Яна 9 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння.
І, праходзячы, угле́дзіў чалаве́ка сьляпога ад нараджэньня.
Вучні спыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?»
Вучні Яго спыталіся ў Яго: Равві! хто саграшыў: ён, ці бацькі яго, што ўрадзіўся сьляпы́?
Езус адказаў: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя.
Ісус адказаў: не саграшыў ані ён, ані бацькі яго, але дзеля выяўле́ньня ў ім дзе́л Божых.
Пакуль дзень, нам трэба рабіць справы таго, хто паслаў Мяне. Надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць.
Мне́ трэ́ба рабіць дзе́ла Таго, што паслаў Мяне́, пакуль дзе́нь; надыходзе ноч, калі ніхто ня можа рабіць.
Пакуль Я на свеце, Я — святло свету».
Пакуль Я на сьве́це, Я сьвятло́ сьве́ту.
Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому,
Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў з сьліны балота й памазаў ім вочы сьляпому
і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў купальні Сілоэ!» (што перакладаецца «Пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчым.
дый сказаў яму: пайдзі, умыйся ў купальні Сілаам (што тлумачыцца: Пасланы). Той пайшоў і ўмыўся і прыйшоў відзючы.
А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: «Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?»
Сусе́дзі-ж і тыя, што бачылі яго ране́й, як быў сьляпы́, гаварылі: ці-ж ня той гэта, што сядзе́ў і жабраваў?
Адны казалі: «Гэта ён!» Іншыя: «Падобны да яго!» А ён сам казаў: «Гэта я!»
Іншыя казалі: гэта ён, а іншыя — падобны да яго; ён жа казаў: гэта я.
Тады пыталіся ў яго: «Як жа адкрыліся твае вочы?»
Дык пыталіся ў яго: як адчыніліся вочы твае́?
Той адказаў: «Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі да купальні Сілоэ і абмыйся!” Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць».
І той адказаў і сказаў: Чалаве́к, званы Ісусам, зрабіў балота, памазаў вочы мае́ і сказаў мне́: пайдзі ў купальню Сілаам і ўмыйся. Я пайшоў, умыўся і стаў відзець.
Тады сказалі яму: «Дзе Ён?» Той адказаў: «Не ведаю».
Дык сказалі яму: дзе́ Ён? Ён адказаў: Ня ве́даю.
І павялі яго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў.
Павялі гэтага было́га сьляпо́га да фарысэяў.
А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат.
А была субота, калі Ісус зрабіў балота і адчыніў яму вочы.
Фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся, і бачу».
І пыталіся ў яго ізноў фарысэі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: балота палажыў Ён на вочы мае́, і я ўмыўся і віджу.
Тады некаторыя з фарысеяў казалі: «Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабат!» Іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды?» І падзяліліся яны.
Дык некато́рыя з фарысэяў гаварылі: не ад Бога гэты чалаве́к, бо не шануе суботы. Другія казалі: як можа чалаве́к грэшны рабіць гэткія цуды? І была між імі спрэчка.
Зноў жа сказалі сляпому: «А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы?» Той адказаў: «Гэта прарок!»
І зноў кажуць сьляпому: а ты што скажаш аб Ім, што́ Ён табе́ адчыніў вочы? Той адказаў: гэта прарок.
Аднак юдэі не паверылі, што ён быў сляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў таго, які стаў відушчым.
Жыды-ж не паве́рылі, што ён быў сьляпы і стаў відзець, пакуль не паклікалі бацькоў аздароўленага
Яны спыталіся ў іх, кажучы: «Гэта ваш сын, пра якога кажаце, што нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?»
і спыталіся ў іх: ці гэта сын ваш, аб якім вы ка́жаце, што ён радзіўся сьляпы́? Як жа ён цяпе́р бачыць?
Бацькі ягоныя адказалі: «Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым.
Бацькі яго адказалі ім і сказалі: мы ве́даем, што ён наш сын, і што ён радзіўся сьляпы́;
Але, якім чынам ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, не ведаем. Спытайцеся ў яго самога, ён дарослы, сам пра сябе скажа!»
а як цяпе́р бачыць, ня ве́даем: таксама, хто адчыніў яму, вочы, мы ня ве́даем: сам ён дарослы, самога спытайцеся; няхай сам аб сабе́ скажа.
Так адказалі бацькі ягоныя, таму што баяліся юдэяў, бо юдэі ўжо змовіліся адлучыць ад сінагогі таго, хто вызнае Езуса як Месію.
