Марка 5 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Прыйшлі на другі бераг мора, у краіну Гадарынскую.
І перайшлі на другі бок мора, у краіну гадарынаў.
І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу сустрэў Яго чалавек, які выйшаў з магілаў, апанаваны нячыстым духам;
І калі выходзіў Ён з лодкі, адразу ж з магіл да Яго выбег чалавек, апанаваны нячыстым духам,
у яго было жытло ў магілах, і ніхто ня мог зьвязаць яго нават ланцугамі;
які меў жыллё ў магілах, і ніхто не мог яго звязаць нават ланцугамі.
бо колькі разоў яго ні кавалі ў ланцугі і путы, але разрываў ланцугі і разьбіваў путы, і ніхто ня меў сілы ўтаймаваць яго;
Бо яго шмат разоў скоўвалі і кайданамі, і ланцугамі, але рваў ланцугі і разбіваў кайданы, ды ніхто не мог яго ўтаймаваць.
заўсёды, уночы і ўдзень, у горах і магілах, крычаў ён і біўся аб каменьне.
І ён заўсёды ўночы і днём у магілах і гарах крычаў ды біў сябе камянямі.
А ўбачыўшы Ісуса здалёк, прыбег і пакланіўся Яму,
І, здалёк бачачы Ісуса, прыбег і пакланіўся Яму,
і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне? Ісусе, Сыне Бога Усявышняга! заклінаю Цябе Богам, ня муч мяне!
і, крычучы моцным голасам, кажа: «Што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Узвышняга? Заклінаю цябе Богам, каб мяне не мучыў».
Бо Ісус сказаў яму: выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека.
Бо Ён казаў яму: «Выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека».
І спытаўся ў яго: як тваё імя? І той сказаў у адказ: легіён імя мне, бо нас многа.
І пытаўся ў яго: «Якое тваё імя?» І кажа Яму: «Маё імя — легіён, бо нас многа».
І вельмі прасілі Яго, каб ня высылаў іх прэч з краіны той.
Ды прасіў Яго вельмі, каб не выганяў іх прэч з краіны.
А пасьвіўся там пад гарою вялікі гурт сьвіней.
А там на гарах пасвіўся вельмі вялікі статак свінняў.
І прасіліся ў Яго ўсе дэманы, кажучы: пашлі нас у сьвіней, каб нам увайсьці ў іх.
І ўсе дэманы прасілі Яго, кажучы: «Пусці нас у свінняў, каб маглі мы ў іх увайсці».
Ісус адразу дазволіў ім. І нячыстыя духі, выйшаўшы, увайшлі ў сьвіней; і памкнуўся гурт з урвішча ў мора, а іх было каля дзьвюх тысяч; і патанулі ў моры.
Ісус адразу дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў свінняў. І амаль двухтысячны статак з вялікім імпэтам з адхону кінуўся ў мора і патануў.
А сьвінапасы паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках. І жыхары выйшлі паглядзець, што сталася.
Тыя ж, што пасвілі яго, паўцякалі і абвясцілі гэта па горадзе і вёсках. Дык прыйшлі паглядзець, што здарылася.
Прыходзяць да Ісуса і бачаць, што апантаны, у якім быў легіён, сядзіць і апрануты, і ў здаровым розуме; і спалохаліся.
І прыйшлі да Ісуса, і бачаць таго, што быў апанаваны дэманам, як ён сядзеў адзеты, пры здаровым розуме; таго, у якім быў легіён, — і спалохаліся.
А тыя, што бачылі, расказалі ім пра тое, як гэта здарылася з апантаным, і пра сьвіней.
І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з тым, які меў дэмана, і пра свінняў.
І пачалі прасіць Яго, каб адышоў ад межаў іхніх.
І пачалі яны прасіць Яго, каб адышоў ад іх межаў.
І калі Ён увайшоў у лодку, апантаны прасіў Яго, каб быць зь Ім.
І, калі Ён уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны, каб яму застацца пры Ім.
Але Ісус не дазволіў яму, а сказаў: ідзі дамоў да сваіх і раскажы ім, што ўчыніў з табою Гасподзь і як зь цябе ўмілажаліўся.
Але Ісус не прыняў яго і гаворыць яму: «Ідзі да твайго дома і да тваіх, і раскажы ім, што ўчыніў Госпад з табою і як злітаваўся над табой».
І пайшоў і пачаў зьвеставаць у Дзесяцігародзьдзі, што ўчыніў зь ім Ісус. І ўсе дзіваваліся.
І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся.
Калі Ісус зноў пераправіўся ў лодцы на другі бераг, сабралася да Яго мноства людзей. Ён быў каля мора.
І, калі пераправіўся Ісус у лодцы праз мора, сышоўся да Яго вялікі натоўп, і Ён быў каля мора.
