Яна 19 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча
Тады Пілат узяў Езуса і аддаў на бічаванне.
Дык тады ўзяў Пілат Ісуса і біў Яго пугамі.
А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч.
І жаўнеры, зьвіўшы карону зь церня, узлажылі на галаву Яму, і адзецьце шкарлатнае накінулі на Яго,
Падыходзілі да Яго і казалі: «Вітай, кароль юдэйскі!» І білі Яго па твары.
І падходзілі да Яго, і казалі: «Здароў, Каролю Юдэйскі!» І білі Яго па відзе.
А Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: «Вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў ім ніякай віны».
А Пілат вышаў ізноў вонкі і кажа ім: «Гля, я выводжу Яго да вас, каб вы даведаліся, што я ніякае віны не знаходжу ў Ім».
Езус выйшаў у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І сказаў ім Пілат: «Вось чалавек!»
Тады вышаў Ісус вонкі ў цярнёвай кароне і ў шкарлатным адзецьцю. І кажа ім Пілат: «Во Чалавек!»
Калі ўбачылі Яго першасвятары і прыслужнікі, закрычалі: «Укрыжуй, укрыжуй!» Сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны».
Як жа абачылі Яго найвышшыя сьвятары а паслугачыя, яны закрычэлі: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!» Пілат кажа ім: «Вазьміце Яго й укрыжуйце, бо я не знаходжу віны ў Ім».
Юдэі адказалі яму: «Мы маем Закон, і паводле Закону Ён павінен памерці, бо ўчыніў сябе Сынам Божым».
Адказалі яму Юдэі: «Мы маем Закон, і подле Закону Ён мае памерці, бо выдаваў Сябе за Сына Божага».
Калі Пілат пачуў гэтыя словы, спалохаўся яшчэ больш.
Як Пілат пачуў гэтае слова, ён больш зьлякаўся.
Ён зноў увайшоў у прэторыю і спытаў Езуса: «Адкуль Ты?» Але Езус не адказаў яму.
І ўзноў увыйшоў да ратушы, і кажа Ісусу: «Скуль Ты?» Але Ісус ня даў яму адказу.
Тады Пілат сказаў Яму: «Не размаўляеш са мною? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе і маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?»
Дык Пілат кажа яму: «Ня гутарыш із імною? альбо Ты ня ведаеш, што я маю ўладу выпусьціць Цябе і маю Ўладу ўкрыжаваць Цябе?»
Езус адказаў: «Ты не меў бы нада Мною ніякай ўлады, калі б не было дадзена табе з вышыні. Таму большы грэх на тым, хто Мяне выдаў табе».
Ісус адказаў: «Ты ня меў бы над Імною ніякае ўлады, калі б ня было дана табе з вышы; затым тый, хто Мяне выдаў табе, большы грэх мае».
Адгэтуль Пілат намагаўся адпусціць Яго. Але юдэі крычалі: «Калі адпусціш Яго, ты непрыяцель цэзара! Кожны, хто чыніць сябе каралём, той супраць цэзара».
Адгэтуль Пілат шукаў выпусьціць Яго. Юдэі ж крычэлі, кажучы: «Калі ты Гэтага выпусьціш, ты ня прыяцель цэсару. Кажны, што выдаець сябе за караля, гукае супроці цэсара».
Калі Пілат пачуў гэтыя словы, вывеў Езуса вонкі і сеў на судовым пасадзе на месцы, якое называлі Літастрот, а па-габрэйску Габата.
Тады Пілат, пачуўшы гэтыя словы, вывеў Ісуса вонкі і сеў на судовае седава, на месца званае Літостротос, а пагэбрэйску Ґаббата
Быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, каля шостай гадзіны. І сказаў ён юдэям: «Вось кароль ваш!»
Была ж прыгатова да Пасхі, каля шостае гадзіны. І кажа ён Юдэям: «Во Кароль ваш!» Але яны закрычэлі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!»
А яны закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Пілат кажа ім: «Я павінен укрыжаваць вашага караля?» Першасвятары адказалі: «Не маем караля, апроч цэзара».
Пілат кажа ім: «Караля вашага ўкрыжую?» Найвышшыя сьвятары адказалі: «Няма ў нас караля, адно цэсар».
Тады ён выдаў ім Езуса на ўкрыжаванне. І ўзялі Езуса.
Тады ён выдаў Яго ім, каб быў укрыжаваны.
Несучы свой крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску — Галгота.
І ўзялі Ісуса, і павялі. І Ён вышаў, нясучы крыж Свой на месца званае Чарэпнішча, пагэбрэйску Ґолґота,
Там укрыжавалі Яго, а з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса.
Ідзе Яго ўкрыжавалі і зь Ім двух іншых паабапал Яго, а Ісуса пасярэдзіне.
Пілат жа зрабіў надпіс віны і змясціў на крыжы. Было ж напісана: «Езус Назаранін, кароль юдэйскі».
Пілат жа напісаў і напіс і памясьціў на крыжу. Было ж напісана: «Ісус Назарэцкі, Кароль Юдэйскі».
Гэты надпіс чыталі многія з юдэяў, бо месца, дзе ўкрыжавалі Езуса, было блізка ад горада. І напісана было па-габрэйску, па-лацінску і па-грэцку.
І гэты напіс шмат хто зь Юдэяў чытаў, бо блізка места было тое месца, ідзе Ісус быў укрыжаваны, і было напісана пагэбрэйску, пагрэцку а палацінску.
