Яна 13 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017
Перад святам Пасхі Езус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх.
А перад днём свята Пасхі Ісус, ведаючы, што надышла гадзіна Яго, каб адысці з гэтага свету да Айца, бо, узлюбіўшы Сваіх, што былі ў свеце, да канца іх узлюбіў.
І падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта, каб выдаць Яго,
І ў час вячэры, калі д’ябал ужо ўклаў у сэрца Юды Сімонава Іскарыёта, каб выдаў Яго,
Езус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя і што Ён выйшаў ад Бога і да Бога ідзе,
Ён, ведаючы, што Айцец аддаў усё ў рукі Яго, што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе,
устаў з-за стала, скінуў верхнюю вопратку і, узяўшы палатно, падперазаўся.
падняўся ад вячэры, і скінуў Сваё адзенне, і, узяўшы ручнік, падперазаўся.
Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням, і выціраць палатном, якім быў падперазаны.
Затым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпаясаны.
Падышоў да Сымона Пятра. Той сказаў Яму: «Пане, Ты хочаш абмыць мне ногі?»
Гэтак падыходзіць да Сімона Пётры. Той кажа Яму: «Госпадзе, Ты мне будзеш мыць ногі?»
Езус адказаў яму: «Тое, што Я раблю, Ты цяпер не разумееш, але зразумееш пасля».
І адказаў Ісус і сказаў яму: «Што Я раблю, ты яшчэ не разумееш, а потым зразумееш».
Сказаў Яму Пётр: «Не, не абмыеш ніколі маіх ног!» Езус адказаў яму: «Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною».
Кажа Яму Пётра: «Увек не будзеш мне мыць ног». Адказаў яму Ісус: «Калі Я цябе не абмыю, не будзеш мець удзелу са Мной».
Сымон Пётр кажа Яму: «Пане, не толькі ногі, але і рукі, і галаву!»
Кажа Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, не толькі ногі мае, але і рукі, і галаву».
Сказаў яму Езус: «Абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты. І вы чыстыя, але не ўсе».
Кажа яму Ісус: «Хто памыты, не патрабуе нічога, як толькі ногі памыць, бо ўвесь чысты; вы таксама чыстыя, але не ўсе».
Бо ведаў, хто выдасць Яго. Таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя».
Бо ведаў, кім быў той, хто выдасць Яго; таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя».
А калі абмыў ім ногі, апрануў вопратку сваю і зноў заняў месца за сталом, і сказаў ім: «Ці разумееце, што Я зрабіў вам?
Пасля таго, як памыў ногі іх і апрануў адзенне Сваё, ізноў, узлёгшы пры стале, сказаў ім: «Ці разумееце, што Я вам зрабіў?
Вы Мяне называеце Настаўнікам і Панам, і добра кажаце, бо Я ім ёсць.
Вы клічаце Мяне: “Настаўнік” і “Госпад”, і добра кажаце, бо Я ім ёсць.
Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму.
Дык калі Я, Госпад і Настаўнік, памыў вашы ногі, дык і вы павінны адзін аднаму мыць ногі.
Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам.
Вось жа, даў вам прыклад, каб, як Я вам зрабіў, так і вы рабілі.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга не большы за свайго гаспадара, і пасланнік не большы за таго, хто паслаў яго.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: паслугач не большы за гаспадара свайго, і пасланец не большы за таго, хто яго паслаў.
Калі гэта ведаеце і чыніце так, вы шчаслівыя.
Калі пра гэта ведаеце, шчасныя будзеце, калі гэтак будзеце рабіць.
Не пра ўсіх вас кажу. Я ведаю, каго выбраў. Але няхай збудзецца Пісанне: “Хто есць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю”.
Не аб усіх вас гавару; Я ведаю, каго выбраў, але каб споўнілася Пісанне: “Нават чалавек, з якім я жыў у супакоі, якому я давяраў, які есць хлеб мой, пяту падняў супраць Мяне”.
Цяпер, перш чым гэта станецца, кажу вам, каб, калі станецца, вы паверылі, што Я ёсць.
Наперад кажу вам, перш, чым станецца, каб вы, калі станецца, уверылі, што гэта Я ёсць.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне».
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне».
