Эклезіяста 2 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І сказаў я ў сэрцы маім: «Ану ж бо праверу цябе я радасьцю, і нацешуся дабром»; але ж гэта — марнота!
Сказаў я ў сэрцы маім: «Прыходзь, я выпрабую цябе радасцю: атрымай асалоду ад даброт»; і вось — гэта таксама марнасць.
Пра сьмех я сказаў: «Недарэчнасьць!», а пра радасьць: «Што яна дасьць?»
Пра смех сказаў я: «Вар’яцтва!», і пра весялосць: «Што за карысць?»
Намысьліў я ў сэрцы маім падбадзёрваць віном маё цела і, тым часам як сэрца маё кіравацьмецца мудрасьцю, ня цурацца і дурасьці, пакуль не пабачу, што добра сынам чалавечым, што маюць яны рабіць пад небам за кароткія дні свайго веку.
Вырашыў я ў сэрцы сваім прывабліваць цела сваё віном, хоць сэрца маё кіравалася мудрасцю, і аддацца дурноце, аж пакуль не ўбачу, што ёсць карыснае для сыноў чалавечых, што належыць ім рабіць пад сонцам у нямногія дні жыцця свайго.
Учыніў я вялікія дзеі: дамы я сабе збудаваў, насадзіў сабе вінаграднікі;
Уславіў справы мае: набудаваў сабе дамоў і насадзіў вінаграднікі,
завёў сабе сады і гаі, насадзіў у іх розных пладовых дрэў;
стварыў агароды і фруктовыя сады, і развёў у іх разнастайныя дрэвы пладовыя,
нарабіў сабе сажалак, каб паліваць зь іх гаі, у якіх дрэвы растуць;
і зрабіў сабе вадаёмы для арашэння гаю, багатага на дрэвы.
наняў сабе слуг і служанак, і дамачадцы былі ў мяне; а таксама буйной і дробнай худобы было ў мяне болей, чым ва ўсіх, што жылі да мяне ў Ерусаліме;
Набыў я нявольнікаў і нявольніц і меў прыслужнікаў мноства, меў шмат жывёлы і вялікія статкі авечак, большыя за ўсе, што былі ў Ерузаліме да мяне.
сабраў сабе срэбра і золата й скарбаў каштоўных ад цароў і правінцый; завёў у сябе сьпевакоў і сьпявачак і асалоду сыноў чалавечых — мноства жонак і наложніц.
Назбіраў сабе таксама срэбра і золата, і багацці цароў і краёў; прыдбаў сабе спевакоў і спявачак, і асалоды сыноў чалавечых — розныя музычныя інструменты і прылады.
І ўзьвялічыўся я і ўзбагацеў над усімі, што жылі да мяне ў Ерусаліме; і мудрасьць мая засталася пры мне.
І ўзвысіўся я, пераўзышоў усіх, хто былі да мяне ў Ерузаліме; мудрасць жа мая засталася са мною.
І нічога, чаго вочы мае ні прагнулі, я ім не адмовіў; ад ніводнае радасьці сэрца майго ня ўхіліў, бо сэрца маё суцяшалася кожнаю працай маёю; і гэта было маёй доляй ва ўсіх маіх працах.
Ні ў чым, чаго жадалі вочы мае, не адмаўляў я ім, і не забараняў сэрцу свайму ніякай асалоды, і цешыўся з кожнай працы, і я вырашыў, што гэта — плата мая за ўсе клопаты мае.
І калі я зірнуў на ўсе дзеі мае, якія ўчыняў я сваімі рукамі, на працу, якую рабіў я: і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам, і ніякай карысьці пад сонцам.
І калі азірнуўся я на ўсе справы, што ўчынілі рукі мае, і на тыя працы, на якіх я ўлягаў, і вось — ва ўсім марнасць і засмучанасць духа, і ніякай карысці пад сонцам.
Пастанавіў я сабе пабачыць і мудрасьць, шаленства і дурасьць. Бо што зробіць пасьля цара чалавек звыш таго, што зроблена ўжо?
Абярнуўся я, каб прыгледзецца да мудрасці і безразважнасці, і да глупства: «Што зробіць, кажу, чалавек, які прыйдзе пасля цара? Тое, што і раней рабілі».
І ўбачыў я, што мудрасьць пераважае над дурасьцю так, як сьвятло над цемраю.
І ўбачыў я, што мудрасць настолькі перавышае глупства, наколькі святло перавышае цемру.