Першасвятары юдэяў казалі Пілату: «Не пішы: “Кароль юдэйскі”, але што Ён сказаў: “Я — кароль юдэйскі”».
Тады найвышшыя сьвятары казалі Пілату: «Ня пішы "Кароль Юдэйскі", але што Ён сказаў: "Я Кароль Юдэйскі".»
Пілат адказаў: «Што напісаў, тое напісаў!»
Пілат адказаў: «Што я напісаў, напісаў».
Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку. Туніка была не шытая, уся ад верху тканая.
Жаўнеры ж, як укрыжавалі Ісуса, узялі адзецьце Ягонае і зрабілі чатыры часьці, кажнаму жаўнеру часьць, і туніку; была ж туніка ня сшытая, цэлая вытканая із самага верху.
Таму сказалі адзін аднаму: «Не будзем разрываць яе, але кінем лёсы, каму дастанецца». Так збылося сказанае ў Пісанні: «Падзялілі між сабою маю вопратку і аб адзежыне маёй кінулі лёсы». Жаўнеры так і зрабілі.
І сказалі яны адзін аднаму: «Не дзярыма яе, але кіньма на жэрабя на яе, чыя яна будзе»; каб споўнілася Пісьмо: «Падзялілі адзецьці Мае мяжсобку і на адзежу Маю кінулі на жэрабя». Жаўнеры гэта зрабілі.
Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена.
Стаялі ж ля крыжа Ісусавага Маці Ягоная а сястра Маці Ягонае, Марыя Клеопова, а Марыя Магдалена.
Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой».
Ісус абачыўшы Маці Сваю а вучаніка, блізка стаячага, каторага Ён мілаваў, кажа Маці: «Жонка, во сын Твой».
Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.
Потым кажа вучаніку: «Во Маці твая». Адгэнуль узяў вучанік Яе да дому свайго.
Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: «Прагну».
Просьле гэтага Ісус, ведаючы, што ўжо ўсе зьдзеялася, кажа, каб споўнілася Пісьмо: «Сьмягну».
Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на ісоп губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў.
Была ж там судзіна, поўная воцту. Тады яны, напоўніўшы губку воцтам і абклаўшы гізопам, падалі да вуснаў Ягоных.
Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І, схіліўшы галаву, аддаў духа.
І як паспытаўся Ісус воцту, Ён сказаў: «Сталася!» І, сьхінуўшы галаву, выдаў дух.
Юдэі, паколькі быў дзень прыгатавання Пасхі, каб не заставаліся целы на крыжы ў шабат, бо гэты дзень шабату быў вялікі, папрасілі Пілата, каб укрыжаваным паламалі галені і знялі іхнія целы.
А як была прыгатова, Юдэі, каб целы не заставаліся на крыжу ў сыботу, — бо дзень тае сыботы быў вялікі, — папрасілі ў Пілата, каб зламіць у іх галёнкі й зьняць.
Таму прыйшлі жаўнеры і паламалі галені першаму і другому, якія былі ўкрыжаваныя разам з Ім.
Дык прышлі жаўнеры, і ў першага зламілі галёнкі, і ў другога, укрыжаванага зь Ім.
Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо памёр, не ламалі Яму галені,
Прышоўшы ж да Ісуса, яны, як абачылі, што Ён ужо памер, не ламілі ў Яго галёнак,
толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада.
Але адзін із жаўнераў дзідаю прабіў Яму бок, і якга вышла кроў і вада.
А той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. І ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі.
А тый, што бачыў гэта, сьветча, і сьветчаньне ягонае праўдзівае, і ён ведае, што праўдзівае кажа, каб вы верылі.
Бо сталася гэта, каб збылося Пісанне: «Косць Ягоная не будзе зламаная».
Бо гэта сталася, каб споўнілася Пісьмо: «Косьць Ягоная ня будзе зломлена».
І ў іншым месцы Пісанне кажа: «Будуць глядзець на таго, каго прабілі».
І ўзноў іншае Пісьмо кажа: «Будуць глядзець на Таго, Каго прабілі».
Пасля гэтага Юзаф з Арыматэі, які быў вучнем Езуса, але тайна, з-за страху перад юдэямі, папрасіў Пілата, каб дазволіў забраць цела Езуса. І Пілат згадзіўся. Той пайшоў і забраў Яго цела.
А просьле гэтага Язэп із Арымафеі, што быў патайным вучанікам Ісусавым із боязьні Юдэяў, прасіў у Пілата ўзяць цела Ісусава; і дазволіў Пілат. Дык ён прышоў і ўзяў цела Ісусава.
Прыйшоў і Нікадэм, які раней прыходзіў да Езуса ўначы, і прынёс сумесь смірны і альясу, каля ста фунтаў.
Прышоў жа й Мікадым, — што ўпяршыню прыходзіў да Ісуса ночы, — нясучы мешанку зь міры й алёю каля сту хунтаў.
Яны ўзялі цела Езуса і закруцілі яго ў палатно з духмянасцямі, як звычайна хаваюць юдэі.
Дык узялі яны цела Ісусава, і паклалі Яго ў палотны з пахамі, і завязалі, як гэта ё звычаем у Юдэяў хаваць.
На месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе — новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі.
Быў жа гарод на тым месцу, ідзе Ён быў укрыжаваны, а ў гародзе гроб новы, у каторым ніхто яшчэ ня быў пахаваны.
Там з прычыны прыгатавання юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка.
Дык там, дзеля прыгатовы юдэйскае, бо гроб быў блізка, пахавалі Ісуса.