Яна 10 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец.
Запраўды́, запраўды́ кажу вам: хто не дзьвяры́ма ўваходзіць у аве́чы двор, але пералазіць інакш, той злодзей і разбойнік.
А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак.
А хто ўваходзіць дзьвяры́ма, той пастыр аве́чак,
Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх.
яму прыдзьве́рнік адчыняе, і аве́чкі слухаюцца голасу яго, і ён кліча сваіх аве́ц па іме́ньню і выводзіць іх;
А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас.
і, калі вы́ведзе сваіх аве́чак, ідзе́ перад імі, і аве́чкі йдуць за ім, бо ве́даюць голас яго;
За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых».
за чужым жа ня пойдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ве́даюць чужога голасу.
Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.
Гэту прыповесьць сказаў ім Ісус, але яны не зразуме́лі, што такое Ён гаварыў ім.
Тады Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак.
І вось ізноў сказаў ім Ісус: запраўды́, запраўды́ кажу вам, што Я дзьве́ры аве́чак.
Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, — гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх.
Усе́, колькі іх ні прыхо́дзіла перада Мною, — зладзе́і ды разбойнікі, але аве́чкі не паслухаліся іх.
Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу.
Я — дзьве́ры; хто ўвойдзе праз Мяне́, спасён будзе, і ўвойдзе і выйдзе і пашу знойдзе.
Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку.
Злодзей прыходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць і загубіць. Я прыйшоў, каб ме́лі жыцьцё і ме́лі бале́й.
Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак.
Я пастыр добры: добры пастыр аддае́ жыцьцё сваё за аве́ц,
Найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх.
а на́йміт, які ня пастыр, для якога аве́чкі не свае́, бачыць, як прыходзе воўк, і пакідае аве́ц і ўцякае: і воўк хапае іх і разганяе аве́ц.
Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак.
На́йміт жа ўцякае, бо ён на́йміт і ня турбуецца аб аве́чках.
Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне,
Я добры пастыр і ве́даю, хто мае́, — і мае́ ве́даюць Мяне́.
як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак.
Як Аце́ц ве́дае Мяне́, так і Я ве́даю Яго і жыцьцё Маё аддаю за аве́ц.
Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр.
Ма́ю Я і іншых аве́чак, што ня з гэтага двара́, і гэных трэба Мне́ прыве́сьці, каб і Яны пачулі голас Мой. І ста́нецца адно стада і адзін пастыр.
За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў.
За тое любіць Мяне́ Аце́ц, што кладу жыцьцё Маё, каб ізноў узяць яго.
Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго».
Ніхто не адыймае яго ў Мяне́, але Я сам аддаю яго: бо ма́ю ўладу аддаць яго і ўладу ізноў узяць яго. Гэты загад дастаў я ад Айца Майго.
Праз гэтыя словы сярод юдэяў зноў адбыўся падзел.
Ад гэтых словаў ізноў узьнялася між Жыдамі спрэчка.
Многія з іх казалі: «Ён апанаваны злым духам і вар’яцее! Нашто Яго слухаеце?»
Многія з іх гаварылі: Ён ма́е ў сабе́ чарта́ і шале́е: што вы слухаеце Яго?
Іншыя казалі: «Гэта не словы апанаванага злым духам! Хіба можа злы дух адкрываць вочы сляпым?»
Другія казалі: гэта словы не апанаванага чарто́м, ці-ж можа чорт адчыняць вочы сьляпым?
Настала тады ў Ерузалеме свята Пасвячэння святыні. Была зіма,
І было тады ў Ерузаліме сьвята абнаўле́ньня, і была зіма.
і Езус хадзіў у святыні па портыку Саламона.
І хадзіў Ісус у царкве́ ў портыку Салямо́навым.
Абступілі Яго юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасці? Калі Ты Месія, скажы нам адкрыта!»
Жыды-ж абступілі Яго і казалі Яму: дакуль будзеш нас марочыць? Калі Ты Хрыстос, скажы нам проста.
Езус адказаў ім: «Я сказаў вам, і вы не верыце. Справы, якія Я чыню ў імя Айца Майго, сведчаць пра Мяне.
І адказаў ім Ісус: Я сказаў вам, і ня ве́рыце; дзе́лы, што ро́блю ў імя Айца Майго, яны сьве́дчаць аба Мне́.
Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак.
Але вы ня ве́рыце, бо вы не з Маіх аве́ц, як Я ўжо сказаў вам;
Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.
аве́чкі Мае́ слухаюцца голасу Майго, і Я ве́даю іх, і яны ідуць за Мною,
Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, ніхто не вырве іх з рукі Маёй.
і ніхто ня вы́рве іх з рукі Маёй. І Я даю ім жыцьцё ве́чнае, і не загінуць даве́ку.
Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца.
Аце́ц Мой, які даў Мне́ іх, бо́льшы за ўсіх, і ніхто ня можа вы́рваць іх з рукі Айца Майго.
Я і Айцец — адно».
Я і Аце́ц — адно.
Юдэі зноў узялі камяні, каб каменаваць Езуса.
Тут ізноў Жыды ўхапілі каме́ньні, каб пабіць Яго.
Але Езус сказаў ім: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца. За які з гэтых учынкаў хочаце каменаваць Мяне?»
Ісус адказаў ім: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго; за каторы-ж з іх хочаце Мяне́ каменава́ць?
Юдэі адказалі Яму: «Не за добры ўчынак хочам каменаваць Цябе, а за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам».
Жыды адказалі Яму, мовячы: не за добрае дзела хочам біць Цябе́ каме́ньмі, але за тое, што Ты абражаеш Бога, ды што Ты, будучы чалаве́кам, робіш Сябе́ Богам.
Езус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: Вы багі”?
Ісус адказаў ім: ці не напісана ў законе вашым: Я сказаў: вы — богі.
Калі тыя, да каго было скіравана слова Божае, названы багамі, а Пісання нельга адхіліць,
Калі Ён назваў багамі тых, да каторых было слова Божае (дый ня можа быць парушана Пісаньне),
то чаму ж вы гаворыце таму, каго Айцец асвяціў і паслаў у свет: “Блюзнерыш”, бо сказаў: “Я — Сын Божы?”
дык як жа Таму, Каго Аце́ц асьвяціў і паслаў у сьве́т, вы кажаце: блюзьніш, — за тое, што Я сказаў: Я — Сын Божы?
Калі Я не раблю справы Айца Майго, не верце Мне.
Калі Я ня роблю дзе́ла Айца Майго, ня ве́рце Мне́, —
Аднак калі раблю, і не верыце Мне, паверце справам Маім, каб пазналі і ведалі, што Айцец ува Мне, а Я ў Ім».
калі-ж роблю, і ня ве́рыце Мне́, дык ве́рце ўчынкам Маім, каб ве́далі і ўве́равалі, што Аце́ц у-ва Мне́, і Я ў Ім.
Тады яны зноў намагаліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рукі іхняй.
І ізноў шукалі, як узяць Яго, але Ён выйшаў з рук іх
І пайшоў зноў за Ярдан, на месца, дзе спачатку хрысціў Ян, і застаўся там.
і пайшоў ізноў за Іордан, на тое ме́сца, дзе́ ране́й хрысьціў Іоан, і астаўся там.
Многія прыйшлі да Яго і казалі: «Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што Ян казаў пра Яго, было праўдай».
І многія прыйшлі да Яго і казалі, што Іоан не зрабіў ніводнага цуду; але ўсё, што сказаў Іоан аб Ім, было справядліва.
І шмат хто паверыў там у Яго.
І многія там уве́равалі ў Яго.