Эклезіяста 11 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Хлеб свой пускай па вадзе, час міне, і зноў знойдзеш яго.
Кідай свой хлеб на бягучую ваду, бо праз доўгі час знойдзеш яго.
Давай частку на сем і нават на восем, бо ня ведаеш, якая нагода чакае зямлю.
Давай частку сямі або нават васьмі, бо не ведаеш, якая бяда будзе на зямлі.
Як напоўняцца хмары, яны выльюць дождж на зямлю; і як паваліцца дрэва на поўдзень, на поўнач, так і ляжацьме, як яно ўпала.
Калі хмары будуць перапоўнены, то яны выльюць на зямлю дождж; а калі дрэва ўпадзе на поўдзень або на поўнач, то на якім месцы ўпадзе, там і ляжыць.
Хто зважае на вецер, той сеяць ня будзе; і хто паглядае на хмары, ня будзе той жаць.
Хто назірае за ветрам, той не сее, а хто глядзіць на хмары, не будзе збіраць.
Як ня ведаеш ты дарогі вятроў і таго, як ствараюцца косьці ва ўлоньні ў цяжарнай, так ня можаш ты ведаць і дзеяў Бога, Які робіць усё.
Як не ведаеш, якая дарога ветру і якім чынам фармуюцца косці ва ўлонні цяжарнай, так не ведаеш спраў Божых, Які ёсць Творца ўсяго.
Раніцай сей насеньне тваё і ўвечары не давай адпачынку руцэ; бо ня ведаеш ты, ці тое, ці іншае дасьць большы плён альбо тое і іншае будзе аднолькава добра.
Раніцаю сей сваё зерне, і да вечара хай не спыніцца твая рука, бо не ведаеш, што лепш атрымаецца: адно ці другое, а можа, аднолькава будуць добрымі.
І сьвятло салодкае, і добра вачам бачыць сонца.
Салодкае святло, і прыемна вачам бачыць сонца.
Калі чалавек пражывае многа гадоў, хай весяліцца ўвесь час праз гады, і хай памятае пра цёмныя дні, якіх будзе шмат: усё, што будзе, — марнасьць!
Калі многа гадоў пражыве чалавек і з усіх іх будзе цешыцца, то павінен памятаць пра цёмны час, бо будзе яго шмат: усё, што прыйдзе, — марнасць.
Весяліся, хлопча, у юнацтве тваім, і хай сэрца тваё вясёлае будзе ва ўсе дні маладосьці тваёй, і хадзі пуцявінамі сэрца твайго і сьветлым бачаньнем вачэй тваіх; толькі ведай, што за ўсё гэта Бог пакліча на суд.
Дык цешся, юнача, з сваёй маладосці, і сэрца тваё хай будзе з дабром у днях юнацтва твайго, і хадзі па шляхах сэрца свайго і за позіркам вачэй тваіх; а ведай, што за ўсё гэта павядзе цябе Бог на суд.
І смутак гані ад сэрца твайго, і адпрэчвай благое ад цела твайго, бо маладосьць і маленства — марнасьць!
Дык прымі клопат з сэрца свайго і ўхілі ліха ад цела свайго; бо дзяцінства і юнацтва — марныя.