Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Макабэяў 11 1-я Макабэяў 11 разьдзел

1 Цар Егіпта сабраў войска, як пясок на беразе мора, і шмат караблёў, і мусіў падступна завалодаць царствам Аляксандра ды далучыць яго да свайго царства.
2 І ён прыбыў у Сірыю са словамі супакою, і адкрывалі яму гарады, і сустракалі яго, бо цар Аляксандр загадаў выходзіць яму насустрач, бо ён быў цесцем яго.
3 Пталемей жа, як толькі ўваходзіў у горад, пакідаў варту вайсковую ў кожным горадзе.
4 І калі ён прыбыў у Азот, паказалі яму спалены храм Дагона, і Азот, і ваколіцы яго разбураныя, і целы, выкінутыя і папаленыя, якія папаліў ён у вайне; бо склалі яны іх у кучы на дарозе, якою меў ён праходзіць.
5 І расказалі цару аб тым, што зрабіў Ёната, каб яго зганіць; і цар маўчаў.
6 І Ёната сустрэў цара ў Ёпэ пышна ды ўзаемна павіталіся і адпачывалі там.
7 І Ёната правёў цара аж да ракі, якая называецца Элеўтэр, і вярнуўся ў Ерузалім.
8 А цар Пталемей завалодаў прыбярэжнымі гарадамі аж да марской Сэлеўцыі, ды адносна Аляксандра меў ліхія намеры.
9 І паслаў ён да Дэмэтрыя легатаў сказаць: «Прыбудзь, заключым супакой між сабой, і дам табе дачку сваю, якую мае Аляксандр, і будзеш валадарыць у царстве бацькі свайго;
10 каюся бо, што аддаў яму дачку сваю, бо хацеў мяне забіць».
11 І паклёп навёў на яго, таму што хацеў завалодаць яго царствам.
12 І адабраў дачку сваю ды аддаў яе Дэмэтрыю, і стаў чужым Аляксандру, і выявілася варожасць між імі.
13 І Пталемей увайшоў у Антыёхію і ўсклаў сабе на галаву два вянцы: Егіпта і Азіі.
14 А цар Аляксандр у той час быў у Цыліцыі, таму што жыхары гэтых гарадоў паўсталі супраць яго;
15 і Аляксандр даведаўся пра гэта, і выступіў супраць яго вайной. І Пталемей узяў войска, і сустрэў яго моцнаю рукой, і змусіў яго ўцякаць.
16 І ўцёк Аляксандр у Арабію, каб там схавацца; цар жа Пталемей узвысіўся.
17 І араб Забадзіэль адсек галаву Аляксандру і даставіў Пталемею.
18 І на трэці дзень Пталемей цар памёр; і жыхары гарадоў пазабівалі тых, што былі ва ўмацаваннях.
19 І ў сто шэсцьдзесят сёмым годзе Дэмэтрый стаў царом.
20 У той час Ёната сабраў юдэяў, каб здабыць крэпасць у Ерузаліме; і прыгатавалі супраць яе асадныя машыны, прытым шмат.
21 І знайшліся некаторыя здраднікі, якія ненавідзелі свой народ, і пайшлі да цара, і расказалі яму, што Ёната асадзіў крэпасць.
22 І ён, пачуўшы, раззлаваўся, і адразу ж, як пачуў, падняў лагер, і прыбыў да Пталемеі, і напісаў Ёнату, каб не асаджаў крэпасць і каб паспяшаўся на перамовы з ім у Пталемею.
23 А калі пачуў пра гэта Ёната, загадаў асадзіць крэпасць, і выбраў са старэйшын Ізраэля, і са святароў, і сам выставіў сябе на небяспеку,
24 і ўзяў срэбра і золата, і адзенне, і шмат іншых дароў, і адправіўся да цара ў Пталемею, і знайшоў ласку ў яго.
25 І некалькі здраднікаў са свайго народа вінавацілі яго.
26 І цар абышоўся з ім, як абышліся з ім яго папярэднікі: і ўшанаваў яго на віду ўсіх сваіх прыяцеляў,
27 і назначыў яму першасвятарства і іншыя рэчы — усё каштоўнае, што меў раней, і зрабіў яго кіраўніком першых прыяцеляў.
