Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Макабэяў 4 2-я Макабэяў 4 разьдзел

1 А згаданы вышэй Сімон, здраднік скарбаў і бацькаўшчыны, злосна гаварыў пра Онію, як быццам ён быў прычынай няшчасцяў, якія здарыліся з Гэліёдарам, і падбухторваў супраць яго;
2 і дабрадзея горада ды таго, хто дапамагаў сваім землякам і спаганяў закон, адважваўся называць супраціў-нікам улады.
3 Але калі варожасць дайшла да таго, што нават адзін з Сімонавых прыхільнікаў стаў дапускацца забойстваў,
4 Онія, бачачы небяспеку барацьбы і што Апалоній, сын Мэнестэя, кіраўнік Цэлесірыі і Фэніцыі, павялічвае злос-насць Сімона, накіраваўся да цара
5 не па тое, каб вінаваціць землякоў, але маючы на ўвазе дабро супольнае, і асабліва — усяе супольнасці.
6 Ведаў бо ён, што без царскай прад-бачнасці немагчыма дасягнуць супакою ў справах і што Сімон не пакіне свайго глупства.
7 Але пасля смерці Сэлеўка ўладу пераняў Антыёх, на прозвішча Эпіфан, першасвятарства ж выпрошваў Язон, брат Оніі,
8 абяцаючы цару пры вырашэнні трыста шэсцьдзесят талентаў срэбрам, і з нейкіх іншых даходаў — восемдзесят талентаў;
9 а апрача таго абавязваўся выплаціць і іншых сто пяцьдзесят, калі яму будзе дазволена наладзіць сваім коштам гімнасій і эфэбей, і жыхароў Ерузаліма запісаць як антыёхцаў.
10 Калі цар на гэта згадзіўся і ён прыняў уладу, зараз жа пачаў пераносіць да сваіх землякоў грэчаскі звычай.
11 І, скасаваўшы гуманітарныя прывілеі адносна сяброўства і саюзу, якімі карысталіся юдэі дзеля дабраты цароў праз Ёана, бацьку Эўпалема, які быў легатам у рымлян, ён, парушаючы законныя правы грамадзян, уводзіў звычаі, праціўныя закону.
12 Бо без хістанняў каля самай крэпасці пабудаваў гімнасій ды ўсіх найлепшых юнакоў захапіў, каб увесці пад яго павець.
13 Гэта была нейкая вышэйшая ступень яднання з Грэцыяй і наступ чужых звычаяў з прычыны бязбожніка, і непершасвятара Язона, з прычыны нечуванай яго сапсаванасці,
14 так што святары не рупіліся ўжо аб абавязках каля ахвярніка, але, пагардзіўшы святыняй і занядбаўшы ахвяры, спяшаліся ўдзельнічаць у праціўных закону гульнях палестры пасля знака кінутага дыска
15 і за нішто мелі нават бацькоўскія пашаны, а за найлепшыя лічылі грэчаскія адзнакі.
16 Таму напаткала іх небяспечная барацьба, і сярод тых, жыццё якіх хацелі атрымаць у спадчыну і да якіх хацелі ва ўсім быць падобнымі, знайшлі ворагаў і карнікаў.
17 Бязбожна бо рабіць супраць законаў Божых не абыдзецца без кары, але гэта пакажа наступны час.
18 Калі ж у Тыры святкаваліся публічныя гульні, што ўчыняліся раз у пяць год, і цар прысутнічаў там,
19 злачынны Язон паслаў туды гледачамі антыёхцаў з Ерузаліма, каб даставіць трыста драхмаў срэбра ў ахвяру Геркулесу; таксама тыя, хто прынёс іх, папрасілі не ўжываць іх на ахвяру, бо не належыцца, але прызначыць іх на іншую мэту.
20 Вось, гэта здарылася з-за таго, які паслаў на ахвяру Геркулесу, а дзякуючы тым, хто дастаўляў гэта, пайшло на будаванне трырэмаў.
21 Калі ж Апалоній, сын Мэнестэя, быў пасланы ў Егіпет дзеля ўзыходжання на пасад цара Філамэтара і калі Антыёх даведаўся, што ён стаў чужым яму ў яго справах, парупіўся аб сваёй бяспечнасці; таму, будучы ў Ёпэ, накіраваўся ў Ерузалім.
22 І ўрачыста прыняты быў Язонам і горадам; быў ён уведзены пры святле светачаў і ўскліканнях; такім чынам, адтуль з войскам накіраваўся ў Фэніцыю.
23 І пасля трох гадоў Язон паслаў да Мэнелая, брата вышэй згаданага Сімона, каб адвёз грошы цару ды завяршыў разбор пільных спраў.
24 А ён, прадстаўлены цару, захапіў яго відам уладарным, дык здабыў для сябе першасвятарства, ахвяруючы трыста талентаў срэбра — болей, чым Язон;
25 і, выслухаўшы царскія прыказанні, вярнуўся, але не прынёс ён зусім нічога, што было б годным становішча першасвятара, маючы толькі злоснасць дзікага звера і душу жудаснага тырана.
