Яна 8 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Езус пайшоў на Аліўную гару,
 
Ісус жа пайшоў на гару Аліўную.

а раніцай зноў прыйшоў у святыню, і ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх.
 
Нара́ніцы-ж ізноў прыйшоў у царкву, і ўве́сь народ ішоў да Яго. Ён се́ў і навучаў іх.

Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужалостве і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
 
Тут кніжнікі і фарысэі прывялі да Яго жанчыну, злоўленую на чужало́жстве, і, паставіўшы яе́ пасярэдзіне,

сказалі Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужалостве.
 
сказалі Яму: Настаўнік, гэта жанчына злоўлена на чужаложстве,

У Законе ж Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?»
 
а Майсе́й у законе загада́ў нам пабіваць гэткіх каме́ньнем. Ты-ж што скажаш?

Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі.
 
Гаварылі-ж гэта спакушаючы Яго, каб знайсьці што-не́будзь дзеля абвінава́чаньня Яго. Але Ісус, нагнуўшыся, пісаў пальцам на зямлі.

Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень».
 
Калі-ж яны не пераставалі пытацца ў Яго, то, падняўшыся, сказаў ім: хто з вас бязгрэшны, пе́ршы кінь ка́мень у яе́.

І зноў, схіліўшыся, пісаў на зямлі.
 
І, зноў нагнуўшыся, пісаў на зямлі.

Яны ж, калі пачулі гэта, адыходзілі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся толькі Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне.
 
Яны-ж, пачуўшы гэтае і дакара́ныя сумле́ньнем, павыходзілі адзін за адным, пачынаючы ад старшых аж да апошніх; застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.

Езус выпрастаўся і сказаў ёй: «Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?»
 
Ісус, падняўшыся і ня бачучы нікога апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе́ тваі абвініцелі? Ніхто не асудзіў цябе́?

Яна адказала: «Ніхто, Пане». Езус сказаў ёй: «І Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы».
 
Яна адказала: ніхто, Госпадзе! Ісус жа сказаў ёй: і Я не асуджаю цябе́: ідзі і больш не грашы́.

І зноў прамовіў да іх Езус, кажучы: «Я — святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця».
 
Зноў кажа Ісус да народу: Я сьвятло́ сьве́ту; хто пойдзе за Мною, той ня будзе хадзіць у це́мры, але ме́ціме сьвятло́ жыцьця.

Тады фарысеі сказалі Яму: «Ты сам пра сябе сведчыш, таму сведчанне Тваё непраўдзівае».
 
Тады фарысэі сказалі Яму: Ты Сам аб Сабе́ сьве́дчыш, ды непраўдзівае сьвядоцтва Тваё.

Езус сказаў ім у адказ: «Нават калі Я сведчу сам пра сябе, сведчанне Маё праўдзівае, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду. А вы не ведаеце, адкуль Я прыйшоў і куды іду.
 
Адказаў ім Ісус і сказаў: калі Я і Сам аб Сабе́ сьве́дчу, то сьвядоцтва Маё справядлівае, бо Я ве́даю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ве́даеце, адкуль Я і куды іду.

Вы судзіце паводле цела; Я не суджу нікога.
 
Вы судзіце па це́лу; Я ня суджу нікога.

А калі Я і суджу, то суд Мой праўдзівы, таму што Я не адзін, але Я і Айцец, які паслаў Мяне.
 
А калі і суджу Я, то суд Мой справядлівы, бо Я не адзін, але Я і Аце́ц, што паслаў Мяне́.

І ў Законе вашым напісана, што сведчанне двух чалавек праўдзівае.
 
І ў законе-ж вашым напісана, што сьве́дчаньне двох чалаве́к справядлівае (Другазаконьне 19:15).

Я і сам сведчу пра сябе, і сведчыць пра Мяне Айцец, які паслаў Мяне».
 
Я Сам сьве́дчу аб Сабе́ і сьве́дчыць аба Мне́ Аце́ц, Які паслаў Мяне́.

Тады яны сказалі Яму: «Дзе Айцец Твой?» Езус адказаў: «Вы не ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго».
 
Тады сказалі Яму: дзе́ Аце́ц Твой? Ісус адказаў ім: вы ня ве́даеце ні Мяне́, ні Айца Майго. Калі-б вы ве́далі Мяне́, ве́далі б і Айца Майго.

Гэтыя словы Езус сказаў каля скарбніцы, калі вучыў у святыні. І ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не настала Ягоная гадзіна.
 
Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі вучыў у царкве́; і ніхто ня ўзяў Яго, бо яшчэ ня прыйшоў час яго.

І зноў сказаў ім Езус: «Я адыходжу, а вы будзеце шукаць Мяне і памрэце ў граху вашым! Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці».
 
І ізноў сказаў ім Ісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне́; і паўміраеце ў грэху сваім. Куды іду Я, вы прыйсьці ня мо́жаце.

