1 І Горгія ўзяў з сабою пяць тысяч чалавек і тысячу адборных коннікаў, і ноччу выйшлі з лагера,
2 каб наблізіцца да лагера юдэяў і раптоўна нанесці ім паражэнне; і праваднікамі ім былі людзі з крэпасці.
3 І даведаўся пра гэта Юда, і сам з моцнымі накіраваўся, каб напасці на войска царскае, якое размяшчалася ў Эмаусе,
4 яшчэ ў той час, калі войска было далёка ад лагера.
5 І прыйшоў Горгія ў лагер Юды ноччу, і нікога не знайшоў; ды шукаў іх у гарах, бо сказаў: «Яны ўцякаюць ад нас».
6 І на світанні Юда з’явіўся на раўніне з трыма тысячамі чалавек ваяроў; акрамя панцыраў і мечаў не мелі іншай зброі, як хацелі.
7 І ўбачылі ўзмоцнены лагер паганаў, і ўзброеных панцырамі, і конніцу вакол іх, і яны былі вывучаныя для бою.
8 І Юда сказаў ваярам, якія былі з ім: «Не бойцеся мноства іх, ды не палохайцеся іх нападзення;
9 прыгадайце сабе, як у Чырвоным моры збаўлены былі нашы бацькі, калі наганяў іх фараон разам з войскам.
10 Ды цяпер усклічма да неба, можа, злітуецца над намі, і ўспомніць пра прымірэнне з бацькамі нашымі, і сёння сатрэ войска гэтае перад намі;
11 ды хай ведаюць усе народы, што ёсць Той, Хто адкупляе і ратуе Ізраэля».
12 І пагане паднялі свае вочы, і ўбачылі іх, што ішлі насупраць,
13 ды выйшлі з лагера і ўступілі ў бой. І тыя, што былі з Юдам, затрубілі ў трубы,
14 і распачалі бой; і пагане былі пабітыя і ўцяклі на раўніну.
15 А якія ўцякалі апошнімі, усе загінулі ад меча, гналі іх аж да Газэрона ды аж да раўніны ідумеяў, да Азота і да Ямніі; і пала з іх каля трох тысяч ваяроў.
16 І Юда і войска яго вярнуліся з пагоні за імі;
17 і сказаў Юда народу: «Не квапцеся на здабычу, бо ідзе вайна супраць нас;
18 і Горгія, і яго войска блізка да нас, на гары; аднак зараз станьце супраць ворагаў нашых і перамажыце іх, і тады, напэўна, возьмеце здабычу гэту».
19 І калі яшчэ гэта гаварыў Юда, з’явілася якаясьці дружына, што сыходзіла з гары.
20 І ўбачыла яна, што іх людзі паўцякалі, і лагер спалілі; бо бачны дым паказваў, што тут сталася.
21 Тыя, што гэта зразумелі, надта спалохаліся; а калі на раўніне ўбачылі і войска Юды, гатовае да бою,
22 усе ўцяклі ў зямлю чужынцаў.
23 І Юда вярнуўся, каб забраць здабычу з лагера; і ўзялі многа золата і срэбра, а таксама гіяцынту і пурпуру марскога, дый многа багацця.
24 І, вяртаючыся, спявалі яны песні, і дабраслаўлялі неба: «Бо Ён добры, і міласэрнасць Яго вечная».
25 І ў той дзень здзейснілася вялікае збаўленне Ізраэля.
26 А тыя з паганаў, якія ўцалелі, прыйшлі і паведамілі Лісію аб усім, што здарылася;
27 ён, выслухаўшы іх, устрывожыўся і паў духам, бо не тое сталася з Ізраэлем, што ён хацеў, і не так выйшла, як яму цар загадаў.
28 Ды ў наступным годзе сабраў шэсцьдзесят тысяч адборных пешых ваяроў ды пяць тысяч коннікаў, каб перамагчы іх.
29 І прыбылі ў Ідумею, і ў Бэтсуры паставілі лагер; і Юда з дзесяццю тысячамі ваяроў пайшоў насустрач ім.
30 І ўбачыў ён войска моцнае ды стаў маліцца і прасіць: «Дабраславёны Ты, Збаўца Ізраэля! Ты рукою паслугача свайго Давіда зламаў нападзенне магутнага, ды лагер чужынцаў перадаў у рукі Ёнаты, сына Саўла, і збраяносца яго.
31 Выдай гэтае войска ў рукі народа Твайго, Ізраэля, каб былі засаромлены ў войску сваім і ў конніцы сваёй.
