Марка 8 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхася Міцкевіча
У тыя дні, калі сабралася даволі многа народу і ня было чаго есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім:
І было ў дні тыя: зыйшлося зноў мноства народу, і ня мелі пры сабе ежы; тады Ісус падклікаў вучняў Сваіх і сказаў ім:
шкада мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці;
— шкада Мне народу, што ўжо тры дні пры Мне, і ня маюць чаго есьці.
калі няеўшых адпушчу іх дадому, аслабнуць у дарозе, бо некаторыя зь іх прыйшлі здалёку.
Калі-ж адпушчу іх дамоў галоднымі, прыстануць у дарозе, бо шмат хто з іх папрыйходзілі здалёк.
Вучні Ягоныя адказвалі Яму: адкуль мог бы хто ўзяць тут у пустыні хлябоў, каб накарміць іх?
Вучні-ж Ягоныя сказалі Яму: — скуль-жа мог-бы хто ў гэтай пустыні ўзяць хлеба, каб накарміць іх?
І спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны адказалі: сем.
I спытаўся ў іх: — колькі маеце хлябоў? яны-ж адказалі: — сем.
Тады загадаў людзям узьлегчы на зямлю; і ўзяўшы сем хлябоў і ўзьнёсшы падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, каб яны раздалі; і яны раздалі людзям.
Тады сказаў народу супачыць на зямлі; і ўзяушы сем хлябін, узьнёс хвалу і, паламаўшы, даваў вучням Сваім, каб яны раздавалі; і яны раздалі народу.
Было ў іх і крыху рыбак; дабраславіўшы, Ён загадаў раздаць і іх.
Мелі яны і некалькі рыбак; і іх дабраславіўшы, сказаў раздаць.
І елі і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў.
I елі ўсе да здаваленьня, і назьбіралі нязьедзеных кускоў сем карабоў.
Тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.
Усіх-жа, хто елі, было пад чатыры тысячы; тады адпусьціў іх.
І адразу ўвайшоўшы ў лодку з вучнямі Сваімі, прыплыў у межы Далмануфскія.
I зараз-жа увайшоу ў лодку з вучнямі Сваімі, і прыбыў у ваколіцы Далмануфскія.
Выйшлі фарысэі, пачалі зь Ім спрачацца, і патрабавалі ад Яго азнакі зь неба, спакушаючы Яго,
І выйшлі фарысеі і пачалі з Ім спрачацца, патрабуючы знаменьня з неба, і спакушаючы Яго.
і Ён, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў: навошта род гэты патрабуе азнакі? праўду кажу вам, ня дасца роду гэтаму азнакі.
Ён-жа уздыхнуўшы ў душы Сваёй, сказаў: — нашто род гэты дамагаецца знаменьня? папраўдзе кажу вам: ня будзе дадзена знаменьне роду гэтаму.
І пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і паплыў на той бок.
I, пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку, ды адплыў на другі бок.
Пры гэтым вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў, і акрамя аднаго хлеба ня мелі з сабою ў лодцы.
Вучні-ж Ягоныя забыліся ўзяць хлебаі, апрача аднае баханкі хлеба, нічога з сабою ня мелі
А Ён наказаў ім, кажучы: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і закваскі Ірадавай.
Ён-жа перасьцерагаў іх, кажучы: — глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарысейскай і закісі Ірадавае.
І разважаючы паміж сабою, казалі: гэта азначае, што хлябоў няма ў нас.
I яны, разважалі між сабою, кажучы: — гэта пра тое, што ў нас хлеба няма.
Ісус, зразумеўшы, кажа ім: што разважаеце пра тое, што няма ў вас хлябоў? няўжо яшчэ ня цяміце і не разумееце? няўжо яшчэ скамянелае ў вас сэрца?
Ісус, зразумеўшы гэта, кажа ім: — што разважаеце пра тое, што хлеба ня маеце? ці яшчэ ня цяміце і не разумееце, ці яшчэ заслоненыя сэрцы вашыя?
маючы вочы, ня бачыце? маючы вушы, ня чуеце? і не памятаеце?
Маючы вочы, ня бачыце, і маючы вушы, ня чуеце і не памятаеце?
калі Я пяць хлябоў разламаў на пяць тысяч чалавек, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў? Кажуць Яму: дванаццаць.
