Яна 8 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Езус пайшоў на Аліўную гару,
 
Ісус-жа адыйшоў на гару Аліўную.

а раніцай зноў прыйшоў у святыню, і ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх.
 
Ураньні зноў прыйшоў у храм, і ўвесь народ ішоў да Яго; Ён сеў і навучаў іх.

Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужалостве і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
 
І вось кніжнікі і фарысеі прывялі да Яго жанчыну, узятую за чужаложства, і паставілі яе пасяродку.

сказалі Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужалостве.
 
І сказалі Яму: — Вучыцель! гэтая жанчына злоўлена ў чужаложстве.

У Законе ж Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?»
 
У законе-ж Майсей вялеў пабіваць гэткіх каменьнямі, а што Ты скажаш?

Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі.
 
Гаварылі-ж гэта, каб спакусіць Яго сказаць такое, чым-бы маглі вінаваціць Яго; але Ісус, нахіліўшыся долу, вадзіў пальцам па зямлі, не зварачаючы на іх увагі.

Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень».
 
Калі-ж яны прыставалі да Яго з пытаньнямі, адкланіўся і сказаў ім: — хто з вас ня мае на сабе грэху, няхай першы штурне ў яе каменем.

І зноў, схіліўшыся, пісаў на зямлі.
 
Ды зноў, нахіліўся долу і стаў пісаць пальцам па зямлі.

Яны ж, калі пачулі гэта, адыходзілі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся толькі Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне.
 
Яны-ж, пачуўшы гэтае, даткнутыя сумленьнем, павыйходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старэйшых і да апошніх; застаўся адзін Ісус і жанчына, якая стаяла пасяродку.

Езус выпрастаўся і сказаў ёй: «Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?»
 
Ісус, узьняўшыся ад зямлі і ня бачачы нічога, апрача жанчыны, кажа ёй: — жанчына! дзе-ж твае асуджальнікі? ніхто не асудзіў цябе?

Яна адказала: «Ніхто, Пане». Езус сказаў ёй: «І Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы».
 
Яна адказала: — ніхто, Госпадзе; тады сказаў ёй Ісус: — і Я не асуджаю; ідзі і больш не грашы.

І зноў прамовіў да іх Езус, кажучы: «Я — святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця».
 
Зноў прамаўляў да іх Ісус, кажучы: — Я — сьвятло сьвету; хто пойдзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця.

Тады фарысеі сказалі Яму: «Ты сам пра сябе сведчыш, таму сведчанне Тваё непраўдзівае».
 
Тады сказалі Яму фарысеі: — Ты Сам за Сябе сьветчыш, дык непраўдзівае сьвядоцтва Тваё.

Езус сказаў ім у адказ: «Нават калі Я сведчу сам пра сябе, сведчанне Маё праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду. А вы не ведаеце, адкуль Я прыйшоў і куды іду.
 
Ісус-жа сказаў ім у адказ: — хоць Я і Сам за Сябе сьветчу, то сьвядоцтва Маё праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды йду; вы-ж ня ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды йду.

Вы судзіце паводле цела; Я не суджу нікога.
 
Вы судзіце паводля цела, Я-ж ня суджу нікога.

А калі Я і суджу, то суд Мой праўдзівы, таму што Я не адзін, але Я і Айцец, які паслаў Мяне.
 
А калі і суджу, то суд Мой справядлівы, бо не адзін Я суджу, але Я і Айцец Мой, Хто паслаў Мяне.

І ў Законе вашым напісана, што сведчанне двух чалавек праўдзівае.
 
І ў законе вашым напісана, што сьветчаньне двух чалавек праўдзівае.

Я і сам сведчу пра сябе, і сведчыць пра Мяне Айцец, які паслаў Мяне».
 
Я сьветчу Сам за Сябе, і сьветчыць за Мяне Айцец, Хто паслаў Мяне.

Тады яны сказалі Яму: «Дзе Айцец Твой?» Езус адказаў: «Вы не ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго».
 
Тады сказалі Яму: — дзе ёсьць Твой Айцец? Ісус адказаў: — вы ня ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго; калі-б вы ведалі Мяне, ведалі-б і Айца Майго.

Гэтыя словы Езус сказаў каля скарбніцы, калі вучыў у святыні. І ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не настала Ягоная гадзіна.
 
Гэтыя словы гаварыў Ісус пры скарбніцы, навучаючы ў храме, і ніхто не памкнуўся узяць Яго, бо ня прыйшоў час Ягоны.

І зноў сказаў ім Езус: «Я адыходжу, а вы будзеце шукаць Мяне і памрэце ў граху вашым! Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці».
 
І яшчэ прамовіз да іх Ісус: — Я адыйходжу і будзеце шукаць Мяне, і памраце ў грэху вашым; куды Я йду, вы ня можаце туды прыйсьці.

