Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Макабэяў 13 1-я Макабэяў 13 разьдзел

1 І Сімон пачуў, што Трыфан сабраў многа войска, каб пайсці ў Юдэйскую зямлю і спустошыць яе.
2 Бачачы, што народ у страху і трымценні, пайшоў ён у Ерузалім, і склікаў народ,
3 і падбадзёрыў яго, і казаў ім: «Вы ведаеце, колькі я, і браты мае, і дом бацькі майго зрабілі баёў дзеля законаў і дзеля святыні і якія мы мелі беды.
4 Дзеля гэтага, дзеля Ізраэля, загінулі ўсе браты мае, і застаўся толькі я адзін.
5 І цяпер, калі настаў час трывогі, не выпадае мне шкадаваць свайго жыцця, бо не лепшы я за братоў маіх.
6 Наадварот — буду помсціць за народ свой, і за святыню, і таксама за жонак і дзяцей вашых, усе бо народы сабраліся, звязаныя нянавісцю, каб знішчыць нас».
7 І адразу ж, як народ пачуў гэтыя словы, паднялася ў ім адвага,
8 і адказалі ў адзін магутны голас, кажучы: «Ты наш правадыр на месцы Юды і Ёнаты, брата твайго!
9 Ваюй за нашу справу, і ўсё, што загадаеш нам, — выканаем».
10 І сабраў ён усіх людзей баявых, і паспяшаўся завяршыць адбудову ўсіх муроў Ерузаліма і наўкруг яго ўмацаваў.
11 І паслаў Ёнату, сына Абсалома, і з ім вялікае войска ў Ёпэ, і ён, выкінуўшы тых, што ў ім былі, застаўся там, у ім.
12 І Трыфан з вялікім войскам адправіўся з Пталемеі ў Юдэйскую зямлю, і Ёната быў з ім як вязень.
13 Сімон жа наблізіўся да Адзіды з боку раўніны.
14 І калі Трыфан даведаўся, што Сімон стаў на месца свайго брата Ёнаты і што маніцца ваяваць з ім, паслаў да яго вестуноў,
15 кажучы: «Затрымалі мы брата твайго Ёнату за срэбра, што ён вінен быў скарбоўні цара дзеля спраў, якія ён меў;
16 ды прышлі цяпер сто талентаў срэбра і двух сыноў яго, як заложнікаў, каб ён, адпушчаны, не ўцёк ад нас, і мы адпусцім яго».
17 І Сімон даведаўся, што падступна яны з ім гавораць, але паслаў аддаць срэбра і хлапчукоў, каб сярод людзей не выклікаць нянавісці да сябе,
18 бо казалі б: «Загінуў таму, што не паслаў яму срэбра і хлопцаў».
19 Ды паслаў хлопцаў і сто талентаў; і ён падмануў і не адпусціў Ёнату,
20 і затым Трыфан пайшоў, каб уварвацца ў краіну, каб спустошыць яе, і акружылі яе ўздоўж дарогі, што ідзе ў Адору. І Сімон са сваім войскам пераймалі яго ў кожным месцы, куды яны ішлі.
21 А тыя, што былі ў крэпасці, паслалі да Трыфана вестуноў, каб прымусіць яго прыйсці да іх праз пустыню і даставіць ім правіянт.
22 І Трыфан падрыхтаваў усю сваю конніцу ў дарогу; і ў тую ноч выпала надта многа снегу, і ён не прыбыў дзеля снегу, ды завярнуў і прыбыў у Галаад.
23 І калі набліжаўся да Баскама, забіў Ёнату, і там ён быў пахаваны;
24 і павярнуў Трыфан і накіраваўся ў сваю зямлю.
25 І Сімон паслаў людзей, і забраў косці Ёнаты, брата свайго, і пахаваў яго ў Модзіне, горадзе яго бацькоў.
26 Ды аплаквалі яго ўсе ізраэльцы з вялікім жалем і насілі па ім жалобу доўгі час.
27 І Сімон на магіле свайго бацькі і сваіх братоў паставіў надта вялікі помнік і ўзвысіў яго так, што здалёку можна было яго бачыць, ззаду і спераду абкладзены вычасанымі камянямі;
28 і паставіў сем пірамід, адну з адной побач: для бацькі, для маці і для чатырох братоў.
