Эклезіяста 10 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Мёртвая муха робіць сьмярдзючым алей, і вылівае яго знаўца пахошчаў. Больш важыць малое глупства, чым мудрасьць і слава.
 
Здохлыя мухі прычыняюць, што масьць аптакарская сьмярдзіць; так дарагая мудрасьць а чэсьць церпяць ад малое дурноты.

Сэрца мудрага [зьвяртаецца] ў правы бок, а сэрца дурня — у левы.
 
Сэрца мудрага на правым баку ў яго, але сэрца неразумнага на левым.

Нават калі дурны ідзе дарогаю, яму не хапае розуму, і ён пакажа ўсім, што дурны.
 
І ў дарозе, што неразумны ходзе, у яго не стаець мудрасьці, і кажнаму ён кажа, што ён дурань.

Калі гнеў вялікага пана ўзьнімецца супраць цябе, заставайся на месцы сваім, бо цьвярозыя паводзіны залагоджваюць вялікія правіны.
 
Як дух дзяржаўцы паўстане на цябе, не пакідай месца, бо паддаўкосьць сьцішае вялікія грахі.

Ёсьць ліха, якое я бачыў пад сонцам, нібыта памылка, якая выходзіць ад аблічча ўладара:
 
Ё ліха, я бачыў пад сонцам, бы абмыла, што паходзе ад дзяржаўцы:

дурань пастаўлены на высокасьці вялікай, а багатыя сядзяць нізка.
 
Дурноты становяць на вялікай вышыні, а багатыя сядзяць нізка.

Бачыў я слугаў на конях, і князёў, якія як слугі, ідуць па зямлі.
 
Бачыў я слугаў на конях, а князёў ходзячых, як слугі, па зямлі.

Хто капае яму, той упадзе ў яе, а таго, хто ломіць агароджу, укусіць зьмяя.
 
Хто капае яму, тый уваліцца ў яе; і хто ломе плот, таго ўкусе гад.

Хто перасоўвае камяні, можа скалечыцца імі, і хто коле дровы, можа быць у небясьпецы ад іх.
 
Хто кратае камяні, можа падарвацца імі; хто сячэць дровы, тый бывае ў небясьпечнасьці ад іх.

Калі ступіцца жалезная [сякера] і лязо яе не навострана, трэба больш прыкладаць сілы, але больш карысьці будзе скарыстацца мудрасьцю.
 
Як зялеза ступіцца, а ён ня найстра ляза, гады мусіць натужыцца; але перавага мудрасьці прыгатаваць.

Калі ўкусіць зьмяя незагавораная, няма ўжо карысьці ад таго, хто ўмее загаворваць.
 
Як гад укусе без замаўляньня, тады ўжо няма карысьці замаўляньню.

Словы вуснаў мудрага — прыемнасьць, але вусны дурня губяць яго самога.
 
Словы з вуснаў мудрага зычлівыя, а вусны неразумнага губяць яго ж:

Пачатак словаў вуснаў ягоных — глупота, а канец [прамовы] вуснаў ягоных – ліхое шаленства.
 
Пачатак слоў з вуснаў ягоных — дурнота, і канец гаворкі ягонае — благі шал;

Бязглузды памнажае словы, хоць ня ведае чалавек, што будзе потым, і што пасьля яго станецца, хто распавядзе яму?
 
І дурны множа словы, дарма што чалавек ня можа сказаць, што будзе; і што будзе просьле яго, хто скажа яму?

Праца дурняў стамляе іх, бо ня ведае ён [нават], як дайсьці ў горад.
 
Гарапашнасьць неразумных высіляе кажнага зь іх, бо ён ня ведае, як ісьці да места.

Гора табе, зямля, калі валадар твой — юнак, і калі твае князі ад раніцы ядуць.
 
Бяда табе, зямля, калі кароль твой хлапец, і князі твае ядуць рана.

Шчасьлівая зямля, калі валадар — сын шляхетных, калі князі ядуць у час [адпаведны] для спасіленьня, а не каб нажэрціся.
 
Дабраславёная зямля, калі кароль твой сын дабрароднага, і князі твае ядуць упару, каб пасіліцца, а ня дзеля п’янчаньня.

Дзе лянота, там правісае столь, і дзе апушчаны рукі, там працякае дом.
 
Ад ляноты валіцца столь, а калі апусьціць рукі, дык працячэць дом.

Дзеля забавы ладзяць банкет, і віно разьвесяляе жыцьцё, а срэбра адказвае за ўсё.
 
Дзеля радасьці спраўляюць чэсьці, і віно вяселе жыцьцё; а срэбра адказуе за ўсе.

Нават у думцы сваёй не кляні валадара, і ў спальні сваёй не кляні багатага, бо птушкі нябесныя занясуць голас твой, і тыя, што маюць крылы, распавядуць слова.
 
Нават у думках сваіх ня кліні караля, і ў спальных пакоях сваіх не вайцяй багатага; бо птушка нябёсная можа перанесьці голас і крылатая — пераказаць слова.