Марка 8 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
У тыя дні, калі сабралася даволі многа народу і ня было чаго есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім:
У тыя дні, калі зноў сабраўся вялікі натоўп і не меў чаго есці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, гаворыць ім:
шкада мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці;
«Шкада мне гэтых людзей, бо ўжо тры дні тоўпяцца пры Мне, ды не маюць чаго есці.
калі няеўшых адпушчу іх дадому, аслабнуць у дарозе, бо некаторыя зь іх прыйшлі здалёку.
Калі іх галодных адпраўлю дамоў, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк».
Вучні Ягоныя адказвалі Яму: адкуль мог бы хто ўзяць тут у пустыні хлябоў, каб накарміць іх?
І адказалі Яму вучні Яго: «Скуль зможа хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?»
І спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны адказалі: сем.
І пытаўся Ён у іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны адказалі: «Сем».
Тады загадаў людзям узьлегчы на зямлю; і ўзяўшы сем хлябоў і ўзьнёсшы падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, каб яны раздалі; і яны раздалі людзям.
І загадаў людзям сесці на зямлі, і, узяўшы сем хлябоў і падзяку складаючы, паламаў і даў вучням Сваім, каб раздалі людзям. І яны раздалі народу.
Было ў іх і крыху рыбак; дабраславіўшы, Ён загадаў раздаць і іх.
І мелі крыху рыб. І іх дабраславіў, і загадаў, каб таксама падалі людзям.
І елі і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў.
І елі, і насыціліся, і сабралі таго, што засталося, сем корабаў кавалкаў.
Тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.
Было ж тых, што елі, каля чатырох тысяч. І адпусціў іх.
І адразу ўвайшоўшы ў лодку з вучнямі Сваімі, прыплыў у межы Далмануфскія.
І, адразу сеўшы са Сваімі вучнямі ў лодку, прыйшоў у межы Далмануты.
Выйшлі фарысэі, пачалі зь Ім спрачацца, і патрабавалі ад Яго азнакі зь неба, спакушаючы Яго,
І фарысеі выйшлі, і пачалі з Ім спрачацца, і, выпрабоўваючы Яго, дамагаліся ў Яго знака з неба.
і Ён, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў: навошта род гэты патрабуе азнакі? праўду кажу вам, ня дасца роду гэтаму азнакі.
І Ісус, уздыхнуўшы ў Духу Сваім, гаворыць: «Чаму гэтае пакаленне патрабуе знака? Сапраўды кажу вам: знак не будзе дадзены пакаленню гэтаму».
І пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і паплыў на той бок.
Ды, пакінуўшы іх і зноў увайшоўшы ў лодку, пераправіўся праз мора.
Пры гэтым вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў, і акрамя аднаго хлеба ня мелі з сабою ў лодцы.
І забыліся ўзяць хлеб, і мелі з сабою ў лодцы толькі адзін бохан.
А Ён наказаў ім, кажучы: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і закваскі Ірадавай.
І Ён загадаў ім, кажучы: «Глядзіце, сцеражыцеся кіслі фарысейскай ды кіслі Ірадавай».
І разважаючы паміж сабою, казалі: гэта азначае, што хлябоў няма ў нас.
І яны разважалі між сабой, кажучы, што не маюць хлябоў.
Ісус, зразумеўшы, кажа ім: што разважаеце пра тое, што няма ў вас хлябоў? няўжо яшчэ ня цяміце і не разумееце? няўжо яшчэ скамянелае ў вас сэрца?
Ісус, разумеючы гэта, гаворыць ім: «Чаму бядуеце, што не маеце хлеба? Дасюль не ўцяміце і не зразумееце? Яшчэ акамянела сэрца ваша?
маючы вочы, ня бачыце? маючы вушы, ня чуеце? і не памятаеце?
Няўжо, маючы вочы, не бачыце ды, маючы вушы, не чуеце? І не памятаеце,
калі Я пяць хлябоў разламаў на пяць тысяч чалавек, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў? Кажуць Яму: дванаццаць.
як Я пяць хлябоў разламаў на пяць тысяч, колькі вы сабралі поўных кашоў кавалкаў?» Кажуць Яму: «Дванаццаць».