Сказаўшы гэта, Езус узрушыўся духам і засведчыў, кажучы: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне».
Калі сказаў гэта Ісус, стурбаваўся Ён Духам, і засведчыў, і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне».
Вучні глядзелі адзін на аднаго, не ведаючы, пра каго Ён кажа.
Дык вучні глядзелі адзін на аднаго, няпэўныя, аб кім казаў.
Быў адзін з вучняў Ягоных, якога любіў Езус і які спачываў на грудзях Езуса.
А адзін з вучняў Яго, той, якога Ісус любіў, узлягаў ля грудзей Ісусавых.
Яму і кіўнуў Сымон Пётр, каб даведаўся, хто той, пра каго Ён кажа.
Дык кіўнуў яму Сімон Пётра, каб спытаўся: «Хто гэта, аб кім Ён кажа».
Той жа прыпаў да грудзей Езуса і спытаў у Яго: «Пане, хто гэта?»
І ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, кажа Яму: «Госпадзе, а хто гэта?»
Езус адказаў: «Той, каму Я, абмакнуўшы, падам кавалак хлеба». І, абмакнуўшы кавалак, падаў яго Юдзе Сымонаваму Іскарыёту.
Адказвае Ісус: «Гэта той, каму Я падам умочаны хлеб». І, памачыўшы хлеб, падаў Юдзе Сімонаву Іскарыёту.
Тады, пасля спажыцця кавалка, увайшоў у яго д’ябал. І сказаў яму Езус: «Што маеш рабіць, рабі хутчэй».
І па кавалку хлеба ўвайшоў у яго шатан. Дык кажа яму Ісус: «Што маеш рабіць, рабі хутчэй».
Але ніхто з тых, хто быў за сталом, не зразумеў, чаму Ён так сказаў яму.
І з узлягаючых ніхто не зразумеў, да чаго Ён гэта яму сказаў.
Паколькі Юда меў скарбонку, то некаторыя думалі, што Езус сказаў яму: «Купі, што нам трэба на свята», або каб даў што-небудзь убогім.
Некаторыя думалі, што як Юда мае [грашовы] капшук, то Ісус кажа яму: «Купі, чаго нам трэба на свята», або каб што раздаў убогім.
Ён жа, спажыўшы кавалак, адразу выйшаў. А была ноч.
Той, узяўшы кавалак хлеба, адразу выйшаў; а была ноч.
Калі ж выйшаў, Езус сказаў: «Цяпер уславіўся Сын Чалавечы, а Бог уславіўся ў Ім.
І, калі выйшаў, Ісус сказаў: «Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім;
Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго.
калі Бог праслаўлены ў Ім, дык Бог праславіць Яго ў Сабе ды ўславіць Яго неўзабаве.
Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі. Будзеце шукаць Мяне, але як сказаў юдэям, так і вам кажу цяпер: куды Я іду, вы пайсці не можаце.
Сыночкі, нядоўга ўжо буду з вамі; будзеце Мяне шукаць, але, як сказаў юдэям: куды Я іду, вы прыйсці не можаце, так і вам цяпер кажу.
Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго.
Прыказанне новае даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я узлюбіў вас, каб і вы адзін аднаго любілі.
Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».
Па тым пазнаюць усе, што вы — Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».
Кажа Яму Сымон Пётр: «Пане, куды Ты ідзеш?» Адказаў яму Езус: «Куды Я іду, ты не можаш цяпер пайсці за Мною, але потым пойдзеш».
Кажа Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, куды ідзеш?» Адказаў Ісус: «Куды Я іду, ты цяпер не можаш прыйсці, але потым прыйдзеш за Мною».
Сказаў Яму Пётр: «Пане, чаму я не магу цяпер пайсці за Табою? Жыццё сваё аддам за Цябе».
Кажа Яму Пётра: «Госпадзе, чаму я цяпер не магу пайсці за Табой? Жыццё сваё аддам за Цябе».
Адказаў яму Езус: «Жыццё сваё аддасі за Мяне? Сапраўды, сапраўды кажу табе: певень не праспявае, як ты тройчы адрачэшся ад Мяне.
Адказвае яму Ісус: «Жыццё тваё за Мяне аддасі? Сапраўды, сапраўды кажу табе: перш чым певень запяе, тры разы зрачэшся Мяне.