Эклезіяста 8 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Хто ёсьць — як мудрэц, і хто разумее значэньне слова? Мудрасьць прасьвятляе чалавеку аблічча яго, і суровасьць твару яго зьмяняецца.
Хто такі, як мудрэц, і хто пазнаў тлумачэнне рэчаў? Мудрасць чалавечая прасвятляе яго воблік ды змяняе суровасць яго твару.
Я кажу: трымайся царскага слова, і гэта дзеля прысягі перад Богам.
Загады цара слухай; і дзеля прысягі, [складзенай] перад Богам,
Не сьпяшайся ўхіляцца аблічча яго і не зацінайся ў слове благім; бо ён усё можа зрабіць, што захоча.
не спяшайся адыходзіць ад аблічча яго, не трывай у ліхасці, бо ўсё, што толькі захоча, зробіць ён.
Дзе слова цара, там улада, і хто яму скажа: «што ты робіш?».
Бо слова яго поўнае моцы, ніхто не можа сказаць яму: «Чаму так робіш?»
Хто выконвае запаведзь, той не зазнае нічога ліхога. Сэрца мудрага ведае час і ўправу;
Хто выконвае загад, не зведае аніякага ліха. Сэрца мудрага разумее час і суд.
бо на ўсякую рэч ёсьць свая пара і ўправа; а чалавеку вялікае ліха з таго,
Для кожнай справы — час і суд, і турбаванне чалавека — вялікае;
бо ня ведае ён, што будзе; і як яно будзе — хто скажа яму?
бо не ведае ён, што станецца потым, бо хто ж яму абвесціць, што адбудзецца?
Чалавек ня мае ўлады над духам, каб дух утрымаць, і няма ў яго ўлады над сьмертнай часінай, і няма збавеньня ў гэтым змаганьні, і не ўратуе бязбожнасьць бязбожніка.
Няма ў чалавека моцы ані панаваць над духам, ані паўстрымаць дух, і не мае ён моцы над днём смерці, ды аніякага вызвалення ад надыходу вайны, і не ўратуе бязбожніка бязбожнасць.
Усё гэта бачыў я і да сэрца майго браў усякую справу, якая пад сонцам чыніцца. Бывае час, калі чалавек валадарыць над чалавекам на шкоду яму.
Усё гэта я абдумаў і аддаў сэрца маё ўсім справам, якія адбываюцца пад сонцам, у часе, калі чалавек пануе над чалавекам на сваё няшчасце.
Бачыў тады я, што хавалі бязбожных, і прыходзілі ў магілу, і адыходзілі далёка ад сьвятога месца, і забывалі ў горадзе іх, што жылі праведна. І гэта — марнасьць!
І так я ўбачыў, як хавалі бязбожнікаў, як сыходзілі са святога месца; як забываліся пра іх у горадзе, што яны так чынілі: але і гэта — марнасць.
Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхату.
Бо, паколькі не выносіцца хутка прысуд супраць ліхіх спраў, сэрца сыноў чалавечых натхняецца, каб чыніць зло.
Хоць сто разоў робіць грэшнік ліхое і зацінаецца ў тым, але ведаю я, што добра будзе богабаязным, якія перад абліччам Ягоным стаяць багавейна;
Бо грэшнік вось сторазова робіць ліха, а доўжыць дні свае. Але я пазнаў, што добра будзе тым, якія шануюць Бога, якія саромеюцца аблічча Яго.
а бязбожнаму добра ня будзе, і як цень, нядоўга стаяцьме той, хто перад Богам не багавейны.
Не будзе добра бязбожніку, не падоўжыць дзён сваіх, быццам цень, той, хто не шануе аблічча Госпада.
Ёсьць на зямлі і такая марнота: праведнага спасьцігае тое, чаго заслугоўваюць дзеі бязбожных, а зь бязбожнымі чыніцца тое, чаго заслугоўваюць дзеі праведнікаў. І сказаў я: і гэта — марнасьць!
Ёсць марнасць, якая бывае на зямлі: ёсць справядлівыя, з якімі здараецца ліхое, як быццам бы яны зрабілі так, як бязбожнікі, і ёсць бязбожнікі, з якімі здараецца добрае, як быццам бы яны выконваюць учынкі справядлівых; але і гэта я лічу наймарнейшым.
І ўславіў я радасьць; бо няма лепшага чалавеку пад сонцам, як есьці, піць і радавацца; гэта ідзе зь ім у працы ў дні жыцьця яго, якія даў яму Бог пад сонцам.
Дык пахваліў я радасць, бо нічога добрага няма чалавеку пад сонцам, — толькі каб есці, піць і радавацца, і хай атрымлівае ён толькі гэта ад працы сваёй у дні жыцця свайго, якія даў яму Бог пад сонцам.
Калі паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасьць спазнаць і пабачыць справы, што робяцца на зямлі і сярод якіх чалавек ані ўдзень, ані ўночы спачыну ня мае:
Калі прыклаў я сэрца маё, каб пазнаць мудрасць і зразумець падзеі, якія адбываюцца на зямлі, бо днём і ноччу сон не апаноўвае вачэй,
тады я і ўбачыў усе дзеі Божыя і зразумеў, што ня можа чалавек спазнаць дзеі пад сонцам. Колькі б ні працаваў чалавек, каб дашукацца, а не зразумее таго; і калі б сказаў які-небудзь мудрэц, што ён ведае, — а ня здолее ён даўмецца да таго.
тады зразумеў я, што адносна ўсіх спраў Божых чалавек не можа знайсці аніякай прычыны таго, што адбываецца пад сонцам; і чым больш чалавек будзе намагацца высветліць гэта, тым менш спасцігне; і нават калі мудрэц скажа, што ён зразумеў, ён не можа спасцігнуць.