Яна 17 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Сказаўшы гэта, Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: «Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын уславіў Цябе.
 
Гэтае сказаўшы, Ісус узьняў вочы Свае да неба і прамовіў: — Ойча! прыйшла гадзіна, услаў Сына Твайго, ды і Сын Твой уславіць Цябе.

Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсяму, што Ты даў Яму.
 
Так як Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб і Ён усім, каго Ты даў Яму, даў жыцьцё вечнае.

А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста.
 
Жыцьцё-ж вечнае ў тым, каб пазналі Цябе, Адзінага, праўдзівага Бога і пасланага ад Цябе Ісуса Хрыста.

Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць.
 
Я ўславіў Цябе на зямлі, завяршыў дзела, якое Ты даў Мне да выкананьня.

А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету.
 
І цяпер, Ойча, услаў Мяне ў Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе да пачатку сьвету.

Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі, і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё.
 
Я абвясьціў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; яны былі Твае, і Ты даў іх Мне, і яны захавалі слова Тваё.

Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, паходзіць ад Цябе.
 
Цяпер яны зразумелі, што ўсё, дадзенае Мне ад Цябе, Тваё ёсьць.

Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне.
 
Бо словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі і зразумелі запраўды, што Я ад Цябе зыйшоў і паверылі, што Ты Мяне паслаў.

Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае.
 
Я за іх малю; не за ўвесь сьвет малю, але за тых, каторых Ты даў Мне, бо яны Твае.

І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх.
 
І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і ў іх Я ўслаўлены.

Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, Я ж іду да Цябе. Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы.
 
Я ўжо ня ў сьвеце, але яны ў сьвеце; Я-ж да Цябе іду; Ойча Сьвяты! захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты даў Мне, каб яны былі ў адзінстве, як і Мы.

Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. І збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне.
 
Калі Я быў з імі ў сьвеце, Я захаваў іх у імя Тваё; каторых даў Ты Мне, Я ўсьцярог, і ніхто з іх не загінуў, (а толькі сын загібелі), каб спраўдзілася Пісаньне.

А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць.
 
Цяпер-жа да Цябе іду, і гэта гавару ў сьвеце, каб яны мелі ў сабе радасьць Маю поўную.

Я даў ім слова Тваё, і свет зненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету.
 
Я даў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо не ад сьвету яны, як і Я не ад сьвету.

Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, а каб захаваў іх ад злога.
 
Не малю, каб узяў іх ад сьвету, але каб захаваў іх ад зла.

Яны не са свету, як і Я не са свету.
 
Яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.

Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда.
 
Асьвяці іх праўдаю Тваею, слова Тваё — праведнасьць.

Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет.
 
Як Ты Мяне паслаў у сьвет, так Я іх паслаў у сьвет.

І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвячаныя ў праўдзе.
 
І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі пасьвячаны ў праўды.

Не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга,
 
І ня толькі за іх малю, але і за тых, якія подля слоў іхных у Мяне ўверылі.

каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне.
 
Няхай будуць усе ў адзінстве, як Ты, Ойча ўва Мне, і Я ў Табе, (каб і яны ў Нас адзінствам былі), і каб уверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне.

І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно.
 
І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адзінствам, як і Мы ў адзінстве.

Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
 
Я ў іх, і Ты ўва Мне, няхай і яны будуць дасканалымі ў адзінстве, і няхай пазнае сьвет, што Ты паслаў Мяне, і узьлюбіў іх, як узьлюбіў Мяне.

Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.
 
Ойча! хачу каб тыя, каторых Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе і Я; каб бачылі славу Маю, якую Ты Мне даў, бо узьлюбіў Мяне раней за стварэньне сьвету.

Ойча справядлівы, свет не пазнаў Цябе, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне.
 
Ойча праведны! і сьвет Цябе не пазнаў, Я-ж пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне.

Я адкрыў ім Тваё імя і буду адкрываць, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, а Я ў іх».
 
І Я абвясьціў ім імя Тваё і абвяшчу, каб любоў, якою Ты узьлюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.