Эклезіяста 8 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Хто ёсьць — як мудрэц, і хто разумее значэньне слова? Мудрасьць прасьвятляе чалавеку аблічча яго, і суровасьць твару яго зьмяняецца.
 
Хто — як мудрэц, і хто ведае зьясьненьне рэчаў? Мудрасьць людзіны робе від ейны сьветлым і гарэзасьць віду ейнага мяняецца.

Я кажу: трымайся царскага слова, і гэта дзеля прысягі перад Богам.
 
Я раджу: дзяржы расказаньне каралеўскае, ды дзеля прысягі Богу.

Не сьпяшайся ўхіляцца аблічча яго і не зацінайся ў слове благім; бо ён усё можа зрабіць, што захоча.
 
Не барзьдзі адыходзіць ад віду ягонага, не дзяржыся ўпорліва благое справы, бо ён зробе, што падабае.

Дзе слова цара, там улада, і хто яму скажа: «што ты робіш?».
 
Ідзе слова каралёва, там ўлада, і хто скажа яму: «Што ты робіш?»

Хто выконвае запаведзь, той не зазнае нічога ліхога. Сэрца мудрага ведае час і ўправу;
 
Хто дзяржыць расказаньне, не дазнае ніякага ліха; і час і суд знае сэрца мудрага;

бо на ўсякую рэч ёсьць свая пара і ўправа; а чалавеку вялікае ліха з таго,
 
Бо кажнаму зычаньню ё пара й суд; а ліха чалавечае вялікае на ім,

бо ня ведае ён, што будзе; і як яно будзе — хто скажа яму?
 
Што ён ня ведае, што будзе; і хто можа сказаць яму, як яно будзе?

Чалавек ня мае ўлады над духам, каб дух утрымаць, і няма ў яго ўлады над сьмертнай часінай, і няма збавеньня ў гэтым змаганьні, і не ўратуе бязбожнасьць бязбожніка.
 
Ніхто ня мае ўлады над духам, каб удзяржаць дух, і нямаш улады над днём сьмерці, і няма адпуску на вайне, і ня выбаве нягоднасьць нягоднага.

Усё гэта бачыў я і да сэрца майго браў усякую справу, якая пад сонцам чыніцца. Бывае час, калі чалавек валадарыць над чалавекам на шкоду яму.
 
Усе гэта я бачыў, і зварачаў увагу на кажную дзейнасьць, што дзеецца пад сонцам, на час, калі людзіна мае ўладу над людзіною на шкоду ёй.

Бачыў тады я, што хавалі бязбожных, і прыходзілі ў магілу, і адыходзілі далёка ад сьвятога месца, і забывалі ў горадзе іх, што жылі праведна. І гэта — марнасьць!
 
Гэтак я бачыў, што хавалі нягодных, і яны ўвыйшлі, і пахоўнікі вышлі зь месца сьвятога, і іх забыліся ў месьце, што яны гэтак зрабілі. І гэта марнасьць.

Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхату.
 
Затым, што ня борзда чыняць адправу рассудку над благімі ўчынкамі, сэрца сыноў людзкіх нахінаецца рабіць ліха.

Хоць сто разоў робіць грэшнік ліхое і зацінаецца ў тым, але ведаю я, што добра будзе богабаязным, якія перад абліччам Ягоным стаяць багавейна;
 
Дарма што грэшнік сто разоў дзее ліха й далей жывець, я ведаю, адылі, напэўна, што будзе добра тым, каторыя баяцца Бога, каторыя баяцца віду Ягонага;

а бязбожнаму добра ня будзе, і як цень, нядоўга стаяцьме той, хто перад Богам не багавейны.
 
Але ня будзе добра нягодніку, ані доўга пацягнуцца дні, каторыя, як сьцень; бо ён ня мае боязьні перад відам Бога.

Ёсьць на зямлі і такая марнота: праведнага спасьцігае тое, чаго заслугоўваюць дзеі бязбожных, а зь бязбожнымі чыніцца тое, чаго заслугоўваюць дзеі праведнікаў. І сказаў я: і гэта — марнасьць!
 
Ё марнасьць, каторая дзеецца на зямлі: ё справядлівыя, каторых стрэне доля як за ўчынкі нягодных; і ё нягодныя, каторых стрэне доля як за ўчынкі справядлівых. І сказаў я: і гэта марнасьць.

І ўславіў я радасьць; бо няма лепшага чалавеку пад сонцам, як есьці, піць і радавацца; гэта ідзе зь ім у працы ў дні жыцьця яго, якія даў яму Бог пад сонцам.
 
І пахваліў я радасьць; бо нямаш лепшага чалавеку пад сонцам, як есьці, піць а весяліцца, бо гэта застанецца зь ім у гарапашнасьці дзён жыцьця ягонага, каторыя даў яму Бог пад сонцам.

Калі паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасьць спазнаць і пабачыць справы, што робяцца на зямлі і сярод якіх чалавек ані ўдзень, ані ўночы спачыну ня мае:
 
Як я зьвярнуў сэрца свае на тое, каб спатачыць мудрасьць і абачыць справы, што дзеюцца на зямлі, ад каторых ані ўдзень, ані ночы ня бача людзіна сну на аччу сваім;

тады я і ўбачыў усе дзеі Божыя і зразумеў, што ня можа чалавек спазнаць дзеі пад сонцам. Колькі б ні працаваў чалавек, каб дашукацца, а не зразумее таго; і калі б сказаў які-небудзь мудрэц, што ён ведае, — а ня здолее ён даўмецца да таго.
 
І бачыў я ўсялякі ўчынак Божы, то знашоў, што ня можа чалавек спатачыць справы, што дзеецца пад сонцам; хоць людзіна сілуецца вышукаць, не знаходзе, адылі; нават балей: хоць мудрэц спадзяецца пазнаць, ня можа, адылі, спатачыць.