29 І зрабіў дзеля іх упрыгожанні, паставіўшы вакол высокія калоны, і на калонах на вечную памяць памясціў зброю, і побач са зброяй — павыдзёўбваныя караблі, так што маглі іх пабачыць усе, што будуць плысці па моры.
30 Гэты помнік, зроблены і пастаўлены ў Модзіне, стаіць па гэты дзень.
31 А Трыфан, скарыстаўся доступам да маладога цара Антыёха, і яго забіў;
32 на яго месцы цараваў ды ўсклаў сабе на галаву вянец Азіі, і для краіны спрычыніў вялікае гора.
33 І Сімон пабудаваў у Юдэі крэпасці, умацоўваючы іх вялікімі вежамі і высокімі мурамі, і брамамі, і запорамі; і ў крэпасцях размясціў правіянт.
34 І Сімон падабраў людзей і паслаў іх да цара Дэмэтрыя, каб даў палягчэнне краю, бо дзейнасць Трыфана была рабункам.
35 І цар Дэмэтрый на гэта даў яму адказ і напісаў такі ліст:
36 «Цар Дэмэтрый першасвятару Сімону, прыяцелю цара, старэйшынам і народу юдэйскаму — прывітанне.
37 Атрымалі мы залаты вянец і пальмавую галіну, якія вы прыслалі; і мы гатовыя заключыць з вамі поўны супакой, а таксама напісаць да намеснікаў цара, каб не бралі з вас падаткаў, якія мы даравалі.
38 Бо ўсё, што мы рашылі адносна вас, застаецца; крэпасці, якія вы пабудавалі, хай вам належаць.
39 Прабачаем вам таксама няведанне і грахі аж да сённяшняга дня і вянечны падатак, які вы былі вінаваты; і калі яшчэ ў Ерузаліме ёсць нейкія незаплачаныя падаткі, хай не будуць плачаны.
40 І калі знойдуцца сярод вас здатныя быць упісанымі ў лік наш, хай запісваюцца, і між намі хай будзе супакой».
41 У сто сямідзесятым годзе ярмо паганаў было знята з Ізраэля.
42 І народ на дакументах стаў пісаць: «У першым годзе Сімона — вялікага першасвятара і правіцеля юдэяў».
43 У гэты час Сімон наблізіўся да Газары і абкружыў яе войскам, і зрабіў асадную машыну, і падвёў пад горад, і ў адной вежы зрабіў вылам, і завалодаў ёю.
44 І якія былі ўнутры машыны, уварваліся ў горад; і ў горадзе сталася страшэннае замяшанне.
45 І жыхары горада разам са сваімі жонкамі і дзецьмі ўзышлі на мур, разадраўшы адзенне сваё, і загаласілі, і ўмалялі Сімона, каб падаў ім правую руку,
46 і сказалі яны: «Не аддавай нам паводле нашых злачынстваў, але па сваёй міласэрнасці».
47 І згадзіўся з імі Сімон, і не ваяваў ужо супраць іх; аднак выгнаў іх з горада ды ачысціў дамы, у якіх знаходзіліся ідалы, і тады толькі ўвайшоў туды, спяваючы і дабраслаўляючы.
48 І выкінуў з яго ўсякую нячыстасць, і пасяліў там людзей, якія трымаліся закону, і ўмацаваў горад, і пабудаваў сабе жытло.
49 Тым жа, што былі ў крэпасці ў Ерузаліме, забаранялася выходзіць і ўваходзіць у край, і купляць, і прадаваць; ды яны надта галадалі ды многія з іх ад голаду пагінулі.
50 І папрасілі Сімона, каб падаў ім правіцу, дык падаў ім, і іх выгнаў адтуль, і крэпасць ачысціў ад усякае нячыстасці.
51 І ўвайшлі ў яго ў дваццаць трэці дзень другога месяца сто семдзесят першага года, з песнямі і з пальмавымі галінкамі, і з кімваламі, і з арфамі, і з гімнамі ды песнямі, бо вялікі непрыяцель быў выкінуты спаміж Ізраэля.
52 І Сімон рашыў, што гэты дзень будуць святкаваць штогод з радасцю.
53 І ўмацаваў гару святыні, што была каля крэпасці, ды абжыўся там са сваімі людзьмі.
54 І Сімон пераканаўся, што яго сын Ёан ужо сталы мужчына, і ўсклаў на яго правадырства над усім войскам; і абжыўся ён у Газары.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая Кніга Макабэяў, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017