28 І Ёната папрасіў цара, каб Юдэю, і тры акругі яе, і Самарыю вызваліў ад падаткаў, і паабяцаў яму трыста талентаў.
29 І цар згадзіўся і напісаў Ёнату лісты аб усіх гэтых справах такога зместу:
30 «Цар Дэмэтрый брату Ёнату і народу Юдэйскаму — прывітанне.
31 Копію ліста, які напісалі мы адносна вас Ластэну, сваяку нашаму, пішам і вам, каб вы ведалі:
32 “Цар Дэмэтрый Ластэну бацьку — прывітанне.
33 Народу юдэйскаму, прыяцелям нашым, верна выконваючым тое, што справядліва адносна нас, мы рашылі спагадаць за іх добразычлівасць, якую яны нам аказваюць.
34 Дык мы пакідаем ім тэрыторыю Юдэі і тры акругі: Афэрэму, і Ліду, і Раматаім, якія далучаны да Юдэі ад Самарыі, ды ўсе ваколіцы іх; усіх, якія ўскладаюць у Ерузаліме ахвяры, вызваляем ад царскіх падаткаў, якія цар ад іх дасюль збіраў штогод — з таго, што ўрадзілася на зямлі і на дрэвах;
35 і ад гэтага часу зракаемся ўсяго таго, што нам належала з дзесяцін, і падаткаў, што тычыліся нас, і ад салёных азёр ды ад вянечных падаткаў, якія нам прыпадаюць,
36 і нічога з гэтага хай не будзе зменена ад гэтай хвіліны і назаўсёды.
37 Дык цяпер пастарайцеся зрабіць копію гэтых рашэнняў і ўручыць яе Ёнату, і павінен ён памясціць яе на святой гары на пачэсным месцы”».
38 І калі цар Дэмэтрый убачыў, што перад абліччам яго ўсё супакоілася на зямлі і нішто яму не працівіцца, распусціў усё войска сваё, кожнага на сваё месца, апрача чужаземнага войска, якое наняў на астравах паганаў; і ўсе дружыны, якія служылі яшчэ пры яго бацьку, варожа адносіліся да яго.
39 А Трыфан раней быў прыхільнікам Аляксандра, і заўважыў ён, што ўсе ваяры наракаюць на Дэмэтрыя, ды пайшоў да араба Імалькуэ, які гадаваў Антыёха, сына Аляксандра;
40 ды прасіў яго, каб аддаў яго яму, каб ён валадарыў замест бацькі свайго. І расказаў яму, што зрабіў Дэмэтрый і аб варожасці войска яго да яго; і там прабыў доўгі час.
41 І Ёната паслаў з просьбай да цара Дэмэтрыя, каб ён выдаліў тых, што былі ў крэпасці ў Ерузаліме, ды тых, што прабывалі ва ўмацаваннях, бо змагаліся яны супраць Ізраэля.
42 І Дэмэтрый адпісаў Ёнату так: «Не толькі гэта зраблю табе і народу твайму, але ўслаўлю цябе славаю і народ твой, калі надыдзе нагода;
43 дык цяпер добра зробіш, калі прышлеш на дапамогу мне ваяроў, бо адступіла ўсё войска маё».
44 І паслаў яму Ёната тры тысячы ваяроў баявых у Антыёхію, і яны прыбылі да цара, і суцешыўся цар іх прыбыццём.
45 І жыхары горада ў ліку каля ста дваццаці тысяч чалавек сабраліся і хацелі забіць цара;
46 і цар схаваўся ў палацы, і жыхары горада апанавалі вуліцы горада і пачалі ваяваць.
47 І цар прызваў на дапамогу юдэяў, і прыбылі яны ўсе разам да яго, і разышліся па горадзе, і ў той дзень забілі каля ста тысяч чалавек.
48 І ў той дзень спалілі горад, і забралі многа здабычы, і вызвалілі цара.
49 І калі жыхары горада пераканаліся, што гэта юдэі апанавалі горад, як хацелі, то палі духам і папрасілі цара:
50 «Падай нам правую руку, і хай юдэі перастануць ваяваць супраць нас і супраць горада».
