышоў да Ерузаліму.
Ёсць жа ў Іерусаліме каля́ Аве́чых варот купа́льня, што называ́ецца па-яўрэйску Віфезда́, і ма́е пяць кры́тых хадоў;
Ёсьць жа ў Ерузаліме ля Авечае брамы копань ізь пяцьма ґанкамі, званая пагэбрэйску Віфэзда.
у іх ляжала вялікае мноства хворых, сляпых, кульга́вых, ссо́хлых, што чакалі ру́ху вады;
І ў іх ляжала множасьць хворых, нявісных, кульгавых, сьпятрэлых, што чакалі руху вады;
бо Ангел Гасподні час ад часу сыходзіў у купа́льню і ўзруша́ў ваду́; і хто першы ўваходзіў у яе пасля ўзрушэ́ння вады, той выздара́ўліваў, якой бы хваробай ні быў апанава́ны.
Бо ад часу да часу зыходзіў да копані ангіл і кратаў ваду, і хто першы ўходзіў у пакратаную ваду, ачуняваў, на якую б хваробу ён ні хворэў.
Быў жа тут нейкі чалавек, што трыццаць восем гадоў паку́таваў ад хваробы сваёй.
І там быў адзін чалавек, хворы трыццаць восьмі год.
Іісус, уба́чыўшы яго ляжа́чым і даве́даўшыся, што ўжо доўгі час ён хварэ́е, кажа яму: хочаш стаць здаровым?
Ісус, бачачы яго лежачага й ведаючы, што ён ляжыць ужо даўгі час, кажа яму: «Ці хочаш ачуняць?»
Адказаў Яму хворы: так, Гаспадар, але не ма́ю чалавека, які апусцíў бы мяне ў купа́льню, калі ўзру́шыцца вада; а пакуль я прыхо́джу, іншы сыхо́дзіць ране́й за мяне.
Хворы адказаў Яму: «Спадару, я ня маю людзіны, каб, як вада пакратаная, апусьціла мяне да копані; як жа я йду, іншы выпераджае мяне».
Кажа яму Іісус: устань, вазьмі пасце́ль тваю і хадзі.
Ісус кажа яму: «Устань, вазьмі пасьцелю сваю й хадзі».
І адразу вы́здаравеў чалавек; і ўзяў пасце́ль сваю і пайшоў. Была́ ж субота ў той дзень.
І якга тый чалавек ачуняў, і ўзяў пасьцелю сваю, і пайшоў. І была сыбота таго дня.
Таму казалі Іудзеі ацалёнаму: сёння субота, і нельга табе браць пасце́лі тваёй.
Затым Юдэі сказалі ўздароўленаму: «Сыбота, не дазволена табе правам браць пасьцелі свае».
Ён адказаў ім: Той, Хто мяне ацалíў, сказаў мне: «вазьмі пасце́ль тваю і хадзі».
Ён адказаў ім: «Хто ўздаравіў мяне, сказаў імне: "Вазьмі пасьцелю сваю й хадзі"».
Тады спыта́ліся ў яго: хто Той Чалавек, Які сказаў табе: «вазьмі пасце́ль тваю і хадзі»?
Яны папыталіся ў яго: «Хто тый чалавек, што сказаў табе: "Вазьмі пасьцелю сваю й хадзі"?».
Ацалёны ж не ведаў, хто Ён, таму што Іісус скры́ўся, бо натоўп быў на тым месцы.
Але ўздароўлены ня ведаў, хто гэта быў, бо Ісус, там будучы, адхінуўся ад гурбы ў тым месцу.
Пасля таго Іісус сустрэў яго ў храме і сказаў яму: вось, ты стаў здаровым; больш не грашы́, каб не зда́рылася з табою чаго го́ршага.
Просьле гэтага Ісус засьпяець яго ў сьвятыні і кажа яму: «Вось, ты ачуняў; не грашы ж ужо, каб чаго горшага ня сталася табе».
Пайшоў чалавек гэты і паве́даміў Іудзеям: гэта Іісус ацалíў мяне.
Чалавек тый пайшоў і сказаў Юдэям, што гэта быў Ісус, каторы ўздаравіў яго.
І таму Іудзеі ста́лі гнаць Іісуса і імкну́ліся забіць Яго, што Ён рабіў гэта ў суботу.