Тады юдэі сказалі: «Няўжо Ён заб’е самога сябе, што кажа: “Куды Я іду, туды вы не можаце пайсці”»?
 
Жыды-ж гаварылі: ці не заб’е́ Ён Сябе́ Сам, што кажа: куды Я іду, вы ня мо́жаце прыйсьці?

І сказаў ім: «Вы з тых, хто ўнізе, а Я з тых, хто ў вышыні. Вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету.
 
І сказаў ім: вы ад нізу, Я-ж з вышыні; вы з гэтага сьве́ту, Я ня з гэтага сьве́ту;

Таму Я і сказаў вам, што памрэце ў грахах вашых. Бо калі не паверыце, што Я ёсць, памрэце ў грахах вашых».
 
сказаў жа Я вам, што паўміраеце ў грахох вашых; бо калі не паве́рыце, што гэта Я, то памрэцё ў грахох вашых.

Тады сказалі Яму: «Хто Ты?» Езус адказаў ім: «Але ж, навошта яшчэ кажу вам!
 
Яны-ж сказалі Яму: хто-ж Ты? І сказаў ім Ісус: Адпача́тны, як і кажу вам;

Шмат чаго маю казаць пра вас і судзіць, але той, хто паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое кажу свету».
 
многа ма́ю гаварыць аб вас і судзіць; але Той, што паслаў Мяне́, справядлівы, што Я чуў ад Яго, тое й кажу сьве́ту.

Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.
 
Не зразуме́лі, што Ён гаварыў ім аб Айцу.

Тады сказаў ім Езус: «Калі ўзвысіце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсць і нічога не раблю ад сябе, але як навучыў Мяне Айцец, так і кажу.
 
І сказаў ім Ісус: як падыймеце Сына Чалаве́чага, тады даве́даецеся, што гэта Я і што нічога ня ро́блю ад Сябе́, але як наўчыў Мяне́ Аце́ц Мой, так і гавару.

І той, хто паслаў Мяне, ёсць са Мною. Ён не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму падабаецца».
 
І са Мною Той, што паслаў Мяне́: Аце́ц не пакінуў Мяне́ аднаго, бо Я заўсёды ро́блю тое, што падабаецца Яму.

Калі Ён казаў гэта, шмат хто паверыў у Яго.
 
Калі Ён гаварыў гэтае, многія ўве́равалі ў Яго.

Сказаў тады Езус юдэям, якія паверылі ў Яго: «Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі
 
Тады сказаў Ісус уве́раваўшым у Яго Жыдом: калі астанецёся ў слове Маім, дык запраўды́ вы вучні Маі.

і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас».
 
І пазна́еце праўду, і праўда зробіць вас вольнымі.

Тыя адказалі Яму: «Мы нашчадкі Абрагама і ніколі не былі паднявольныя нікому! Як жа Ты кажаш: “Вы станеце свабоднымі?”»
 
Яму адказалі: мы се́мя Аўраама і нікому ніколі ня былі рабамі; як жа Ты кажаш: ста́нецеся вольнымі.

Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, гэта нявольнік граху.
 
Ісус адказаў ім: запраўды́, запраўды́ кажу вам: усякі, хто грашы́ць, ёсьць нявольнік грэху.

А нявольнік не застаецца ў доме вечна — сын застаецца вечна.
 
Але раб ня жыве́ ў доме ве́чна: сын астае́цца ве́чна.

Таму калі Сын вызваліць вас, будзеце сапраўды свабоднымі.
 
Дык вось, калі Сын вы́зваліць вас, то запраўды́ вольнымі будзеце.

Ведаю, што вы нашчадкі Абрагама, аднак шукаеце, як Мяне забіць, бо слова Майго няма ў вас.
 
Ве́даю, што вы се́мя Аўраама, аднак жа шука́еце, каб забіць Мяне́, бо слова Маё не ўмяшча́ецца ў вас.

Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, і вы робіце тое, што чулі ад айца».
 
Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага.

Тыя сказалі Яму ў адказ: «Абрагам наш айцец». Езус сказаў ім: «Калі б вы былі дзецьмі Абрагама, рабілі б учынкі Абрагама.
 
Яны адказалі Яму і сказалі: аце́ц наш — Аўраам. Ісус сказаў ім: калі-б вы былі дзе́ці Аўраама, то рабілі бы ўчынкі Аўраамавы.

А цяпер шукаеце, як забіць Мяне, чалавека, які сказаў вам праўду, пачутую ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.
 
А цяпе́р шука́еце, як забіць Мяне́, чалаве́ка, што сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога; Аўраам гэтага не рабіў.

Вы робіце ўчынкі айца вашага». Яны адказалі Яму: «Мы не з распусты народжаныя. Мы маем аднаго Айца — Бога!»
 
Вы робіце ўчынкі айца вашага. На гэтае сказалі Яму: мы не з распусты роджаны; аднаго Айца ма́ем, Бога.

Езус сказаў ім: «Калі б Бог быў вашым айцом, вы б любілі Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыходжу. Я не сам ад сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.
 
