Яна 3 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Быў сярод фарысеяў чалавек па імені Нікадэм, адзін са старэйшын юдэйскіх.
Сярод фарысэяў быў нехта, імем Мікадым, адзін з начальнікаў Юдэйскіх;
Ён прыйшоў да Езуса ўначы і сказаў Яму: «Раббі, мы ведаем, што Ты прыйшоў ад Бога як настаўнік. Бо ніхто не можа чыніць такіх знакаў, як Ты чыніш, калі Бог не будзе з ім».
ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Равьві! мы ведаем, што Ты — Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога; бо такіх цудаў, якія Ты творыш, ніхто ня можа тварыць, калі ня будзе зь ім Бога.
Езус адказаў яму: «Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца нанова, не можа ўбачыць Божага Валадарства».
Ісус сказаў яму ў адказ: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца згары, ня можа ўбачыць Царства Божага.
Нікадэм кажа Яму: «Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Ці ж можа ён другі раз увайсці ва ўлонне маці сваёй і нарадзіцца?»
Мікадым кажа Яму: як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? няўжо ён можа другі раз увайсьці ў лона маці сваёй і нарадзіцца?
Езус адказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства.
Ісус адказваў: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца ад вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Божае:
Народжанае з цела, ёсць целам, а народжанае з Духа, ёсць духам.
народжанае ад плоці ёсьць плоць, а народжанае ад Духа ёсьць дух.
Не здзіўляйся таму, што Я сказаў табе: трэба нарадзіцца нанова.
Ня зьдзіўляйся таму, што Я сказаў табе: трэба вам нарадзіцца згары.
Вецер вее там, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе. Так ёсць з кожным, хто нарадзіўся з Духа».
Дух дыхае, дзе хоча, і голас ягоны чуеш, а ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды сыходзіць: так бывае з кожным, народжаным ад Духа.
Нікадэм сказаў Яму ў адказ: «Як гэта можа стацца?»
Мікадым сказаў Яму ў адказ: як гэта можа быць?
Езус, адказваючы, сказаў яму: «Ты настаўнік Ізраэля і не ведаеш гэтага?
Ісус адказваў і сказаў яму: ты — настаўнік Ізраілеў, і няўжо гэтага ня ведаеш?
Сапраўды, сапраўды кажу табе: мы гаворым пра тое, што ведаем, і сведчым пра тое, што ўбачылі, а сведчання нашага не прымаеце.
Праўду, праўду кажу табе: мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, а вы сьведчаньня нашага ня прыймаеце;
Калі Я сказаў вам пра зямное, і вы не верыце, то як паверыце, калі скажу вам пра нябеснае?
Калі Я сказаў вам пра зямное, і вы ня верыце, — як паверыце, калі буду казаць вам пра нябеснае?
Ніхто не ўзышоў на неба, акрамя таго, хто з неба сышоў, — Сын Чалавечы.
Ніхто ня ўзыходзіў на неба, адзін толькі Сын Чалавечы, Які сыйшоў зь нябёсаў, сутны на нябёсах;
Як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы,
і як Майсей падняў зьмяю ў пустыні, так мае быць падняты Сын Чалавечы,
каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае».
каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае.
Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.
Бо так палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае.
Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго.
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, а каб сьвет уратаваны быў празь Яго.
Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
Хто верыць у Яго, ня судзіцца, а хто ня верыць, ужо засуджаны, бо ня ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, таму што ўчынкі іхнія былі ліхія.
А суд у тым, што сьвятло прыйшло ў сьвет; але людзі больш палюбілі цемру, чым сьвятло, бо ўчынкі іхнія былі ліхія.
Бо кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не выявіліся яго ліхія ўчынкі.
Бо кожны, хто робіць ліхое, ненавідзіць сьвятло і ня ідзе да сьвятла, каб не адкрыліся ўчынкі ягоныя, бо яны ліхія;
А хто чыніць праўду, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу».
а хто робіць па праўдзе, ідзе да сьвятла, каб яўныя былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу зроблены.
Пасля гэтага прыйшоў Езус і вучні Ягоныя ў зямлю Юдэйскую і там заставаўся з імі, і хрысціў.
Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Юдэйскую і там жыў зь імі і хрысьціў.
Ян таксама хрысціў у Эноне, недалёка ад Салема, бо там было шмат вады, і прыходзілі туды людзі, і хрысціліся;
А Ян таксама хрысьціў у Яноне паблізу Саліма, бо там было многа вады; і прыходзілі туды і хрысьціліся;
бо Яна яшчэ не кінулі ў вязніцу.
бо Ян яшчэ ня быў увязьнены ў цямніцу.
Узнікла спрэчка ў вучняў Янавых з юдэямі пра ачышчэнне.
Тады ў Янавых вучняў адбылася спрэчка зь Юдэямі пра ачышчэньне.
Яны прыйшлі да Яна і сказалі яму: «Раббі, той, хто быў з табою за Ярданам і пра каго ты сведчыў, Ён хрысціць, і ўсе ідуць да Яго!»
І прыйшлі да Яна і сказалі яму: Равьві! Той, Які быў з табою пры Ярдане, і пра Якога ты сьведчыў, вось, Ён хрысьціць і ўсе ідуць да Яго.
Ян сказаў у адказ: «Не можа чалавек нічога ўзяць, калі яму не будзе дадзена з неба.
Ян сказаў у адказ: ня можа чалавек нічога прымаць на сябе, калі ня будзе дадзена яму зь неба.
Вы самі мне сведкі ў тым, што я сказаў: я не Месія, але я пасланы перад Ім.
Вы самі мне сьведкі ў тым, што я сказаў: ня я Хрыстос, але я пасланы перад Ім.
Хто мае нявесту, той жаніх; а сябар жаніха, што стаіць і слухае яго, вельмі радуецца голасу жаніха. Гэтая радасць мая поўная.
Хто мае нявесту, той жаніх; а жаніхоў сябра, які стаіць і слухае яго, радасьцю радуецца, чуючы голас жаніха: вось гэтая радасьць мая спраўдзілася.
Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым».
Ён мае расьці, а я — малець.
Хто прыходзіць з вышыні, той над усімі. Хто з зямлі, той зямны, і па-зямному гаворыць. Хто прыходзіць з неба, той над усімі,
Хто прыходзіць з вышыні, той і ёсьць вышэйшы за ўсіх; а сутны ад зямлі зямны і ёсьць і гаворыць як сутны ад зямлі; Хто прыходзіць зь нябёсаў, ёсьць вышэйшы за ўсіх,
і што бачыў і чуў, пра тое сведчыць, але сведчання Ягонага ніхто не прымае.
І што Ён бачыў і чуў, пра тое і сьведчыць; і ніхто ня прымае сьведчаньня Ягонага.
Той, хто прыняў Ягонае сведчанне, пацвердзіў, што Бог праўдзівы.
Хто прыняў Ягонае сьведчаньне, гэтым і пацьвердзіў, што Бог праўдзівы.
Бо той, каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, таму што без меры дае Бог Духа.
Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя; бо ня мераю дае Бог Духа.
Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі Ягоныя.
Айцец любіць Сына і ўсё даў у руку Ягоную.
Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае. Хто ж не верыць у Сына, не ўбачыць жыцця, але гнеў Божы застаецца на ім.
Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае; а хто ня верыць у Сына, ня ўбачыць жыцьця, а гнеў Божы застаецца на ім.