У мудрага вочы яго — у галаве яго, а бязглузды ходзіць у цемры. І даведаўся я таксама, што аднолькавая спаткае ўсіх доля.
«Мудры мае вочы ў галаве сваёй, а дурны ходзіць у цемры»; і пазнаў я, што адзін і той самы канец у кожнага.
І сказаў я ў сэрцы маім: «І мяне спасьцігне такая самая доля, як і дурнога: навошта ж я надта мудры зрабіўся?» І сказаў я ў сэрцы маім, што і гэта — марнасьць.
Дык сказаў я ў сэрцы маім: «Калі аднолькавы канец будзе для мяне і для дурнога, то якая мне карысць з таго, што я больш дбаў пра мудрасць?»
Бо мудрага помніць ня будуць вечна, як і дурнога; у днях наступных забудзецца ўсё, і памірае мудры гэтаксама, як і бязглузды.
Бо не будзе вечнай памяці па мудрым таксама, як і па дурню, бо ў будучым часе ўсё аднолькава пакрыецца забыццём: вучоны памірае так, як і невук.
І зьненавідзеў жыцьцё я: бо апрыкралі мне ўсе ўчынкі, якія пад сонцам зьдзяйсьняюцца; бо ўсё — пустая марнасьць і пагоня за ветрам!
Дзеля таго абрыдла жыццё маё мне, бо ліхое для мяне ўсё, што адбываецца пад сонцам; бо ўсё марнасць і турбаванне духа.
І зьненавідзеў усю маю працу, якую рабіў я пад сонцам; бо мушу пакінуць яе чалавеку, які прыйдзе пасьля мяне.
Зненавідзеў я здабытак мой пад сонцам, які я мушу пакінуць чалавеку, які будзе пасля мяне.
І хто ведае: мудры ён будзе альбо дурны? А валодаць ён будзе ўсёй працай маёю, якую рабіў я і ў якой паказаў сябе мудрым пад сонцам. І гэта — марнасьць!
І хто ведае, ці мудры ён будзе, ці дурны? А ён будзе валодаць плёнам працы маёй, на якой я ўлягаў і заклапочаны быў пад сонцам. І гэта таксама марнасць.
І спаняверыўся я і ўмаўляў маё сэрца адцурацца ад працы ўсяе, якую рабіў я пад сонцам:
Адвярнуўся я, сеючы агіду ў сэрцы маім да ўсёй працы, у якой працаваў я пад сонцам.
Бо бывае такі чалавек, які ў працы і мудры, і ўдзельны, і плённы, а павінен пакінуць усё чалавеку, які над тым не працаваў. І гэта — марнасьць і вялікае ліха!
Бо ёсць той, хто працуе з мудрасцю, з навукаю і з пільнасцю, і аддае ён долю сваю чалавеку, які не будзе працаваць; і гэта, насамрэч, марнасць і вялікае ліха.
Бо што будзе мець чалавек ад працы сваёй і клопату сэрца свайго, якімі мазоліцца ён пад сонцам?
Бо што за карысць чалавеку з усёй працы яго і турбавання сэрца, у якім ён працаваў пад сонцам?
Бо ўсе яго дні — пакуты, і праца ягоная — смутак; нават і ўночы сэрца яго спакою ня мае. І гэта — марнасьць!
Бо ўсе дні яго — пакуты, а праца яго — турбота, нават ноччу сэрца яго не адпачывае; і гэта таксама марнасць.
Няма чалавеку ўлады над тою даброцьцю, каб есьці і піць і каб душа мела радасьць ад працы ягонай. Я ўбачыў: і гэта — з рук Божых.
Няма нічога лепшага для чалавека, як есці і піць і прапаноўваць душы сваёй даброты працы сваёй. А гэта, бачыў я, з рукі Божай паходзіць.
Бо хто можа есьці і хто безь яго можа цешыцца з асалодаў?
Бо хто есць і мае дастаткова асалодаў без Яго?
Бо чалавеку, які перад абліччам Ягоным ёсьць добры, Ён мудрасьць дае, і веды, і радасьць; а грэшнаму клопат дае — зьбіраць, назапашваць, каб богаспадобнаму потым аддаць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!
Бо чалавеку добраму перад Ім дае Ён мудрасць, і веданне, і радасць; а грэшніку дае Ён турбаванне: збіраць і накопліваць, каб перадаць таму, які падабаецца Богу; але і гэта марнасць і турбаванне духа.