Ісус сказаў ім: калі-б Бог быў ваш Аце́ц, то вы любілі-б Мяне́, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе́ прыйшоў, але Ён паслаў Мяне́.

Чаму не разумееце мовы Маёй? Бо не можаце слухаць слова Майго.
 
Чаму вы не разуме́еце гутаркі Мае́? Бо ня можаце слышаць слова Майго.

Ваш айцец д’ябал, і вы хочаце выконваць жаданні бацькі вашага. Ён быў чалавеказабойцам ад пачатку і не выстаяў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён хлусіць, кажа ад сябе, бо ён ілгун і бацька хлусні.
 
Ваш аце́ц д’ябал, і вы хочаце выпаўняць жаданьні айца вашага. Ён быў душагуб ад пачатку і ня ўстоіў у праўдзе; бо яе́ няма ў ім. Калі ён гаворыць брахню, гаворыць сваё, бо ён брахун і бацька ілжы.

А паколькі Я кажу праўду, не верыце Мне.
 
А як Я праўду гавару, то ня ве́рыце Мне́.

Хто з вас абвінаваціць Мяне ў граху? Калі кажу праўду, чаму не верыце Мне?
 
Хто з вас дака́жа Мой грэх? Калі-ж Я гавару праўду, чаму вы ня ве́рыце Мне́?

Хто ад Бога, той слухае Божыя словы. Вы не слухаеце, бо вы не ад Бога».
 
Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы затым ня слухаеце, што вы не ад Бога.

Тады юдэі сказалі Яму ў адказ: «Ці мы не маем рацыі, што Ты самаранін і апанаваны злым духам?»
 
На гэтае адказалі Яму Жыды і сказалі: ці-ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін, і што злы дух у Табе́?

Езус адказаў: «Я не апанаваны злым духам, а шаную Айца Майго, вы ж зневажаеце Мяне.
 
Ісус адказаў: у ва Мне́ чарта́ няма; але Я паважаю Айца Свайго, а вы зьняважа́еце Мяне́.

Я не шукаю сваёй славы. Ёсць той, хто яе шукае і хто судзіць.
 
Дый Я-ж ня шукаю сла́вы для Мяне́; ёсьць Той, што шукае і судзіць.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто захавае слова Маё, той не ўбачыць смерці ніколі».
 
Запраўды́, запраўды́ кажу вам: хто выпаўняе слова Маё, ня ўгле́дзіць сьме́рці даве́ку.

Тады юдэі сказалі Яму: «Цяпер мы даведаліся, што ў Табе злы дух. Абрагам памёр і прарокі, а Ты кажаш: “Калі хто захоўвае Маё слова, той ніколі не пакаштуе смерці”.
 
Жыды сказалі Яму: цяпе́р даве́даліся мы, што ў Табе́ чорт. І Аўраам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто вы́паўніць слова Маё, той не спазнае сьме́рці даве́ку.

Няўжо Ты большы за айца нашага Абрагама, які памёр? Прарокі таксама памерлі! Кім Ты сябе робіш?»
 
Няўжо-ж Ты большы за айца нашага Аўраама, які ўмёр? і прарокі ўмярлі: за каго Ты Сябе́ выдае́ш?

Езус адказаў: «Калі Я сам сябе буду праслаўляць, то Мая слава — нішто. Але тым, хто праслаўляе Мяне, ёсць Айцец Мой, пра якога вы кажаце: “Ён — наш Бог!”
 
Ісус адказаў: калі Я Сам Сябе́ выслаўля́ю, то сла́ва Мая нішто. Мяне́ выслаўля́е Аце́ц Мой, аб каторым вы гаворыце, што Ён Бог ваш.

Вы Яго не ведаеце, а Я ведаю Яго. І калі б Я сказаў, што не ведаю Яго, Я буду ілгуном, падобным да вас. Але Я ведаю Яго і захоўваю Ягонае слова.
 
І вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго, і калі скажу, што ня знаю Яго, то буду падобны да вас брахун. Але Я знаю Яго і выпаўняю слова Яго.

Абрагам, айцец ваш, рады быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся».
 
Аўраам, аце́ц ваш, рад быў бачыць дзе́нь Мой; і ўгле́дзіў і ўце́шыўся.

На гэта юдэі сказалі Яму: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?»
 
На гэтае сказалі Яму Жыды: Табе́ няма яшчэ пяцідзесяцёх гадоў, і Ты бачыў Аўраама?

Езус сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: раней, чым з’явіўся Абрагам, Я ёсць».
 
Ісус адказаў ім: запраўды́, запраўды́ кажу вам: пе́рш, чымся нарадзіўся Аўраам, быў Я.

Тады яны схапілі камяні, каб кінуць у Яго, але Езус укрыўся і выйшаў са святыні.
 
Тады ўзялі каме́ньні, каб кінуць у Яго, але Ісус укрыўся і выйшаў з царквы, прайшоўшы між імі; і пайшоў дале́й.