Так адказалі бацькі яго, бо баяліся Жыдоў, бо Жыды згавары́ліся ўжо, каб таго, хто прызнае Яго за Хрыста, адлучыць ад школы.
Вось таму бацькі ягоныя і сказалі: «Ён дарослы, спытайцеся ў яго!»
Дзеля гэтага бацькі яго сказалі: ён дарослы, у самога спытайцеся.
Тады другі раз паклікалі чалавека, які быў сляпы, і сказалі яму: «Аддай хвалу Богу! Мы ведаем, што той чалавек — грэшнік».
І вось другі раз паклікалі чалаве́ка, што быў сьляпы́, і сказалі яму: аддай славу Богу: мы ве́даем, што чалаве́к той грэшнік.
Ён адказаў ім: «Ці грэшнік Ён, не ведаю. Адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу».
Ён жа адказаў ім і сказаў: ці Ён грэшны, ня ве́даю, адно ве́даю, што я быў сьляпы́, а цяпе́р бачу.
Зноў сказалі яму: «Што зрабіў Ён з табою? Як адкрыў табе вочы?»
Дык ізноў сказалі яму: што Ён зрабіў з табою? Як адчыніў вочы?
Ён адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, а вы не слухалі. Навошта зноў хочаце пачуць? Хіба і вы хочаце стаць Ягонымі вучнямі?»
Адказаў ім: я ўжо сказаў вам; вы ня слухалі; што яшчэ хо́чаце чуць? Няўжо-ж вы хочаце зрабіцца Яго вучнямі?
Яны зняважылі яго і сказалі: «Ты Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея.
Яны ж дакара́лі яго, кажучы: гэта ты вучань Яго, мы-ж Майсе́явы вучні.
Мы ведаем, што з Майсеем размаўляў Бог. А вось той адкуль, мы не ведаем».
Мы ве́даем, што з Майсе́ем гаварыў Бог; аб Ім жа ня ве́даем, адкуль Ён.
І адказаў ім гэты чалавек: «Менавіта гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы!
І адказаў ім чалаве́к гэты і сказаў: гэта й дзівіць мяне́, што вы ня ве́даеце, адкуль Ён, а Ён адчыніў мне́ вочы;
Мы ведаем, што Бог не слухае грэшнікаў; а таго, хто пабожны і выконвае волю Ягоную, таго слухае.
але мы ве́даем, што грэшнікаў Бог ня слу́хае; але хто славіць Бога і выпаўняе волю Яго, таго слухае.
Адвеку не было чутна, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння.
Ад ве́ку ня чуваць было, каб хто адчыніў вочы сьляпо́му ад нараджэньня.
Калі б Ён не быў ад Бога, нічога не мог бы рабіць».
Каб Ён ня быў ад Бога, дык ня мог бы нічога рабіць.
Сказалі яму ў адказ: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш?» І выгналі яго прэч.
Яму адказалі і сказалі: у грахох ты ўве́сь урадзіўся і ты нас вучыш? І выгналі яго вон.
Езус пачуў, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў: «Ці верыш у Сына Чалавечага?»
Ісус, дачуўшыся, што выгналі яго вон, і знайшоўшы яго, сказаў яму: ці ве́рыш ты ў Сына Божага?
Той адказаў: «А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?»
Той жа адказаў і сказаў: а хто Ён, Госпадзе, каб мне́ ве́рыць у Яго?
Езус сказаў Яму: «Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою».
Ісус сказаў яму: і ты бачыў Яго, і той, што гаворыць з табою, — гэта Ён.
Ён жа сказаў: «Веру, Пане!» І аддаў Яму пашану.
Ён жа сказаў: ве́рую, Госпадзе! і пакланіўся Яму.
Тады сказаў Езус: «На суд прыйшоў Я ў гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя сталі сляпымі».
І сказаў Ісус: на суд прыйшоў Я ў сьве́т гэты, каб сьляпы́я бачылі, а тыя, што бачаць, зрабіліся сьляпы́мі.
Пачулі гэта некаторыя з фарысеяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сляпыя?»
Пачуўшы гэтае, некато́рыя з фарысэяў, што былі з Ім, сказалі Яму: няўжо-ж і мы сьляпыя?
Езус адказаў ім: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху. Але цяпер кажаце: “Бачым!”, і трывае грэх ваш.
Ісус сказаў ім: калі-б вы былі сьляпы́я, то ня ме́лі-б грэху на сабе́; але як вы кажаце, што бачыце, то грэх астае́цца на вас.