І за тое Юдэі перасьледавалі Ісуса, што Ён учыніў гэта ў сыботу.
Іісус жа казаў ім: Айцец Мой дагэ́туль дзе́е, і Я дзе́ю.
Але Ісус адказаў ім: «Ацец Мой аж дагэтуль працуе, і Я працую».
І з-за таго яшчэ больш імкну́ліся Іудзеі забіць Яго, што Ён не толькі паруша́ў суботу, але і Айцом Сваім называ́ў Бога, ро́бячы Сябе ро́ўным Богу.
За гэта яшчэ балей Юдэі шукалі забіць Яго, бо Ён ня толькі ўзрушаў сыботу, але й сказаў, што Бог быў айцец Ягоны, раўнуючы Сябе да Бога.
На гэта Іісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: не можа Сын рабíць Сам ад Сябе нічога, калі не будзе ба́чыць, што́ Айцец робіць, бо што́ Ён робіць, тое і Сын робіць таксама;
Дык адказаў Ісус і сказаў ім: «Запраўды, запраўды кажу вам: Сын нічога ня можа чыніць Сам ад Сябе, адно што бача Айца чынячага; бо што-колечы Ён чыне, тое й Сын чыне таксама.
бо Айцец лю́біць Сына і пака́звае Яму ўсё, што Сам робіць; і бо́льшыя за гэтыя пака́жа Яму спра́вы, так што вы дзівíцца бу́дзеце;
Бо Ацец любе Сына й паказуе Яму ўсе, што Ён Сам чыне; і пакажа Яму ўчынкі большыя за гэтыя, каб вы дзіваваліся.
бо як Айцец уваскраша́е мёртвых і ажыўля́е, так і Сын ажыўля́е, каго хоча;
Бо як Ацец ускрышае памерлых і ажыўляе іх, так і Сын ажыўляе, каго хоча.
бо Айцец і не су́дзіць нікога, але суд увесь аддаў Сыну,
Бо Ацец і ня судзе нікога, але аддаў увесь суд Сыну;
каб усе шанава́лі Сына, як шану́юць Айца; хто не шану́е Сына, той не шану́е і Айца, Які пасла́ў Яго.
Каб усі сьцілі Сына, як сьцяць Айца. Хто ня сьціць Сына, ня сьціць Айца, Каторы паслаў Яго.
Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць Таму, Хто паслаў Мяне, ма́е жыццё вечнае і на суд не прыходзіць, але перайшоў ад смерці ў жыццё.
Запраўды, запраўды кажу вам: хто слухае слова Мае й вера таму, хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае; і ня прыйдзе на суд, але перайшоў ад сьмерці да жыцьця.
Праўду, праўду кажу вам: настае́ час, ды і цяпер ёсць, калі мёртвыя пачу́юць голас Сына Божага і, пачу́ўшы, ажыву́ць,
Запраўды, запраўды кажу вам, што настаець гадзіна, і цяпер ё, калі мертвыя пачуюць голас Сына Божага, і каторыя пачуюць, будуць жыць.
бо як Айцец ма́е жыццё ў Самíм Сабе, так даў і Сыну жыццё мець у Сабе,
Бо як Ацец мае жыцьцё ў Самым Сабе, так і Сыну даў меці жыцьцё ў Самым Сабе.
і ўла́ду даў Яму суд чынíць, бо Ён ёсць Сын Чалавечы.
І даў Яму ўладу чыніць суд, бо Ён ё Сын Людзкі.
Не здзіўля́йцеся гэтаму: бо настае́ час, калі ўсе, што ў магілах, пачу́юць голас Сына Божага,
Ня дзівуйцеся з гэтага, бо настаець гадзіна, у каторай усі, што ў грабох, пачуюць голас Ягоны;
і вы́йдуць тыя, што рабíлі дабро, ва ўваскрасе́нне жыцця́, а тыя, што рабíлі зло, ва ўваскрасе́нне суду́.
І пойдуць тыя, што чынілі дабро, на ўскрысеньне жыцьця, а каторыя ліха чынілі, на ўскрысеньне суду.