Калі Я разламаў пяць хлябін на пяць тысячаў, колькі поўных карабоў назьбіралі кавалкаў? — кажуць Яму — дванаццаць.
А калі сем на чатыры тысячы, колькі кашоў набралі вы кавалкаў рэшты? Сказалі: сем.
А калі сем на чатыры тысячы, колькі кашоў астачы кавалкаў набралі вы? і яны кажуць — сем.
І сказаў ім: як жа яшчэ не разумееце?
I сказаў ім: — дык як-жа вы яшчэ не разумееце?
Прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць, каб да яго дакрануўся.
I прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога, ды просяць, каб дакрануцца да Яго.
Ён, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго зь селішча прэч і, плюнуўшы яму на вочы, усклаў на яго рукі, і спытаўся ў яго: ці бачыць што?
І ўзяўшы сьляпога за руку, вывеў яго за сялібу і плюнуўшы яму на вочы, паклаў на яго рукі і спытаўся ў яго, ці што бачыць.
Той, зірнуўшы, сказаў: бачу людзей, што праходзяць, як дрэвы.
Той-жа, узіраючыся, сказаў: — бачу людзей, нібы дрэвы хадзячыя.
Потым зноў усклаў рукі на вочы яму, і загадаў яму зірнуць. І ён выздаравеў, і пачаў бачыць усё ясна.
Тады зноў палажыў рукі на вочы яго і адкрыў зрок, і ён стаў бачыць усё ясна.
І паслаў яго дамоў, сказаўшы: не заходзь у селішча і не расказвай нікому ў селішчы.
I адаслаў яго дадому, сказаўшы: — ідзі ў яго дом, а прайходзячы праз сялібу, нікому ня расказвай.
І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў селішчы Кесарыі Піліпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў Сваіх: за каго ўважаюць Мяне людзі?
I пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі у сялібы Касарыі Піліпавай; у дарозе Ён пытаў у вучняў Сваіх, гаворачы да іх: — за каго лічаць Мяне людзі?
Яны адказвалі: за Яна Хрысьціцеля, а другія — за Ільлю, а іншыя — за аднаго з прарокаў.
Яны ў адказ сказалі Яму: — за Яна Хрысьціцеля; іншыя — за Ільлю, іншыя-ж — за аднаго з прарокаў.
Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты — Хрыстос.
Ён-жа кажа ім: — а вы за каго Мяне ўважаеце? у адказ сказаў Яму Пётра прамовіў: Ты — Хрыстос.
І строга наказаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
I забараніў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.
І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы мае адпакутаваць; быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і забітым быць і на трэйці дзень уваскрэснуць.
I пачаў навучаць Іх, што прызначана Сыну Чалавечаму цяжка адпакутаваць і быць адкіненаму праз старшыняў, архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітаму, і па трох днёх уваскроснуць.
І гаварыў пра гэта адкрыта. А Пётр, адклікаўшы Яго, пачаў пярэчыць Яму.
І гаварыў гэта выразна для ўсіх; Пётра-ж, адклікаўшы, пачаў пярэчыць Яму.
А Ён, абярнуўшыся і зірнуўшы на вучняў Сваіх, строга ўшчуў Пятра, сказаўшы: адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
Ён-жа, абярнуўшыся і глянуўшы на вучняў, забараніў Пятру, сказаўшы: — адыйдзі ад Мяне, шатане, бо думаеш не пра Божае, але пра чалавечае.
І паклікаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісьці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною сьледам;
І, падклікаўшы народ з вучнямі Сваімі, сказаў ім: — калі хто хоча іці за Мною, адрачыся самога сябе, і вазьмі крыж свой ды йдзі сьледам за Мною.
бо, хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Дабравесьця, той уратуе яе;
Бо хто хоча душу сваю зьберагчы, загубіць яе, а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і Евангельля, той ухавае яе.
бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?
Бо якая карысьць чалавеку, калі-б ён здабыў увесь сьвет, а душы сваей учыніў шкоду.
альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
Або, што дасьць чалавек узамен за душу сваю.
бо, хто пасаромеецца Мяне і Маіх словаў у родзе гэтым распусным і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго са сьвятымі анёламі.
Бо хто пастыдаецца Мяне і слоў Маіх у родзе гэтым блудным і грэшным, таго пастыдаецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з ангеламі сьвятымі.