32 Нагані на іх страх і растапі адвагу мужнасці іх, ды хай яны будуць запалоханы паражэннем сваім;
33 павалі іх на зямлю мечам тых, якія шануюць Цябе, і хай славяць Цябе гімнамі ўсе, хто ведае Тваё імя».
34 І кінуліся тыя і іншыя ў бой, і з войска Лісіі пала пяць тысяч ваяроў, і палі яны ад сваіх супраціўнікаў.
35 А Лісія, бачачы, што войска яго адступае, а юдэі адважна наступаюць, гатовыя або на смерць, або на жыццё, адступіў у Антыёхію ды знайшоў ваяроў, каб з большым войскам зноў пайсці ў Юдэю.
36 А Юда і яго браты сказалі: «Вось, нашы ворагі знішчаны, хадземце ачысцім святыні і нанава аднавім іх».
37 І сабралася ўсё войска, і пайшлі на гару Сіён.
38 І ўбачылі яны, што святыня спустошана, і ахвярнік спаганены, і брамы папалены, і панадворак зарос кустамі, як у лесе або на адной з гор, і месцы для святароў зруйнаваны.
39 Ды раздзёрлі адзенне сваё, і паднялі вялікі лямант, і галовы пасыпалі попелам,
40 і пападалі тварам на зямлю, і затрубілі ў сігнальныя трубы, і прызвалі неба.
41 Тады Юда паставіў ваяроў ваяваць супраць тых, што знаходзіліся ў крэпасці, пакуль не ачысціў святыні.
42 І падабраў святароў беззаганных, спаганяючых закон;
43 і ачысцілі яны святыню, і вынеслі спаганеныя камяні на нячыстае месца.
44 І параіліся, што зрабіць з ахвярнікам цэласпалення, які быў спаганены.
45 І ўзнікла ў іх добрая думка, каб разбіць яго, каб не было для іх ганьбай тое, што пагане спаганілі яго; і разбурылі ахвярнік,
46 і камяні склалі на вызначаным месцы на гары дома, аж пакуль не з’явіўся прарок, каб адказваць за іх.
47 І па законе ўзялі неабчасаныя камяні і на ўзор папярэдняга пабудавалі новы ахвярнік.
48 І пабудавалі святыню, і тое, што было ўнутры дома, і прысенак асвяцілі.
49 І зрабілі новыя святыя пасудзіны, ды ўнеслі каганец, і ахвярнік каджэння, і стол у храм.
50 І на ахвярніку ўспалілі кадзіла, і запалілі свечкі на каганцы, і свяцілі яны ў святыні,
51 і на стале паклалі хлябы, і павесілі заслоны, і так усё давялі да канца, што рабілі.
52 І ў дваццаць пяты дзень дзевятага месяца, гэта значыць месяца Каслеў, сто сорак восьмага года, дваццаць пятага дня дзевятага месяца, усталі перад світаннем
53 і ўсклалі ахвяру па законе на ахвярніку цэласпалення новым, які пабудавалі;
54 дакладна ў той час і ў той дзень, у які пагане яго спаганілі, у гэты самы дзень ён нанова быў адбудаваны пры спевах песняў, і цытрах, і гуслях, і цымбалах.
55 І ўвесь народ паў на твар, і аддалі паклоны, і дабраславілі аж да неба Таго, Хто ім так паспагадаў;
56 і восем дзён святкавалі пасвячэнне ахвярніка ды з радасцю ўскладалі ахвяры цэласпалення, і пасвячалі ахвяры збаўлення і пахвалы,
57 і фасад святыні аздобілі залатымі вянкамі ды малымі шчытамі, і асвяцілі брамы і памяшканні для святароў ды ўставілі ў іх дзверы.
58 І народ ахапіла надта вялікая радасць, і спынілася ганьба з боку паганаў.
59 І вось Юда, і браты яго, і ўся супольнасць Ізраэля рашылі, што дзень пасвячэння ахвярніка будуць з весялосцю і радасцю адзначаць з году ў год восем дзён, пачынаючы ад дваццаць пятага дня месяца Каслеў.
60 І ў гэты час гару Сіён абвялі мурам і высокімі і моцнымі вежамі, каб часам не напалі пагане і не стапталі, як раней рабілі.
61 І размясціў там войска, каб сцераглі яе, ды ўмацаваў яе для абароны Бэтсура, каб народ меў умацаванне ад Ідумеі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першая Кніга Макабэяў, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017