Тады юдэі сказалі: «Няўжо Ён заб’е самога сябе, што кажа: “Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці”»?
 
Пры гэтым юдэі гаварылі: — хіба Ён заб'е Самаго Сябе, калі кажа: — куды Я йду, вы ня можаце прыйсьці.

І сказаў ім: «Вы з тых, хто ўнізе, а Я з тых, хто ў вышыні. Вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету.
 
І сказаў Ён ім: — вы з нізоў, Я-ж з вышыняў; вы з гэтага сьвету, Я ня з гэтага сьвету.

Таму Я і сказаў вам, што памрэце ў грахах вашых. Бо калі не паверыце, што Я ёсць, памрэце ў грахах вашых».
 
Дзеля таго і сказаў вам, — паўміраеце ў грахох вашых, — бо калі не паверыце, кім Я ёсьць, памраце ў грахох вашых.

Тады сказалі Яму: «Хто Ты?» Езус адказаў ім: «Але ж, навошта яшчэ кажу вам!
 
Тады сказалі Яму: — Хто-ж Ты? Ісус сказаў ім: — Спрадвечны, як і кажу вам.

Шмат чаго маю казаць пра вас і судзіць, але той, хто паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое кажу свету».
 
Многа маю гаварыць і судзіць пра вас, але Ён, Хто паслаў Мяне, Праўдзівым ёсьць, і што Я чуў ад Яго, тое гавару сьвету.

Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.
 
Не разумелі, аднак, што гаварыў ім пра Айца.

Тады сказаў ім Езус: «Калі ўзвысіце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсць і нічога не раблю ад сябе, але як навучыў Мяне Айцец, так і кажу.
 
Дзеля таго Ісус сказаў ім: — як узьнімеце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што гэта Я, і што нічога не раблю ад Сябе, але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і гавару.

І той, хто паслаў Мяне, ёсць са Мною. Ён не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму падабаецца».
 
І Ён, паслаўшы Мяне, са Мною ёсьць, і не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што даспадобы Яму.

Калі Ён казаў гэта, шмат хто паверыў у Яго.
 
Калі Ён гаварыў гэтае, многія ўверылі ў Яго.

Сказаў тады Езус юдэям, якія паверылі ў Яго: «Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі
 
І прамовіў Ісус да вернікаў Сваіх з юдэяў: — калі захаваецеся подля слоў Маіх, будзеце запраўднымі вучнямі Маімі.

і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас».
 
І пазнаеце праўду, і праўда зробіць вас вольнымі.

Тыя адказалі Яму: «Мы нашчадкі Абрагама і ніколі не былі паднявольныя нікому! Як жа Ты кажаш: “Вы станеце свабоднымі?”»
 
Яны-ж адказалі Яму: — мы дзеці Абрагама, і ніколі нікому ня былі паднявольнымі; як-жа Ты кажаш, — будзеце вольнымі?

Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, гэта нявольнік граху.
 
Ісус адказаў ім: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: кажны, хто грэшыць, ёсьць слуга грэху.

А нявольнік не застаецца ў доме вечна — сын застаецца вечна.
 
Але слуга ня бытуе ў доме павек; сын астаецца павек.

Таму калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі.
 
І вось калі Сын вызваліць вас, запраўды вольнымі будзеце.

Ведаю, што вы нашчадкі Абрагама, аднак шукаеце, як Мяне забіць, бо слова Майго няма ў вас.
 
Ведаю, што вы дзеці Абрагама; але-ж вы шукаеце, каб забіць Мяне, бо словы Мае не ўмяшчаюцца ў вас.

Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, і вы робіце тое, што чулі ад айца».
 
Я гавару тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага.

Тыя сказалі Яму ў адказ: «Абрагам наш айцец». Езус сказаў ім: «Калі б вы былі дзецьмі Абрагама, рабілі б учынкі Абрагама.
 
Яны ў адказ сказалі Яму: — айцец наш Абрагам; Ісус гаворыць ім: — калі-б вы былі дзеці Абрагама, то тварылі-б учынкі Абрагамавы.

А цяпер шукаеце, як забіць Мяне, чалавека, які сказаў вам праўду, пачутую ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.
 
А тымчасам вы стараецеся забіць Мяне — Чалавека, Які адкрыў вам праўду, якую Я пачуў ад Бога; Абрагам гэтага не рабіў.

Вы робіце ўчынкі айца вашага». Яны адказалі Яму: «Мы не з распусты народжаныя. Мы маем аднаго Айца — Бога!»
 
Вы творыце ўчынкі айца вашага; на гэта сказалі Яму: — мы ня з блудадзеяньня роджаныя; Аднаго Айца маем — Бога.