А калі сем на чатыры тысячы, колькі кашоў набралі вы кавалкаў рэшты? Сказалі: сем.
«А калі тыя сем на чатыры тысячы, дык колькі тады сабралі корабаў кавалкаў?» Кажуць Яму: «Сем».
І сказаў ім: як жа яшчэ не разумееце?
І казаў ім: «Дык яшчэ не разумееце?»
Прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць, каб да яго дакрануўся.
І прыходзіць у Бэтсайду. І прыводзяць да Яго сляпога, ды просяць, каб дакрануўся да яго.
Ён, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго зь селішча прэч і, плюнуўшы яму на вочы, усклаў на яго рукі, і спытаўся ў яго: ці бачыць што?
Дык, узяўшы сляпога за руку, завёў яго за вёску і, плюнуўшы на вочы яму і ўсклаўшы Свае рукі на яго, спытаўся ў яго: «Бачыш што-небудзь?»
Той, зірнуўшы, сказаў: бачу людзей, што праходзяць, як дрэвы.
А той, гледзячы, казаў: «Бачу людзей, што як дрэвы. Бачу, ходзяць».
Потым зноў усклаў рукі на вочы яму, і загадаў яму зірнуць. І ён выздаравеў, і пачаў бачыць усё ясна.
І затым зноў усклаў рукі на вочы яго, аздаравіў яго зрок, і той стаў ясна ўсё бачыць.
І паслаў яго дамоў, сказаўшы: не заходзь у селішча і не расказвай нікому ў селішчы.
І адправіў яго ў дом яго, кажучы: «Вярніся ў дом свой і не заходзь у вёску, не расказвай нікому».
І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў селішчы Кесарыі Піліпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў Сваіх: за каго ўважаюць Мяне людзі?
І направіўся Ісус з вучнямі Сваімі ў межы Цэзарэі Піліпавай. І ў дарозе пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Што кажуць людзі: Хто Я ёсць?»
Яны адказвалі: за Яна Хрысьціцеля, а другія — за Ільлю, а іншыя — за аднаго з прарокаў.
Яны адказалі Яму, кажучы: «Адны — што Ян Хрысціцель, другія — што Ілля, а яшчэ іншыя — што адзін з прарокаў».
Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты — Хрыстос.
Тады пытаўся Ён у іх: «А вы за каго Мяне лічыце?» Адказваючы, гаворыць Яму Пётра: «Ты — Хрыстос!»
І строга наказаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
І забараніў ім, каб нікому аб Ім не гаварылі.
І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы мае адпакутаваць; быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і забітым быць і на трэйці дзень уваскрэснуць.
І пачаў іх вучыць: «Сыну Чалавечаму трэба многа цярпець, і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым ды па трох днях уваскрэснуць».
І гаварыў пра гэта адкрыта. А Пётр, адклікаўшы Яго, пачаў пярэчыць Яму.
І прамаўляў пра гэта адкрыта. І Пётра, адвёўшы Яго, пачаў папракаць Яго.
А Ён, абярнуўшыся і зірнуўшы на вучняў Сваіх, строга ўшчуў Пятра, сказаўшы: адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
Ісус жа, азірнуўшыся і глянуўшы на Сваіх вучняў, забараніў Пётры і кажа: «Адыдзі ад Мяне, шатан, бо не разумееш, што Божае, але што чалавечае».
І паклікаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісьці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною сьледам;
І, склікаўшы людзей разам з вучнямі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісці за Мною, хай зрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой, ды ідзе за Мною.
бо, хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Дабравесьця, той уратуе яе;
Бо хто хацеў бы ўратаваць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і дзеля Евангелля, той уратуе яе.
бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?
Бо што за карысць чалавеку, калі ўвесь свет здабудзе, а душы сваёй пашкодзіць?
альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
І што дасць чалавек у выкуп за душу сваю?
бо, хто пасаромеецца Мяне і Маіх словаў у родзе гэтым распусным і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго са сьвятымі анёламі.
Бо хто пасаромеецца Мяне і слоў Маіх перад гэтым распусным і грэшным пакаленнем, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі святымі».