Да Каласянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, і брат Цімафей —
 
Паўла, воляй Божаю Апостал Ісуса Хрыста, і Цімахве́й, брат, —

святым і верным братам у Хрысце, якія ў Калосах: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага.
 
сьвятым і ве́рным братом у Хрысьце́, што ў Калосах: Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

Дзякуем Богу, Айцу нашага Пана Езуса Хрыста, заўсёды, калі молімся за вас,
 
Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся аб вас,

бо мы пачулі пра вашую веру ў Хрысце Езусе і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых
 
пачуўшы аб ве́ры вашай у Хрыста Ісуса і аб любві да ўсіх сьвятых,

дзеля надзеі, што захавана для вас у нябёсах. Вы пачулі пра яе раней у слове праўды Евангелля,
 
дзеля надзе́і, што прыгатавана вам у нябёсах, аб якой вы ране́й чулі ў слове праўды Эвангельля,

якое прыйшло да вас. І як яно прыносіць плён і расце ва ўсім свеце, так і сярод вас, пачынаючы з дня, калі вы пачулі і пазналі Божую ласку ў праўдзе.
 
што ёсьць у вас, як і ў-ва ўсім сьве́це, і прыносіць плод, як і між вамі, з таго дня, як вы пачулі і пазналі ласку Божую ў праўдзе,

Вы навучыліся ёй ад Эпафраса, нашага ўмілаванага супольніка ў служэнні, вернага слугі Хрыстовага для вас,
 
як і навучыліся ад Эпафра, умілаванага супрацоўніка нашага, які ёсьць ве́рным за вас слугой Хрыста,

які і выявіў нам вашую любоў у Духу.
 
які і апавясьціў нас аб вашай любві ў Духу.

Таму і мы, з таго дня, калі пачулі пра вас, няспынна молімся і просім, каб вы напоўніліся пазнаннем Яго волі ва ўсёй мудрасці і духоўным разуменні;
 
Дзеля гэтага і мы, з таго дня, як пачулі, не пакідалі маліцца за вас і прасіць, каб вы напаўняліся пазнаньнем волі Яго ў-ва ўсякай мудрасьці і разуме́ньні духоўным,

каб вы паступалі годна Пана і ва ўсім падабаліся Яму, прыносячы плён ва ўсякай добрай справе і ўзрастаючы ў пазнанні Бога;
 
каб паступалі дасто́йна Бога, у-ва ўсім дагаджаючы Яму, прыносячы плод у кожнай добрай справе і узрастаючы ў пазнаньні Бога,

каб вы цалкам умацоўваліся паводле моцы славы Ягонай для поўнай вытрываласці і доўгацярплівасці. З радасцю
 
дужэючы ўсякаю сілаю па магутнасьці славы Яго на ўсякую цярплівасьць і вялікадушнасьць з радасьцяй,

дзякуйце Айцу, які зрабіў вас здольнымі ўдзельнічаць у спадчыне святых у святле,
 
дзякуючы Айцу, што паклікаў нас да ўчасьця ў спадчыне сьвятых у сьве́тласьці,

які вызваліў нас з-пад улады цемры і прывёў у Валадарства свайго ўмілаванага Сына,
 
вызваліў нас ад улады це́мры і перанёс у Царства Сына любві Свае́й,

у якім мы маем адкупленне і адпушчэнне грахоў.
 
у Якім мы маем адкупле́ньне крывёю Яго і дараваньне грахоў,

Ён з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння.
 
Які есьць абра́з Бога нявідомага, пярша́к усякага стварэньня;

Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады — усё праз Яго і для Яго створана.
 
бо Ім створана ўсе, што на нябесах і што на зямлі, бачнае і нябачнае: ці то пасады, ці дзяржавы, ці начальства, ці ўлады, — усе Ім і для Яго ство́рана;

Ён ёсць перад усім, і ўсё трывае ў Ім.
 
і Ён пе́рш за ўсё, і ўсё ў Ім стаіць.

Ён — Галава цела, гэта значыць, Касцёла. Ён — пачатак, першародны з памерлых, каб ва ўсім Ён меў першынство.
 
І Ён ёсьць галава це́ла, Царквы́; Ён — пачатак, пярша́к із мёртвых, каб быць Яму ўва ўсім пе́ршым;

Бо спадабалася Богу, каб у Ім жыла ўся паўната
 
бо ўгодна было (Айцу), каб у Ім жыла ўсякая поўня,

і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы спакой праз кроў Ягонага крыжа.
 
і каб праз Яго пагадзіць з сабою ўсё, уціхамірыўшы праз Яго, крывёю крыжа Яго, ці тое, што на зямлі, ці тое, што ў нябёсах.

Хоць вы калісьці былі адчужаныя і варожыя паводле мыслення і сваіх ліхіх справаў,
 
Дый вас, што былі калісь чужымі і ворагамі праз склоннасьць да благіх дзе́л,

цяпер Ён прымірыў вас у сваім зямным целе праз сваю смерць, каб паставіць вас перад сабою святымі, беззаганнымі і бездакорнымі,
 
цяпе́р пагадзіў у це́ле плоці Яго праз сьме́рць, каб паставіць вас сьвятымі й беззаганнымі і бязьвіннымі перад абліччам Сваім,

калі толькі вы сапраўды непарушна і цвёрда трываеце ў веры і не даеце адвесці сябе ад надзеі Евангелля, якое пачулі і якое было абвешчана ўсяму стварэнню пад небам, слугою якога стаў я, Павел.
 
калі трываеце ў ве́ры цьвёрда і непарушна, і не адпадаеце ад надзе́і Эвангельля, якое вы чулі, якое абвяшчаеца ўсяму стварэньню пад не́бам, якога я, Паўла, слуга.

Цяпер я радуюся за вас у цярпеннях і дапаўняю недахоп у маім целе пакутаў Хрыста за Ягонае цела, якім ёсць Касцёл,
 
Цяпе́р радуюся ў муках маіх за вас і дапаўняю недахват у це́ле маім сумаваньняў Хрыстовых за Яго це́ла, якое есьць Царква,

слугою якога я стаў паводле дадзенага мне дзеля вас Божага распараджэння, каб абвяшчаць слова Божае,
 
якой я стаўся служкаю паводле распарадку Божага, даручанага мне́ для вас, каб выпаўніць слова Божае,

таямніцу, схаваную ад вякоў і ад пакаленняў, якая цяпер аб’явілася Ягоным святым.
 
тайну, укрытую ад вякоў і ад родаў, цяпе́р жа выяўленую сьвятым Яго,

Ім захацеў Бог адкрыць сярод язычнікаў багацце славы гэтай таямніцы, якою ёсць Хрыстус сярод вас — надзея славы.
 
якім схаце́ў Бог даць пазнаньне, што́ за багацьце славы ў тайне гэнай сярод паганаў, якое ёсьць Хрыстос у вас, надзе́я славы,

Яго мы абвяшчаем, настаўляючы і навучаючы кожнага чалавека ўсялякай мудрасці, каб учыніць кожнага дасканалым у Хрысце.
 
Якога мы абвяшчаем, навучаючы кожнага чалаве́ка і вучачы ўсякае мудрасьці, каб нам прадставіць усякага чалаве́ка дасканалым у Хрысьце́ Ісусе,

Дзеля гэтага я і працую, змагаючыся Яго моцаю, якая магутна дзейнічае ўва мне.
 
дзеля чаго я і працую, змагаючыся сілаю Яго, што дзеець у-ва мне́ магутна.