Эклезіяста 9 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Да ўсяго гэтага я прыклаў сэрца сваё, каб спасьцігнуць усё гэта, што праведныя і мудрыя, і ўчынкі іхнія — у руцэ Божай, і таксама любоў і нянавісьць. І чалавек ня ведае ўсяго таго, што перад ім.
Вось усе тое, на што я зьвярнуў сэрца свае і ясна зразумеў усе гэта, што справядлівыя а мудрыя і дзейнасьць іхная ў руццэ Божай, як любоў, так ненавіднасьць; ня ведае чалавек усяго, што перад ім наперадзе;
Усё для ўсіх адно: адна доля для праведніка і для бязбожніка, для добрага і чыстага і для нячыстага, для таго, хто ахвяроўвае, і для таго, хто не ахвяроўвае, як для добрага, так і для грэшнага; як для таго, які прысягае, так і для таго, які прысягаць баіцца.
Усяму й усім адно: адна доля справядліваму й нягоднаму, добраму а чыстаму й нячыстаму, абракаючаму й неабракаючаму, як добраму, так і грэшніку, як прысягаючаму, так і таму, што баіцца прысягі.
І тое кепска ў-ва ўсім, што робіцца пад сонцам, што адна доля для ўсіх; і таксама сэрца сыноў чалавечых поўнае зла, і шаленства [маюць яны] ў сэрцы пад час жыцьця свайго, а потым [адыходзяць] да памёршых.
Во, што блага ў вусім, што дзеецца пад сонцам, што адна доля ўсяму, і сэрца сыноў людзкіх поўнае ліха, і шал у сэрцу іхным у жыцьцю іхным; а просьле гэтага, адыходзяць да памерлых.
Бо той, хто знаходзіцца між усімі жывымі, мае надзею, бо лепш жывы сабака, чым здохлы леў.
Таму, хто злучаны з усімі жывымі, ё надзея, бо й сабаку жывому ляпей чымся здохламу ляву.
Бо жывыя ведаюць, што памруць; а памёршыя нічога ня ведаюць, і ня маюць больш ніякай платы, бо забытая памяць пра іх.
Гэтаж жывыя ведаюць, што памруць, але мертвыя нічога ня ведаюць, і ўжо няма ім заплаты, бо ў забыцьцё пашла памятка празь іх.
Таксама любоў іхняя і нянавісьць іхняя, і зайздрасьць іхняя ўжо счэзьлі, і ня маюць яны ўжо часткі на вякі ў-ва ўсім, што робіцца пад сонцам.
Як любосьць іхная, так і ненавіднасьць іхная, і завіднасьць іхная даўно шчэзьлі, і няма ўжо ім дзелі на векі ні ў чым, што дзеецца пад сонцам.
Ідзі, еш з радасьцю хлеб твой і пі са спакойным сэрцам віно тваё, калі даспадобы Богу справы твае.
Пайдзі, еж із радасьцяй хлеб свой і пі віно свае зь вясёлым сэрцам, бо даўно Богу прыемныя ўчынкі твае.
Увесь час няхай будзе белым адзеньне тваё, і алею на галаве тваёй няхай не бракуе.
Няхай заўсёды адзецьці твае будуць белыя, і масьці на галаве Тваёй хай стаець.
Пражыві жыцьцё з жонкаю, якую кахаеш, у-ва ўсе дні марнага жыцьця твайго, якія дадзены табе пад сонцам на ўвесь час марнасьці тваёй, бо гэта частка твая ў жыцьці і ў-ва ўсёй цяжкай працы, якою працуеш пад сонцам.
Зажывай жыцьця із жонкаю сваёю, каторую ты любіш, усі дні жыцьця марнасьці свае, каторую Ён даў табе пад сонцам на ўсі дні марнасьці твае; бо гэта дзель твая ў жыцьцю і ў гарапашнасьці тваёй, каторую ты гарапашнічаеш пад сонцам.
Усё, што можа зрабіць рука твая, рабі паводле сілы тваёй, бо ў адхлані, у якую ты ідзеш, няма ані справаў, ані разуменьня, ані веданьня, ані мудрасьці.
Усе, што знойдзе рука твая рабіць, рабі сілаю сваёю; бо няма работы ані вылічэньня, ані веды, ані мудрасьці ў шэолю, куды ты йдзеш.
І павярнуўся я, і ўбачыў пад сонцам, што ня шпаркім [даецца пасьпяховы] бег і не магутным — [перамога ў] вайне, і ня мудрым — хлеб, і не разумным — багацьце, і ня знаўцам — зычлівасьць, бо ад часу і выпадку залежыць усё гэта.
Я павярнуўся й бачыў пад сонцам, што не лягкім бег ані дужым бітва, ані мудрым хлеб, ані разумным багацьце, ані ведамцам зычлівасьць; але час а прылучай прылучыцца ўсім ім.
Бо таксама ня ведае чалавек часу свайго. Як рыбы трапляюць у згубную сетку, і як птушкі заблытваюцца ў сіле, так сыны чалавечыя патрапляюць у ліхі час, які прыходзіць на іх нечакана.
Бо таксама ня ведае людзіна долі свае: як рыба, злоўленая ў ізрадлівую сетку, і як птушкі, заблытаўшыся ў сіло, так сыноў людзкіх ловяць у ізрадлівым часе, ён неўспадзеўкі паходзе на іх.
Таксама бачыў я такую мудрасьць пад сонцам, і вялікай яна [падалася] для мяне:
Во яшчэ якую мудрасьць бачыў я пад сонцам, і вялікая яна была імне:
Горад малы, і людзей у ім няшмат, і прыйшоў да яго вялікі валадар, і атачыў яго, і насыпаў супраць яго вялікія валы.
Места маленькае, і людзёў у ім мала; да яго падступіў вялікі кароль, і абкружыў яго, і пабудаваў навокал яго вялікія гарады;
І знайшоўся ў ім чалавек бедны і мудры, і выратаваў горад той мудрасьцю сваёю; і ніводзін чалавек не ўзгадаў гэтага беднага чалавека.
І ў ім знайшлася бедная мудрая людзіна, і яна ўратавала места мудрасьцяй сваёй; ніхто, адылі, не ўспамінаў гэнае беднае людзіны.
І я сказаў: “Мудрасьць лепшая за сілу, але мудрасьцю беднага пагарджаюць, і словаў ягоных ня слухаюць”.
І сказаў я: розум лепшы за сілу, мудрасьцяй беднага, адылі, грэбуюць і словаў ягоных ня слухаюць.
Спакойныя словы мудрых паслухаць [лепш], чым крык таго, хто пануе сярод дурняў.
Валей словы мудрых, супакойна выслуханыя, чымся крык дзяржаўцы на неразумных.
Мудрасьць лепшая за зброю ваенную, а адзін грэшнік зьнішчыць шмат добрага.
Мудрасьць лепшая за ваенную зброю; але адзін грэшнік згубе шмат дабра.