Яна 15 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар.
Я — сапраўдная Вінаградная Лаза, а Айцец Мой — Вінаградар;
Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў.
кожную зь Мяне галінку, якая ня родзіць плоду, Ён абцінае; і кожную, якая родзіць плод, ачышчае, каб больш урадзіла плоду.
Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам.
Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я прапаведаваў вам.
Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне.
Заставайцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа радзіць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне.
Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць.
Я — Лаза, а вы галіны; хто застаецца ўва Мне, і Я ў ім, той родзіць многа плоду, бо безь Мяне ня можаце рабіць нічога.
Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. Іх збіраюць і кідаюць у агонь, і яны згараюць.
Хто не застаецца ўва Мне, той будзе выкінуты прэч, як галіна, і засохне; а такія галіны зьбіраюць і кідаюць у вагонь, і яны згараюць;
Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам.
калі застанецеся ўва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, дык, чаго ні захочаце, прасеце, і будзе вам.
Гэтым будзе ўслаўлены Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.
Тым праславіцца Айцец Мой, калі вы ўродзіце многа плоду, і будзеце Маімі вучнямі.
Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові.
Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй,
Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.
калі наказы Мае выканаеце, застанецеся ў любові Маёй, як і Я выканаў наказы Айца Майго і застаюся ў Яго любові.
Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.
Гэта сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас заставалася і радасьць вашая была поўная.
Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Гэта ёсьць запаведзь Мая, палюбеце ж адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх.
Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам.
Вы сябры Мае, калі выконваеце тое, што Я наказваю вам;
Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
Я ўжо не называю вас рабамі, бо раб ня ведае, што робіць гаспадар ягоны; а Я назваў вас сябрамі, бо сказаў вам усё, што чуў ад Айца Майго.
Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё.
Ня вы Мяне выбралі, а Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і радзілі плод, і каб плод ваш заставаўся, каб, чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам.
Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Гэта наказваю вам: любеце ж адзін аднаго.
Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зненавідзеў.
Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзеў.
Калі б вы былі са свету, ён любіў бы вас, як сваё. А паколькі вы не са свету, бо Я выбраў вас са свету, таму свет ненавідзіць вас.
Калі б вы былі ад сьвету, дык сьвет любіў бы сваё; а як вы не ад сьвету, а Я вас выбраў ад сьвету, таму ненавідзіць вас сьвет.
Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга не большы за свайго гаспадара. Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць. Калі слова Маё захавалі, то і вашае захаваюць.
Памятайце слова, якое Я сказаў вам: раб ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне гналі, гнацьмуць і вас; калі Маё слова захоўвалі, будуць захоўваць і ваша;
Але ўсё гэта будуць рабіць вам з прычыны імя Майго, бо не ведаюць таго, хто паслаў Мяне.
але ўсё тое зробяць вам за імя Маё, ня ведаюць бо Таго, Хто паслаў Мяне.
Калі б Ян не прыйшоў і не гаварыў з імі, не мелі б граху. Цяпер жа не маюць апраўдання за свой грэх.
Калі б Я ня прыйшоў і не казаў ім, дык ня мелі б грэху; а цяпер ня маюць дараваньня ў грэху сваім.
Хто ненавідзіць Мяне, той і Айца Майго ненавідзіць.
Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго;
Калі б Я не ўчыніў тых спраў, якіх не рабіў ніхто іншы, яны не мелі б граху. А цяпер яны бачылі і зненавідзелі Мяне і Айца Майго.
калі б Я ня ўчыніў паміж імі дзеяў, якіх ніхто іншы ня ўчыняў, дык ня мелі б грэху; а цяпер і бачылі, і ўзьненавідзелі і Мяне і Айца Майго.
Але няхай збудзецца слова, напісанае ў іхнім Законе: “Зненавідзелі мяне без прычыны”.
Але хай збудзецца слова, напісанае ў законе іхнім: «зьненавідзелі Мяне марна».
Калі прыйдзе Суцяшыцель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне.
Калі ж прыйдзе Суцешнік, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне;
Але і вы сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною.
А таксама і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.