26 І вось, Язон, які падступна выгнаў свайго ўласнага брата, сам быў падмануты другім і мусіў уцякаць, выгнаны ў край аманітаў.
27 А Мэнелай прыняў уладу; а з дакляраваных цару грошай нічога з доўгу не выплачваў,
28 хоць і дамагаўся выплаты Састрат, наглядчык крэпасці; да яго бо ўлады належала збіраць падаткі. З гэтае прычыны абодва былі пазваны да цара;
29 і вось Мэнелай пакінуў сваім наступнікам першасвятарства Лісімаха — брата свайго, а Састрат — Кратэта, кіраўніка кіпрыётаў.
30 А ў такіх абставінах жыхары Тарса і Малоты ўзбунтаваліся, таму што яны былі падараваны Антыяхідзе, царскай наложніцы.
31 Такім чынам, выбраўся цар паспешна, каб уціхамірыць іх, пакінуўшы замест сябе Андраніка, аднаго са сваіх пераемнікаў.
32 А Мэнелай, думаючы, што выбраў адпаведны час, прысвоіў сабе з святыні некаторыя залатыя пасудзіны і падараваў Андраніку, і іншыя прадаў у Тыры і навакольных гарадах.
33 Калі аб гэтым дакладна даведаўся Онія, ён выкрываў яго, падаўшыся ў бяспечнае месца — Дафнэ каля Антыёхіі.
34 Таму Мэнелай, паклікаўшы сам-насам Андраніка, прасіў яго, каб ён забіў Онію. Дык ён, калі прыбыў да Оніі, падступна ўпэўніў, падаючы правую руку з клятваю, — хоць той меў падазрэнні, — пераканаў яго выйсці са сховішча, і адразу ж забіў яго без аглядкі на справядлівасць.
35 З гэтае прычыны не толькі юдэі, але таксама многія прадстаўнікі другіх народаў былі абураны ды засмучаны дзеля несправядлівага забойства гэтага чалавека.
36 А калі цар вярнуўся з мясцовасцей Цыліцыі, то пражываючыя ў горадзе юдэі і грэкі, аднадушна абураныя тым злачынствам, што Онія быў забіты без прычыны, звярнуліся да цара.
37 Дык Антыёх, крануты болем душы і спачуваннем, праліў слёзы дзеля разважнасці забітага і яго вялікай лагоднасці;
38 і, узгарэўшыся гневам, адразу здзёр з Андраніка пурпур, і раздзёр яго шаты, і загадаў весці яго праз увесь горад аж да месца, на якім паказаў на Оніі сваю бязбожнасць, і там загадаў пакараць бязбожнага забойцу, — так Госпад аддаў яму заслужанай карай.
39 А калі Лісімах са згоды Мэнелая дапусціўся многіх святататстваў у горадзе ды вестка аб гэтым выйшла вонкі, то народ узбунтаваўся супраць Лісімаха, бо ўжо шмат залатых рэчаў было страчана.
40 А калі натоўпы падняліся і гневам перапоўніліся, Лісімах, узброіўшы каля трох тысяч чалавек, пачаў гвалт нячыстымі рукамі пад кіраўніцтвам нейкага Аўрана, узросту не меншага, чым дурасці.
41 Але, убачыўшы такое нахабства Лісімаха, адны схапілі камяні, другія — моцныя калы, а некаторыя, набраўшы ў рукі пяску з зямлі, адзін за адным кідалі ў людзей Лісімаха.
42 Дзеля таго многа з іх паранілі, некаторых жа нават забілі, а ўсіх змусілі ўцякаць; самога ж святататца забілі каля скарбоўні.
43 Дык па гэтай прычыне адбыўся суд над Мэнелаем.
44 І калі цар прыбыў у Тыр, тры чалавекі, пасланыя да яго з радоў старэйшын, вынеслі абвінавачванне,
45 І Мэнелай, бачачы ўжо, што пагражае загуба, паабяцаў Пталемею, сыну Дарымэна, вялікія грошы, каб улагодзіць цара.
46 Затым Пталемей, узяўшы далёка, на нейкі панадворак калонаў, быццам дзеля таго, каб асвяжыць цара, адвёў ад намеру гэтага.
47 І вызваліў ён ад усякага ліха Мэнелая, вінаватага ў злачынствах, няшчасных жа, якія апраўданы б былі, хоць бы іх абвінавацілі перад скіфамі, асудзіў на смерць.
48 Такім чынам, хутка несправядлівую кару атрымалі тыя, якія заступіліся за горад, і за народ, і за святыя пасудзіны.
49 З гэтай прычыны і тырыйцы, абураныя злачынствам, на пахаванне іх даставілі ўсяго, што патрэбна, на вялікі кошт.
50 Мэнелай жа заставаўся пры ўладзе дзеля хцівасці маючых уладу і ўзрастаў у ліхоцці, стаўшы злосным ворагам грамадзян.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая Кніга Макабэяў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017