Яна 9 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння.
І праходзячы, угледзеў чалавека, сьляпога ад роду.
Вучні спыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?»
Вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: Равьві! хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ўрадзіўся сьляпы?
Езус адказаў: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя.
Ісус адказваў: не зграшыў ні ён, ні бацькі ягоныя, але гэта на тое, каб на ім выявіліся дзеі Божыя;
Пакуль дзень, нам трэба рабіць справы таго, хто паслаў Мяне. Надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць.
Мне належыць чыніць дзеі Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль ёсьць дзень; прыйдзе ноч, калі ніхто ня можа чыніць;
Пакуль Я на свеце, Я — святло свету».
пакуль Я ў сьвеце, Я — сьвятло сьвету.
Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому,
Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў гразь са сьліны і памазаў гразёю вочы сьляпому,
і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў купальні Сілоэ!» (што перакладаецца «Пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчым.
і сказаў яму: ідзі, умыйся ў купальні Сілоам, што азначае: пасланы. Той пайшоў і ўмыўся, і вярнуўся відушчы.
А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: «Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў?»
Тут суседзі і тыя, што раней бачылі яго сьляпога, казалі: ці ня той гэта, які сядзеў і прасіў міласьціны?
Адны казалі: «Гэта ён!» Іншыя: «Падобны да яго!» А ён сам казаў: «Гэта я!»
Некаторыя казалі: гэта ён. А некаторыя: падобны на яго. Ён казаў: гэта я.
Тады пыталіся ў яго: «Як жа адкрыліся твае вочы?»
Тады пыталіся ў яго: як адкрыліся ў цябе вочы?
Той адказаў: «Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі да купальні Сілоэ і абмыйся!” Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць».
Ён сказаў у адказ: чалавек, Якога завуць Ісус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: «ідзі ў купальню Сілоам і ўмыйся». Я пайшоў, умыўся і зрабіўся відушчы.
Тады сказалі яму: «Дзе Ён?» Той адказаў: «Не ведаю».
Тады сказалі яму: дзе Ён? Ён адказаў: ня ведаю.
І павялі яго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў.
Павялі гэтага былога сьляпца да фарысэяў.
А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат.
А была субота, калі Ісус зрабіў гразь і адамкнуў яму вочы.
Фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся, і бачу».
Спыталіся ў яго і фарысэі таксама, як ён відушчы зрабіўся. Ён ім сказаў: гразь паклаў Ён на мае вочы, і я ўмыўся, і бачу.
Тады некаторыя з фарысеяў казалі: «Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабат!» Іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды?» І падзяліліся яны.
Тады некаторыя фарысэі казалі: не ад Бога Гэты Чалавек, бо не шануе суботы. Іншыя казалі: як можа чалавек грэшны тварыць такія цуды? і паўстала між імі нязгода.
Зноў жа сказалі сляпому: «А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы?» Той адказаў: «Гэта прарок!»
Зноў кажуць сьляпому: ты што скажаш пра Яго, бо Ён адамкнуў табе вочы? Ён сказаў: гэта прарок.
Аднак юдэі не паверылі, што ён быў сляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў таго, які стаў відушчым.
Тады Юдэі не паверылі, што быў ён сьляпы і зрабіўся відушчы, пакуль не паклікалі бацькоў гэтага ўжо відушчага
Яны спыталіся ў іх, кажучы: «Гэта ваш сын, пра якога кажаце, што нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?»
і спыталіся ў іх: ці гэта сын ваш, пра якога вы кажаце, што нарадзіўся сьляпы? Як жа ён цяпер бачыць?
Бацькі ягоныя адказалі: «Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым.
Бацькі ягоныя сказалі ім у адказ: мы ведаем, што гэта сын наш і што ён нарадзіўся сьляпы;
Але, якім чынам ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, не ведаем. Спытайцеся ў яго самога, ён дарослы, сам пра сябе скажа!»
а чаму цяпер бачыць, ня ведаем, ці хто адамкнуў яму вочы, мы ня ведаем: сам у сталых гадах, у самога спытайце, хай сам пра сябе скажа.