І вось, прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, якога звалі Яір, і, убачыўшы Яго, падае ў ногі Яму
І прыйшоў адзін з начальнікаў сінагогі імем Яір, і, убачыўшы Яго, паў да ног Яго,
і ўмольна просіць Яго, кажучы: дачка мая пры сьмерці; прыйдзі і ўскладзі на яе рукі, каб яна ачуняла і засталася жывая.
і вельмі прасіў Яго, шмат кажучы: «Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб паздаравела і жыла».
Ісус пайшоў зь ім. За Ім сьледам ішло мноства людзей, і націскалі на Яго.
І Ісус пайшоў за ім, і велізарны натоўп ішоў за Ім, і націскаў на Яго.
Адна жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў,
І адна жанчына, якая была хворая на крывацечу аж дванаццаць гадоў,
шмат нацярпелася ад многіх лекараў, патраціла ўсё, што было ў яе, і ня зыскала ніякай палёгкі, а самой толькі пагоршала,
якая шмат нацярпелася ад усякіх лекараў і ўсю сваю маёмасць патраціла, ды нічога не дабілася, але яшчэ горш чулася,
дачуўшыся пра Ісуса, падышла ззаду ў натоўпе і кранулася вопраткі Ягонай;
калі пачула пра Ісуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Яго адзення,
бо казала: калі хоць да вопраткі Ягонай дакрануся, дык выздаравею.
бо яна казала: «Калі толькі дакрануся да Яго адзення, паздаравею».
І перастала адразу ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што ачуняла ад хваробы.
І зараз жа перасох струмень крыві яе і адчула на целе, што паздаравела ад хворасці.
А ў той самы час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што выйшла зь Яго сіла, абярнуўся ў народзе і сказаў: хто крануўся Маёй вопраткі?
І Ісус, адразу адчуўшы, што магутнасць, якая ў Ім была, выйшла з Яго, звярнуўшыся да натоўпу, гаварыў: «Хто дакрануўся да адзення Майго?»
Вучні сказалі Яму: Ты бачыш, што людзі націскаюць на Цябе, і кажаш: «хто крануўся Мяне?».
Вучні Яго казалі Яму: «Бачыш, як натоўп ціснецца да Цябе, і кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”»
Але Ён глядзеў навокал, каб убачыць тую, якая зрабіла гэта.
Але Ён азіраўся вакол, каб пабачыць тую, якая зрабіла гэта.
Жанчына ў страху і трымценьні, ведаючы, што зь ёю сталася, падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
Жанчына ж, баючыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падышла, і пала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду.
А Ён сказаў ёй: дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі ў міры і будзь здаровая ад хваробы тваёй.
І Ісус сказаў ёй: «Дачка! Вера твая выратавала цябе. Ідзі ў супакоі і будзь аздароўлена ад хваробы тваёй».
Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, прыходзяць ад начальніка сынагогі і кажуць: дачка твая памерла; чаго яшчэ дакучаеш Настаўніку?
Калі яшчэ Ісус гаварыў, прыходзяць ад начальніка сінагогі, кажучы: «Дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Настаўніка?»
Але Ісус, пачуўшы гэтыя словы, адразу кажа начальніку сынагогі; ня бойся, толькі веруй.
Ісус жа, як толькі пачуў сказанае слова, гаворыць начальніку сінагогі: «Не бойся, толькі май веру».
І не дазволіў нікому ісьці сьледам за Ім, акрамя як Пятру, Якаву і Яну, брату Якава.
І не дазволіў нікому ісці за Ім, адно Пётры, Якубу і Яну, брату Якуба.
Прыходзяць у дом начальніка сынагогі і бачаць перапалох, і плачуць і голасам галосяць.
І прыходзяць у дом начальніка сінагогі, і бачаць роспач, і плач, і галашэнне вялікае.
І ўвайшоўшы, кажа ім: чаго сумеліся і плачаце? дзяўчына не памерла, а сьпіць.
І, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаму сумуеце і плачаце? Дзяўчынка не памерла, але спіць».
І сьмяяліся зь Яго. Але Ён, выслаўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку і маці дзяўчыны і тых, што былі зь Ім, і ўваходзіць туды, дзе дзяўчына ляжала.
І смяяліся з Яго. Ісус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ з Сабой бацьку і маці дзяўчынкі і тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.
І ўзяўшы дзяўчыну за руку, кажа ёй: таліфа-кумі, што азначае: «Дзяўчына, табе кажу, устань».
І, узяўшы за руку дзяўчынку, гаворыць ёй: «Таліта кумі», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!»
І дзяўчына адразу ўстала і пачала хадзіць, бо была гадоў дванаццаці. І вялікаму дзіву даліся.
І зараз жа ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а было ёй дванаццаць гадоў. І ўсе дзівіліся з дзіва вялікага.
І Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб ёй далі есьці.
І наказаў ім сурова, каб ніхто аб гэтым не ведаў, ды сказаў, каб далі ёй есці.