Не магу Я рабíць Сам ад Сябе нічога. Як чу́ю, так суджу́, і суд Мой пра́ведны, бо не шука́ю волі Маёй, але волі Айца, Які паслаў Мяне.
Я нічога не магу чыніць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу; і суд Мой справядлівы; бо Я ня шукаю волі Свае, але волі тога, хто паслаў Мяне.
Калі б Я све́дчыў пра Сябе, то све́дчанне Маё непраўдзíвае;
«Калі Я сьветчу Сам празь Сябе, сьветчаньне Мае ня ё праўдзівае.
іншы ёсць, які све́дчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзíвае тое све́дчанне, якім Ён све́дчыць пра Мяне;
Ё іншы, што сьветча празь Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае тое сьветчаньне, каторым Ён сьветча празь Мяне.
вы пасылалі да Іаана, і ён засве́дчыў пра ісціну.
Вы пасылалі да Яана, і ён пасьветчыў праз праўду.
Я не ад чалавека све́дчанне прыма́ю, але кажу гэта, каб вы спаслíся;
Не ад людзіны, адылі, я прыймаю сьветчаньне, але кажу гэта, каб вы спасьліся.
ён быў свяцíльнікам, які гарэў і свяцíў, а вы хацелі паце́шыцца нейкі час пры святле́ яго.
Ён быў лянпаю, што гарэла а сьвяціла, і вы хацелі якісь час пацешыцца ў сьвятліні ягонай.
Але Я ма́ю све́дчанне, бо́льшае за Іаанава: бо справы, што даў Мне Айцец, каб здзе́йсніць, са́мі справы, якія Я раблю́, све́дчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне,
«Я ж маю сьветчаньне большае за Яанава, бо справы, што даў Імне Ацец скончыць, самыя тыя справы, каторыя Я спраўляю, сьветчаць празь Мяне, што Ацец паслаў Мяне.
і Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засве́дчыў пра Мяне. Вы ні голасу Яго ніколі не чулі, ні аблíчча Яго не бачылі,
І Ацец, што паслаў Мяне, Сам сьветчыў празь Мяне. Вы ані голасу Ягонага ніколі ня чулі, ані віду Ягонага ня бачылі,
і не ма́еце сло́ва Яго, якое было́ б у вас, бо Таму, Каго Ён паслаў, вы не ве́рыце.
І ня маеце прабываючага ў сабе слова Ягонага, бо каго паслаў Ён, таму ня верыце.
Дасле́дуйце Пісанні, бо вы думаеце праз іх мець жыццё ве́чнае, а яны све́дчаць пра Мяне.
«Дасьлядуйце Пісьмы, бо думаеце, што ў іх маеце жыцьцё вечнае; а яны сьветчаць празь Мяне.
Але вы не хочаце прыйсцí да Мяне, каб мець жыццё.
Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё.
Сла́вы ад людзей Я не прыма́ю,
Ня прыймаю славы ад людзёў,
але ведаю вас, што любо́ві да Бога вы не ма́еце ў сабе.
Але пазнаў вас, што вы любові Божае ня маеце ў сабе.
Я прыйшоў у імя́ Айца Майго, і вы не прыма́еце Мяне; а калі іншы пры́йдзе ў імя́ сваё, яго пры́меце.
Я прышоў у?імя Айца Свайго, і вы ня прыймаеце Мяне; калі б іншы прышоў у імя свае, таго прыймеце.
Як вы можаце вераваць, калі славу адзін ад аднаго прыма́еце, а славы, якая ад Адзінага Бога, не шука́еце?
Як можаце вы верыць, калі адзін ад аднаго прыймаеце славу, і ня шукаеце славы, каторая ад адзінага Бога?
Не думайце, што Я буду абвінава́чваць вас перад Айцом; ёсць той, хто абвінава́чвае вас, Маісей, на якога вы спадзеяце́ся.
Ня думайце, што Я буду вінаваць вас перад Айцом: ё хто абвінуе вас — Масей, на Каторага спадзяіцеся.
Бо калі б верылі вы Маісею, то верылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.
Бо калі б вы верылі Масею, паверылі б Імне, бо ён пісаў празь Мяне.
Калі ж вы яго піса́нням не верыце, я́к Маім сло́вам паве́рыце?
Але калі ня верыце Пісьмам, як паверыце Маім словам?»