51 Ды кінулі зброю сваю, і заключылі прымірэнне; і юдэі хадзілі ў славе перад царом і перад усімі, што былі ў яго царстве, і праславіліся ў царстве, і з вялікай здабычай вярнуліся ў Ерузалім.
52 І цар Дэмэтрый сядзеў на пасадзе царства свайго, і запанаваў супакой на зямлі яго.
53 І ён ашукаў ва ўсім, што сказаў, і стаў чужым адносна Ёнаты, і не аддаў яму за дабрадзействы, якія ад яго атрымаў, і надта дакучаў яму.
54 Па гэтых падзеях Трыфан вярнуўся, маючы з сабой Антыёха, малога яшчэ хлапчука; і пачаў ён цараванне, і ўсклаў на галаву сабе вянец.
55 І каля яго сабраліся ўсе ваяры, якіх адпусціў Дэмэтрый, і ваявалі супраць яго, і ён быў пабіты і ўцёк.
56 І Трыфан узяў сланоў і здабыў Антыёхію.
57 І малады яшчэ Антыёх напісаў Ёнату ліст такога зместу: «Стаўлю цябе першасвятаром і стаўлю цябе правіцелем над чатырма рэгіёнамі, каб быў ты прыяцелем цару».
58 І паслаў яму залатыя пасудзіны і сталовыя пасудзіны, і даў яму права піць з залатых чараў, і хадзіць у пурпуры, і насіць залатую засцежку.
59 І брата яго Сімона назначыў кіраўніком на тэрыторыі ад сходаў да Тыра аж да межаў Егіпта.
60 І Ёната пайшоў у паход і пераправіўся на той бок ракі Ярдан, і прайшоў праз гарады, і ўсё сірыйскае войска далучылася да яго, каб яму дапамагаць; і прыбыў у Аскалон, і жыхары горада сустрэлі яго ўрачыста.
61 І адтуль адправіўся ў Газу, і жыхары Газы замкнулі перад ім брамы; ды асадзіў ён яе, і спаліў тое, што было вакол горада, і ўзяў там здабычу.
62 І жыхары Газы перапрасілі Ёнату, ды падаў ён ім правіцу, і як заложнікаў узяў сыноў іх кіраўнікоў, і паслаў іх у Ерузалім; і прайшоў праз усю зямлю аж да Дамаска.
63 І Ёната даведаўся, што ў Кадэсе ў Галілеі знаходзяцца кіраўнікі Дэмэтрыя з вялікім войскам, жадаючыя пазбавіць яго ўлады;
64 ды ён пайшоў супраць іх, а свайму брату Сімону загадаў заставацца ў краі.
65 І Сімон асадзіў Бэтсуру, і доўгі час нападаў на яе ды асадзіў яе.
66 І папрасілі яго, каб падаў ім правіцу, і падаў ім яе; і выгнаў іх адтуль, і апанаваў горад, і памясціў у ім варту.
67 І Ёната са сваім лагерам наблізіўся да возера Гэнэзар, і на світанні пайшлі на раўніну Азор.
68 І вось, раўнінай крочыла на яго чужынскае войска, і ў гарах нарыхтавалі на яго засаду; і яны ішлі прама на яго.
69 І тыя, хто быў у засадзе, паўсталі з месцаў сваіх і распачалі бой.
70 І тыя, што былі з боку Ёнаты, паўцякалі ўсе, і ніхто з іх не застаўся, апрача кіраўнікоў войска: Мататыі, сына Абсалома, і Юды, сына Хальфі.
71 І Ёната раздзёр адзенне сваё, і галаву сваю пасыпаў попелам, і маліўся.
72 І вярнуўся ён да іх у бой, і ён перамог іх, і яны ўцяклі.
73 І тыя, што з боку яго ўцякалі, убачылі гэта, і вярнуліся да яго ды разам з ім пераследавалі іх да Кадэса, аж да іх лагера, і там размясціліся.
74 І паміж чужынцаў загінула таго дня тры тысячы ваяроў, і Ёната вярнуўся ў Ерузалім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая Кніга Макабэяў, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017