Так адказалі бацькі ягоныя, таму што баяліся юдэяў, бо юдэі ўжо змовіліся адлучыць ад сінагогі таго, хто вызнае Езуса як Месію.
Так адказвалі бацькі ягоныя, таму што баяліся Юдэяў; бо Юдэі змовіліся ўжо, каб, хто прызнае Яго за Хрыста, таго адлучаць ад сынагогі;
Вось таму бацькі ягоныя і сказалі: «Ён дарослы, спытайцеся ў яго!»
вось таму бацькі ягоныя і сказалі: ён у сталых гадах, у самога спытайце.
Тады другі раз паклікалі чалавека, які быў сляпы, і сказалі яму: «Аддай хвалу Богу! Мы ведаем, што той чалавек — грэшнік».
І вось, другі раз паклікалі чалавека, які быў сьляпы, і сказалі яму: узьнясі хвалу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той — грэшнік.
Ён адказаў ім: «Ці грэшнік Ён, не ведаю. Адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу».
Ён сказаў ім у адказ: ці грэшнік Ён, ня ведаю; адно ведаю, што быў я сьляпы, а цяпер бачу.
Зноў сказалі яму: «Што зрабіў Ён з табою? Як адкрыў табе вочы?»
Зноў спыталіся ў яго: што зрабіў Ён з табою? як адамкнуў твае вочы?
Ён адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, а вы не слухалі. Навошта зноў хочаце пачуць? Хіба і вы хочаце стаць Ягонымі вучнямі?»
адказваў ім: я ўжо сказаў вам, і вы ня слухалі; што яшчэ хочаце пачуць? альбо і вы хочаце зрабіцца Ягонымі вучнямі?
Яны зняважылі яго і сказалі: «Ты Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея.
А яны дакаралі яго і сказалі: ты вучань Ягоны, а мы Майсеевыя вучні;
Мы ведаем, што з Майсеем размаўляў Бог. А вось той адкуль, мы не ведаем».
мы ведаем, што з Майсеем гаварыў Бог, а Гэтага ня ведаем, адкуль Ён.
І адказаў ім гэты чалавек: «Менавіта гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы!
Чалавек відушчы сказаў ім у адказ: гэта якраз і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адамкнуў мне вочы.
Мы ведаем, што Бог не слухае грэшнікаў; а таго, хто пабожны і выконвае волю Ягоную, таго слухае.
Але мы ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае, а хто шануе Бога і выконвае волю Ягоную, таго слухае:
Адвеку не было чутна, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння.
спрадвеку ня чулі, каб хто адамкнуў вочы таму, хто ўрадзіўся сьляпы;
Калі б Ён не быў ад Бога, нічога не мог бы рабіць».
калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы тварыць нічога.
Сказалі яму ў адказ: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш?» І выгналі яго прэч.
Сказалі яму ў адказ: у грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты нас яшчэ вучыш? І выгналі яго прэч.
Езус пачуў, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў: «Ці верыш у Сына Чалавечага?»
Ісус, пачуўшы, што выгналі яго прэч, і знайшоўшы яго, сказаў яму: ці верыш ты ў Сына Божага?
Той адказаў: «А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?»
Ён адказваў і сказаў: а хто Ён, Госпадзе, каб мне верыць у Яго?
Езус сказаў Яму: «Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою».
Ісус сказаў яму: і бачыў ты Яго, і Ён гаворыць з табою.
Ён жа сказаў: «Веру, Пане!» І аддаў Яму пашану.
А ён сказаў: веру, Госпадзе! І пакланіўся Яму.
Тады сказаў Езус: «На суд прыйшоў Я ў гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя сталі сляпымі».
І сказаў Ісус: на суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб нявідушчыя бачылі, а відушчыя асьлеплі.
Пачулі гэта некаторыя з фарысеяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сляпыя?»
Пачуўшы гэта, некаторыя фарысэі, што былі зь Ім, сказалі Яму: няўжо і мы сьляпыя?
Езус адказаў ім: «Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху. Але цяпер кажаце: “Бачым!”, і трывае грэх ваш.
Ісус сказаў ім: калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б на сабе грэху; але як што вы кажаце, што бачыце, дык грэх застаецца на вас.