Эклезіяста 9 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Усё гэта ў сэрца я ўзяў, каб дазнацца, што праведнікі і грэшнікі і іх учынкі — у Божай руцэ і што чалавек ні любові ні злосьці ня знае ва ўсім, што перад ім.
Вось усе тое, на што я зьвярнуў сэрца свае і ясна зразумеў усе гэта, што справядлівыя а мудрыя і дзейнасьць іхная ў руццэ Божай, як любоў, так ненавіднасьць; ня ведае чалавек усяго, што перад ім наперадзе;
Усяму і ўсім — адно: адна доля праведніку і бязбожнаму, добраму і ліхому, чыстаму і нячыстаму, таму, хто прыносіць ахвяры, і таму, хто ахвяр ня прыносіць; як дабрачыннаму, так і грэшнаму; як таму, хто прысягаецца, так і таму, хто цураецца клятвы.
Усяму й усім адно: адна доля справядліваму й нягоднаму, добраму а чыстаму й нячыстаму, абракаючаму й неабракаючаму, як добраму, так і грэшніку, як прысягаючаму, так і таму, што баіцца прысягі.
Вось гэта ёсьць ліха ва ўсім, што пад сонцам робіцца, што адна доля ўсім, і сэрца сыноў чалавечых напоўнена злом, і неразумнасьць у сэрцы ў іх, у жыцьці іхнім; а потым яны адыходзяць да мёртвых.
Во, што блага ў вусім, што дзеецца пад сонцам, што адна доля ўсяму, і сэрца сыноў людзкіх поўнае ліха, і шал у сэрцу іхным у жыцьцю іхным; а просьле гэтага, адыходзяць да памерлых.
Хто сярод жывых, той мае яшчэ надзею, бо і сабаку жывому лепей, чым мёртваму льву.
Таму, хто злучаны з усімі жывымі, ё надзея, бо й сабаку жывому ляпей чымся здохламу ляву.
Жывыя ведаюць, што памруць, а мёртвыя нічога ня ведаюць, і ўжо ім аддзякі няма, бо і памяць пра іх адышла ў забыцьцё,
Гэтаж жывыя ведаюць, што памруць, але мертвыя нічога ня ведаюць, і ўжо няма ім заплаты, бо ў забыцьцё пашла памятка празь іх.
і любоў іхняя, і нянавісьць іхняя, і зайздрасьць іхняя ўжо зьніклі, і няма болей учты ім вавекі ні ў чым, што пад сонцам робіцца.
Як любосьць іхная, так і ненавіднасьць іхная, і завіднасьць іхная даўно шчэзьлі, і няма ўжо ім дзелі на векі ні ў чым, што дзеецца пад сонцам.
Дык вось, ідзі, з радасьцю еж твой хлеб, у радасьці сэрца пі віно тваё, калі будзе на справы твае добрая Божая воля.
Пайдзі, еж із радасьцяй хлеб свой і пі віно свае зь вясёлым сэрцам, бо даўно Богу прыемныя ўчынкі твае.
Хай сьветлай будзе ва ўсякую пору адзежа твая і хай не абсохне алей на тваёй галаве.
Няхай заўсёды адзецьці твае будуць белыя, і масьці на галаве Тваёй хай стаець.
Радуйся жыцьцю з жонкай тваёю, якую кахаеш, ва ўсе часіны жыцьця твайго марнага, якое даў табе Бог пад сонцам на ўсе дні твайго марнага веку; бо гэта — доля твая ў жыцьці і ў працы тваёй, якую ты робіш пад сонцам.
Зажывай жыцьця із жонкаю сваёю, каторую ты любіш, усі дні жыцьця марнасьці свае, каторую Ён даў табе пад сонцам на ўсі дні марнасьці твае; бо гэта дзель твая ў жыцьцю і ў гарапашнасьці тваёй, каторую ты гарапашнічаеш пад сонцам.
Усё, што можа зрабіць твая рука, па сіле рабі; бо ў магіле, у якую ты ляжаш, няма ні працы, ні разважаньня, ні ведаў, ні мудрасьці.
Усе, што знойдзе рука твая рабіць, рабі сілаю сваёю; бо няма работы ані вылічэньня, ані веды, ані мудрасьці ў шэолю, куды ты йдзеш.
І зноў я пабачыў пад сонцам, што ня ўвішным пасьпяховы бег дастаецца, не адважным — перамога, ня мудрым — хлеб, і не ў разумных — багацьце, і ня ўмельцам — прыхільнасьць, а ад пары й нагоды залежаць яны.
Я павярнуўся й бачыў пад сонцам, што не лягкім бег ані дужым бітва, ані мудрым хлеб, ані разумным багацьце, ані ведамцам зычлівасьць; але час а прылучай прылучыцца ўсім ім.
Бо чалавек сваёй пары ня знае. Як рыбы ловяцца ў згубную сетку, як птушкі ў сілах заблытваюцца, так сыны чалавечыя за ліхі час хапаюцца, калі ён раптоўна находзіць на іх.
Бо таксама ня ведае людзіна долі свае: як рыба, злоўленая ў ізрадлівую сетку, і як птушкі, заблытаўшыся ў сіло, так сыноў людзкіх ловяць у ізрадлівым часе, ён неўспадзеўкі паходзе на іх.
Яшчэ вось якую мудрасьць пад сонцам я ўгледзеў, і яна мне здалася важнаю:
Во яшчэ якую мудрасьць бачыў я пад сонцам, і вялікая яна была імне:
горад невялікі, і людзей у ім небагата; падступіўся да яго вялікі цар, і атачыў яго шчыльна, і падрыхтаваў супроць яго аблогу;
Места маленькае, і людзёў у ім мала; да яго падступіў вялікі кароль, і абкружыў яго, і пабудаваў навокал яго вялікія гарады;
але знайшоўся ў ім мудры бядняк, і ён выратаваў мудрасьцю горад; але ж потым ніхто не згадаў таго бедака.
І ў ім знайшлася бедная мудрая людзіна, і яна ўратавала места мудрасьцяй сваёй; ніхто, адылі, не ўспамінаў гэнае беднае людзіны.
І сказаў я: мудрасьць лепшая за сілу, але мудрасьць бедняка заняхайваецца, і словаў ягоных ня слухаюць.
І сказаў я: розум лепшы за сілу, мудрасьцяй беднага, адылі, грэбуюць і словаў ягоных ня слухаюць.
Словы мудрых, спакойныя, выслухоўваюцца лепей, чым крык валадара сярод дурняў.
Валей словы мудрых, супакойна выслуханыя, чымся крык дзяржаўцы на неразумных.
Мудрасьць лепшая за вайсковую зброю; але адзін грэшнік загубіць многа дабра.
Мудрасьць лепшая за ваенную зброю; але адзін грэшнік згубе шмат дабра.