Езус сказаў ім: «Калі б Бог быў вашым айцом, вы б любілі Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыходжу. Я не сам ад сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.
 
І сказаў ім Ісус: — калі-б Бог быў Айцец ваш, то вы любілі-б Мяне, бо Я з Бога выйшаў і прыйшоў; ня Сам ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.

Чаму не разумееце мовы Маёй? Бо не можаце слухаць слова Майго.
 
Чаму вы не разумееце мовы Мае? бо ня можаце выслухаць слова Майго.

Ваш айцец д’ябал, і вы хочаце выконваць жаданні бацькі вашага. Ён быў чалавеказабойцам ад пачатку і не выстаяў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён хлусіць, кажа ад сябе, бо ён ілгун і бацька хлусні.
 
Вы д'ябала маеце за айца вашага, і замыслы айца вашага хочаце выконваць; ён быў душагубцам ад пачатку, і ня ўтрымаўся ў праўдзе, бо няма яе ў ім; калі гаворыць ілжу, ад сабе гаворыць, бо ён ілжывец і бацька ілжы.

А паколькі Я кажу праўду, не верыце Мне.
 
І дзеля таго, калі Я кажу праўду, вы ня верыце Мне.

Хто з вас абвінаваціць Мяне ў граху? Калі кажу праўду, чаму не верыце Мне?
 
Хто з вас знойдзе ў Мяне грэх? калі-ж гавару праўду, чаму вы ня верыце Мне?

Хто ад Бога, той слухае Божыя словы. Вы не слухаеце, бо вы не ад Бога».
 
Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы-ж таму і ня слухаеце, што вы не ад Бога.

Тады юдэі сказалі Яму ў адказ: «Ці мы не маем рацыі, што Ты самаранін і апанаваны злым духам?»
 
На гэта юдэі сказалі Яму: — ці-ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін і што злыдух у Табе?

Езус адказаў: «Я не апанаваны злым духам, а шаную Айца Майго, вы ж зневажаеце Мяне.
 
Ісус адказаў ім: — у Мяне няма злыдуха, але Я паважаю Айца Майго; вы-ж зьневажаеце Мяне.

Я не шукаю сваёй славы. Ёсць той, хто яе шукае і хто судзіць.
 
І ня шукаю Я славы Маёй; ёсьць, Хто шукае і судзіць.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто захавае слова Маё, той не ўбачыць смерці ніколі».
 
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — хто захаваецца подля слоў Маіх, не зазнае сьмерці павек.

Тады юдэі сказалі Яму: «Цяпер мы даведаліся, што ў Табе злы дух. Абрагам памёр і прарокі, а Ты кажаш: “Калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не пакаштуе смерці”.
 
Тады сказалі Яму юдэі: — цяпер мы пазналі, што маеш злыдуха: і Абрагам памёр і прарокі, а Ты гаворыш — хто захаваецца подля слоў Маіх, не зазнае сьмерці павек.

Няўжо Ты большы за айца нашага Абрагама, які памёр? Прарокі таксама памерлі! Кім Ты сябе робіш?»
 
Няўжо Ты большы за айца нашага Абрагама, які памёр, і за прарокі паўміралі? За Каго Ты Сябе ставіш?

Езус адказаў: «Калі Я сам сябе буду праслаўляць, то Мая слава — нішто. Але тым, хто праслаўляе Мяне, ёсць Айцец Мой, пра якога вы кажаце: “Ён — наш Бог!”
 
Ісус адказаў: — калі Я Сам Сябе слаўлю, то слава Мая — нішто; Мяне ўслаўляе Айцец Мой, пра Каго вы кажаце, што Ён Бог ваш.

Вы Яго не ведаеце, а Я ведаю Яго. І калі б Я сказаў, што не ведаю Яго, Я буду ілгуном, падобным да вас. Але Я ведаю Яго і захоўваю Ягонае слова.
 
І вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго, і калі скажу, што ня знаю Яго, то буду падобны да вас ілжывец; але Я знаю Яго, і словы Яго выпаўняю.

Абрагам, айцец ваш, рады быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся».
 
Абрагам, айцец ваш, рад быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў і ўзрадаваўся.

На гэта юдэі сказалі Яму: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?»
 
На гэта юдэі сказалі Яму: Табе яшчэ няма пяцьдзесяці гадоў, — і Ты бачыў Абрагама?

Езус сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: раней, чым з’явіўся Абрагам, Я ёсць».
 
Ісус сказаў ім: — папраўдзе кажу вам: перш чым Абрагам прыйшоў у жыцьце, — Я існую.

Тады яны схапілі камяні, каб кінуць у Яго, але Езус укрыўся і выйшаў са святыні.
 
Тады хапіліся каменьні, каб кідаць у Яго, але Ісус сукрыўся і, прайшоўшы між іх, выйшаў з храму.